Вы тут

Як у асобна ўзятым сельсавеце талакой ажыццяўляюць цэлыя праекты


Знаменскі сельсавет — адзін з самых буйных у Брэсцкім раёне: ён займае амаль чвэрць яго тэрыторыі. У 12 населеных пунктах пражывае каля пяці з паловай тысячы чалавек, функцыянуе шэсць устаноў адукацыі, пяць устаноў аховы здароўя. Вёскі сельсавета адметныя найперш працавітымі людзьмі, тут зарэгістравана шмат індывідуальных прадпрымальнікаў, пражывае многа шматдзетных сем’яў. А яшчэ жыхары вельмі дружныя, на іх рахунку багата сумесных праектаў, рэалізаваных на агульную карысць.


Прыпынак для школьнікаў

Першым, з кім пазнаёміў карэспандэнта старшыня Знаменскага сельскага Савета Сяргей Галавенка, быў стараста вёскі Страдзеч Канстанцін Сталяроў. Канстанціна Аляксеевіча аднавяскоўцы выбралі старастам шэсць гадоў таму. Праўда, і раней ён заўсёды быў у ліку вясковых актывістаў. Стараста — мясцовы жыхар, пра населены пункт ён расказвае так:

— Асаблівасці аграгарадка абумоўлены складам насельніцтва. Тут пражывае 1860 чалавек, прыкладна палова з іх — праваслаўныя хрысціяне, другая палова — евангельскія хрысціяне-баптысты. Усе жывуць дружна, ніякіх непаразуменняў на рэлігійнай глебе ніколі не было. Усе разам працуюць на суботніках, удзельнічаюць у агульных справах. Дастаткова сказаць, што ў нас зарэгістравана 90 індывідуальных прадпрымальнікаў. Грамадзяне займаюцца дрэваапрацоўкай, будаўнічымі работамі, грузаперавозкамі, іншымі відамі дзейнасці. Многія сем’і ўстанавілі цяпліцы, вырошчваюць раннюю агародніну — адным словам, кормяцца з мазаля.

Прыкладам сумеснай работы вяскоўцаў Канстанцін Сталяроў называе ўладкаванне прыпыначнага пункта для дзяцей. Работа яшчэ працягваецца. Вёска Страдзеч вялікая, вучняў збірае школьны аўтобус у трох месцах. Адно з іх знаходзіцца на ўскраіне населенага пункта, дзе ў непагадзь асабліва некамфортна чакаць транспарт дзецям у. Гэта апошні з трох прыпынкаў, два былі абсталяваны раней. Сабраліся, пагаварылі, вырашылі зрабіць і гэты. Сельгаспрадпрыемства «За мір» выдзеліла матэрыялы, рэлігійная абшчына ўзяла на сябе выраб і ўстаноўку павільёна. Бацькі школьнікаў правялі першы этап добраўпарадкавання. Хутка пляцоўка будзе цалкам падрыхтавана,павільён устаноўлены, і дзецям больш не давядзецца стаяць пад дажджом альбо мокрым снегам.

Дзіцячая пляцоўка

— Мы бяром на сябе толькі арганізацыю добрых спраў, — дапаўняе Сяргей Галавенка. — Усе прыпынкі, уладкаваныя для школьнікаў, зроблены грамадскімі намаганнямі і на сродкі грамады. Такіх прыкладаў у нас вельмі многа. Днямі вось прыйшоў да мяне галава маладой сям’і Сяргей Хвяшчук з прапановай зрабіць і абсталяваць дзіцячую пляцоўку. Ад сельсавета ён чакае толькі ўзгаднення месца. Рашэннем сельвыканкама мы вызначым і ўзаконім яго, тады людзі прыступяць да работы.

Вядома, сельвыканкам дапаможа з тэхнікай, правільней сказаць, мясцовая гаспадарка па просьбе выканкама выдзеліць машыну, калі спатрэбіцца падвезці габарытнае абсталяванне. Мясцовая ўлада закупіць дэкаратыўныя кусты, каб абсадзіць пляцоўку. Мы дамовімся ў лясгасе на пакупку драўніны, каб нарэзаць і зрабіць прыгожую агароджу. Усё астатняе людзібяруць на сябе. Тыя, хто займаецца дрэваапрацоўкай, гатовы зрабіць казачныя домікі, іншыя забавы для дзяцей. Можна не сумнявацца, што месца адпачынку атрымаецца эксклюзіўным, прыгожым, зручным. Бацькі выйдуць на суботнік, усё як след расчысцяць і ўладкуюць.

Калі ўзяць толькі квартал жылой забудовы Паўднёвы, там пражывае каля 300 дзяцей. 

