Вы тут

Ён застаўся для нас паэтам, беларусам, «дзяжурным па планеце»...


Гэта быў ужо не першы для мяне семінар маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. За час, што прайшоў з папярэдняга, у мяне з’явіліся першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку, і я стаў падумваць пра выданне ўласнай кнігі. 


Мікола Мятліцкі

Ды і каралішчавіцкія сосны і ўтульны пісьменніцкі дом былі як вяртанне ў родную і чаканую атмасферу. 

Сярод удзельнікаў семінара ўвагу прыцягвала дружная кампанія філфакаўцаў БДУ, дзе прыкметна выдзяляліся пышнавалосы з пшанічнымі вусамі Алесь Пісьмянкоў і невысокі, худзенькі, у вялізных акулярах Мікола Мятліцкі. У гэтага хлапца быў густы басавіты голас, ён упэўнена і актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх абмеркаваннях, і адчувалася, што ён лічыць сябе не нясмелым пачаткоўцам, а паўнацэнным удзельнікам літаратурнага працэсу. 

Што і пацвердзілася, калі пасля абмеркавання маіх вершаў ён падышоў і пачаў размову з фразы:

— Як паэт я цябе разумею...

Гэтага «як паэт» я не мог тады сабе дазволіць, хоць па ўзросце быў старэйшы, ды і доўгі час пасля не рашаўся называць сябе такім высокім словам. 

Ужо тады было відаць, што Мікола лічыць літаратуру сваім жыццём і лёсам і свой выбар ён зрабіў канчаткова. 

Другая наша сустрэча адбылася ў Наваполацку. 

Я працаваў тады рэдактарам радыёвяшчання на вытворчым аб’яднанні «Палімір», а Мікола прыехаў у камандзіроўку ад газеты «Літаратура і мастацтва», куды яго ўзялі адразу пасля ўніверсітэта. 

Сталічны госць рыхтаваў матэрыял для свайго выдання, а я, як гасцінны гаспадар, запрасіў яго да нас дадому на святочны абед. У гэты час у госці прыехала мая цешча з Палесся, і мне хацелася пазнаёміць яе з земляком. 

«О, гэтае хлапчаня ўжо вялікі начальнік?» — здзівілася мая Зося Паўлаўна. 

А Мікола паводзіў сябе як заўсёды нязмушана і ўпэўнена, хваліў прыгатаваныя Мар’яй Іванаўнай бульбяныя клёцкі, распытваў маю палескую цешчу пра вясковае жыццё. 

Пасля мы доўга не бачыліся. У Міколы выходзілі кнігі, яго хвалілі крытыкі, а я быў далёкі ад сталічных літаратурных колаў, шмат часу аддаваў працы ўласнага карэспандэнта радыё. 

Пасля пераезду ў Мінск лёс нечакана прывёў мяне пасля нядоўгай працы ў «Вожыку» ў самы вір літаратурнага жыцця — мяне абралі намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, я пасябраваў з Алесем Пісьмянковым, з’явілася новае кола калег і сяброў. 

З Міколам Мятліцкім мы не сказаць, каб адразу зблізіліся. Ён ужо меў сваю вагу, больш сябраваў са старэйшымі мэтрамі, яго называў сваім паплечнікам сам Іван Пятровіч Шамякін. 

Часцей сталі сустракацца ў кабінеце Алеся Пісьмянкова, калі Мікола заходзіў пагаварыць «да Сашы». Яны разам успаміналі сумесныя паездкі на рыбалку, разважалі і пра літаратуру. Стаўленне Мятліцкага да многіх падзей было важкім і грунтоўным. Ён ужо тады адчуваў сваю адказнасць, свой абавязак літаратара, быў не па гадах салідным, нібыта старэйшы за нас нашмат. Хаця часам у ім прачынаўся малады Мікола з уласцівым толькі яму гумарам. 

У пісьменніцкім асяроддзі не ўсе адназначна прынялі прызначэнне яго галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Але Мікола ўзяўся за справу з пачуццём пераемнасці слаўных імёнаў папярэднікаў на гэтай пасадзе. І хоць узнікала нямала праблем у складаныя часы і з падпіскай, і з напаўненнем рэдакцыйнага партфеля, Мятліцкі не апускаў планку літаратурнага ўзроўню выдання. У той час з ім працавалі Віктар Праўдзін, Алесь Наварыч, Уладзімір Марук, Уладзімір Саламаха, Анатоль Зэкаў, Вадзім Спрынчан, Алесь Марціновіч — вядомыя творцы і вопытныя рэдактары. 

