Вы тут

Што рабіць, калі згубіліся дзеці?


На мінулым тыдні беларусы былі ўзбударажаны навіной — у вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёна згубіліся дзеці. Двухгадовая і чатырохгадовая сястрычкі выйшлі ад бабулі і не дайшлі дадому... У пошуках малых дзяцей удзельнічала звыш 600 чалавек, было задзейнічана больш як 50 адзінак тэхнікі. Ноччу іх знайшлі ў лясным масіве за некалькі кіламетраў ад хаты. З папярэднім дыягназам — агульнае пераахаладжэнне — яны былі шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя. Жыццю дзяўчынак, на шчасце, нічога не пагражае.


Як такое магло адбыцца, што малыя знаходзіліся на вуліцы без суправаджэння дарослых, разбіраюцца кампетэнтныя органы і службы. Бацькам, якія выхоўваюць непаўналетніх, — яшчэ адна нагода задумацца аб тым, як праводзяць час іх дзеці і наколькі гэта бяспечна.
Пайсці і не вярнуцца

Як высветлілася, супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нячаста, але атрымліваюць званкі, у якіх паведамляецца аб тым, што згубіліся дзеці. У канцы ліпеня 2022 года дапамога ратавальнікаў спатрэбілася чатырохгадовай дзяўчынцы, якая заблукала ў кукурузным полі каля вёскі Дубовы лес Мінскага раёна.

Да месца здарэння адразу выехала дзяжурная змена пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 4 пасёлка Гатава. У пошукавай аперацыі ўдзельнічаў і начальнік часці Кірыл Чарнашэй. «Мы адразу пагаварылі з мамай, апыталі суседзяў, — расказваў ён. — Поле знаходзіцца каля іх дома. Дзве дзяўчынкі гулялі і забеглі ў поле. Адна з іх выйшла, другая не змагла. Мы падзяліліся і сталі прачэсваць поле, падавалі сігнал, клікалі дзяўчынку па імені. Прайшоўшы ўглыб каля 300–350 метраў, папрасіў па рацыі паўтарыць сігнал, пасля чаго пачуў ціхі плач.

Прайшоўшы 50 метраў, знайшоў дзяўчынку і вынес яе на руках да мамы». У пошуку дзіцяці таксама ўдзельнічалі мясцовыя жыхары.
У лютым 2022 года ратавальнікі шукалі непаўналетніх у Барысаве. Вечарам 22 лютага браты, вучні першага і трэцяга класаў, накіраваліся ў Барысаўскую цэнтральную бібліятэку. Па словах знаёмай хлопчыкаў, каля адзінаццаці вечара яна бачыла іх у горадзе: школьнікі селі ў гарадскі аўтобус. Сувязь са згубленымі адсутнічала. Да пошукаў былі прыцягнуты вялікая колькасць падраздзяленняў МНС, супрацоўнікі міліцыі, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі адукацыі, ЖКГ і Чырвонага Крыжа — усяго звыш 220 чалавек. У першую чаргу сілы былі накіраваны на прачэсванне дваровых тэрыторый, падвалаў, гарышчаў, таксама абследаваліся чыгуначныя станцыі і саставы. Аглядалі і пойму ракі Бярэзіны. Раніцай наступнага дня дзеці былі знойдзены супрацоўнікамі МНС — вадзіцелямі пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 3 Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Алегам Паўлавым і Ягорам Івановым. У медыцынскай дапамозе непаўналетнія патрэбы не мелі.

На слыху — і пошукі адзінаццацігадовага Максіма Мархалюка, які пайшоў у Белавежскую пушчу па грыбы і згубіўся. Здаецца, уся краіна шукала хлопчыка ў верасні 2017 года, аднак дагэтуль ніякай інфармацыі аб яго лёсе няма.

— Сітуацыі, калі дзеці ідуць гуляць у лес ці ў іншае месца без бацькоў, а потым губляюцца, адбываюцца нячаста, але факты маюць месца, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч.

— Таму бацькі павінны спрацаваць на апярэджанне і загадзя паклапаціцца аб бяспецы сваіх дзяцей. Не адпускайце дашкольнікаў і малодшых школьнікаў гуляць без суправаджэння дарослых! Суправаджайце іх самі або заручайцеся дапамогай іншых паўналетніх. Не дазваляйце дзецям вяртацца дадому самастойна, нават калі раней яны дабіраліся самі. Перагледзьце сваё стаўленне да самастойных вяртанняў дзяцей дадому — гэта фактар шанцавання, на які спадзявацца не варта.

Калі падазраяце, што дзеці згубіліся, адразу тэлефануйце ў экстранныя службы. Паведамце, дзе і ў колькі гэта адбылося, назавіце прыкметы дзяцей: апішыце іх знешнасць, раскажыце, у што яны былі адзетыя і інш. Калі вы жывяце побач з лесам, або лес — у крокавай даступнасці там, дзе вашы дзеці праводзяць выхадныя або канікулы, абавязкова патлумачце сваім выхаванцам, што лес — гэта не месца для гульняў. Раскажыце, якія небяспекі могуць чакаць іх у лесе, навучыце дзіця, што трэба рабіць, калі яно згубілася (алгарытм дзеянняў прыводзіцца ў канцы публікацыі).

