Вы тут

Беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі на сучасным этапе


Гісторыя прысутнасці беларускай літаратуры ў Туркменістане мае даўнюю традыцыю. Дакладней — гісторыя прысутнасці нашых суайчыннікаў, звязаных з прыгожым пісьменствам... Можна ўзгадаць той факт, што творы Махтумкулі са сваіх вандровак па Каракумскім краі прывёз у Еўропу ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя ўраджэнец Міншчыны Аляксандр Ходзька. Ён, дарэчы, запісаў і туркменскі эпас «Кёр-аглы», а таксама вершы яшчэ аднаго легендарнага паэта — Кемінэ. А на пачатку XX стагоддзя ў Асхабадзе (так называлася тады сённяшняя сталіца Туркменістана) у газеце Закаспійскай вобласці ў перакладзе на рускую мову было надрукавана апавяданне Якуба Коласа. Асобныя кнігі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа пабачылі свет на туркменскай мове ў 1941 годзе... Сярод перакладчыкаў паэзіі і прозы Якуба Коласа на туркменскую мову — А. Ніязаў, М. Хумедаў, А. Курбаннепесаў, М. Сеідаў, Т. Садыкаў, А. Шагулыева... Творы Янкі Купалы ў розныя гады пераклалі Б. Кербабаеў, А. Ніязаў, К. Аразаў, Ч. Ашыраў, Р. Аліеў, Д. Халдурды, А. Курбаннепесаў, М. Сеідаў, А. Бердыеў, А. Кавусаў, Т. Эсэнава, А. Агабаеў...


Фота з адкрытых крыніц

Шмат намаганняў для стварэння граматыкі туркменскай мовы ў 1920-1930-я гг. прыклаў беларус Аляксандр Пацалуеўскі, які загінуў у Ашхабадскім землятрусе ў 1948 годзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны з Туркменістанам быў звязаны лёс беларускага празаіка, паэта і перакладчыка Аркадзя Марціновіча. Сваю «туркменскую адысею» ён апісаў у рамане «Не шукай слядоў сваіх». У Ашхабадзе ў 1942 годзе нарадзілася беларуская паэтэса і літаратуразнаўца Любоў Турбіна, якая піша на рускай мове. Любоў Мікалаеўна — і перакладчыца вершаў туркменскіх паэтаў на рускую мову, і аўтар вершаў пра Туркменістан і туркменаў. У другой палове XX стагоддзя ў Туркменістане жылі і працавалі беларускія пісьменнікі і публіцысты Міхась Карпенка, Мікола Калінковіч, Васіль Ткачоў, Васіль Слушнік, Мікалай Шчарбачэня, Алесь Карлюкевіч, Мікалай Еленеўскі... У Ашхабадзе пабачылі свет кнігі многіх беларускіх літаратараў у перакладзе на туркменскую мову. 

Вялікая праца па прадстаўленні туркменскай прозы і паэзіі для беларускага чытача прароблена і ў Мінску. Як сведчанне — «беларускія» кнігі Берды Кербабаева, Нуры Байрамава, Курбана Чаліева, Агагельды Аланазарава, Каюма Тангрыкуліева, Касыма Нурбадава... 

У розныя дзесяцігоддзі Туркменістан наведвалі беларускія пісьменнікі Максім Танк, Янка Сіпакоў, Алег Лойка, Алесь Жук, Браніслаў Спрынчан, Віктар Шымук, Павел Марціновіч, Генадзь Пашкоў, Алесь Емяльянаў, Алесь Бадак, Аляксей Чарота... У выніку такіх паездак нараджаліся вершы, нарысы, прысвечаныя Туркменістану і туркменам. 

А што ж зроблена ў апошні час..? Якімі такімі здабыткамі маглі б пахваліцца беларускія перакладчыкі ў працяг пашырэння закладзеных раней традыцый? Альбо — туркменскія празаікі і паэты... Ці захавалася ранейшая ўвага да нацыянальных літаратур былых пабрацімаў па Савецкай краіне з абодвух бакоў..? 

