Вы тут

Даніловіч: Час сёння такі, што, каб захаваць свае каштоўнасці, іх трэба прапісваць у Асноўным Законе


Размова да Дня Канстытуцыі пра саму Канстытуцыю, якой сёлета (і менавіта сёння) спаўняецца трыццаць гадоў, атрымалася, скажам так, гісторыка-філасофска-паліталагічная. З рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь доктарам гістарычных навук Вячаславам Даніловічам мы гаварылі і як са спецыялістам, які вывучае сучасную гісторыю, і як з ідэолагам (нельга ўзначальваць такую навучальную ўстанову і ім не быць), і ўжо як з палітыкам — падчас адзінага дня галасавання яго выбралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, і літаральна праз тыдзень ён прыступіць да новай работы. Для ўсіх названых пасад Канстытуцыя — тэма блізкая, таму і гутарка атрымалася цікавая.


— Вячаслаў Віктаравіч, з часу абвяшчэння незалежнасці Беларусі да прыняцця Канстытуцыі незалежнай краіны прайшло тры гады. Даволі доўгі час, каб краіне, якая толькі стала на самастойны шлях, жыць без Асноўнага Закона…

— Прыняцце такога важнага для краіны дакумента, безумоўна, патрабавала часу. Асабліва калі казаць пра сітуацыю пачатку 90-х, калі многія пастулаты даводзілася прапісваць першы раз. Да таго ж быў глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс, палітычная нестабільнасць. Дэкларацыя аб суверэнітэце, якую БССР прыняла адной з апошніх сярод савецкіх рэспублік, атрымала статус закона, таксама фактычна стала часткай Канстытуцыі 1978 года, якая дзейнічала на той час у краіне. Так што нельга сказаць, што ў пераходны перыяд Беларусь жыла без Асноўнага Закона, але час патрабаваў распрацоўкі новай Канстытуцыі з улікам тых рэалій, якія адбываліся... Не спяшацца ў такой важнай справе, на мой погляд, было правільна. Але, як паказала практыка, усё роўна не ўсё было ўлічана і прапісана…

— Напрыклад?..

— Напрыклад, пасля прэзідэнцкіх выбараў стала відавочна, што не ўрэгуляваныя адносіны паміж рознымі галінамі ўлады. Атрымлівалася, што на чале краіны стаіць Прэзідэнт, але яго паўнамоцтвы вельмі значна абмежаваныя парламентам. І фактычна Беларусь заставалася парламенцкай рэспублікай. Тут як гісторык лічу патрэбным заўважыць, што парламенцкі тып дэмакратыі для нас амаль заўсёды быў не вельмі ўдалы. Прынамсі, ёсць яскравыя адмоўныя прыклады. Той жа сейм Рэчы Паспалітай, у склад якой даволі працяглы час уваходзілі беларускія землі, — у ім дастаткова было аднаго голасу супраць, каб рашэнне не прымалася. Дастаткова было падкупіць ці запалохаць аднаго шляхціца, абранага на сейм, — і закон не прымаўся. Ды і досвед парламенцкай рэспублікі пачатку 90-х не самы найлепшы: абмеркаванні і спрэчкі падчас пасяджэнняў было цікава паглядзець і паслухаць, але які быў ад іх эфект? Вертыкаль улады ў рэспубліцы пасля развалу Савецкага Саюза была парушана, і яна так і не выбудавалася. Тыя рашэнні, якія прымаў Вярхоўны Савет, на месцах часта не выконваліся, бо адсутнічала гэта вертыкаль. І Аляксандр Лукашэнка, які стаў Прэзідэнтам, убачыў, што патрэбна выводзіць краіну з крызісу, а для гэтага неабходна, каб рашэнні, якія прымаюцца «наверсе», выконваліся паўсюль. Парламент не хацеў гэту вертыкаль выбудоўваць, таму што гэта абмяжоўвала б яго ўладу. А ў Канстытуцыі гэта прапісана не было, стала зразумела, што патрабуюцца карэкціроўкі. Таму, нягледзячы на тое што работа над Асноўным Законам ішла тры гады, ужо праз два з паловай гады пасля яго прыняцця адбыўся рэферэндум, па выніках якога ў Канстытуцыю былі ўнесеныя змяненні, што датычыліся менавіта размеркавання ўлады. Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай. Зноў як гісторык скажу: якая б дэмакратычная краіна ні была, калі надыходзіць крызіс, заўсёды ўлада канцэнтруеццца ў руках аднаго чалавека, і толькі тады з крызісу можна выйсці. Праўда, пры ўмове што гэты чалавек дбае не аб уласных інтарэсах, а аб інтарэсах краіны і народа. У нас, дзякуй богу, здарылася менавіта так.

