Вы тут

Ён застаўся для нас паэтам, беларусам, «дзяжурным па планеце»...


Гэта быў ужо не першы для мяне семінар маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. За час, што прайшоў з папярэдняга, у мяне з’явіліся першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку, і я стаў падумваць пра выданне ўласнай кнігі. 


Мікола Мятліцкі

Ды і каралішчавіцкія сосны і ўтульны пісьменніцкі дом былі як вяртанне ў родную і чаканую атмасферу. 

Сярод удзельнікаў семінара ўвагу прыцягвала дружная кампанія філфакаўцаў БДУ, дзе прыкметна выдзяляліся пышнавалосы з пшанічнымі вусамі Алесь Пісьмянкоў і невысокі, худзенькі, у вялізных акулярах Мікола Мятліцкі. У гэтага хлапца быў густы басавіты голас, ён упэўнена і актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх абмеркаваннях, і адчувалася, што ён лічыць сябе не нясмелым пачаткоўцам, а паўнацэнным удзельнікам літаратурнага працэсу. 

Што і пацвердзілася, калі пасля абмеркавання маіх вершаў ён падышоў і пачаў размову з фразы:

— Як паэт я цябе разумею...

Гэтага «як паэт» я не мог тады сабе дазволіць, хоць па ўзросце быў старэйшы, ды і доўгі час пасля не рашаўся называць сябе такім высокім словам. 

Ужо тады было відаць, што Мікола лічыць літаратуру сваім жыццём і лёсам і свой выбар ён зрабіў канчаткова. 

Другая наша сустрэча адбылася ў Наваполацку. 

Я працаваў тады рэдактарам радыёвяшчання на вытворчым аб’яднанні «Палімір», а Мікола прыехаў у камандзіроўку ад газеты «Літаратура і мастацтва», куды яго ўзялі адразу пасля ўніверсітэта. 

Сталічны госць рыхтаваў матэрыял для свайго выдання, а я, як гасцінны гаспадар, запрасіў яго да нас дадому на святочны абед. У гэты час у госці прыехала мая цешча з Палесся, і мне хацелася пазнаёміць яе з земляком. 

«О, гэтае хлапчаня ўжо вялікі начальнік?» — здзівілася мая Зося Паўлаўна. 

А Мікола паводзіў сябе як заўсёды нязмушана і ўпэўнена, хваліў прыгатаваныя Мар’яй Іванаўнай бульбяныя клёцкі, распытваў маю палескую цешчу пра вясковае жыццё. 

Пасля мы доўга не бачыліся. У Міколы выходзілі кнігі, яго хвалілі крытыкі, а я быў далёкі ад сталічных літаратурных колаў, шмат часу аддаваў працы ўласнага карэспандэнта радыё. 

Пасля пераезду ў Мінск лёс нечакана прывёў мяне пасля нядоўгай працы ў «Вожыку» ў самы вір літаратурнага жыцця — мяне абралі намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, я пасябраваў з Алесем Пісьмянковым, з’явілася новае кола калег і сяброў. 

З Міколам Мятліцкім мы не сказаць, каб адразу зблізіліся. Ён ужо меў сваю вагу, больш сябраваў са старэйшымі мэтрамі, яго называў сваім паплечнікам сам Іван Пятровіч Шамякін. 

Часцей сталі сустракацца ў кабінеце Алеся Пісьмянкова, калі Мікола заходзіў пагаварыць «да Сашы». Яны разам успаміналі сумесныя паездкі на рыбалку, разважалі і пра літаратуру. Стаўленне Мятліцкага да многіх падзей было важкім і грунтоўным. Ён ужо тады адчуваў сваю адказнасць, свой абавязак літаратара, быў не па гадах салідным, нібыта старэйшы за нас нашмат. Хаця часам у ім прачынаўся малады Мікола з уласцівым толькі яму гумарам. 

У пісьменніцкім асяроддзі не ўсе адназначна прынялі прызначэнне яго галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Але Мікола ўзяўся за справу з пачуццём пераемнасці слаўных імёнаў папярэднікаў на гэтай пасадзе. І хоць узнікала нямала праблем у складаныя часы і з падпіскай, і з напаўненнем рэдакцыйнага партфеля, Мятліцкі не апускаў планку літаратурнага ўзроўню выдання. У той час з ім працавалі Віктар Праўдзін, Алесь Наварыч, Уладзімір Марук, Уладзімір Саламаха, Анатоль Зэкаў, Вадзім Спрынчан, Алесь Марціновіч — вядомыя творцы і вопытныя рэдактары. 

Мне як члену рэдкалегіі не раз даводзілася прысутнічаць на абмеркаванні планаў і аналізе надрукаванага на старонках часопіса, і я бачыў шчырую зацікаўленасць галоўнага рэдактара ў тым, каб часопіс працягваў слаўныя традыцыі «палымянцаў». 

Што да традыцый, Мікола ўсур’ёз адчуваў сябе прадаўжальнікам вялікіх папярэднікаў і не раз гаварыў пра гэта. 

— Ведаеш, Навум, на нашы плечы кладзецца ўвесь цяжар адказнасці за нашу літаратуру, за тое, што пакінулі нам Мележ, Шамякін, Броўка. 

Ён не раз прамаўляў мне гэта пры сустрэчах, і ў яго словах не было найгранасці ці лішняга пафасу. Ён так лічыў, і тое, што многім магло падацца надта высакапарным, для яго было натуральна, як назваць сябе «дзяжурным па планеце». 

Яшчэ адна цікавая акалічнасць. Калі ён палічыў, што ў нечым мяне абышлі, не памятаю нават, тычылася гэта прэмій ці ўзнагарод, то на поўным сур’ёзе ў прысутнасці калег дэклараваў:

— Я гатовы адмовіцца ад сваёй узнагароды, мне хопіць, на карысць Навума. 

Дзякуй Богу, не спатрэбілася, ды і я на такое не пагадзіўся б, але гэта ў многім характарызавала Міколу. 

Затое ён быў рады, што мне прысвоілі званне «Заслужаны дзеяч культуры». 

— Ёсць пра што пагаварыць абодвум заслужаным, — сказаў ён мне, калі я чарговы раз запрашаў на сваю праграму «Суразмоўцы». 

Дарэчы, ён адзін з нямногіх маіх суразмоўцаў, які быў у гэтай праграме другі раз. 

Мікола сышоў з жыцця нечакана, ды і ці бывае чаканым сыход блізкага чалавека. 

Расказваюць, што ён жартаваў у апошнія дні ў бальніцы. 

Заўсёды сур’ёзны, адказны, але многія ведаюць яго як вясёлага, з добрым гумарам чалавека. 

Ён выканаў сваё прызначэнне на зямлі, застаўся для нас паэтам, беларусам, «дзяжурным па планеце».

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?