Вы тут

«Не ўмею спяваць напаўголасу і жыць напаўсілы»


Чысты, моцны і далікатны, як званочак, голас заслужанай артысткі БССР Тамары Раеўскай незабыўны. На жаль, песні ў яе выкананні ўжо амаль не гучаць па радыё — сёння ў трэндзе іншы фармат, але тыя, хто чуў іх раней, памятаюць і любяць спявачку, знаходзяць у сеціве. Для многіх Тамара Рыгораўна — сімвал жаноцкасці і элегантнасці. Яна нарадзілася ў Асіповічах, потым сям’я пераехала ў Мінск. Пасля заканчэння школы Тамара паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. Аднак вучобу прыйшлося прыпыніць: Тамара захварэла на туберкулёз і, каб сумяшчаць лячэнне і працу, уладкавалася ў рэгістратуру 3-й клінічнай бальніцы Мінска. Тады яна сур’ёзна думала звязаць свой лёс з медыцынай. Але ўмяшаўся яго вялікасць выпадак. Тамары паведамілі, што на рэспубліканскім радыё аб’явілі конкурс салістаў. Яна рызыкнула паспрабаваць. І яе прынялі на работу! Так вырашылася пытанне, кім быць: спявачкай ці медыкам. Цяпер ужо работа на Беларускім радыё сумяшчалася з вучобай у Мінскім музычным вучылішчы.​


— Мне падабалася спяваць, у мяне ўся сям’я музычная: хто на скрыпцы, хто на баяне іграў. Але і медыцына была цікавая. Можна сказаць, што маю мару пра медыцыну ўвасобіла ўнучка, якая пайшла па прафесійных слядах дзеда і бацькі. — А як вы пазнаёміліся са сваім мужам? — Я тады працавала ў бальніцы, убачыла доктара Аляксандра Губко — і ўсё... страціла спакой. Шлях да сямейнага жыцця заняў шэсць гадоў. За гэты час я паспела звольніцца з бальніцы. Думаю, што муж асцерагаўся распаўсюджанай думкі, маўляў, артыстка — легкадумнае стварэнне, добрай жонкі з яе не атрымаецца. Муж быў фанатам сваёй прафесіі. Ён упершыню ўбачыў цягнік, калі ехаў паступаць у медінстытут. І вось гэты вясковы хлопец абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам. Але замуж я выходзіла яшчэ за радавога ўрача.

— Як ён успрыняў тое, што вы застаяцеся на сваім прозвішчы?

— Па пашпарце я Губко, Раеўская — толькі на сцэне. Ён, дарэчы, і не настойваў, каб я пераходзіла на яго прозвішча. Яму здавалася, што гэта створыць нязручнасці для мяне. Потым ужо, калі трапляла ў бальніцу, для медыкаў была жонкай прафесара Губко.

Дарэчы, існуе сямейная легенда, што Раеўскія мы з 1812 года, калі малады рускі афіцэр закахаўся ў юную сялянку і даў сваё прозвішча іх сыну.

Здараліся казусы з-за сугучча майго прозвішча і дырыжора Барыса Іпалітавіча Райскага. Было, дыктары аб’яўлялі: дырыжор Барыс Раеўскі, спявае Тамара Райская.

— Ад музыкантаў старэйшага пакалення чула: маўляў, Раеўская магла б больш зрабіць на сцэне, калі б не была так сканцэнтравана на сям’і. А вы самі задаволены тым, як склалася кар’ера?

— Цалкам. І сям’я на першым месцы — гэта мой усвядомлены выбар, аб якім я ні разу не пашкадавала. Можа, гэта ідзе ад выхавання, але я ніколі не ўспрымала такія тыпова жаночыя хатнія справы — прыгатаваць, прыбраць, папрасаваць — як нейкую катаргу. Мне падабалася, бо я рабіла гэта для сябе і блізкіх. Сям’я не замінала. Адзінае — я адмаўлялася ад працяглых гастроляў.

А што да кар’еры, то мне давяралі першае выкананне сваіх песень выдатныя беларускія кампазітары: Яўген Глебаў, Юрый Семяняка, Ігар Лучанок, Уладзімір Буднік. Мы творча супадалі: і ў мяне вельмі высокія патрабаванні да тэкстаў, і ў іх. Больш за тое, мы ўсе сябравалі. У нас на радыё была цудоўная творчая атмасфера!

Лічу, што добра выглядаць трэба найперш для самой сябе. Тады ў цябе добры настрой, упэўненасць, і гэта трансліруецца навакольным людзям.

