Вы тут

Спачатку выхоўвайце сябе, а пасля — дзяцей


...З кнігамі некалі было (і, дзякуй богу, што засталося!) прасцей: прачытаў, недзе, у сваіх, не бібліятэчных — наставіў клічнікаў ці птушачак, пакінуў закладкі. Потым, магчыма, вярнуўся — штось перачытаў, аднавіў у памяці, калі гэта спатрэбіцца... 

А хутчэй за ўсё — не, бо даказана, што інфармацыя з папяровых носьбітаў запамінаецца лепш, з новых, электронных — горш.

Якраз адтуль... «Кім вы працуеце?» — спытаў у Янкі Брыля нехта з новых знаёмцаў. «Пісьменнікам», — адказаў Іван Антонавіч.

Той, што пытаўся, з хвіліну маўчаў — трэба разумець, думаў, а ўрэшце — прызнаў: «Дурная работа». Пасля чаго з хвіліну маўчаў пісьменнік, каб потым згадзіцца: «Дурная».

Прыкладна вось такі атрымаўся дыялог, і прыкладна такая... работа — яшчэ і ў нас, з пісьмамі чытачоў.


Яны, як вядома, прыходзяць (цяжка ўявіць газету без зваротнай сувязі), прычым самыя розныя. Днямі спадар Н. з Міншчыны даслаў патрабаванне тэрмінова прыехаць і разабрацца, калі нарэшце з’явіцца «людскі пад’езд» да яго вёскі.

Па вясне, згадзіцеся, нялюдскіх пад’ездаў — яшчэ і ў гарадах — нямала, таму жаданне разабрацца, навесці парадак цалкам зразумелае... Не зразумела, чаму, даручаючы справу газеце (а мо камусьці яшчэ), нельга хоць павітацца?

Па сённяшнім часе гэта, падобна, лішняе. Як і шмат што яшчэ.

Спадарыня К. з Гродзеншчыны ў рэдакцыю беларускай газеты напісала па-руску, але ж такой бяды... Ліст быў досыць цікавым (яшчэ і для іншых) — сталі рыхтаваць да друку. Не без цяжкасцяў звязаліся з аўтаркай (прыкмета часу: многія не адказваюць на тэлефонныя званкі з незнаёмых нумароў), штось удакладнілі... А заадно — пазнаёміліся: жанчына (прычым на добрай беларускай мове!) сказала, што выкладае англійскую, згадзілася з Багушэвічам, што найперш трэба ведаць сваю... Напрыканцы размовы шчыра паабяцала (за язык ніхто не цягнуў), што цяпер стане заўсёдніцай на звяздоўскім сайце: будзе чытаць газету, будзе ўспамінаць сваю родную мову і пісаць.

Што цікава — суразмоўніца не падманула: ад яе недзе праз месяц пошта прынесла яшчэ адзін ліст, напісаны... па-руску.

З той жа «оперы»: «Добрый день, дорогая редакция! К вам обращается учитель белорусского языка и литературы... Вашу газету выписываю с тех пор, как пришла работать... А сейчас решила направить статью о проблеме, которая пока не решена...»

І на гэты раз (таксама не без цяжкасцяў) стэлефанаваліся з аўтаркай: апроч іншага, не маглі не спытаць, чаму ў газету, якую столькі гадоў выпісвае і чытае, напісала па-руску? «Я перакладу, — паабяцала жанчына, — калі ў вас няма перакладчыкаў».

Ёсць... Ну вядома ж! Але хто адкажа: навошта вось гэтая і сапраўды вельмі дурная работа? Навошта словы «дорогая» і «выписываю с тех пор...», калі за імі (дай бог памыляцца!) хутчэй непавага?

Мы перабольшваем, памыляемся? Магчыма... Але ж тут — як у старым анекдоце пра лыжачкі... Помніце: сям’ю, што вярталася з гасцей, ужо каля дома «дагнаў» тэлефонны званок. Гаспадыня свята сказала, што ў іх прапалі сярэбраныя лыжачкі... Потым, праўда, знайшліся, але асадак застаўся.

