Вы тут

Настаў час падумаць аб абнаўленні гардэроба да цёплага сезона


На календары — вясна. А значыць, надышоў час падумаць аб абноўках да цёплага сезона. Што раяць стылісты прыдбаць да таго моманту, калі, нарэшце, і ў наша аконца загляне сонца?


Тыдні моды, прысвечаныя вясенне-летняму сезону — 2024, ужо прайшлі па ўсім свеце. Больш за тое, усе трэнды вясны яшчэ зімой былі дэталёва распісаны, сфатаграфаваны, растыражыраваны ў інтэрнэце і адшыты ў новых калекцыях мас-маркета. І мы з радасцю раскажам вам пра іх. Але спачатку пагаворым аб галоўнай моднай памылцы нашых паненак усіх узростаў, ад малога да вялікага. І гэта не няправільны выбар колеру калготак адносна абутку. Не сумачкі з лагатыпам дарагіх брэндаў «родам» з рэчавага рынку. І не грэбаванне суадносінамі абліпальных і аб’ёмных рэчаў у вобразе. Словам, зусім не тое, чаму любяць прысвячаць эфіры гуру моды і стылю ў Instagram і TikTok. Якраз з гэтым у беларускіх дзяўчат усё ў парадку — мне здаецца, пэўная «шляхетнасць», добры густ і пачуццё меры закладзены ў нашай ментальнасці як «базавая прашыўка». Але вось тут і хаваецца праблема. І праблема гэта — стараннасць.

Старацца... Не трэба?

З дзяцінства ў нас прынята вучыць дзяўчынак быць стараннымі: «Ты ж дзяўчынка, ты павінна добра вучыцца, добра сябе паводзіць, выглядаць ахайна», і іншае, і іншае. Пасталеўшы, мы звыкла стараемся ва ўсіх сферах жыцця — дома, на працы, у выхаванні дзяцей. І ў стварэнні модных вобразаў — у тым ліку. Вывучаем тэндэнцыі сезона, удумліва выбіраем абноўкі, складаем капсулы, як вучаць стылісты... Нібыта ўсё правільна. Але чамусьці вобраз атрымліваецца чысценькім да стэрыльнасці і сумным да зубнога болю, як у выдатніцы на апошнім званку.

Вядома, і на вуліцах беларускіх гарадоў дастаткова сапраўды стыльных дзяўчат і жанчын, чые модныя вобразы хочацца разглядаць і паўтараць. І ўсё ж вельмі часта адразу відаць: дзяўчына перад выхадам з дому вельмі старалася, і ўсё зрабіла правільна. Яна апранулася ў стыльную сукенку, таму што сукенка — гэта жаноцкасць, а жаноцкасць гэтай вясной — адзін з галоўных трэндаў. Або выбрала акуратны, дабротны касцюм у модным стылі old money. Яна дадала правільны з пункту гледжання моды абутак: дапусцім, на шпільцы і з вострымі насамі (стыльна, але як няёмка!) — і старанна зрабіла прычоску. І, быццам, усё добра, але чагосьці ў вобразе бракуе. Мы і самі гэта бачым, але вось зразумець, чаго не хапае, не заўжды атрымліваецца. А не хапае якраз крэатыву, лёгкасці, нядбайнасці, свабоды. Іншымі словамі таго, што ўсе апошнія сезоны складае аснову streetstyle — моды, якая сышла з подыумаў у масы.

Зразумела, што нядбайнасць гэтая не роўная неахайнасці, што яна — усяго толькі бачнасць, «тое, што здаецца», што яна таксама павінна прадумвацца. Але ўжо не першы сезон стыль «кэжуал» патрабуе выглядаць так, нібы вы наогул не думалі, што апранаеце на сябе. Проста вы сама па сабе такая вось прыгожая. Прачнулася і — на ногі красоўкі, а валасы шаўковай хваляй па вясновым ветры — выпырхнула з дому ў тым, што пад руку падвярнулася.

Можа, нават і не ў сваім. У «мужчынскіх» джынсах — мешкаватыя мадэлі, быццам запазычаныя з шафы вашага мужчыны, па-ранейшаму актуальныя. Штонікі надта вялікія? Не бяда, дадаём рамень (увесну-24 скураны рэмень становіцца адным з галоўных аксесуараў). У мужчынскай жа цішотцы, пола ці кашулі. Доўгая? Заправім, ды не старанна, а нядбайна, з аднаго боку, а доўгія рукавы, калі трэба, проста падвернем.