Мне як члену рэдкалегіі не раз даводзілася прысутнічаць на абмеркаванні планаў і аналізе надрукаванага на старонках часопіса, і я бачыў шчырую зацікаўленасць галоўнага рэдактара ў тым, каб часопіс працягваў слаўныя традыцыі «палымянцаў». 

Што да традыцый, Мікола ўсур’ёз адчуваў сябе прадаўжальнікам вялікіх папярэднікаў і не раз гаварыў пра гэта. 

— Ведаеш, Навум, на нашы плечы кладзецца ўвесь цяжар адказнасці за нашу літаратуру, за тое, што пакінулі нам Мележ, Шамякін, Броўка. 

Ён не раз прамаўляў мне гэта пры сустрэчах, і ў яго словах не было найгранасці ці лішняга пафасу. Ён так лічыў, і тое, што многім магло падацца надта высакапарным, для яго было натуральна, як назваць сябе «дзяжурным па планеце». 

Яшчэ адна цікавая акалічнасць. Калі ён палічыў, што ў нечым мяне абышлі, не памятаю нават, тычылася гэта прэмій ці ўзнагарод, то на поўным сур’ёзе ў прысутнасці калег дэклараваў:

— Я гатовы адмовіцца ад сваёй узнагароды, мне хопіць, на карысць Навума. 

Дзякуй Богу, не спатрэбілася, ды і я на такое не пагадзіўся б, але гэта ў многім характарызавала Міколу. 

Затое ён быў рады, што мне прысвоілі званне «Заслужаны дзеяч культуры». 

— Ёсць пра што пагаварыць абодвум заслужаным, — сказаў ён мне, калі я чарговы раз запрашаў на сваю праграму «Суразмоўцы». 

Дарэчы, ён адзін з нямногіх маіх суразмоўцаў, які быў у гэтай праграме другі раз. 

Мікола сышоў з жыцця нечакана, ды і ці бывае чаканым сыход блізкага чалавека. 

Расказваюць, што ён жартаваў у апошнія дні ў бальніцы. 

Заўсёды сур’ёзны, адказны, але многія ведаюць яго як вясёлага, з добрым гумарам чалавека. 

Ён выканаў сваё прызначэнне на зямлі, застаўся для нас паэтам, беларусам, «дзяжурным па планеце».

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА


***

Утаймуйцеся, сілы чорныя, 
Разбуральныя, патаемныя, 
Агрэсіўныя, чужатворныя, 
Чужародныя і нядрэмныя! 

Сілы — крылы спакусы хіжае, 
Нішчыць край і люд свой гатовыя... 
Беларусь мая, веру, выжыве, 
Як не раз было ў дні суровыя. 

Утаймуйцеся, сілы чорныя, 
Чужародныя, чужатворныя! 

1.12.2020 

***

Пад сонечнай каронай залатой 

Ужо стагоддзі сталі на пастой, 

І на адной з сагрэтых ёй планет 

Жыцця успыхнуў зыркі першацвет, 

І праз таемна збеглыя гады 

І ты, і я з’явіліся сюды. 

У каралеўстве зорнага святла 

Зямля і нам наш час быцця дала, 

І крочым мы сваёй зямной вярстой 

Пад сонечнай каронай залатой. 

9.08.2021 

***

Рослыя вязы ў абхоп 

Усталі на вуліцы той, 

Дзе радасць бруіла ўзахлёб, 

Дзе пыл аж курэў пад пятой, 

Дзе пах за платамі кроп... 

Вязы... 

І Час-далакоп... 

10.07.2021 

Лімавец 

Ён гадамі глядзеў на прыступкі «Ін’яза», 
Упіваўся дзявочай красой, як нямногія. 
Ўсё грымяць і грымяць прыгажуняў абцасы, 
Ўсё ідуць і ідуць прад вачмі, даўганогія! 

Пазірае з акна, што між кроністых дрэў, 
На няспынны іх цуг ад вясны да вясны. 
Ён не бачыць таго: сам даўно пастарэў, 
Ды нязменна (гады!) юнь-пяшчота — яны. 