У маёй кар’еры было шмат «упершыню». Музыказнаўца Элеа-нора Язерская прапанавала мне правесці канцэрт у фармаце творчага вечара. Раней ніхто з эстрадных выканаўцаў такога не рабіў. Мы разам складалі праграму, а каб разбавіць песні, я напісала некалькі вершаў. Элеанора вяла канцэрт. У мяне ёсць запіс на флэшцы, і часам я яго пераглядаю. Ён дарагі мне тым, што ў зале прысутнічае сям’я, яшчэ жывыя мама і муж, сябры, калегі.

Потым я паспрабавала сябе ў ролі прадзюсара, хоць такіх слоў мы тады нават і не ведалі. Да мяне дадому прыйшла Святлана Кульпа і папрасіла яе праслухаць. Мне вельмі спадабаўся яе голас, вырашыла дапамагчы маладой спявачцы. Мы займаліся, складалі рэпертуар, разам паехалі на Усесаюзны конкурс на найлепшае выкананне савецкай песні. Святлана атрымала званне лаўрэата, што давала ёй добрыя перпектывы. Як цяпер кажуць, Святлана Кульпа — мой праект. Рада, што мы і цяпер сябруем.

— Песня Юрыя Семянякі на вершы Уладзіміра Карызны «Люблю цябе, Белая Русь» — адна з вашых візітак:

Жытнёвае поле, лясы і азёры,

Крынічанька ў лузе

і ў небе жаўрук.

Услухайся толькі,

усё тут гаворыць:

Люблю цябе, Белая, Белая Русь.

Шкада, што гэтае кранальнае прызнанне ў любові да нашай Беларусі цяпер знойдзеш толькі ў фондзе радыё, а не ў эфіры. А яшчэ найпапулярнейшая «Хаджу сунічнымі барамі», у народзе вядомая як «Песенька мая яшчэ не спета». Мне ў маленстве падабалася мелодыя і ваш артыстызм, а цяпер разумею, што гэта песня давала крылы тым, хто адчуваў так званы цяжар узросту, каму тады было 45-50 гадоў.

Муж Аляксандр ГУБКО.

— Гэту песню я замовіла да свайго творчага вечара. Кажу паэту Карызну: «Уладзімір Іванавіч, рабіце што хочаце, але каб фраза „Ды песенька мая яшчэ не спета“ была рэфрэнам». А мая сяброўка Ларыса Васілеўна Глебава папрасіла свайго мужа Яўгена Аляксандравіча напісаць музыку. Песня адразу спадабалася публіцы, на канцэртах заўсёды выконвала яе на біс па два, а то і па тры разы!

— Развітанне са сцэнай у вас атрымалася некалькі вымушаным: пасля гастроляў у раёне ЧАЭС з’явіліся некаторыя праблемы з голасам. Можна было зрабіць аранжыроўкі лягчэйшымі і працягваць спяваць...

Шмат чытаю, разгадваю крыжаванкі, слухаю музыку. Шмат разважаю — мне нясумна з сабой.

— Самыя незвычайныя мае гастролі: замест кветак нам дарылі... рэспіратары. На градках велізарныя клубніцы, а пакаштаваць нельга... Так, вы правільна кажаце, што можна было неяк выкруціцца, не ўсе ноты браць, але я не ўмею спяваць напаўголасу і жыць напаўсілы. Гэта ўжо было б несумленна ў дачыненні дапублікі: была б нейкая не тая Тамара Раеўская.

Ведаю, што сыход са сцэны для многіх прыраўноўваецца да канца жыцця. У мяне сям’я, я не адна, ёсць глеба пад нагамі, таму вялікай трагедыі не было. Да таго ж мне адразу паступіла прапанова ад Міхаіла Фінберга — ён тады ствараў канцэртны аркестр, які цяпер носіць яго імя. Аркестру патрабаваўся педагог па вакале, і я з задавальненнем узялася за гэтую работу.

Афіцыйным жа развітаннем са сцэнай быў мой юбілейны вечар, які мяне пераканала правесці Людміла Палкоўнікава. Прызнацца, я не вельмі верыла ў свае сілы, а Люда ўмее купіраваць гэты стан. У яе цудоўная інтуіцыя, яна ведае, у якім кірунку рухацца кожнаму артысту.

— Людміла Георгіеўна расказвала, што вы прасілі: «Толькі не называйце мяне зоркай!»

— Так, прасіла: не люблю, проста не выношу пафасу. Вечар атрымаўся вельмі цёплы, з прыемнымі сюрпрызамі. Удзячная Людміле, што яна тады праявіла настойлівасць.

— Тамара Рыгораўна, для многіх жанчын вы былі эталонам стылю. Як атрымлівалася добра выглядаць, хто клапаціўся пра ваш сцэнічны імідж?