Туркменская ўвага

У Ашхабадзе і зараз выходзяць літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні: часопісы «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), «Гарагум» («Каракумы»), газета «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»). На працягу апошніх паўтара дзесяцігоддзя, пачынаючы з 2009 года, толькі на старонках «Дунья эдэбіяты» надрукаваны вершы і проза Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Бадака, Валерыя Казакова, Віктара Шніпа... Творы класікаў пададзены ў новых перакладах. На працягу некалькіх гадоў у часопісе друкаваліся эсэ Алеся Карлюкевіча пра туркменскіх паэтаў і празаікаў, з якімі ён сустракаўся, сябраваў у розныя гады, — Какалы Бердыева, Каюма Тангрыкуліева, Керыма Курбаннепесава, Какабая Курбанмурадава, Курбанніяза Дашкынава, Нарклыча Хаджагельдыева, Курбана Чаліева... Вялікую працу па прадстаўленні беларускага мастацкага слова рабілі і працягваюць рабіць празаік і перакладчык Максат Бяшымаў, паэт, празаік, перакладчык Джумагельды Мулкіеў. Асабліва захоплены беларускай літаратурай малады празаік і перакладчык Максат Бяшымаў. Малады літаратар, ён здзіўляе сваёй дасведчанасцю ў частцы беларускай літаратуры, шукае самыя розныя крыніцы, каб пазнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў. У інтэрв’ю аднаму з беларускіх выданняў Максат Бяшымаў выклаў наступныя думкі: " У літаратуры кожнай краіны бываюць паваротныя моманты. Моманты, пасля якіх літаратура ўжо не можа заставацца ранейшай. Адбываецца значны скачок. Становіцца больш-менш зразумелым, куды, па якіх сцяжынках павінны ісці літаратура і мастацтва. Куды, у які бок будуць развівацца думкі, мысленне. Мяркую, што творчасць Караткевіча выконвае падобную функцыю, яна як мінімум здольная яе выконваць. Так, выканаць ролю рулявога ў бязмежных чалавечых, грамадскіх пошуках«. Што ж, можна ў чарговы раз ганарыцца такой высокамастацкай з’явай, як творчасць Уладзіміра Караткевіча, можна радавацца, што голас нашай нацыянальнай літаратуры гучыць і ў Туркменістане!.. Джумагельды Мулкіеў літаральна ў самыя апошнія часы пераўвасобіў на сваю родную мову падборку з сямі вершаў Алеся Бадака і пяць паэтычных твораў Віктара Шніпа. У бліжэйшы час пераклады стануць публікацыямі на старонках аўтарытэтнага часопіса «Дунья эдэбіяты». 

У часопісе «Гарагум» спрыянне беларускім аўтарам у мінулыя гады аказавала празаік і перакладчык Бягуль Анабаева. Яна, між іншым, прыязджала ў Мінск, удзельнічала ў адным з Міжнародных сімпозіўмаў літаратараў «Пісьменнік і час». «Гарагум» размясціў вялікі артыкул, прысвечаны рэтраспектыве беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў. 

І ў газеце «Эдэбіят ве сунгат» працуе паўнамоцны прадстаўнік беларускай літаратуры ў Туркменістане — Мерэтгылыч Ягмыраў. Яго намаганні прывялі да таго, што летась ў газеце творчай інтэлігенцыі Туркменістана з’явіліся згадкі пра Алега Лойку, яго даўнюю вандроўку ў Каракумскі край, новы пераклад даўняга верша Алега Антонавіча, прысвечанага Вялікаму Фрагі. Перакладчыкам твора беларускага аўтара выступіў малады літаратар Сулейман Іламанаў. Ужо ў новым стагоддзі ў газеце «Эдэбіят ве сунгат» былі змешчаны пераклады вершаў Алеся Бадака, Міколы Мятліцкага. 

