Вы тут

Выплаты па бальнічных вырастуць


З 1 ліпеня бягучага года ўступаюць у моц змяненні ў заканадаўстве аб выплаце па бальнічных. Яны закрануць кожнага работадаўцу і работніка. Штомесяц у пасляковідны перыяд у краіне афармляецца каля 300 тысяч лісткоў па часовай непрацаздольнасці. Іх сярэдняя працягласць — 11 дзён. Як вядома, дагэтуль бальнічны працягласцю да 12 дзён аплачваўся ў памеры 80 % сярэднядзённага заробку. З ліпеня ў работнікаў з 10-гадовым і большым стажам гэта аплата складзе 100 %. Увогуле, спецыялісты прагназуюць, што выплаты па бальнічных для работніка ў сувязі з новаўвядзеннямі павялічацца. Расказваем, што зменіцца.


100 % замест 80, але не ўсім

— Новаўвядзенні, якія былі прыняты, накіраваны на тое, каб узмацніць сацыяльныя прынцыпы і дыферэнцыраваць страхавы падыход для застрахаваных у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання грамадзян, — адзначыла кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Юлія Берднікава.

У Беларусі больш за 250 тысяч арганізацый, якія з’яўляюцца работадаўцамі. Усе іх бухгалтарскія службы з 1 ліпеня будуць узаемадзейнічаць непасрэдна з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Цяпер ён з’яўляецца непасрэдным удзельнікам у парадку прызначэння і выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці.

Найперш з 1 ліпеня мяняецца сам парадак па налічэнні бальнічнага. Сярэднядзённы заробак будзе вылічвацца з усіх выплат на карысць работніка, на якія налічаліся абавязковыя страхавыя ўзносы. Перавага ў тым, як сцвярджаюць спецыялісты, што такім чынам павялічыцца памер сярэднядзённага заробку. У дзейным парадку з гэтай формулы выключаліся некаторыя аднаразовыя выплаты, такія як дапамога на аздараўленне ці аднаразовая матэрыяльная дапамога.

Яшчэ адно новаўвядзенне — мінімальны памер бальнічнага будзе залежаць ад мінімальнай заработнай платы. Сёння, нагадаем, яна складае 626 рублёў.

— Напрыклад, малады работнік прыступіў да работы 1 жніўня, і аплата яго працы мінімальная, 626 рублёў. Калі ён захварэе і прабудзе на бальнічным 30 дзён, памер дапамогі па непрацаздольнасці будзе складаць мінімум 626 рублёў. Рост у параўнанні з дзейнымі ўмовамі будзе ў тры разы, — прывяла прыклад Юлія Берднікава.

Разлік памеру сярэднядзённага заробку для бальнічнага будзе цэнтралізаваны. Яго разлічыць ФСАН, грунтуючыся на даных персаніфікаванага ўліку. Яшчэ адзін важны параметр — працягласць выплаты ўзносаў у бюджэт фонду. Рэч у тым, што ў новай формуле разлікаў мае значэнне стаж работы. Калі ўзносы ў фонд за работніка ўплачваліся 10 гадоў і болей, то з першага дня хваробы страчаны заробак будзе кампенсаваны на 100 %. Калі страхавы стаж меншы 10 гадоў — на 80 %, прычым за ўсю працягласць бальнічнага.

— Хачу звярнуць увагу, што ў дадзеным выпадку страхавы стаж — гэта працягласць выплаты страхавых узносаў у бюджэт фонду, няважна, з якога ўзроўню заробку і месца працы, — адзначыла Юлія Берднікава. — Таксама мы чакаем, што на карысць работніка складзецца і сам разліковы перыяд, бо сёння ў ім улічваецца ўсяго толькі шэсць каляндарных месяцаў, якія папярэднічаюць захворванню. У новай формуле з 1 ліпеня будуць удзельнічаць 18 месяцаў, якія папярэднічалі кварталу наступлення страхавога выпадку. Мы чакаем, што гэта норма будзе на карысць работніка, бо павялічыцца памер сярэднядзённага заробку і з боку фонду будуць улічаны ўсе месцы работы, дзе працаваў работнік у гэты разліковы перыяд.