У Страдзечы, дарэчы, налічваецца 85 шматдзетных сем’яў. Вядома, дзіцячая пляцоўка патрэбна. А нядаўна разбіты новы квартал, дзе 83 участкі адведзены пад забудову. Значыць, будуць сяліцца маладыя сем’і, нараджацца дзеці. Так што названая пляцоўка становіцца неабходным элементам інфраструктуры.

Мост першай неабходнасці

Адным з самых значных праектаў, рэалізаваных талакой за апошнія гады, быў мост побач з вёскай Дубрава. Ён у 2022 годзе стаў аварыйным, драўляныя элементы прагнілі. Варта сказаць, што Дубрава вёска невялікая, там пражываюць 45 чалавек. Усе камунікацыі праходзілі праз гэты мост. Найбліжэйшы знаходзіцца за тры з паловай кіламетры, такім чынам, з кожнай паездкай даводзілася пераадольваць лішнія сем... Людзі прасілі дапамогі, званілі на прамыя лініі райвыканкама і аблвыканкама. Работу на кантроль, акрамя старшыні раённага выканаўчага камітэта, узяў губернатар.

Пры падліках выходзіла, што кошт будаўніцтва новага аб’екта з праектам, экспертызай пацягне прыкладна на 280 тысяч рублёў. Такія грошы знайсці хутка не выпадае: трэба загадзя закладваць расходы ў бюджэт, чакаць, пакуль сродкі будуць выдзелены. Рашылі не будаваць новы мост, а праводзіць рэканструкцыю старога. Знайшлі тых, хто можа дапамагчы, пралічылі, колькі трэба матэрыялаў.

Падрыхтавалі дакументы на аднаўленне моста і зрабілі яго фактычна за два тыдні.

Дапамагло сельгаспрадпрыемства «Астрамечава». Як вядома, у кожнай брыгадзе ёсць свая важніца, на якую ўязджаюць гружаныя машыны са збожжам, іншымі грузамі для працэдуры ўліку. Аснова вагаў у выглядзе металічных пралётаў прадугледжвала вялікія нагрузкі. Іх і паставілі ў якасці пралёту новага моста. Бетонную аснову аддала гаспадарка «За мір». Мясцовыя прадпрымальнікі прыгналі кран, зманціравалі канструкцыю. Для выпрабаванняў нагрузілі дваццацітонны МАЗ, які не толькі праехаў па мосце, але і пастаяў на ім.

Цяпер праз мост бяспечна ездзяць не толькі легкавікі, але і аўтакрама, аўтамабілі хуткай дапамогі, газавай гаспадаркі, іншых службаў. Што значыць мост для вёскі? Яна і так даволі аддаленая. Летам насельніцтва Дубравы павялічваецца ў некалькі разоў. А наяўнасць моста азначае хуткасць, мабільнасць — адным словам, іншую якасць жыцця. Нездарма ж кіраўнік вобласці ўвесь час трымаў пытанне на кантролі і некалькі разоў цікавіўся на розных нарадах, як ідзе аднаўленне аб’екта.

Уладзімір ХВАЦІК, старшыня Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў:

— У Знаменскім сельсавеце мы маем прыклад таго, як многія добрыя справы робяцца талакой, з удзелам розных слаёў насельніцтва. Аб важнасці такой работы нядаўна гаварыў наш Прэзідэнт, прымаючы кадравыя рашэнні. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што задача ўлады

— арганізаваць людзей, стварыць ім умовы, магчымасці для ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, на якіх яны пражываюць. А тут усё гэта на практыцы. Важна, што сельвыканкам умела наладжвае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі «Астрамечава» і «За мір».

Апошнія таксама праяўляюць клопат пра людзей, якія пражываюць на тэрыторыі, аказваюць пасільную дапамогу. Варта аддаць належнае і вясковым жыхарам, асабліва Страдзеча, якіх не даводзіцца запрашаць для добрай справы двойчы. Яны выходзяць, калі трэба, і сваімі рукамі робяць свой аграгарадок больш утульным, прыгожым, зручным для пражывання.

Гандлёвыя рады

Усе ведаюць столінскія Альшаны як агурковую сталіцу Палесся. «Мала хто ведае, што Страдзеч — гэта тыя ж Альшаны, толькі ў мініяцюры, — расказвае стараста. — Апошняе абумоўлена тым, што ў нас вельмі многа працавітых людзей, бо трымаць і абслугоўваць цяпліцу, каб яна давала належную аддачу, гэта цяжкая праца, якая пачынаецца ў сярэдзіне лютага. А ранняя вясна — пачатак гарачага сезона ў цяпліцах. Іх гаспадары, як правіла, — шматдзетныя бацькі.

