Вы тут

Сімпозіум «Пісьменнік і час» традыцыйна прайшоў у Мінску


Традыцыйна ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу прайшоў сімпозіум «Пісьменнік і час», дзе разам з літаратарамі сабраліся прадстаўнікі выдавецтваў, палітыкі, філосафы, сацыёлагі. Сёлета для абмеркавання была прапанавана тэма «Партнёрства ў імя будучыні». З 2015 года сімпозіум з’яўляецца пляцоўкай, дзе разглядаюцца пытанні, звязаныя з літаратурным працэсам і развіццём культуры наогул, уздымаюцца актуальныя праблемы, а галоўнае — ідзе пошук сэнсаў і кірункаў для далейшага развіцця.


— Вынік ад мазгавой дзейнасці — гэта не тое, што можна вымяраць у кілаграмах, літрах, тонах ці нейкіх дасягненнях, якія больш характэрныя для рэальнага сектара эканомікі, — перад пачаткам мерапрыемства заўважыў на сустрэчы з журналістамі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. — Гэта мазгавы штурм з людзьмі вельмі эрудзіраванымі, якіх па праве лічаць лідарамі меркаванняў, з вялікім жыццёвым багажом, крэатыўным мысленнем, з шырокімі сувязямі ў розных краінах. Менавіта такія людзі здольныя крытычна ацаніць працэсы, якія адбываюцца, і знайсці падыходы да вырэшэння той ці іншай праблемы.

Сярод пытанняў, якія датычацца будучыні літаратуры, — як зрабіць яе больш запатрабаванай у моладзі, як праз кнігу даносіць гісторыю, як прывіваць добрыя густы чытачам і дзе баланс паміж так званай лёгкай кнігай і той, што даносіць сапраўдныя каштоўнасці, працягвае традыцыю, закладзеную класікамі. 

Новы выклік часу — штучны інтэлект. Тэхналогіі хутка развіваюцца, і часам творы, напісаныя машынай, ужо цяжка адрозніць ад аўтарскіх. Сёння такім чынам ствараюцца нават кнігі на гістарычную тэматыку, бо праграмы здольны «пераварыць» вялікую колькасць інфармацыі, якая ёсць у вольным доступе. 

Пры жаданні можна «папрасіць» штучны інтэлект уплесці ў тэкст любыя факты (як сапраўдныя, так і прыдуманыя), даць заданне зрабіць розныя развязкі, пачынаць кожны абзац з адной літары. Натуральна, ніякаму пісьменніку і нават групе аўтараў, якія працуюць над адной кнігай, не паспець за сучаснымі тэхналогіямі. 

Многія з удзельнікаў сімпозіума выказалі меркаванне, што штучны інтэлект не зможа замяніць чалавека. Ва ўсялякім разе, пакуль не атрымае доступ да шматлікіх крыніц, у якіх перададзены здабыткі, назіранні, вопыт чалавецтва. А для гэтага трэба адсканаваць усё: ад старажытных рукапісаў да кніг і часопісаў, што пабачылі свет за апошняе стагоддзе.

Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў заўважыў, што пісьменнікі ўсё бачаць іначай, і менавіта праз іх адзнакі і пачуцці людзі пазнаюць свет. Ніякі гаджэт не зможа замяніць такія фундаментальныя рэчы як сапраўдная літаратура і традыцыйная папяровая кніга. Адзін з прыярытэтаў Саюзнай дзяржавы — падтрымка і пашырэнне маштабаў гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Сярод праектаў, якія рэалізоўваюцца з гэтай мэтай, — «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы», дзе праз кнігі раскрываюцца старонкі сумеснай гісторыі. У рамках яго сёлета пабачаць свет выданні, прысвечаныя Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму, Дзмітрыю Мендзялееву, Івану Фёдараву. Асобная кніга расказвае пра асваенне космасу. Запланавана прэзентацыя выдання, прысвечанага подзвігу беларускіх партызан.

Публіцыст, пісьменнік, журналіст Андрэй Быстрыцкі заўважыў, што штучны інтэлект усё ж можа быць карысным. Ён дапамагае вырашаць руцінныя інтэлектуальныя задачы, такія як кампеляцыя. А вось ад пісьменніка ў наш час патрабуецца ўжо большая канцэнтрацыя на творчасці. Наогул, сёння літаратарам трэба ўлічваць розныя працэсы, якія звязаны з развіццём тэхналогій: — Ніколі людзі так шмат не пісалі. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі паглыбілі нас у свет бясконцага пісьма. Высветлілася, што межы паміж пісьменнікам і непісьменнікам размываюцца. Адкрыйце любую сацсетку — і вы можаце прачытаць гісторыі, напісаныя звычайнымі людзьмі, часта цудоўныя, з выдатным гумарам. Яшчэ адна праблема звязана з перанасычанасцю інфармацыяй не толькі дрэннай, але і добрай. Гэты сучасны інфармацыйны камунікацыйны свет нас хутчэй раз’ядноўвае, чым наадварот, і літаратура як мастацтва з роляй інтэграцыі можа часам не спраўляцца. Нам трэба задумацца, як трансфармаваць камунікацыю, аднавіць страчаную іерархію і правесці свайго роду рэнесанс прафесійнай літаратуры.

Сваімі думкамі наконт таго, як далей будзе развівацца свет, падзяліўся іранскі вучоны, дыпламат, доктар палітычных наук Санаі Мехдзі. У суаўтарстве з Андрэем Быстрыцкім ён напісаў кнігу «Размова пра будучыню, якой пакуль няма». Гэтая кніга прэзентавалася на ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы. У ёй разглядаецца, як у будучыні могуць развівацца розныя сферы, не толькі палітычная і эканамічная, але нават і тыя, што звязаны з развіццём тэхналогій, пакарэннем космасу, інстытутам сям’і. Ужо сёння важна пралічыць, як глабалізацыя можа змяняць свет, якім будзе светапарадак і як трэба наладжваць міжнародныя адносіны, каб яны забяспечвалі мір і бяспеку. 