Агонь — не для гульні!

Напярэдадні вясенніх канікул, калі, як гэта часта бывае, некаторыя дзеці будуць знаходзіцца без нагляду дарослых, важна прадугледзець і шэраг іншых небяспечных сітуацый.

Катэгарычна забараняецца пакідаць малых дзяцей адных дома. Калі няма магчымасці вадзіць іх у дзіцячы садок або школу, а таксама знаходзіцца побач з імі самімі, бацькі павінны знайсці адказных дарослых, якія будуць даглядаць непаўналетніх, пакуль тата і мама на рабоце. Пажадана, каб гэта былі бабулі, дзядулі, іншыя блізкія сваякі, якія (гэта важна!) здольныя ажыццяўляць кантроль за дзецьмі з улікам свайго ўзросту, здароўя, іншых абставін.

Важна прадугледзець усе магчымыя небяспечныя сітуацыі і прагаварыць іх з дзецьмі. Па-першае, патлумачыць, што гуляць з агнём нельга. І абыходзіцца з ім, напрыклад, падчас прыгатавання ежы, варта асцярожна. Нярэдкія выпадкі, калі «эксперыменты» з агнём або банальнае разаграванне ежы заканчвалася не толькі знішчэннем жылля, але і гібеллю непаўналетніх. Многіх трагедый, дарэчы, можна было пазбегнуць, калі б побач з дзецьмі ў гэты небяспечны момант знаходзіўся хтосьці з дарослых. Дарослы чалавек здольны самастойна справіцца з невялікім узгараннем, рацыянальна ацаніць абстаноўку, дапамагчы ўсім жыхарам пакінуць жыллё ў выпадку, калі патушыць агонь не ўдаецца.

Правільна дзейнічаюць бацькі, калі ўстанаўліваюць у сваіх кватэрах і дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, пры гэтым не баючыся сапсаваць інтэр’ер. Яны ведаюць, што няма нічога даражэйшага за жыццё ўласнага дзіцяці: такая нязначная, на першы погляд, рэч ужо выратавала жыццё не аднаму чалавеку, у тым ліку непаўналетнім.

— Штогод Міністэрства па надзвычайных сітуацыях фіксуе дзясяткі выпадкаў ратавання людзей ад пажараў дзякуючы спрацоўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі.

— Толькі сёлета такіх выпадкаў ужо больш як 20. І гэта толькі афіцыйныя даныя, калі званок аб пажары паступіў у падраздзяленне МНС. Вялікая колькасць выпадкаў адбываецца на побытавым узроўні, калі аўтаномны пажарны апавяшчальнік папярэджвае свайго гаспадара, а той прымае ўсе неабходныя меры, выкарыстоўваючы спадручныя сродкі для ліквідацыі ўзгарання.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства, вельмі часта гаворыцца аб вогненных трагедыях, ахвярах агню, але практыка паказвае, што чалавек на пажары гіне не ад тэмпературнага ўздзеяння, а з-за ўгарнага газу, калі ўдыхае мноства прадуктаў гарэння. «Уласцівасць дыму такая, што пры гарэнні або нават тленні дым ідзе наверх (ён лягчэйшы за паветра) і ў самым пачатку запаўняе прастору памяшкання пад столлю, пасля чаго спускаецца і запаўняе ўсё памяшканне, і чалавек, які, напрыклад, спіць, робіць некалькі ўдыхаў і ўжо самастойна не прачынаецца, — тлумачыць Яўген Бараноўскі. — Таму МНС настойліва рэкамендуе ўстанаўліваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у кожным жылым пакоі. Ён на самай ранняй стадыі ўзгарання разбудзіць вас або папярэдзіць, калі вы не знаходзіцеся ў памяшканні. Менавіта дзякуючы гэтаму вы зможаце прыняць самыя хуткія меры па рэагаванні і не дапусціць вялікай трагедыі. Па факце аўтаномны пажарны апавяшчальнік — самы эфектыўны і танны сродак пасіўнай абароны, які не патрабуе ніякіх укладанняў».

Зачыніце вокны!

Яшчэ адна з найбольш частых прычын дзіцячай гібелі і траўматызму ў канікулярны перыяд — адчыненыя вокны. Трагічныя выпадкі адбываюцца кожны год, аднак, на жаль, многія сем’і, якія выхоўваюць малых дзяцей, думаюць, што падобнае іх не закране.