— Рэферэндум 1996 года быў не апошні, які датычыўся змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, былі яшчэ два — у 2004-м і 2022-м. Скептык, ведаючы гэта, заўважыць: дык якое ж тады 30-годдзе мы сёлета святкуем, калі ад рэдакцыі 1994 года ў некаторых важных для дзяржаўнага ўладкавання момантах засталося не вельмі шмат…

— Найперш, трэба казаць пра сам факт прыняцця першай Канстытуцыі незалежнай дзяржавы. Менавіта не як рэспублікі СССР, як было прапісана ў папярэдніх Канстытуцыях (за выключэннем Канстытуцыі ССРБ 1919 года, што ўвогуле была самай першай і мела толькі асобныя прыкметы Асноўнага Закона), а як суверэннай незалежнай краіны... І заўважце, пасля ўносіліся толькі змяненні ў Канстытуцыю, і не было такога: спыніць дзеянне гэтай і прыняць новую…

— Пры прыняцці згаданай Канстытуцыі 1919 года за ўзор была ўзятая Канстытуцыя РСФСР. Заканадаўцы 90-х таксама пачыналі не з чыстага ліста…

— Так, несумненна. У якасці прыкладу разглядалася і французская Канстытуцыя, прызнаная вельмі дэмакратычнай, і Канстытуцыя Расійскай Федэрацыі, якая на той момант ужо была прынятая…

— ... і Канстытуцыя ЗША. Памятаю, як у 94-м урачыста, з прыдыханнем абвяшчалі: «Наша Канстытуцыя пачынаецца, як амерыканская: «Мы, народ...»

— Уплыў амерыканцаў быў насамрэч значна большы, чым гэты пачатак, у якім нічога дрэннага няма. Іншая справа, што менавіта «дзякуючы» заакіянскім «сябрам», якія на пачатку 90-х на постсавецкай прасторы слылі апалагетамі дэмакратыі і дабрабыту, абвешчаная імі «дэідэалагізацыя» знайшла сваё адлюстраванне і ў нашай Канстытуцыі. Але ж ніякая краіна не можа існаваць без ідэалогіі. Калі не будзе сваёй ідэалогіі — будзе чужая, іншай дзяржавы, і на гэтую дзяржаву вы і будзеце працаваць. На тое і быў разлік... Успомніце: калі пачалі ўводзіць першыя санкцыі супраць Беларусі? Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 96-га года, калі стала зразумела, што невялікая краіна не хоча падпарадкоўвацца сусветнаму «гаспадару», а намерваецца ісці сваім уласным шляхам. «Гаспадару» не патрэбна была моцная ўлада, якая будзе адлюстроўваць інтарэсы свайго народа, яму была патрэбная ўлада, якая будзе рабіць тое, што ёй скажуць... Памятаеце, нам менавіта тады ўкінулі тэрмін «талерантнасць», і мы з гонарам казалі пра сябе, якія мы, беларусы, талерантныя. Але ж гэты тэрмін узяты з медыцыны, і там ён азначае няздольнасць арганізма супрацьстаяць шкоднаму знешняму ўплыву. Вось такія мы былі і патрэбныя…

— Калі казаць пра свой шлях, мы, напэўна, ім пайшлі і адносна прыняцця змяненняў у Канстытуцыю. Здаецца, сучасная гісторыя не ведае больш выпадкаў, каб за трыццаць год тройчы праходзіў усенародны рэферэндум, каб штосьці змяніць або дапоўніць у Асноўным Законе…

— Прыняцце паправак у Канстытуцыю шляхам агульнага рэферэндуму — гэта самы дэмакратычны спосаб вырашэння пытання. А само ўнясенне паправак — нармальны працэс дзяржаўнага будаўніцтва. У сусветнай практыцы папраўкі ў Асноўны Закон дзесьці прымаюцца парламентам, дзесьці нейкім іншым органам улады. Але параіцца з усімі грамадзянамі і прыняць тое, за што прагаласавала большасць, адважваюцца не ўсе. Нічога страшнага, што мы даволі часта падпраўляем сваю Канстытуцыю. Галоўнае, што мы робім гэта самі, у сваёй краіне, усе разам, рэагуем такім чынам на змены, якія адбываюцца ў нашым грамадстве, у свеце вакол нас…

— Калі казаць пра канстытуцыйныя рэферэндумы... З першымі двума ўсё зразумела: папраўкі ўносіліся дзеля больш дакладнай стуктурызацыі дзяржаўнай улады. Рэферэндум жа 2022 года меў, калі можна так сказаць, і эмацыянальны складальнік. У тым ліку і ў змяненнях, якія былі на яго прапанаваныя. Маю на ўвазе прапісаныя ў новай рэдакцыі нацыянальныя каштоўнасці, захаванне гістарычнай памяці, інстытут традыцыйнай сям’і... Увогуле, думаю, можна сказаць, што, калі б не было падзей 2020 года, не было б рэферэндуму 2022-га…