Калі гэта сукенка, тады, вядома, яна знайшлася свая ўласная. А можа, і не свая, а матуліна — завалялася на антрэсолях з часоў яе маладосці. Ці ўвогуле бабуліна. Рэтра — яшчэ адзін трэнд сезона: у вясновых калекцыях — 2024 дызайнеры натхняюцца не толькі 1990-мі і 2000-мі, як у мінулыя сезоны, але і 1960-мі і 1980-мі. Праўда, са стылем рэтра патрабуецца асцярожнасць: ён як ніякі іншы ўмее дадаваць узрост і здольны зрабіць з вас «цёцю-моцю». Так што думаем, з чым яго спалучаць (напрыклад, з акцэнтнымі рэчамі сезона, спартыўным стылем або з аверсайзам). Толькі так, каб тое, што вобраз прадуманы, не было ясна з першага погляду.

На візуальна нядбайны, а на практыцы — «псеўданядбайны» look працуе трэнд на шматслаёвасць, які перавандраваў з гэтай зімы ў надыходзячыя вясну і лета. Як насіць топы з кашулямі, пінжакі з плашчамі, а спадніцы і шаўковыя хусткі — уявіце сабе, нават па-над джынсамі і штанамі — вучымся ў Mіu Mіu, Burberry або Louіs Vuіtton. У цэлым, законы шматслойнасці нескладаныя.

  • Першы: лепш за ўсё ў шматслаёвым вобразе будзе выглядаць спалучэнне тканін па прынцыпе кантрасту. Напрыклад, гладкія і рэльефныя, празрыстыя і матавыя, грубыя і далікатныя, дэмакратычны дэнім і шляхетны атлас...
  • Другі: апранаючы «нешта з чымсьці», прытрымліваемся правіла «чым бліжэй да цела, тым танчэй і далікатней матэрыял». Гэтае другое правіла не абсалютнае, але калі вы не прафесійны стыліст, лепш усё ж кіравацца ім.

Здаецца, будзе цікава

Ну а зараз падрабязней аб трэндах надыходзячага цёплага сезона.

Аб шматслойнасці мы ўжо сказалі, застаецца дадаць, што становіцца яна больш стрыманай і жаноцкай. Важная дэталь: талію вярнулі на месца! Заніжаная талія таксама актуальная, але пакуль гэты трэнд не карыстаецца гарачай любоўю сучасных модніц. Не адно дзесяцігоддзе талія «ёрзала» то вышэй, то ніжэй, а потым і зусім знікла на піку трэнду на аверсайз. Гэтай вясной і летам яна там, дзе ёй належыць быць, і яе рэкамендуецца падкрэсліваць рэменем (якому ў папярэднія модныя сезоны стылісты не надавалі асаблівага значэння). Сёння скураны рэмень — акцэнт сезона, яго роля ў аўтфіце — галоўная. Падчас апошніх тыдняў моды дызайнеры Saіnt Laurent спалучалі кантрасны рэмень з касцюмамі і камбінезонамі, а мадэлі Carven апраналі яго па-над вясновымі паліто.

Галоўны колер гэтай вясны — бардовы (а дакладней, уся вінная палітра). Жаноцкія і царскія, гэтыя тоны зробяць любы вобраз глыбей, даражэй і складаней. «Віннымі» могуць быць сукенкі, паліто, пінжакі, аксесуары.

Раз ужо пайшла размова аб палітры сезона, адзначым, што ўвесну і ўлетку ў трэндзе градыент: плаўныя пераходы колеру. Адзін тон — розная насычанасць, ці плаўнае перацяканне аднаго тону ў іншы: выглядае такі вобраз сапраўды выдатна.

Яшчэ адзін трэнд — чорнае і белае. Тут важна пазбегнуць асацыяцый са школьнай формай, таму выбіраць стылісты раяць актуальны крой і акцэнтныя аксесуары. Ну а галоўны прынт вясновага сезона — буйныя кветкі. Часцей — чырвоныя. На тыднях моды яны ўпрыгожвалі спадніцы, сукенкі і аксесуары (у прыватнасці, чокеры, якія пасля некаторага забыцця зноў актуальныя).