З ліпеня бальнічны будзе прызначацца па асноўным месцы работы. У сённяшніх умовах бальнічны аплачваецца па кожным месцы работы асобна.

— Цяпер, калі ў грамадзяніна тры месцы работы, ён па ўсіх пацвярджае сваю непрацаздольнасць, і тры бухгалтарскія службы займаюцца вылічэннем і прызначэннем дапамогі. У новых умовах гэты механізм цэнтралізуецца, і незалежна ад таго, колькі месцаў работы, калі ёсць асноўнае, перавага ў выплаце па асноўным месцы работы. Гэта цэнтралізацыя здыме нагрузку на бухгалтарскія службы, і колькасць саміх прызначэнняў скароціцца. Але права на прызначэнне дапамогі па асноўным месцы работы будзе, толькі калі грамадзянін не выконваў працоўныя функцыі па іншых месцах работы. Сёння ёсць злоўжыванні, калі работнік захворвае і па адным месцы работы прадстаўляе лісток часовай непрацаздольнасці, а па астатніх працягвае выконваць рабочыя задачы. У новым парадку гэта будзе выключана, — пракаментавала Юлія Берднікава.

Механізм ужо працуе

Абмен данымі будзе адбывацца праз карпаратыўны партал ФСАН portal.ssf.gov.by. Прадугледжана два спосабы ўзаемадзеяння. Традыцыйны, калі звесткі сам бухгалтар будзе запаўняць на партале фонду і там жа атрымліваць адказ. Фактычна гэта дзейнасць у асабістым кабінеце плацельшчыка ўзносаў.

Ёсць і другі спосаб. Ён больш прыдатны для арганізацый, дзе шмат супрацоўнікаў і няма магчымасці кожны раз наведваць асабісты кабінет плацельшчыка ўзносаў. Для такіх выпадкаў прадугледжаны праграмны інтэрфейс, калі праграмнае забеспячэнне бухгалтарскай службы інтэгруецца з парталам фонду, і, не выходзячы з бухгалтарскай праграмы, можна накіраваць запыт у фонд і атрымаць адказ.

Этапы ўзаемадзеяння наступныя. Работадаўца, атрымаўшы лісток непрацаздольнасці, перадае звесткі пра страхавы выпадак у ФСАН. Фонд, атрымаўшы гэтыя звесткі, разлічвае страхавы стаж (да 10 ці больш 10 гадоў), памер сярэднядзённага заробку, права на мінімальны памер дапамогі. Работадаўца, атрымаўшы гэтыя звесткі, прыступае да разліку дапамогі па часовай непрацаздольнасці.

Тэсціраванне новага парадку адбылося летась. У чацвёртым квартале мінулага года была сфарміравана пілотная група з 250 найбуйнейшых прадпрыемстваў, і на сёння яны падключаны да ўзаемадзеяння з фондам і апрабоўваюць на практыцы новую форму разліку. Сярод іх — «Віцебскэнерга», Віцебская бройлерная птушкафабрыка, «Гомельэнерга», СП «Санта-Брэмар», МТЗ, МАЗ, Гомельская абласная клінічная бальніца, «Брэстэнерга», Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер, Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка і іншыя. За гэты перыяд атрымана каля 13,5 тысячы запытаў па бальнічных, і іх паспяхова разлічылі.

— Механізм створаны і працуе як гадзіннік. З улікам таго, што да 1 ліпеня застаецца ўсяго квартал, з 1 красавіка да 30 чэрвеня кожны работадаўца зможа ім скарыстацца і пратэсціраваць, паглядзеўшы на практыцы, як узаемадзейнічаць з фондам, што з’яўляецца ўваходнымі данымі, які атрымліваецца адказ, і, адпаведна, за тры месяцы і арганізацыйна, і тэхналагічна падрыхтавацца да новага парадку. Заклікаем усе бухгалтарскія службы ўключыцца ў гэта тэсціраванне, — дадала Юлія Берднікава.