Дарослыя, якія выхоўваюць малалетніх дзяцей, павінны раз і назаўсёды ўсвядоміць, што адчыненыя насцеж вокны для іх сям’і — табу! І не варта спадзявацца на маскітную сетку. Колькі трагедый адбылося менавіта з-за гэтага дэвайсу. Ужо з кожнага праса паведамляюць, што маскітная сетка абсалютна не ўтрымлівае вагі нават самага маленькага дзіцяці, не кажучы ўжо пра дзіця сярэдняга ўзросту або старшакласніка. Каб пазбегнуць трагедый, лепш, каб увогуле вашы вокны былі на замку — забудоўшчыкі сучаснага жылля прадугледзелі гэты момант і здаюць кватэры ўжо з ключамі на кожным акне. Калі ў вас такога «бонусу» няма, то варта аб ім паклапаціцца — нават малому дзіцяці не складана адчыніць акно ў вашу адсутнасць.

Зачыніць дарослага ў іншым пакоі, балконе або за ўваходнымі дзвярыма, калі ён пайшоў, напрыклад, выкінуць смецце, дзеці таксама могуць. У канцы лютага ратавальнікам Мар’інай Горкі паступіла паведамленне аб тым, што на балконе кватэры на чацвёртым паверсе двухгадовае дзіця зачыніла маму. Супрацоўнікаў МНС выклікалі суседзі, якія пачулі, як жанчына клікала на дапамогу. Ратавальнікі падняліся на балкон па аўталесвіцы, дзякуючы спецыяльнаму інструменту адчынілі дзверы ў кватэру. На шчасце, у той час, пакуль маці «дыхала свежым паветрам» на балконе, з яе малой дачушкай нічога не здарылася. А магло быць зусім інакш.

Каб не трапіць у «пастку»...

Апошнім часам пачасціліся выпадкі траўміравання дзяцей на дзіцячых пляцоўках і ў іншых месцах — падобныя надзвычайныя сітуацыі фіксуюцца ратавальнікамі практычна штодзень. Шукаючы сабе прыгод на пятую кропку, дзеці ў прамым сэнсе трапляюць у «пастку». Некаторыя становяцца заложнікамі надзвычайнай сітуацыі па неасцярожнасці. Днямі, напрыклад, ратавальнікі прыйшлі на дапамогу юнаму мінчаніну, які не мог самастойна выбрацца з гразі. Здарэнне адбылося на вуліцы Надзеждзінскай. Як высветлілася, хлопчык гуляў пасля школы і трапіў туды, адкуль самастойна ўжо не мог выбрацца, — калі прыбылі ратавальнікі, ён знаходзіўся па пояс у гразі. Супрацоўнікі МНС даставілі хлопчыка на сухую паверхню. На шчасце, дапамога медыкаў яму не спатрэбілася.

А ў Наваполацку супрацоўнікі МНС дапамагалі дзіцяці выбірацца з... фантана. Як школьнік апынуўся ў цэнтры канструкцыі, на надбудове-распыляльніку, доўга разважаць не трэба. У выніку дзіцячае свавольства скончылася шпіталізацыяй — з агульным пераахаладжэннем (фантан быў не пусты) непаўналетні накіраваўся ў бальніцу.

Астравецкія ратавальнікі дапамагалі дзяўчынцы дастаць нагу, заціснутую ў радыятары. Як потым расказала пацярпелая, яна сядзела каля радыятара, абапіраючыся на яго нагамі. У нейкі момант адна нага саскочыла і засела паміж секцыямі. Ратавальнікі акуратна расціснулі рэбры батарэі і дасталі нагу дзіцяці. Брыгада хуткай дапамогі, якая прыбыла, агледзела дзяўчынку, медыцынская дапамога ёй не спатрэбілася.

Такіх сітуацый, куды трапляюць дзеці, даволі шмат. Прадугледзець многія — задача бацькоў. У дапамогу дарослым — мультфільмы ад ратавальнікаў «Чароўная кніга» і «Спецатрад 112», якія можна адшукаць на афіцыйным канале ведамства на YouTube. Падлеткам рэкамендуецца ўстанавіць мабільны дадатак «Дапамога побач», які падкажа, як дзейнічаць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі. І галоўная парада бацькам ад ратавальнікаў — быць станоўчым прыкладам для свайго дзіцяці, ведаць, з кім яно сябруе і як праводзіць час. Гэтыя простыя рэкамендацыі дазволяць трымаць непаўналетніх пад кантролем, а значыць, пазбегнуць бяды.

Што рабіць дзіцяці, калі яно згубілася ў лесе:

— пры наяўнасці мабільнага тэлефона патэлефанаваць бацькам або ратавальнікам па нумары 101 або 112;

— заставацца на месцы і гучна клікаць на дапамогу;

— не баяцца адгукацца на сваё імя, калі клічуць чужыя людзі;

— не падыходзіць да вадаёмаў і балот;

— не есці незнаёмыя ягады і грыбы;

— пры сустрэчы з дзікай жывёлай не рухацца і не нападаць на яе, а даць жывёле магчымасць спакойна сысці.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога ўпраўленняў МНС

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».