З «добра забытага старога» гэтай вясной у моду вяртаюцца адкрытыя плечы. І гэта вельмі жаноцкі трэнд. Памятаецца, апошні раз яго «выцягвалі на свет Божы» ў 1990-х. Асабіста мне ён дарагі: руда-аранжавы джэмпер-аверсайз з адкрытымі плячыма быў першай рэччу, якую я падлеткам прыдумала і звязала сама, без дапамогі дарослых. Сёння сукенкі і джэмперы з адкрытымі плячыма ўжо на ўсю моц гуляюць па подыумах. Асабліва актуальныя мадэлі — з трыкатажу самай рознай таўшчыні і фактуры. Калі прырода падарыла вам вузкія і пяшчотныя плечыкі, трэнд цалкам ваш. Калі ж вы — уладальніца постаці спартыўнага тыпу, і плечы ў вас досыць шырокія, дапаможа асіметрыя — агаліўшы толькі адно плячо, вы візуальна зробіце спіну вузей, а постаць — зграбней.

Крыху вычварны і нібыта нават тэатральны «балон» не прыжыўся ў беларускіх рэаліях мінулым летам. Не, спадніцы-балоны дзе-нідзе насілі, але павальнага захаплення трэндам, які закружыў галаву еўрапейскім модніцам, у нас не назіралася. Зрэшты, спадніцы-балоны не здаюцца і гэтай вясной зноў спрабуюць заваяваць нашы сэрцы. Каб знізіць градус пафасу, спалучаць іх рэкамендуецца з грубымі чаравікамі ці красоўкамі, знарочыста простымі, паўсядзённымі рэчамі. Са скуранымі курткамі-касухамі, бадлонамі (вадалазкамі), цішоткамі (тое, што ў народзе называецца проста «майка»), абліпальнымі топамі без празмернасцяў.

Пытанне даўжыні

Ёсць у новым сезоне і яшчэ шэраг трэндаў — напрыклад, празрыстасць, адкрыты жывот (гэта ўжо бліжэй да лета, калі пацяплее), глыбокае дэкальтэ, усё той жа бялізнавы стыль і тыя ж «мужчынскія» касцюмы. Але мне хацелася б пагаварыць аб даўжыні. У цёплым сезоне 2024 года — добрая навіна для дзяўчат, якія жадаюць выглядаць вышэй, — асабліва актуальная даўжыня максі. У гэтай даўжыні вырашаюцца спадніцы са скуры і дэніму, трыкатажныя сукенкі і сукенкі-камбінацыі, а таксама — ужо не першы сезон, дарэчы, — плашчы і паліто. Каб не выглядаць як Маленькі Мук з савецкага мультфільма, невысокім дзяўчатам важна памятаць пра некалькі правіл. Калі прырода не ўзнагародзіла вас высокім ростам, падол вашай максі-рэчы (спадніцы або паліто) павінен заканчвацца ніжэй за лыткі, але — крыху вышэй за шчыкалаткі. Так вы атрымаеце жаданы эфект доўгіх ног. Калі закрыць шчыкалаткі, эфект будзе адваротным — візуальна вы станеце больш прысадзістай. Паміж падлогай і спадніцай пакідаем мінімум 2 см.

Але максі не адзіная ўльтрамодная даўжыня гэтай вясны. Ёсць і яшчэ адзін забаўны і цікавы трэнд, з даўжынёй звязаны. Падыдзе не ўсім, на аматара, але асабіста мне — падабаецца. І гэта... спадніцы да калена. Так-так, тая самая, нялюбая стылістамі і моднымі блогерамі даўжыня, якая кароціць ногі і адсылае да вобраза Людмілы Пракопаўны са «Службовага рамана». Для падобных «модных выказванняў» ёсць адмысловая назва — ugly fashіon, то-бок «агідны стыль». І менавіта такія ugly-спадніцы ў нядаўнім мінулым сталі асновай lіbrary core, «стылю бібліятэкаркі».

Фразу «Пачварнасць — гэта прыгожа» прыпісваюць Генры Форду, і быццам бы сказаная яна была аб дызайне аўтамабіляў, але яе суцэльна можна аднесці і да дызайну вопраткі, калі весці размову аб ugly fashіon.

Каб пазбегнуць «сіроцкай стылістыкі», можна спалучаць такія спадніцы з трэндавым «верхам» і класічнымі лодачкамі. Але модныя дамы раяць такой стылістыкі не пазбягаць, а наадварот, упісваць спадніцы да калена ў вобразы з «нямоднымі» кардзіганамі, валалазкамі і світарамі. Бо мода — гэта свабода самавыяўлення, магчымасць прымераць на сябе розны настрой, і зусім неабавязкова пры гэтым падабацца ўсім. Гэтай вясной мода як ніколі шматаблічная і разнастайная. Так што прымярай, пераўвасабляйся, весяліся і любуйся сабой!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.