Вы тут

У Гродне прапаноўваюць зрабіць тыпавы праект для ўсіх крыніц-помнікаў прыроды


Пробны эскіз нядаўна паступіў на разгляд мясцовых органаў улады і землекарыстальніка. Мяркуецца, што ўсе шэсць крыніц будуць вызначаны на мясцовасці па тыпавым плане, але кожная з асаблівымі элементамі. Работы плануецца пачаць сёлета, а на другі год рэалізацыя праектаў пройдзе ў адпаведнасці з выдзяленнем бюджэтных сродкаў. Днямі экспертная група з карэспандэнтам «Звязды» пабывала на самых папулярных крыніцах.


Вызначаны на мясцовасці

Наша газета пастаянна сочыць за «крынічнай» справай і паспрыяла таму, што на яе звернута ўвага. А рухавіком працэсу не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца гродзенская экаактывістка заслужаны грамадскі эколаг Беларусі Тэрэза Белавусава. Дзякуючы яе намаганням, навуковым даследаванням і інфармацыйнай падтрымцы «Звязды» прыродныя крыніцы трапілі ў рэестр помнікаў прыроды мясцовага значэння. Прычым такі статус набылі адразу шэсць крыніц. Усе яны маюць свае назвы і знаходзяцца на тэрыторыі Гродзенскай пушчы.

Мне неаднойчы даводзілася бываць на гэтых аб’ектах: тады, калі сюды прыязджалі групы навукоўцаў інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі для лабараторных даследаванняў, і тады, калі руплівая Тэрэза Белавусава збірала валанцёраў на суботнік па ачыстцы тэрыторыі, і тады, калі тут сталі з’яўляцца першыя інфраструктурныя аб’екты ў выглядзе столікаў, лавак, навесаў і нават драўляных скульптур. Часткова работы фінансаваліся з фонду грамадзянскіх ініцыятыў, штосьці дапамаглі ўсталяваць лясгасы і сельскі Савет. Такім чынам, на сёння амаль усе крыніцы вызначаны на мясцовасці і маюць больш-менш прыдатны выгляд.

Погляд эксперта

На думку Тэрэзы Белавусавай, работа па добраўпарадкаванні крыніц павінна працягвацца. Да гэтага абавязвае іх новы ахоўны статус. Каб гэты працэс рухаўся хутчэй, яна імкнецца далучыць да справы аўтарытэтных грамадскіх экспертаў. Прычым з выездам на месца. Гэтым разам такая паездка адбылася з удзелам Уладзіміра Капусціна, які шмат гадоў займаецца вывучэннем крыніц і сумесна з навукова-даследчым інстытутам водных праблем НАН Беларусі распрацаваў і выдаў метадычныя рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні падземных вод, якія выходзяць на паверхню.

— Такая вада з’яўляецца важным стратэгічным аб’ектам. На выпадак засухі, прыродных ці тэхнічных катаклізмаў крыніца стане выратаваннем, гэта бяздонны фактар, а тэхнічныя збудаванні маюць аварыйнасць. І тады без пітной вады могуць застацца цэлыя населеныя пункты, — тлумачыць эксперт. — Таму ў гэтым кірунку распрацаваны рэкамендацыі, як аднаўляць крыніцы, як захоўваць і падтрымліваць на патрэбным узроўні якасць пітной вады і хто за яе нясе адказнасць. Гэта можа быць лясгас, сельскі Савет ці іншы землекарыстальнік тэрыторыі, дзе знаходзіцца крыніца. Такая важная пазіцыя замацавана і ў Водным кодэксе.

Дарэчы, эксперт стаў адным з арганізатараў першага ў Беларусі воднага форуму «Крыніцы Беларусі», які летась прайшоў у Мінску. На ім выступіла і Тэрэза Белавусава з прэзентацыяй гродзенскіх крыніц і з дэгустацыяй крынічнай вады. Яе даклад аказаўся настолькі цікавым, што арганізатары выказалі ідэю аб правядзенні наступнага форуму ў Гродне. Уладзімір Капусцін якраз і вырашыў ацаніць сітуацыю на месцы.

