Вы тут

Унучка і дачка — пра настаўніка і заснавальніка славутага Казловіцкага хору Прохара Васілеўскага


Пра стваральніка славутага Казловіцкага хору Прахора (менавіта так яго называлі) Васілеўскага я даведалася зусім выпадкова. Падчас адной з камандзіровак разгаварылася з музычным кіраўніком Наваселькага дзіцячага сада. Тады мяне ўразіла, з якой цеплынёй і гонарам Таццяна Глебік распавядала пра свайго стрыечнага дзядулю, якога нават ніколі не бачыла...


Таццяна Глебік распавядае выхаванцам Навасельскага дзіцячага садка пра свайго славутага дзядулю. У руках жанчына трымае той самы фотаздымак Прахора Васілеўскага, які вісеў на сцяне ў хаце яе бабулі

Фотаздымак — у спадчыну

— Вось гэты фотаздымак Прахора Мартынавіча заўсёды вісеў у хаце маёй бабулі, яго сястры Ганны, — паказвае і расказвае Таццяна Глебік. — І я з дзяцінства памятаю, як яна штораз, гледзячы на яго, згадвала брата, паўтарала «Мой Прахорык, мой Прахорык». 

На здымку пяром прыгожым каліграфічным почыркам было напісана, што малады настаўнік Васілеўскі Прахор Мартынавіч хадзіў вечарамі па вёсках ды хутарах, слухаў сумныя, мілагучныя народныя напевы жанчын і шчыра захапляўся: «Вой, каб жа вы ведалі, як цудоўна спяваеце! Трэба, каб гэтыя вашы спевы пачулі ўсюды!» 

У выніку ён згуртаваў вакол сябе каля дваццаці галасістых сялян і стварыў хор, які ў 1939 годзе прадстаўляў Беларусь на адкрыцці Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. У той час гэта было вельмі ганарова. За арганізацыю хору Прахор Васілеўскі атрымаў грамату Вярхоўнага Савета БССР і грашовую прэмію.

Так склалася, што Таццяна Станіславаўна сёння, таксама як і дзядуля ў свой час, хварэе душой за адраджэнне беларускага фальклору — вучыць дзетак народным песням і танцам у дзіцячым садочку. Таму, калі сваякі прадавалі хату бабулі Ганны, фотаздымак Прахора Васілеўскага дастаўся ў спадчыну менавіта ёй.

Казловіцкі народны хор пяць гадоў таму падчас святкавання свайго 85-годдзя

— Я яго адсканавала, — працягвае Таццяна Глебік. — І цяпер ён займае пачэснае месца ў альбоме-радаводзе маёй сям’і, у музеі Навасельскага дзіцячага садка (змешчаны і ў кнізе педагагічных дынастый Беларусі «Имя тебе — Учитель»). Падчас тэматычных мерапрыемстваў я паказваю яго дзеткам і расказваю пра подзвіг маладога настаўніка на вайне, а таксама пра тое, што ён стварыў славуты вясковы хор. З гэтым фотаздымкам Прахора Мартынавіча мы з сынам кожны год 9 Мая ўдзельнічаем у акцыі «Беларусь памятае»: пасля службы ў царкве ідзём да помніка, што ў вёсцы Хацежына, каб ушанаваць памяць пра дзядулю. І збіраемся з’ездзіць на Пскоўшчыну — на брацкую магілу, дзе ён пахаваны.

Калі я пачала збіраць звесткі аб Прахоры Мартынавічы, для мяне было вялікай радасцю даведацца, што маленькае зярнятка, якое да вайны пасадзіў мой стрыечны дзядуля, не загінула, а вырасла ў знакаміты хор, які працягвае спяваць беларускія народныя песні, праслаўляючы нашу краіну. Я, дарэчы, зрабіла асобны альбом, які назвала «Гераічная рапсодыя майго дзядулі Прахора». Там сабрана ўся інфармацыя, якую змагла знайсці: пра яго педагагічную дзейнасць, хор, подзвіг на вайне, яго ўзнагароды. Хочацца, каб гэты альбом перадаваўся ў нашай сям’і з пакалення ў пакаленне.

«Ведаю тату па яго пісьмах...»

Каб яшчэ больш даведацца пра свайго стрыечнага дзядулю, Таццяна Глебік ездзіла ў Салігорск, дзе жыве яго дачка Зінаіда. Жанчыне — 85 гадоў, і ўвесь гэты час яна як скарб захоўвае кранальныя пісьмы ад таты…

— Тату хрысцілі ў царкве, — дзеліцца Зінаіда Васілеўская, дачка Прахора Мартынавіча. — Мясцовы бацюшка даў яму імя Прахор. Прывезлі дзіця дадому, мама пытае: «Як назвалі?» Калі пачула, што Прахорам, як загалосіць: «Ах, Божа ж мой, якое дрэннае імя! У нас быў тут адзін Прахор, дык такі няўдалы. Вязіце назад, няхай дае другое імя». Назаўтра хросныя павезлі малечу зноў у царкву. Бацюшка кажа: «Што вы! Гэта ўжо да Бога пайшло, я на сябе грэх не буду браць. Такое імя прыгожае, Прахор — гэта ж значыць кіраўнік хору». Так словы святара сталі прарочымі.