— Дзякуй! Думаю, прырода надзяліла мяне добрым густам. Канешне, перад запісам для тэлепраграм прычоскай і макіяжам займаліся спецыялісты. Часам нам дапамагалі са сцэнічнымі ўборамі. Нейкія сукенкі заказвала ў індпашыве сама, каб не мільгаць часта ў адным і тым жа. У адзенні мне падабаўся і падабаецца класічны стыль. Што да макіяжу, то ў жыцці, лічу, ён павінен быць ледзь прыкметны. Больш за ўсё мяне напружвала пазнавальнасць у побыце. То-бок калі аб’яўлялі маё імя і публіка ўжо апладзіравала, гэта прыемна, а вось калі пазнавалі на вуліцы, для мяне гэта заўсёды было нейкім няёмкім момантам.

Лічу, што добра выглядаць трэба найперш для самой сябе. Тады ў цябе добры настрой, упэўненасць, і гэта трансліруецца навакольным людзям.

— Раскажыце пра вашага сына, унучку…

— Сын пайшоў па прафесійных слядах бацькі, ён артапед-траўматолаг. І такі ж няўрымслівы, як бацька. Муж, памятаю, мог паўночы сядзець, распрацоўваць план аперацыі, улічваць усялякія магчымыя варыянты... Унучка таксама ўрач. Дарэчы, у той жа 6-й бальніцы, дзе была кафедра дзядулі.

Яны шмат працуюць. А мне, вядома, хочацца як мага часцей бачыць сваіх родных. Выдатна разумею, што работа ўнучкі патрабуе і фізічных, і душэўных сіл. У яе ёсць малады чалавек, яны наладжваюць сваё жыццё. Таму проста радуюся, калі яна мае час наведаць мяне.

— Ці ёсць у вас хатні гадаванец?

Дарэчы, існуе сямейная легенда, што Раеўскія мы з 1812 года, калі малады рускі афіцэр закахаўся ў юную сялянку і даў сваё прозвішча іх сыну.

— Трыццаць гадоў у мяне былі сабакі. Але калі пахавала апошняга, зразумела, што ўсё, больш не жадаю заводзіць жывёл, вельмі цяжка іх страчваць. Кожнае лета я праводжу на лецішчы, і неяк да майго ўчастка прыбіўся кот. Такі аднавокі разбойнік. Адразу было зразумела, што пасля заканчэння сезона ён з’едзе са мной у горад. А цяпер мы з ім лічым дні да пачатку дачнага сезона.

— Як праводзіце час на лецішчы?

— Атрымліваю асалоду ад жыцця. Для мяне гэта райскі куток! Участак у свой час выдзелілі маёй маме, яна працавала ў сістэме лясной гаспадаркі. Будаўніцтвам дома займаўся муж. Ён казаў маме: «Таццяна Іосіфаўна, у што вы мяне ўцягнулі?» 

У мамы быў раскошны агарод, нейкі час і я ім займалася, а потым сын як доктар пераканаў, што ад гэтай нагрузкі трэба ўжо адмовіцца. Цяпер толькі кветкі. Маю зносіны з суседзямі, шмат старажылаў, таму ёсць агульныя тэмы.

— Тамара Рыгораўна, у вас па-ранейшаму малады голас, вы выдатна арыентуецеся ва ўсіх падзеях. Што робіце для падтрымання такой формы?

Сям’я на першым месцы — гэта мой усвядомлены выбар, аб якім я ні разу не пашкадавала.

— Мне проста цікава жыць! Таму шмат чытаю, разгадваю крыжаванкі, слухаю музыку. Шмат разважаю — мне нясумна з сабой. Шчаслівая, што ў мяне ёсць сяброўкі, часам мы жартуем: столькі не жывуць, колькі мы сябруем. Мы любім, як той казаў, пасядзець на тэлефоне, нас саграваюць успаміны, але цікавімся і днём сённяшнім, і ў заўтра хочацца зазірнуць.

— Мы гутарым напярэдадні 8 Сакавіка. Што б вы пажадалі нашым чытачкам?

— Кахаць і быць каханымі! Клапоцячыся аб сваіх блізкіх, не забываць пра сябе. Прыслухоўвацца да свайго сэрца...


ТОП-5 пе­сень у вы­ка­нан­ні Та­ма­ры Ра­еў­скай:

«Люблю цябе, Белая Русь». Музыка Юрыя Семянякі, словы Уладзіміра Карызны.

«Хаджу сунічнымі барамі». Музыка Яўгена Глебава, словы Уладзіміра Карызны

«Летняя гроза». Музыка Яўгена Глебава, словы Уладзіміра Арлова.

«Калыханка маме». Музыка Іны Вінаградавай, словы Ніны Мацяш.

«Я люблю». Музыка Уладзіміра Алоўнікава, словы Адама Русака.

Ксе­нія КА­ВА­ЛЕЎ­СКАЯ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.