У сучасным свеце, які пастаянна мяняецца, адназначна ўзрастае роля рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Рэктар Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў акдэмік Аляксандр Запясоцкі распавёў, што вучоныя гуманітарыі свае прагнозы наконт будычыні робяць на аснове аналізу працэсаў, якія адбываюцца ў культуры, эканоміцы, палітыцы ды іншых сферах. На яго думку, штучны інтэлект — адзін з небяспечных сімптомаў, звязаных са знікненнем інтэлектуалаў, філосафаў, мысляроў. У пачатку ХХ стагоддзя, і нават у 50-я гады, у Еўропе яшчэ былі заўважнымі такія асобы. Здавалася, калі краіны дасягнулі пэўнага дабарабыту, сталі даступнымі медыцына і адукацыя, што вось яны, тыя магчымасці, каб будаваць ідэальны свет з высокай культурай і духоўнасцю. Замест гэтага пачала распаўсюджваюцца масавая культура, культ матэрыяльнага спажывання, калі нормай стала кожны сезон набываць новае адзенне, каб праз кароткі час яе выкінуць, і рабіць тэхніку, якую трэба абнаўляць кожны год, што ў выніку вядзе да спусташэння рэсурсаў планеты і дэфармацыі духоўнага свету чалавека. Таму сёння і ўзрастае роля пісьменнікаў, якія павінны абараняць сапраўдныя культурныя каштоўнасці.

Сёння, калі кнігі выходзяць невялікімі тыражамі, іх аўтаматычна могуць занесці ў шэраг «слабых», «нецікавых». Часта ў папрок прыводзіцца параўнанне з тыражамі, якія былі ў савецкія часы. Але ніхто не ўлічвае, што ў 60-я гады, калі пасля вайны ўзрос дабрабыт насельніцтва, узнікла мода на кнігі і ў той жа час адчуваўся іх дэфіцыт. Сёння кніжны рынак насычаны вялікай колькасцю кніжнай прадукцыі. Рука недасведчанага чытача часта цягнецца да лёгкай літаратуры. Але, як заўважыў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, сур’ёзная літаратура, прайграючы бульварнаму чытву ў папулярнасці, ад гэтага не стала горшай, не адмовілася ад галоўных функцый, якія павінна выконваць. Час пакажа, што і праз 30–40 гадоў сур’ёзныя кнігі (няхай і невялікімі тыражамі) будуць перавыдавацца ў адрозненне ад тых, што сёння раскупляюцца.

Асі Мустафа Доха, пісьменніца, публіцыстка, дэпутат парламента Егіпта, заўважыла, што літаратура мяняе свет і аб’ядноўвае людзей. Яна згадала, што менавіта кнігі паўплывалі на яе выбар, у якой краіне атрымліваць адукацыю. Творы Асі Мустафы Дохі перакладзены на многія мовы, а пісьменніцкая прафесія, дзякуючы якой яна шмат падарожнічае, удзельнічае ў міжнародных выстаўках, дазволіла ўбачыць, што людзі ў розных краінах яшчэ мала ведаюць адзін пра аднаго. Гэта яна бычыць нават падчас сустрэч з чытачамі.

— Я лічу, што кожны персанаж — гэта носьбіт культуры, рэлігіі, на яго ўплываюць палітыка і сацыяльныя ўмовы. На аснове кампеляцыі ўсяго гэтага складваецца яго жыццё, ён прымае пэўныя рашэнні. Так, апошнія 150 гадоў актыўна развіваецца сістэма адукацыі, але як людзі жылі да гэтага? Егіпет — старажытная цывілізацыя, і кожны чалавек нясе ў сабе розум, веды, вопыт, якія перадаюцца наступнаму пакаленню нават без пасярэдніцтва школ. Такім чынам, нават мастацкая літаратура дапамагае пазнаваць гісторыю, культуру і менталітэт народаў. Каб не было стэрэатыпнага раздзялення, небяспечнага для міру, літаратура павінна развівацца, — заўважыла Асі Мустафа Доха.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар—галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч звярнуў увагу ўдзельнікаў сімпозіума на тое, што ў апошнія гады вялікую ролю пачала адыгрываць публіцыстыка: 

— Сёння аўтары не адмаўляюцца ад таго, каб выразна, часам прамалінейна выказваць сваю ацэнку часу. Гэта адказ на тое, што адбываецца ў грамадстве, не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Адна з прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва ўручана Уладзіміру Ліхадзедаву за гісторыка-асветніцкі праект «Бацькаўшчына», серыю аўтарскіх кніг-альбомаў, дзе з дапамогай візуалізацыі, старых паштовак аўтар выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю. Высокая ўзнагарода сведчыць пра тое, што яго працы дадзена публіцыстычная і палітычная ацэнка. 

Творы аўтараў-публіцыстаў, многія з якіх, дарэчы, з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, былі прадстаўлены на стэндах Мінскай кніжнай выстаўкі. 

Галоўнай жа ўзнагародай сучаснаму аўтару, на думку Алеся Карлюкевіча, будзе тое, як яго творчасць паўплывае на будучыню, калі ён пабачыць, што яго слова адгукнецца ў заўтрашнім дні, калі дзякуючы яму будуць захаваны мір, духоўнасць і мараль.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Як слова адгукнецца...

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?