Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. Рыбалка любіць цішыню


Брытаны жывуць не ў Брытаніі, альбо Рыбалка любіць цішыню


У нашым Лельчыцкім раёне ёсць вёска, якіх болей, мусіць, не знойдзеш. Гэта Малыя Ліпляны (цяпер — проста Ліпляны, бо там пяць жыхароў, а ў пачатку 70-х мінулага стагоддзя было пад сотню). З якіх часоў яны сяліліся там, на левым беразе ракі Убарці, дакладна невядома. А вось многае іншае — так.

Ну, па-першае, падчас паводак, якія тады здараліся з сярэдзіны лістапада да паловы мая, вёска знаходзілася на востраве: куды ні глянь — вада з невялічкімі плямкамі лазняку ці асінніку (што цікава, да хат яна ніколі не даходзіла, ураджай на гародах за лета выспяваў). Па-другое, ні школы, ні крамы, ні калгаснай фермы ў Ліплянах не было (хіба што могілкі — выключна для сваіх). Па-трэцяе, так званы грамадскі транспарт (як і наогул любы...) у вёску ніколі не заходзіў, бо, урэшце, нідзе не было столькі лодак і столькі гусей. Яны, прыгатаваныя ў печы па самых розных рэцэптах, былі візітоўкай сяла. І менавіта праз іх жыхароў Ліплян сталі дражніць брытанамі.

...Вясна ў той год выдалася дужа халоднай. Чакаць цяпла, каб у нейкай з гаспадарчых пабудоў пасадзіць гусь на яйкі, гаспадыням не выпадала — перамясцілі гнёзды ў хаты, у падпеччы. Яйкі, вядома ж, лічылі: клалі звычайна 9 або 11.

А тут, як на ліха, у Вялікае Сяло, кіно прывезлі. Паглядзець яго ўсім хацелася. Што ўжо казаць пра дзяцей?!

Аднаму падшыванцу, сіраце грошай на білет маці не дала, бо, напэўна, не мела. Сказала: будзеш зарабляць — будзеш хадзіць куды захочаш, а пакуль выбачай...

Хлапчуку б змірыцца, але ж ён вырашыў схітрыць — выцягнуў з-пад гусі яйка, здаў нарыхтоўшчыку і трапіў-такі ў кіно! А каб маці пра гэта не дазналася, ён, вярнуўшыся з клуба, прагнаў з гнязда буслоў, узяў адно яйка і ціхенька падлажыў пад гуску.

...Праз пэўны час сталі выводзіцца гусяняты. Гаспадыня якраз каля печы тупала, аладкі пякла. Нагнулася, каб гатовыя пакласці на невялічкі ўслон, а з-пад печы нешта цыбатае ды насатае вылазіць... І галоўнае — ідзе да аладак, пачынае дзяўбсці!
Спужалася жанчына, пабегла да суседзяў і давай там расказваць, што ў яе разам з гусянятамі брытан нейкі вывеўся.
Гэта навіна мігам абляцела не толькі Малыя Ліпляны, але і ўсё наваколле, пасля чаго ліплянцы сталі «брытанамі».

...Другая гісторыя таксама звязана з гусямі.

У сяле жылі два браты — Васіль і Лявон. Яны, як і ўсе, трымалі на падворках гусей, выпускалі іх на раку, але ў той год заўважылі страту гусянят... Знайшлі і магчымую прычыну: адзін з вудароў падчапіў быў вялікага сома, але не выцягнуў.

Тады ўжо гэтыя братаны падрыхтавалі добрыя прынады, закінулі вуды, і Васіль нават доўга не чакаў: сом клюнуў на жыўца, павёўся! Вудар — паціху-памалу — стаў падцягваць яго да берага, а ўрэшце, калі сом ужо змогся, быў амаль на беразе, яшчэ і прыгаворваць: усё, маўляў, хана табе, папаўся жучка ў панскую ручку, не будзеш цяпер гусянят хапаць, ваду муціць ды хвастом круціць... На патэльні зараз пакруцішся... З галавы і хваста мы з Лявонам юшку зварым ды такую, каб лыжка ў ёй стаяла, каб хапіла і куму, і свату! А жонкам, што грызуць нас кожны дзянёк, толькі косці дамо...

Сом ці не наслухаўся, што з ім будзе далей? І таму з апошніх сіл як даў хвастом па вадзе! Кручок зламаўся, рыбіна сплыла.
Рыбалка, як і шчасце, любіць цішыню.

А. І. Маскалевіч,

г. п. Лельчыцы.


Маўчы як жаба ў карчы?