У нас, чытаючы пошту, — яшчэ і безліч падстаў для роздуму.

«Па маім дзяцінстве балюча пракацілася Вялікая Айчынная. Цяпер, у сталым узросце, я бачу страшную разбуральную вайну па тэлевізары, — піша спадарыня Ніна Галіноўская з Мінска. (Гэты і наступныя лісты друкуюцца ў скарачэнні і пераказе. — Аўт.) — Гінуць людзі, бурацца дзіцячыя садкі, школы, бальніцы... З болем у сэрцы гляджу на падобнае варварства: адчуванне такое, што знаходжуся там, на месцы злачынстваў.

Адкуль бяруцца іх выканаўцы?! — пытае аўтарка ліста і сама ж адказвае: — Думаю, усё пачынаецца з дзяцінства: малыя вельмі шмат што пераймаюць ад сваіх бацькоў, ад людзей, ад асяродку, у якім растуць. Вось хіба некалькі эпізодаў.

На школьным стадыёне вучні, на выгляд старшакласнікі, нешта падкідваюць нагамі. Здалёку здалося — мяч... Але чаму так адчайна крычаць вароны?

Спяшаюся туды, на жахлівы крык, і бачу, што дзеці гуляюць зусім не з мячом, а... з птушанятамі. Бяру іх, ледзьве жывых, пераношу ў іншае месца.

Паблізу стаяць жанчыны, размаўляюць, смяюцца. Пытаюся: «Чаму вы не спынілі хлопчыкаў?» Яны спакойна адказваюць: «Мы думалі, яны гуляюць... А што — з птушанятамі нешта не так?»

Сапраўды, не так.

...Бацька ў прысутнасці сына гадоў васьмі за нешта лупцуе аўчарку. Сабака жаласна скавыча. Падыходжу, прашу чалавека спыніцца і чую: «Не ваша справа! Мой сабака, што хачу, тое з ім і раблю!»

Іншы бацька пад вечар на машыне прыехаў да школы — чакае дачку. На дрэвы, што побач, зляцеліся гаварлівыя галкі. Мужчына наляпіў снежак і шпурляе ў птушак. Пытаюся, навошта? Няма чаго рабіць? Са злосцю адказвае: «А якая ад іх карысць? Толькі заразу разносяць!»

...У плечы пажылых жанчын, што сядзяць на лавачцы, ляцяць каменьчыкі. Бабулі азіраюцца, не разумеюць, што гэта?

Апынуўшыся побач, заўважаю хлапчукоў, пытаюся, што яны робяць, і чую (на адрас бабуль... Прабачце!): «А няхай паміраюць... Нам кватэры застануцца».

Гэтыя балючыя назіранні, трэба разумець, не аднаго месяца ці нават года: як той казаў, набалела. Не менш, чым спадарыні Людміле Дубік з Іванаўскага раёна.

«З дзяцінства бацькі, выхавацелі ў дзіцячых садках, настаўнікі ў школах тлумачаць, што прырода і чалавек цесна звязаны, што мы, людзі, павінны пакідаць на гэтым свеце месца той самай птушачцы, мурашцы, дзікім жывёлам, ствараць умовы для іх існавання... У нас дома заўсёды жылі і жывуць браты нашы меншыя: сёння гэта каты Мурзік, Марцін, Чарныш, кошка Маркіза з кацянятамі Мілкай і Муркай, сабакі Топа, Бім, Малыш. Я вельмі люблю сваіх гадаванцаў, і яны мне адказваюць тым жа: кожны дзень праводзяць на работу і з радасцю сустракаюць».

Гэта, можна сказаць, уступ... Зараз — сам ліст:

«Апошнім часам на вуліцах вёсак і гарадоў я стала заўважаць вельмі шмат выкінутых катоў і сабак, — піша спадарыня Дубік. — Мне становіцца страшна за гэтую чэрствасць і абыякавасць. Я не разумею, чаму чалавека не цікавіць, што з яго гадаванцам будзе далей? Куды ён пойдзе, у каго папросіць дапамогі? Ён жа не разумее, у чым яго віна, за што яго пакаралі?