6.03.2021 

***

За далёкія пагоркі 
Адступіўся вечар сіні, 
Дружна выбліснулі зоркі 
Ў неба чорнага пустыні. 

Павялі свае гаворкі 
У заселеным сусвеце. 
Не яны, для іх мы — зоркі, 
Кожны — зырка сэрцам свеціць! 

17.07.2021 

***

230 мільёнаў гадоў кракадзілу, 

60 мільёнаў гадоў кіту, 

50 мільёнаў гадоў слану... 

3 мільёны гадоў — усяго! — чалавеку. 

І ён, малалетка эвалюцыйны, 

Ужо столькі ўправіўся на зямлі 

Жахот натварыць... 

19.07.2021 

***

На дзялянцы памяці маёй, 
Дзе сякера часу пахадзіла, 
Як няшмат дрэў стойкіх ацалела — 
Дзён прасветлых, спеўных, шумналістых. 

Колькі іх, пакладзеных, лягло 
Пад драпежным чорным ураганам, 
Што над краем ноччу прашугаў... 
Грознае імя ў яго — Чарнобыль! 

Скуты чорнай мёртвасцю прагал 
Утварыўся на душы збалелай. 
Шмат гадоў імкнуўся — і не змог 
Памяць прасвяціць высокім сонцам. 

23.08.2021 

***

Стала няўстойлівай 

псіхіка чалавечая, 

Усё болей і болей тых, 

хто на мяжы вар’яцтва.

За спінай грыміць 

стагоддзяў галоснае веча, 

Просіць нас 

людзьмі заставацца 

У век разбэшчана-разняволены, 

Дзе звыкла мільгае 

азадак аголены. 

17.07.2021 

***

Зноўку ваеншчына мускуламі грае. 

Гуртуецца зноўку варожая зграя. 

Зноўку шалее Еўропа старая... 

Зноў дзесь у бункеры ляжыць план сакрэтны. 

Зноўку паўкроку да Трэцяй сусветнай... 

26.07.2021 

Ведайце 

Вы, чые душы дробязней цэнта, 
Хто водзіць заўсёдна са смерцю гульню, 
Ведайце: краіны сваёй прэзідэнта 
Ад кулі грудзьмі я засланю. 

Мільёнаў маіх суайчыннікаў грудзі 
Стануць побач надзейнай бранёй. 
І вы, нелюдзі, а не людзі, 
Самі патонеце ў чорным брудзе, 
Спароджаным вашай крывавай разнёй. 

17.04.2021 

Маладым суайчыннікам 

Вы на руінах колішняй вайны 
Як кветкі ўсталі ў сонцы і раскошы. 
І галасы залівіста чутны, 
І кожны — белабрысы і харошы. 

Вам хочацца хутчэй нырнуць у свет, 
Прыняць яго штодзённыя спакусы. 
Ды ён, паверце, ўсё ж не раснацвет, 
О, юныя шчасліўцы беларусы! 

І тыя, што прыстойныя на від, 
Хто сёння — і саліднасць, і пакора, 
Учора тут чынілі генацыд, 
Хадзілі ўсцяж з нагайкамі заўчора. 

Якой іх лютасць хіжаю была, 
Якой была іх азвярэлай вера, 
Няхай вам скажуць мёртвая Ала 
І ад крыві дзяцей Чырвоны Бераг. 

Якім быў іхняй жорсткасці вянец, 
Сюды ішлі яны з якою ласкай, 
Няхай вам скажа скрушны Трасцянец 
З крыві прарослай сёння кожнай краскай. 

Званамі скажа сцёртая Хатынь, 
Што скаланае чуйна неба высі... 
Астынь, душа бадзяжная, астынь, 
Прыстань хоць на хвіліну, азірніся! 

Не стань прадажнай! — ты патрэбна тым, 
Хто ўмее вабіць так зазыўна ў сеткі, 
Каб над Айчынай зноў узвіўся дым 
І зноў крывёю набрынялі кветкі. 

Вы, дзеці шматпакутнае зямлі, 
Каго яна ад згубы ўратавала, 
Каго шчасліва ў цемя цалавала, 
Каб жыць па-чалавечы тут маглі.

6.08.2021

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.