Я, калі пісала гэты артыкул, зазірнула ў слоўнік: і сапраўды імя Прахор мае значэнне «той, які скача спераду, які вядзе». Таццяна Глебік распавядала, што ў сям’і Васілеўскіх усе маюць арганізатарскі талент: «Так, пляменніца Прахора Мартынавіча, мая матуля Васілеўская (Сабіла) Ніна Уладзіміраўна, змагла ў 1967 годзе арганізаваць пачатковую школку ў вёсцы Хацежына Мінскага раёна. Сабрала дзяцей, запрасіла настаўнікаў, а сама стала яе дырэктарам».

— Тата нарадзіўся ў вёсцы Васілінкі Слуцкага раёна ў шматдзетнай сям’і, — працягвае Зінаіда Прохараўна. — Вельмі хацеў стаць настаўнікам. Каб яго ўзялі ў педагагічнае вучылішча, бацькам прыйшлося аддаць у калгас карову і ўсе землі, бо дзяцей кулакоў вучыцца не бралі. У выніку іх сын з адзнакай скончыў Слуцкае педвучылішча. Менавіта там ён пазнаёміўся з маёй мамай. Яна яму адразу ж спадабалася. Таму, калі тату размеркавалі на працу настаўнікам у Казловіцкую сярэднюю школу, ён з радасцю пагадзіўся, бо ведаў, што яго каханая родам з Казловічаў. Маму размеркавалі таксама ў Слуцкі раён, але ў іншую вёску настаўніцай пачатковых класаў. У выхадныя яна прыязджала дадому, і яны сустракаліся.

Харавы калектыў удзельнікаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, 1939 год. Прахор Мартынавіч першы ў ніжнім радзе справа

Неўзабаве згулялі вяселле, атрымалі кватэру ў Казловічах, разам працавалі ў мясцовай школе. Прахор Мартынавіч выкладаў фізіку і матэматыку, потым стаў завучам, вучыўся завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (так і застаўся студэнтам 2 курса фізіка-матэматычнага аддзялення). 

У школе шукаў да кожнага індывідуальны падыход.

— Мама расказвала, што цэлы вечар, бывала, сядзіць і піша на асобных аркушах кожнаму вучню заданні з улікам здольнасцяў і схільнасцяў. Стараўся, каб усе дзеці як адзін атрымалі веды. Калі трэба, тлумачыў адно і тое ж па некалькі разоў. Заўсёды казаў: «Калі хто чаго не разумее, падыходзьце ў любы час пасля ўрока, я вам яшчэ раз патлумачу». Ён ніколі не сварыўся, не крычаў на вучняў, ставіўся да іх па-бацькоўску. Пасля вайны ўсе толькі войкалі, не верылі, што ён загінуў. Казалі: «Вой, Зіна, які твой бацька быў харошы чалавек!» Дзеці да яго гарнуліся. Мая цётка, татава сястра, расказвала, як прыехаў Прахорка ў госці, дастаў сваю мандаліну і пачаў граць. Дык дзеці, яго пляменнікі, пасаскоквалі з печы і давай танцаваць.

Зінаідзе Прохараўне перадаўся ад таты творчы погляд на свет. Яна шмат чаго робіць сваімі рукамі. У тым ліку і вось гэты казачны дыванок

...Мне было ўсяго пяць месяцаў, калі тату прызвалі ў армію. Ён спачатку нікому не прызнаўся, што ён настаўнік. Таму яго адправілі на курсы шафёра. Потым, калі даведаліся, дык узялі пісарам. 

За якую работу тата ні браўся, заўсёды выконваў выдатна. Пісаў маме, што неяк яго разам з іншымі хлопцамі адправілі на кухню. Дык яны там павычышчалі каструлі да бляску, прыгатавалі такі добры абед, што нават падзяку атрымалі. «Аня, калі вярнуся дадому, я нават не ўяўляю, як мы будзем хораша з табой жыць, я буду табе ва ўсім дапамагаць...» Мама выслала яму фотаздымак, дзе мы ўсе разам. Дык ён пісаў: «Я вашу фотакартку нашу ў левай кішэньцы пры сэрцы. Кожны дзень раніцай дастану, пацалую цябе і Зіну і зноў пакладу назад. Так што вы заўсёды са мной». «...Каб я прыехаў дадому і Зінка гуляла недзе з дзецьмі, то я, напэўна, яе не пазнаў бы — як яна вырасла». Ён быў вельмі клапатлівым татам. Як я толькі нарадзілася, купіў мне прыгожую каляску, плеценую з лазы. Я яе доўга захоўвала дома на памяць аб тату. А потым вырашыла перадаць у музей у Казловічах. Ён пісаў: «Аня, не шкадуй, перашывай усю маю адзежу. Няхай Зінка носіць, я, як прыеду дадому, дык сабе ўсё іншае пакупляю». Думаў, што ўжо восенню вернецца з арміі, але…