І далей: „Уявіце: сёння сваю жывёлку выкінулі вы, заўтра — сусед, потым — нехта яшчэ... Яны — бяздомныя — могуць сабрацца ў зграі, могуць некага пакусаць, і ўсе потым будуць гаварыць, як моцна і каго, але ці будуць думаць, чаму жывёлы сталі бяздомнымі, і што трэба зрабіць, каб такіх не было“.

Аўтар ліста ратуе жывёл і заклікае да гэтага іншых (амаль даслоўна): людзі, я вас вельмі прашу адказваць за свае ўчынкі, ніколі нікому не здраджваць (здрадзіце вы — здрадзяць вам), не крыўдзіць, не выкідваць сваіх гадаванцаў! Вы спадзеяцеся, што іх нехта падбярэ. А калі гэтага не здарыцца? Многія і сапраўды пройдуць міма, бо ў іх, магчыма, ёсць гадаванец — новы ім не патрэбен... Адкуль гэта ў нас і чаму?»

«Мне хочацца верыць, што людзі здольныя мяняцца да лепшага, бо жыццё даецца для добрых спраў, — піша спадарыня Дубік. — І вельмі хочацца, каб у нашым горадзе адкрылі прытулак для жывёл, ці хоць бы пункт ператрымкі! А пакуль у вёсцы, дзе жыву, шмат нічыйных кацянят. Кожны дзень я бяру для іх корм, паю малаком і вельмі хачу знайсці гаспадароў.

...Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, казаў знакаміты Маленькі Прынц. У гэтай усім вядомай фразе заключаецца сутнасць чалавечага гуманізму. Трэба разумець, што жывёлы не цацкі. З імі нельга пагуляць і выкінуць... Калі б у мяне была магчымасць, а найперш — сродкі, я абавязкова сабрала б усіх бяздомных і атуліла іх клопатам».

Заклік напрыканцы: не крыўдзіць братоў нашых меншых, якія вераць у нашу дабрыню!

Словы — гэта, вядома, сіла, але ж патрэбны не толькі яны.

Да знаёмага вяскоўца зрэдку, на жаль, прыязджаюць унукі, і ў кожны прыезд дзядуля ладзіць «экскурсіі». Найперш, гэтых юных гараджан вядзе на падворак, дзе ходзяць куры і жыве сабака, потым — у хлеў да парсючкоў.

У іншы прыезд дзеці едуць у лес на кані, усе разам ідуць на калгасную ферму, каб паглядзець, як «здабываецца» малако, пагладзіць маленькіх цялят, каб пераканацца (мае рацыю спадарыня Дубік!), што прырода і чалавек цесна звязаны, што мы, людзі, сапраўды ў адказе…

Адваротны бок медаля: (усміхніцеся!) летам тыя ж юныя «экскурсанты» выпусцілі на волю двух кратоў, якіх дзядуля злавіў у цяпліцы.

І гэта (ну, згадзіцеся!) таксама жыццё, таксама ўчынкі, на якіх дзеці вучацца і пасля якіх «на векі вечныя», магчыма, запамінаюць: усё добрае (а найперш, дрэннае!), што ты зробіш у жыцці, нідзе не дзенецца, яно захаваецца ў памяці — болем, пакутай, альбо светлым цёплым успамінам і радасцю. Дзеці сапраўды вельмі шмат што пераймаюць ад сваіх бацькоў, ад людзей, якія акружаюць, ад асяродку, у якім растуць…

І ў якім, заўважце, шмат не толькі жорсткасці ды бяздушнасці, бяздомных жывёл. Паглядзіце, колькі дамашніх і якіх жа любімых! Для іх цяпер і адмысловыя крамы, і цырульні, і «атэлье» па пашыве адзення-абутку, і валанцёры-ратавальнікі, і ветэрынарныя клінікі (пра цэны ў іх размова асобная), і пляцоўкі для выгулу... Да таго ж (яшчэ і для іх!) сёлета, як мяркуецца, будзе прыняты Закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», дзе будуць прапісаны правы і абавязкі ўладальнікаў, іх адказнасць за жорсткасць у адносінах да тых, каго прыручылі, колькасць тых самых прыручаных і многае іншае. А пакуль…

Спадарыня Наталля Сівак (Зольнікава) з Чэрвеньшчыны пачынае свой ліст з верша:

Паглядзела на бярозу —

Нешта сёння з ёй не так?