Не толькі зручна, але і прыгожа

І вось мы зноў накіроўваемся ў крынічны край. Дарога вядзе амаль да самай беларуска-літоўскай граніцы, гэта прыкладна 30 кіламетраў ад Гродна. Адсюль да літоўскага курорта Друскінінкай, які славіцца сваімі мінеральнымі водамі, менш за 10 кіламетраў. Першая па дарозе — крыніца Райгорад. Упершыню яна пазначана ў дакументах 1794 года. У той час Друскінінкай быў часткай Гродзенскай губерні.

Як паказалі лабараторныя даследаванні, вада тут таксама мае мінералізацыю. А яшчэ ў гэтых мясцінах праходзіць мелавы і крэмніевы шлейф, які ствараўся мільёны гадоў і ачышчае падземную ваду.

Раён таксама знакаміты. Літаральна каля крыніцы знаходзіцца Неманская ўпадзіна, самае нізкае месца Беларусі — помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Ад дарогі сюды вядзе даволі шырокая сцежка. Відавочна, што месца добра вядомае ў акрузе. Вада выходзіць з металічнай трубы, якая ўкопана ў цэмент, і цячэ ўніз, у лясны масіў з той самай упадзінай. Прыгожае месца. Пры адпаведным падыходзе яно можа ўвайсці ў веламаршрут альбо стаць цікавым турыстычным пунктам. Гэтаму можа паспрыяць і невялікая гасцініца, якая знаходзіцца непадалёку. Праўда, пакуль яна не дзейнічае. Між тым удзельнік паездкі — грамадскі эколаг Яўген Філімонаў — звяртае ўвагу на сляды мазуту непадалёку ад крыніцы. А такога не павінна быць. Бо паліўныя рэчывы могуць трапіць у падземныя воды. Аўтатранспарту месца толькі на спецыяльных стаянках. Дарэчы, такая стаянка тут ёсць.

Менавіта крыніца «Райгорад» — першая ў чарзе на добраўпарадкаванне. І праект для яе гатовы. Праўда, пакуль толькі эскізны. Яго выканалі ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект». Тут ёсць драўляныя лаўкі, стэнды. Асноўны персанаж — жар-птушка як ахоўніца крыніцы. Цікавае праектнае рашэнне падтрымалі ў Міністэрстве прыроды. На думку Тэрэзы Белавусавай, гэта вельмі сучасная канцэпцыя, якая можа стаць прыкладам для крыніц Беларусі.

— Нядаўна з Мінпрыроды прыйшло пісьмо за подпісам намесніка міністра, дзе сказана аб падтрымцы ініцыятывы Гродзенскага творчага калектыву «Крыніца» па добраўпарадкаванні гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Райгорад», — расказала гродзенская экаактывістка. — У пісьме пазначана, што рэжым аховы і выкарыстання ўскладаецца на Гродзенскі лясгас ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Архітэктурны праект паступіў у абласны камітэт прыродных рэсурсаў. Спадзяёмся, што прафесійныя эколагі будуць супрацоўнічаць з лясгасам. Мы са свайго боку падалі заяўку архітэктарам, каб скласці каштарыс праекта. Па папярэдніх даных, расцэнкі невялікія.

Звяртаецца ўвага на эстэтыку аб’екта. Бо цяпер мала зрабіць зручна, трэба, каб было прыгожа і ўпісалася ў наваколле. Таму асноўны матэрыял — прыродны. Гэта драўляныя інсталяцыі з элементамі з камянёў.

Каб не дапусціць памылак

Пакуль самай добраўпарадкаванай можна лічыць крыніцу, якой займаецца Гожскі сельсавет. Тут асвоены сродкі конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў і самога сельсавета. Радуе вока навес з лаўкай, на якой сядзіць з кніжкай жанчына. Мяркуецца, што гэта гродзенская пісьменніца Эліза Ажэшка, якая прыязджала сюды па ваду. Дарэчы, яе імем названа і сама крыніца.