...Тата даслаў маме больш як 40 пісьмаў. Я толькі па іх яго і ведаю. Апошняе пісьмо прыйшло 17 чэрвеня 1941 года. У ім тата піша: «Аня, цяпер вельмі дрэннае міжнароднае становішча, вакол нас — хмары. Добра было б, калі мы 41 год пражылі без вайны». Адчувалі, што вось-вось пачнецца вайна. Так яно і сталася. Тата ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. І там вёў іншых за сабой, падымаў у атаку салдат. 23 лютага 1943 года быў паранены. У адпаведнасці з узнагародным аркушам, 4 красавіка 1944-га тата, выконваючы заданне камандавання па авалодванні вышынёй «Лысая», уварваўся ў траншэі праціўніка і кідком гранаты знішчыў адзін варожы агнявы пункт і забіў трох фашыстаў, чым і забяспечыў свайму стралковаму падраздзяленню бяспеку прасоўвання з правага фланга. У гэтым баі ён загінуў смерцю адважных. Яму было ўсяго 32 гады... Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За абарону Ленінграда». Пахаваны ў вёсцы Веча на Пскоўшчыне. Мы з мамай ездзілі туды да яго на магілу. Усклалі кветкі, паплакалі…

Прахор Васілеўскі быў матэматыкам з душой рамантыка. Творчая жылка перадалася і дачцэ, якая дваццаць гадоў адпрацавала ў шахце падземным фельчарам. Уся кватэра Зінаіды Прохараўны ў Салігорску завешана і застаўлена яе рукатворнымі вырабамі. Вышываныя карціны, ручнікі, дываны на канапах, вязаныя кручком далікатныя карункі на падушках... Але даўжэй за ўсё я разглядала невялічкі дыванок па матывах казкі «Рэпка», які можна павесіць ля дзіцячага ложка. Там шмат цікавых дэталяў, а таксама вельмі ўдала спалучана вышыўка і аплікацыя. 

«У мяне дома толькі малая частка ўсяго, не злічыць, колькі я падарыла дочкам, унукам. Людзям мо сто кофтаў звязала. А яшчэ я пішу вершы на роднай мове (зачытвае). А нядаўна ў мяне з’явілася новае захапленне — рэжу поліэтыленавыя пакеты палосачкамі і кручком вяжу з іх стракатыя дыванкі на падлогу».

Сёлета ў красавіку Казловіцкі хор адзначае 90-годдзе. Таццяну Глебік і Зінаіду Васілеўскую запрасілі на свята. «На жаль, на гэты раз я не змагу туды паехаць, — кажа Зінаіда Прохараўна. — Мне 85 гадоў, у мяне ногі хворыя, з палкамі па кватэры хаджу. Але мая меншая дачка з задавальненнем з’ездзіць замест мяне. Радасна, што татава справа дагэтуль жыве і развіваецца.

...Тату ўжо 111 гадоў. 

Я лічу, што калі чалавека памятаюць, значыць ён яшчэ жывы. Калі памерла мама, я яе пахавала на малой радзіме, у Казловічах. На помніку побач з яе фотаздымкам змясціла фотаздымак таты. Думаю, няхай хоць тут яны будуць разам».

 Таццяна Глебік у гасцях у Зінаіды Васілеўскай: паказвае альбом, які зрабіла ў памяць пра дзядулю

«Стараемся захаваць тое, што было раней»

— Казловіцкі хор пасля вайны аднавіў сваю дзейнасць, атрымаў званне народнага, быў і застаецца візітнай карткай, гонарам не толькі Слуцкага раёна, але ўсёй Беларусі, — расказвае Святлана Расіч, кіраўнік народнага хору Казловіцкага сельскага Дома культуры. — Калектыў — неаднаразовы лаўрэат і дыпламант міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў. Ён унікальны сваімі адданымі артыстамі. У нас 11 чалавек, якія спяваюць у хоры больш за 33 гады, некаторыя нават па 47-49 гадоў. На пачатку красавіка будзем святкаваць 90-гадовы юбілей хору. Свята пройдзе ў Казловіцкім сельскім Доме культуры. Мы падрыхтавалі насычаную святочную праграму. У нас на бабінах захаваліся старыя запісы, іх апрацавалі і будзем паказваць на вялікім экране, як развіваўся хор: як мяняліся касцюмы, кіраўнікі, рэпертуар. Апошнім часам мы спяваем народныя песні ў сучасных апрацоўках, але разам з тым не забываемся і на кампазіцыі таго часу. У прыватнасці песні «Сонца», «Вецер» гучаць у хоры з яго заснавання, і дагэтуль ніводнае наша выступленне без іх не абыходзіцца. Людзі гэта цэняць і разам з ветэранамі хору, якія таксама прыходзяць на канцэрты, з радасцю нам падпяваюць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з сямейнага архіва Таццяны ГЛЕБІК

Загаловак у газеце: Хор, які стварыў Прахор

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.