— Бадай што варта з вамі пагадзіцца. Хоць пра наспеласць унясення змен у Канстытуцыю, узмацненне паўнамоцтваў парламента, пераразмеркаванне прэзідэнцкіх абавязкаў кіраўнік дзяржавы гаварыў даволі даўно, пачынаючы з 2016 года. А вось што датычыцца згаданых вамі пасылаў, якія, уласна, і ёсць складальнікі той самай ідэалогіі, ад якой мы ў свой час адмовіліся... Гэта сапраўды наш адказ і на падзеі 2020 года, які паказаў нам, што можа адбыцца, калі не звяртаць увагу на, здавалася б, элементарныя рэчы, і на тое, што адбываецца ў свеце. Так, рэферэндум 2022 года сапраўды асаблівы, бо ён скіраваны на захаванне нашых традыцыйных каштоўнасцяў, а значыць, і нас саміх як народа, як краіны. Мы яшчэ раз пацвердзілі сваё жаданне жыць так, як мы самі лічым патрэбным.

— Яшчэ нейкія трыццаць гадоў назад нават думкі ні ў кога не было, што паняцце сям’і як шлюбу паміж мужчынам і жанчынай трэба будзе ўносіць у Канстытуцыю…

— Час сёння, на жаль, такі, што, каб захаваць свае каштоўнасці, саміх сябе, іх трэба прапісваць у Асноўным Законе. І добра, што мы зрабілі гэта своечасова, наступныя пакаленні будуць мець аснову, будуць дакладна ведаць, на чым будуецца нармальнае, здаровае ў поўным сэнсе гэтага слова грамадства.

— І тое, што людзі прыйшлі на гэты рэферэндум, нягледзячы на шматлікія інфармацыйныя ўкіды і заклікі, — найлепшае сведчанне таго, што яны менавіта такое грамадства і хочуць будаваць.

— Людзі адчулі і ўбачылі, як лёгка можна згубіць мір і спакой у сваёй краіне. Падзеі 2020 года падштурхнулі да гэтага разумення: можна не пайсці на рэферэндум, але гэта развяжа рукі агрэсіўнай меншасці, якая стане прымушаць жыць па сваіх (а дакладней, па чужых) законах... Змяненні, унесеныя праз рэферэндум у Канстытуцыю, страхуюць у тым ліку і ад разбуральных кардынальных перамен у палітычным жыцці краіны.

— Вы маеце на ўвазе наданне Усебеларускаму народнаму сходу статусу найвышэйшага органа дзяржаўнай улады? Таксама, на мой погляд, унікальная з’ява ў сусветнай практыцы…

— Гэта запатрабавана і зменамі ў беларускім грамадстве, і, асабліва тым, што адбываецца вакол у свеце. У гэтым геапалітычным шторме час, які патрэбен для пераўладкавання аднапалярнага свету (а яно абавязкова адбудзецца), трэба перажыць як мага больш бяспечна для краіны і для яе людзей, захаваўшы саміх сябе. Найвышэйшы орган, у які ўваходзяць 1200 чалавек, што прадстаўляюць і выканаўчую ўладу, і заканадаўчую, і мясцовае самакіраванне, і грамадзянскую супольнасць, — з’ява сапраўды ўнікальная. Гэта дае магчымасць найбольш эфектыўна забяспечваць баланс розных сацыяльных груп, прымаючы найважнейшыя рашэнні. Гэткі калектыўны розум усяго народа. У якой краіне, няхай яна называе сябе самай дэмакратычнай, ёсць штосьці падобнае?

— Праз Канстытуцыю мы зрабілі сабе страхоўку?

— Так, страхоўку ад радыкальных змен.

— І зрабілі свой Асноўны Закон фактычна ідэальным?

— На дадзены момант ён цалкам адпавядае сітуацыі ўнутры і вакол краіны і дае адказы на выклікі часу, задае стратэгічныя кірункі, па якіх рухацца. Але свет змяняецца вельмі хутка, таму верагоднасць таго, што пры нейкіх пэўных абставінах і рэаліях давядзецца зноў уносіць папраўкі, ёсць заўсёды. Галоўнае, каб гэта адбывалася з улікам інтарэсаў большасці народа (менавіта большасці, бо ўсім дагадзіць немагчыма) і на яго карысць.

— А яшчэ не менш важна, каб гэты Асноўны Закон людзі як мінімум ведалі…

— Я ўвогуле за тое, каб Канстытуцыя была ў кожнай нашай сям’і. І каб гэта было ўнутранае запатрабаванне людзей, каб яны хацелі ведаць не толькі свае правы, але і свае абавязкі. У гэтым кірунку пакрысе таксама рухаемся. Напрыклад, мы ў Акадэміі кіравання да Дня Канстытуцыі ўручаем яе студэнтам, якім споўнілася 18 гадоў. Вельмі добрая практыка, як сёлета падчас адзінага дня галасавання, дарыць Канстытуцыю тым, хто прыйшоў галасаваць упершыню. Ёсць спадзяванне, што яе не проста паставяць на паліцу, але і прачытаюць.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.