Беларускія зацікаўленні

Падзеяй у фармаце беларуска-туркменскіх літаратурных стасункаў стала выданне ў Мінску кнігі Вялікага Фрагі «З кубкаў вечнасці мёд». Арганізатары гэтага творчага праекта — Казімір Камейша і Ганад Чарказян. За сваю руплівасць яны адзначаны медалём Туркменістана «Махтумкулі Фрагі». Пад вокладкай гэтага выдання — і пераклады Міколы Мятліцкага, Віктара Шніпа, і раней зробленыя пераўвасабленні твораў класіка туркменскай паэзіі, зробленыя Рыгорам Барадуліным, Артурам Вольскім, Алегам Лойкам, Алесем Звонакам, Валянцінай Коўтун, Пятром Прыходзькам, Уладзімірам Паўлавым, Хведарам Жычкам, Уладзімірам Шахаўцом, Васілём Жуковічам. Нагадаем, што першая «беларуская» кніга Махтумкулі — «Салавей шукае ружу» пабачыла свет яшчэ ў 1983 годзе ў серыі «Паэзія народаў СССР» у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Будзем спадзявацца на працяг беларускай перакладчыцкай увагі да неўміручай паэзіі легендарнага творцы і асветніка... Тым больш што ў дзесяцігоддзе, якое ўжо мінае з часу нараджэння кнігі «З кубка вечнасці мёд», новыя пераклады паэзіі Махтумкулі з’явіліся ў альманаху «Далягляды», не аднойчы былі надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва». 

Пачынаючы з 2019 года, калі быў узноўлены альманах перакладной літаратуры «Далягляды», на яго старонках (гадавік не выходзіў толькі ў 2022-м), сістэмна пачаў друкавацца «туркменскі» раздзел. У 2019-м выйшлі ў ім пераклады апавяданняў Атаджана Тагана («Цягнік праходзіць»), Максата Бяшымава («Свята», «Перакуленае неба»), у 2020-м — Какамурата Атаева («Сякера»), Сейрана Атузава («Bonjour!»), Камека Куліева («Танец «Карсакы»), Максата Бяшымава («Зацьменне напалову»), Джумагельды Мулкіева («Доўгачаканы ордэн»), Джумы Худайгулыева («Хачу спяваць!»), у 2021-м — Бягуль Анабаевай («Лагода»), Мердана Баядава («Сапбы па мянушцы Голуб»), Джумагельды Мулкіева («На цягніку», «На самалёце»), у 2023-м — Ахмета Курбаннепесава («Графаман»), Джумагельды Мулкіева («Гняздо ластавак», «Шаман»), вялікая падборка вершаў Махтумкулі ў перакладзе Віктара Шніпа. Творы празаікаў ва ўсіх выпусках пераўвасобіў на беларускую мову Алесь Карлюкевіч. 

Газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала вершы Курбаназара Эзізава, Керыма Курбаннепесава — найболей яркіх паэтаў другой паловы XX стагоддзя. Керым Курбаннепесаў (1929 — 1988) — народны паэт Туркменістана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Туркменскай ССР імя Махтумкулі. Курбанназар Эзізаў (1940 — 1975) — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Туркменскай ССР імя Махтумкулі. Іх вершы і зараз перавыдаюцца, гучаць як песні, уважлівай да іх паэзіі з’яўляецца сучасная туркменская моладзь, што, пэўна, сведчыць пра асаблівую неўміручасць паэзіі абодвух класікаў, абодвух нацыянальных геніяў. А ў Беларусі да паэзіі К. Курбаннепесава, К. Эзізава як перакладчык з асаблівай прыязнасцю ставіцца беларускі паэт Рагнед Малахоўскі. З’явіліся ў беларускім штотыднёвіку і пераклады вершаў Героя Туркменістана Газель Шагулыевай, верш Гурбандурды Бердымухамедава, прысвечаны Вялікаму Фрагі. 