Не спужаўся ён марозу —

Распявае песню шпак!

Сад мой 

радасцю напоўніў,

Наваколле ажывіў...

Нездарма сынок 

шпакоўню

Адмысловую зрабіў!

Прыляцяць яны, а да некага, магчыма, і ўжо... А вось жаўрукоў трэба пачакаць ды пагукаць — папрасіць, каб прынеслі вясну. У нашай мясцовасці, — успамінае спадарыня Наталля, — гэта было традыцыйнае, радаснае свята, асабліва для дзяцей. Разам з мамай з мяккага, пульхнага цеста мы ляпілі птушачак, змазвалі яйкам, каб былі прыгажэйшыя, пасыпалі цукрыкам, каб былі смачнейшыя, у адну — заўсёды хавалі капеечку (лічылася — каму дастанецца, той заўсёды будзе пры грашах... Для таго каб быць, печыва з’елі б мігам!..).

Першую «партыю» чакалі, стоячы ля печы. І як толькі патэльня на загнет, — усчыналася такая мітусня!.. Кожны стараўся схапіць прыгажэйшага жаўрука, пасадзіць у баранак (нібы ў гняздзечка), па адным — зачапіць на ніткі і развесіць на дрэвы, пабегаць са сваімі птушкамі па гародзе, падкінуць уверх, пакрычаць: «Жавароначкі, прыляціце!..»

«На Саракі яшчэ, — узгадвае аўтарка ліста, — гушкаліся на арэлях. У залежнасці ад надвор’я, іх прыладжвалі ў хаце ці на варотах. Бабулі казалі, што гушканне добра спрыяе здароўю, ачышчае чалавека ад рознай дураты. А дзед Піліп заўсёды ўдакладняў: хто святкуе Саракі, у тога на нябёсах будзе сорак саракоў радасцяў! Менавіта ад яго ў казачным варыянце я пачула гісторыю аб 40 Севасційскіх пакутніках. Лічылася таксама — чым вышэй калыхацца, тым лепшы вырасце лён. Таму на арэлях мы гушкалі яшчэ і бабуль, а яны ў гэты час спявалі: „Спадарыня птушачка, прапяяй на вушачка...“

Гадоў колькі таму, калі мае ўнукі трохі падраслі, я зладзіла такое ж свята для іх: разам мы наляпілі, напяклі прыгожых жаўранкаў, выйшлі на вуліцу, пачаставалі іншых дзяцей (на здымку) запрасілі разам пагукаць, паклікаць вясну, пагушкацца на арэлях, павадзіць карагоды, пагуляць у футбол... А пасля і верш напісаўся:

Саракі, Саракі,

Прыляцелі жаўрукі!

Песня радасная льецца,

Нават сонейка смяецца:

— Дзе, скажыце, 

зімавалі?

Ці не надта сумавалі?

Птушкі пелі ў адказ:

Лепш за ўсё 

вясной у нас».

Хто б спрачаўся... Ажывае прырода — кветкі, дрэвы... Дарэчы, адно з іх (пакуль невялічкае) на сталічнай Даўгабродскай расце не проста з зямлі — з вялікай далоні.

Ці трэба казаць, якім вырасце?

Напэўна, не, бо яно ж відавочна: усё залежыць ад цеплыні «рукі», ад клопату, ад людзей, што будуць побач — з добрымі намерамі... І не інакш.

Падрыхтавана аддзелам пісьмаў

Загаловак у газеце: Мы ў адказе за тых, каго прыручылі

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».