Непадалёку стаіць альтанка, дзе можна адпачыць і папіць вады. Зроблены насціл для падыходу да вады. Праўда, спадарожнікі звяртаюць увагу на асфальтаваны пад’езд да крыніцы. Недарэчнасць такога рашэння ў тым, што сцёкі з дарогі па схіле будуць паступаць якраз у крынічную ваду. Таму эксперты выказваюць прапанову, каб зрабіць кювет і пракласці мосцік. Ёсць неабходнасць у агароджы, і такое патрабаванне, на думку Уладзіміра Капусціна, варта выканаць на ўсіх крыніцах. Гэта акрэсліць ахоўную зону, якая мае свае нормы — 50 метраў ад русла. Ад гэтага залежыць якасць вады, а пры шкодным уздзеянні яна не будзе доўга захоўвацца, пачне выпадаць асадак.

Свае рэкамендацыі эксперт-эколаг выказаў падчас сустрэчы з намеснікам старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Базарам.

— Важна зрабіць добраўпарадкаванне па адпаведных нормах і з улікам ландшафтных асаблівасцяў. Напрыклад, не варта рабіць стаянкі транспарту каля крыніцы, як мы назіралі. Альбо занадта блізка класці асфальт. Ахоўную зону трэба пазначыць агароджай, зрабіць адзін пешы і веласіпедны ўваход. Паставіць інфармацыйныя знакі, стэнды, малыя архітэктурныя формы. Кожная крыніца будзе мець сваю асаблівасць з улікам агульных патрабаванняў, — падкрэсліў Уладзімір Капусцін.

Прыродаахоўны камітэт гатовы падключыцца да гэтай справы і падтрымаць ініцыятыўных гродзенцаў. Бо такія аб’екты патрэбны людзям і яны павінны застацца. Сяргей Базар запэўніў, што ўжо сёлета можна пачаць работы па новым праекце. А на будучы год ёсць верагоднасць уключыць яго ў абласную праграму і атрымаць бюджэтнае фінансаванне. Сродкі будуць выдзяляцца землекарыстальнікам, якія адказваюць за стан аб’ектаў.

Тэрэза Белавусава прывяла прыклад такой сумеснай работы з Гродзенскім лясгасам. З іх дапамогай, а таксама з удзелам воінскіх часцей адноўлена лесвіца на крыніцы «Марыяна». Тут стаяць лаўкі, стол і крэслы з шырокіх дубовых спілаў. Неабходна замена трубы, па якой цячэ вада.

— Мы працуем над тым, каб для ўсіх крыніц быў тыпавы праект і ніхто не займаўся самадзейнасцю. Асноўныя рэкамендацыі павінны выконвацца, а архітэктурныя рашэнні могуць быць розныя. І гэта ўжо задача землекарыстальнікаў. А мы, грамадскія эколагі, паказалі, што ёсць такое багацце, — кажа Тэрэза Белавусава.

Сапраўды, крыніцы доўгі час былі, па сутнасці, безгаспадарчыя. І вось напрыканцы мінулага года шэсць крыніц Гродзенскага раёна аб’яўлены помнікамі прыроды мясцовага значэння. Цяпер усе яны маюць уласнікаў, у ліку якіх сельскі Савет, лясгас, райвыканкам і сельскагаспадарчае прадпрыемства. Менавіта для іх і рыхтуюцца праекты па добраўпарадкаванні крыніц.

У тэму

Нядаўна была даследавана яшчэ адна крыніца, якая знаходзіцца ў пасёлку Сапоцкін. Гэта побач з Аўгустоўскім каналам. Аб крыніцы паведаміў мясцовы жыхар. Па просьбе Тэрэзы Белавусавай ваду даследавалі ў лабараторыі інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі. Такім чынам, было выяўлена, што па хімічным складзе вада ў пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна «з’яўляецца гідракарбанатнай, магніева-кальцыевай і адпавядае біяхімічнаму тыпу прыродных вод, найбольш характэрных для паверхневых і прэсных падземных вод Беларусі». Па ўсіх вывучаных кампанентах хімічнага складу вада адпавядае нарматыўным якасцям пітной. Дарэчы, крыніца атрымала ўмоўную назву Сапоцкінскай і, магчыма, таксама мае сваю гісторыю, аб якой варта даведацца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.