...Перад тым, як расказаць чарговую гісторыю пра Грышу Карабейку (гл. нумар «Звязды» за 15 сакавіка. — Рэд.), хачу нагадаць, што некалі жыхары нашага Петрыкава (далей — местачкоўцы) з пагардай ставіліся да жыхароў навакольных вёсак, называлі іх мужыкамі, а то яшчэ і «гадзечай», што жыве ў лазе, выпаўзаючы толькі па святах.

Вяскоўцы ў даўгу не заставаліся — адплачвалі той жа манетай: абзывалі местачкоўцаў халявамі, кабылякамі... І калі з першым больш-менш зразумела (у мястэчку было шмат майстроў па пашыве чаравікаў ды ботаў), то ў другім — больш трагічнага, чым камічнага. Мужчыны — тыя ж самыя шаўцы ды краўцы — вельмі часта былі ў раз’ездах, тыднямі жылі не дома, а ў заказчыкаў, таму клопат пра сям’ю, дзяцей ды гаспадарку бралі на сябе жанчыны. Гэта па-першае. Па-другое, амаль усе местачкоўскія гароды знаходзіліся ў нізіне, у пойме Прыпяці. Вільгаці і цяпла там хапала, ураджай быў добры, але ж гаспадыні яго не толькі вырошчвалі — у мяшках на сваіх плячах цягалі дахаты, караскаліся ўгору, самі пра сябе казалі, што прыйдзеш замуж маладзіцаю, потым станеш кабыліцаю...

Зрэшты, з гэтым як каму пашчасціць.

Дык вось. Непадалёк ад шаўца Грышы Карабейкі жыў кравец Сцяпан і гадаваў пяцёра дзяцей: чатырох дачок-прыгажунь (па маці пайшлі) і сынка-пестунка Мішу. Гэты ўжо са Сцяпана ўсе крошкі пабраў: руды, плюгавы, лайдакаваты...
Бацька разумеў, што за яго, вось такога, тутэйшыя дзяўчаты наўрад ці пойдуць. Адну, маладзенькую, адшукаў у вёсцы паводдаль з заможнай працавітай сям’і, з добрым пасагам...

Усё як быццам узважыў, красамоўнага Карабейку за свата ўзяў. І вось яны ўчацвярых (Сцяпан з сынком-жаніхом, Грышка ды рамізнік) укуліліся ў прыгожы вазок — адправіліся ў дарогу.

Шлях іх чакаў няблізкі — вёрст дваццаць пяць. Бацькі дзяўчыны сватам не здзівіліся: госці паставілі на стол бутэлькі з гарэлкай і віном, гаспадары прынеслі добрай закускі...

Выпілі пакрысе за прыезд і знаёмства, потым Сцяпан з сябруком-рамізнікам сталі расказваць, які Міша добры і працавіты хлопец, якія світкі ды кажухі ён умее шыць, якое добрае жыццё чакае простую вяскоўку ў іхнім мястэчку.
Бацькі дзяўчыны ўсё гэта слухалі, як быццам згаджаліся, але ж апошняе слова не за імі, маўляў.
Маці прывяла ў пакой дачку. Грышка глянуў на яе і як не знямеў: гэта ж якая красуня ў лозах вырасла!.. Ёй — вось такой — хоць паніча ў жаніхі, а не гэтага пустадомка...

Ён жа, Міша, тым часам штурхае свата пад бок: маўляў, хвалі мяне. Яго бацька таксама ў чаркі наліў — не маўчы.

Грышка гарэлку выпіў, але пасля гэтага яшчэ больш зашкадаваў дзяўчыну:

— Так-так, даражэнькая, — сказаў у працяг размовы, — за Мішам ты сапраўды будзеш жыць не тужыць. Ён будзе на печы ляжаць ці кажухі недзе шыць, а ты — гаспадарку трымаць, дзяцей гадаваць, мяшкі цягаць. Выйдзеш замуж маладзіцаю...

Далей дзяўчына слухаць не стала:

— Татка, — сказала, — я пакуль што замуж не пайду.

І тут жа з хаты — размова скончана.

А калі так, то ледзь не ўслед за ёю — ні з чым — рушылі і сваты. Паселі ў вазок, паехалі — і па вёсцы — яшчэ маўчком, а вось за ваколіцай Грышку ўжо ссадзілі з воза, утрох (Сцяпан, яго сынок і той рамізнік) адвялі душу — добра адлупцавалі і пакінулі пры дарозе.

...Толькі раніцай стомлены Грыша ледзьве прыпоўз дадому: жонка за ноч паспела сплакацца. Але ж пакарміла, распытала і выслухала, а ўрэшце цяжанька ўздыхнула:

— Дурня, — сказала, — і ў царкве паб’юць. Хай бы ж ты прамаўчаў... Дык не — трэба выткнуцца...