Расказваючы пра беларуска-туркменскія літаратурныя стасункі ў апошнія гады, нельга не ўзгадаць Міколу Чарняўскага. Пачатак увагі дзіцячага паэта да туркменскага мастацкага свету — яшчэ ў 1972 годзе, калі ў лістападаўскім нумары часопіс «Бярозка» надрукаваў верш Нуры Байрамава «Мой край» у пераўвасабленні беларускага творцы. Ужо ў XXI стагоддзі ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» (яно існавала ў 2002 — 2012 гг.) выйшла кніга перакладаў М. Чарняўскага, на старонках якой быў змешчаны асобны туркменскі раздзел: вершы Азата Рахманава, Акджэмал Амаравай, Каюма Тангрыкуліева, Пірнепеса Авезліева. Да перакладаў дзіцячай паэзіі Туркменістана спрычыніўся і Віктар Гардзей — яго здабыткам стала кніга паэзіі Агагельды Аланазарава «Вясёлая азбука». Дарэчы, усяго ў Мінску па-беларуску былі выдадзены тры дзіцячыя кнігі Агагельды Аланазарава. Пагадзіцеся, уражлівы прыклад!.. 

Гісторыя стасункаў паміж далёкімі і ўсё ж такімі блізкімі нацыянальнымі літаратурамі з’яўляецца асновай, грунтам для далейшага развіцця дружбы, для далейшага знаёмства з мастацкім светам нашых народаў. Гісторыя — гэта яшчэ і падказка для нараджэння новых ініцыятыў, новых творчых праектаў. Публікацыі туркменскай прозы ў «Даляглядах», на старонках часопісаў «Маладосць», «Полымя», у газеце «Літаратура і мастацтва» — аснова для выдання па-беларуску зборніка туркменскага сучаснага апавядання. Пры перакладах значная ўвага надаецца творам Джумагельды Мулкіева. Магчыма, наспеў час і для выдання асобнай кнігі яго прозы. Шкада, што няма яшчэ ў Беларусі кніг паэзіі Керыма Курбаннепесава, Курбанназара Эзізава…

Відавочна, што абсягі фарміравання беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў на сучасным этапе патрабуюць і літаратуразнаўчай, літаратурна-крытычнай увагі. Некалі ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы (цяперашні Інстытут літаратуразнаўства) існаваў цэлы сектар ці аддзел, які вывучаў міжнародныя літаратурныя сувязі, даследванні якога, безумоўна, спрыялі пашырэнню вядомасці беларускай літаратуры ў свеце, развіццю мастацкага перакладу ў Беларусі... У 2021 годзе выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выпусціла кнігу Алеся Карлюкевіча «Каракумскае сонца: Старонкі беларуска-туркменскіх літаратурных сувязей». Гістарычная рэтраспектыва, пададзеная ў гэтай працы, цалкам не вырашае пытанняў, якія з’яўляюцца ключавымі ў развіцці новых стасункаў... Час патрабуе прац у галіне параўнальнага літаратуразнаўства. Чаму б, напрыклад, не разгледзець у межах аднаго даследвання паэзію Керыма Курбаннепесава і Пімена Панчанкі (дарэчы, у свой час туркменскі паэт пераклаў на сваю родную мову «Паэму сораму і гневу» беларускага класіка; твор быў надрукаваны ў газеце «Эдэбіят ве сунгат» у 1987 годзе). Калі весці гаворку пра сучасную прозу, то напрошваецца такая тэма для грунтоўнага артыкула, як «Духоўны свет сучасніка ў прозе Алеся Бадака і Максата Бяшымава». Шматлікія публікацыі перакладаў туркменскіх апавяданняў падштурхоўваюць да разгляду тэмы развіцця апавядання як жанра ў туркменскай і беларускай прозе XXI стагоддзя... Ці спраўдзіцца ўсё гэта? Ці знойдуцца апантаныя рупліўцы, якія праявяць нераўнадушнасць да развіцця беларуска-туркменскіх літаратурных стасункаў?.. Будзем спадзявацца на лепшае. 

Міхась РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.