Дзеці з такіх сем’яў па чарзе не ходзяць у школу, каб падтрымліваць тэмпературу ў цяпліцах. З аднаго боку, выглядае няправільным прапускаць заняткі, а з другога — дзеці прывучаюцца да працы, адчуваюць сябе датычнымі да сямейнага дабрабыту і загартоўваюць характары. У рэшце рэшт, той, хто хоча вучыцца, пасядзіць у іншы дзень за падручнікамі і дагоніць аднакласнікаў, — разважае стараста.

— У гэтых людзей асаблівая жыццёвая філасофія, якая заслугоўвае павагі. Я гутарыў з некаторымі на прадмет якой-небудзь дапамогі. Наша дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем’і. Бацька адной з іх сказаў так: «Перш чым заводзіць вялікую сям’ю, я прадумаў, як буду яе забяспечваць. Дзяцей я не прымушаю прапускаць урокі, яны робяць гэта ўсвядомлена, па чарзе, разумеючы неабходнасць свайго ўдзелу ў справе сям’і». У іх дзеці растуць надзвычай працавітымі, гэта закладваецца сям’ёй. Такія сем’і нярэдка зарабляюць вырошчваннем агуркоў, памідораў, іншай агародніны.

Рэалізоўваюць ураджай па-рознаму. Некаторыя вязуць на рынак у Брэст, іншыя гарады. Але нямала і тых, хто прадае сваю прадукцыю ў вёсцы. І каб людзі не рабілі гэта ў антысанітарных умовах, было ўладкавана тры месцы для гандлю агароднінай. Адны такія рады знаходзяцца ў самым цэнтры Страдзеча. Яны таксама з’явіліся дзякуючы агульным намаганням. Цяпер тут у сезон спыняюцца машыны, пакупнікі набываюць прадукцыю, і мясцовым людзям выгадна.

Стадыён для ўсіх

Старшыня сельскага Савета Сяргей Галавенка гаворыць, што кожны год у Страдзечы праходзіць шэраг суботнікаў. Напрыклад, на добраўпарадкаванні амбулаторыі працавалі разам, жыхары дапамагалі не толькі асабістым працоўным удзелам, але і тэхнікай. На суботнік выйшла некалькі дзясяткаў чалавек. Такую ж карціну, дарэчы, мы назіралі ў цэнтры аграгарадка побач з царквой у мінулы чацвер. Людзі наводзілі парадак: смецце, адходы грузілі ў прычэп трактара.

Калі едзеш міма могілак, у вочы кідаецца новая агароджа з адмысловай брамай. Яе таксама нядаўна зрабілі прадстаўнікі рэлігійнай абшчыны за свае сродкі са сваім працоўным удзелам.

Цяперашні стадыён каля школы некалі і не быў стадыёнам, а быў пусткай, на якой раслі хмызнякі ды пустазелле. Уладкаваць яго, прывесці ў парадак была ідэя старасты. І рашыў Канстанцін Сталяроў прыцягнуць людзей асабістым прыкладам. Спачатку выйшаў на індывідуальны працоўны дэсант: пачаў расчышчаць, прыбіраць пустазелле, кустоўе. Неўзабаве далучыўся адзін жыхар суседняга дома, за ім другі. Разам работа пайшла весялей. У гэтым адрозненне Страдзеча — тут часам і не трэба прасіць, праводзіць вялікую тлумачальную работу. Людзі бачаць, што нехта робіць добрую справу, і далучаюцца. Такім чынам за год-другі замест пустога лапіка зямлі з’явіўся сапраўдны стадыён з футбольным полем, турнікамі, іншымі прыстасаваннямі для заняткаў спортам. Стадыён, вядома, выкарыстоўваецца школай. Аддзел адукацыі закупіў сетку, слупы для ўладкавання варот. Да справы далучылася мясцовая гаспадарка «За мір», іншыя арганізацыі. Цяпер прыемна паглядзець, як ранкам, вечарам, у выхадныя дні моладзь, школьнікі, дарослыя людзі займаюцца фізкультурай для падтрымання формы.

«Калі пастукаеш, табе адкрыюць, кажа народная мудрасць. Так і ў нас, — працягвае расповед Сяргей Галавенка. — Дапамагчы пачатковай школе ў Прылуках уладкаваць прышкольны ўчастак гульнявым абсталяваннем — не было сродкаў. Звярнуліся да прадпрыемства "Беларуснафта". Яны сабралі грошы сярод супрацоўнікаў. Людзі ўнеслі сімвалічныя ўзносы, а ў выніку атрымалася прыстойная сума, якую паклалі на рахунак аддзела адукацыі з мэтавым прызначэннем. Такім чынам, школа набыла патрэбнае абсталяванне за спонсарскія сродкі».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва сельвыканкама

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.