— І што потым гэтай дзеўцы, бацькам яе ў вочы глядзець? — папытаўся ў жонкі Грыша, і тая сціхла.

Н. А. Кандрашонак,

г. Петрыкаў.


Блін... клінам

Ой, паездзіў я нямала,

Каб наесціся бліноў:

Падае іх цёшча з салам,

Бо гадуе парсюкоў.

Ну і смачны ж

блін са шкваркай!

(Добра мець сваіх свіней!)

Прапануе цёшча й чарку,

Каб было яшчэ смачней.
А вось жонка — недарэка:

Блін спячэ, але ж не той.

Аж адверне чалавека,

Бо адна мука з вадой.

...З дому рваўся я адчайна:

Ладзіў цуды «гнуткасці»,

Мчаў да цёшчы,

і звычайна —

На высокай хуткасці.

Быў шчаслівы...

Але ж госці

Сталі добра каштаваць:

«Пісьмы шчасця»

сталі штосьці

Мне даішнікі пісаць.

Моліць жонка бога й неба:

— Столькі штрафаў,

проста жах!

Я ж кажу ёй:

— А не трэба

Эканоміць на блінах!

Іван Астроўскі,

г. Мінск.


З кім жыць, таго не гнявіць

...Іду неяк раз па вуліцы, а насустрач мне — знаёмая з вялікім пакункам. Прыпыніліся. Разгаварыліся. Яна і расказвае, што купіла новыя шторы, а цяпер вось нясе здаваць — мужу не спадабаліся. «Бывае, — кажу. — Нічога не зробіш...» І сама ў тым... вельмі сумняваюся, бо ўспамінаю сваю гісторыю са шторамі, і яна мне так падымае настрой...

Пачну з таго, што роўна праз год пасля вяселля (дзень у дзень) у нас з мужам нарадзіўся сын. Цудоўны хлопчык, але ж яны, маленькія, ці не ўсе хварэюць? Мы дык нават у бальніцу хутка трапілі.

Не ў памяці ўжо, колькі там лячыліся, але ж я ў гэты час — асабліва перад выпіскай — пастаянна думала пра дом, успамінала, што паспела там зрабіць, а найболей — што НЕ паспела. Калі канкрэтна, то занавескі памыць збіралася (яны ў нас на дзвярах віселі — паміж кухняй і пакойчыкам).

...Карацей, вяртаемся мы з сынам з бальніцы, а дома — поўны парадак. На месцы нават мае занавескі — чыстыя, папрасаваныя, хоць чамусьці... вельмі кароткія.

З чаго б гэта, што з імі зрабілася, у мужа не пытаюся: радуюся, што мы з сынам дома, што нас чакалі. Да таго ж гаспадар мой расказвае, што матулю на дапамогу не клікаў, сам усё і мыў, і прасаваў, і занавескі падшыў, таму што былі задоўгія...

Пахваліла Юру. І за «шыццё» — таксама.

А недзе праз месяц, распачаўшы чарговае мыццё, яшчэ раз памыла занавескі, вярнула ранейшую даўжыню і павесіла.

Муж спярша нічога не заўважыў. Але ж неяк сеў палуднаваць, утаропіўся на дзверы і кажа:

— Слухай, Зоя, а што гэта з занавескамі стала? Я ж іх падшываў... Яны што — зноў выцягнуліся?

— Ага! — кажу, — з асобнымі тканінамі гэта здараецца — расцягваюцца пасля мыцця. Але ведаеш, так нават прыгажэй. Мо не будзем іх больш падшываць?

Муж паціснуў плячыма:

— Ну, калі табе падабаецца, — тады не трэба.

...Не ведаю, як хто, а я тую жанчыну, што адносіла ў краму шторы, чамусьці шкадую. Ёй жа, мусіць, хацелася нешта змяніць у пакоі, у сваім і мужавым жыцці, яна прыглядалася, выбірала. А вось «павесіць» не змагла. І гэтак, на жаль, бывае.

Зоя Наваенка,

г. Глыбокае.


Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж.

У доме-музеі Якуба Коласа на адкрыцці выставы карыкатурыста (і каб толькі!) Анатоля Гармазы пашчасціла пазнаёміцца і пагутарыць з мастаком Валянцінам Губаравым, расказаць пра «Звязду» і любімую народную рубрыку, спытаць, ці можна нештачка ўзяць з яго цудоўных работ для ілюстрацыі праўдзівых гісторый? Спадар Валянцін сказаў: «Вам можна ўсё».

Грэх не скарыстацца.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.