Навацыі ў асабістым кабінеце плацельшчыка

Акрамя 250 тысяч арганізацый-работадаўцаў, на уліку ў органах ФСАН знаходзіцца больш за 400 тысяч фізічных асоб, якія самастойна выплачваюць узносы ў бюджэт фонду. Да студзеня бягучага года працаваць з фондам можна было праз карпаратыўны партал фонду з дапамогай электроннага лічбавага подпісу. Калі апошняга не мелася, трэба было асабіста звяртацца ў органы фонду для прадстаўлення справаздачнасці і атрымання неабходных звестак.

Каб забяспечыць максімальна зручныя ўмовы ўзаемадзеяння з фондам, з 1 студзеня бягучага года для мікраплацельшчыкаў з колькасцю работнікаў да пяці чалавек партал дапрацавалі. Цяпер рэалізавана магчымасць уваходу ў асабісты кабінет плацельшчыка без электроннага лічбавага подпісу, і ўсе плацельшчыкі ўзносаў могуць аддалена ўзаемадзейнічаць з фондам.

У асабістым кабінеце рэалізаваны наступны функцыянал. Кожны плацельшчык можа аддалена падаваць справаздачнасць і дакументы персаніфікаванага ўліку. Акрамя таго, маецца 16 даведачна-інфармацыйных сэрвісаў і 12 інфармацыйных вітрын даных. Таксама рэалізаваны інструменты праактыўнага маніторынгу за абгрунтаваным расходаваннем сродкаў бюджэту фонду на выплату дапамог. Гэта навацыя 2024 года, дзякуючы якой кожны работадаўца можа звярнуцца ў фонд праз асабісты кабінет плацельшчыка і атрымаць адказ аб правамернасці выплаты дапамогі ў поўным памеры.

Кантраляваць работадаўцу праз мабільны дадатак

З 2023 года фонд узаемадзейнічае яшчэ і з работнікамі — праз мабільны дадатак. Пры запуску ён трапіў у топ-10 самых запатрабаваных. На сёння на мабільныя тэлефоны яго ўстанавілі больш за паўмільёна беларусаў, ці кожны восьмы работнік.

Праз мабільны дадатак ФСАН можна ў анлайн-рэжыме атрымліваць і кантраляваць даныя, якія адлюстроўвае яго работадаўца. Гэта звесткі персаніфікаванага ўліку: прыём на работу і звальненне, памер заработнай платы, на якую налічваюцца ўзносы. Пачынаючы з 2015 года, адлюстроўваецца інфармацыя, ці аплачаны ўзносы, а таксама грамадзянска-прававыя дагаворы, якія заключаліся з грамадзянінам.

Акрамя таго, мабільны дадатак дазваляе разлічыць страхавы стаж работніка.

— Трэба ўсведамляць, што, дасягаючы агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, каб рэалізаваць права на пенсію, неабходна мець дастатковы страхавы стаж. На сёння ён складае 19,5 года. Але тут ёсць адна асаблівасць: адзін месяц стажу разлічваецца зыходзячы з таго, што ўзносы выплачваюцца з заробку, не ніжэйшага за мінімальны. Трэба разумець, што калі ўзносы плацілі з паловы мінімальнага заробку, то залічваецца паўмесяца страхавога стажу. Таму грамадзянам трэба кантраляваць свой страхавы стаж і сачыць, каб работадаўца ў поўным аб’ёме і своечасова адлюстроўваў адпаведныя даныя, — патлумачыла намеснік кіраўніка Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Кацярына Ліхачова.
Каб кантраляваць свайго работадаўцу, кожны грамадзянін можа спампаваць мабільны дадатак і ўстанавіць на тэлефон.

— Гэта настольная кніга грамадзяніна, які мае права на выплаты са сродкаў ФСАН — у першую чаргу бальнічныя і працоўная пенсія, — падкрэсліла Кацярына Ліхачова.

Калі работнік заўважыў, што яго даныя, пададзеныя ў ФСАН, няпоўныя, варта найперш звярнуцца да работадаўцы. Калі праблема не вырашаецца, звяртацца ў органы фонду.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.