Слуцк — горад з багатай гісторыяй і самабытнымі традыцыямі, якія беражна захоўваюцца. А яшчэ гэта буйны прамысловы цэнтр з прадпрыемствамі, вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Што цяпер новага і цікавага ў горадзе і раёне, чым жыве гэта мясцовасць? Усе гэтыя пытанні мы абмеркавалі са старшынёй Слуцкага райвыканкама Уладзімірам Гогам.
Уладзімір Леанідавіч Гога нарадзіўся ў вёсцы Ісерна Слуцкага раёна 8 жніўня 1980 года. Усё сваё жыццё ішоў па шляху эканаміста. Пасля школы паступіў у Мінскі фінансава-эканамічны каледж, пяць гадоў адпрацаваў эканамістам 1-й катэгорыі фінансавага аддзела Мінскага раённага выканаўчага камітэта. Далей, у 2004 годзе, Уладзімір Леанідавіч атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Малады і перспектыўны спецыяліст быў прыняты на пасаду галоўнага эканаміста, затым кансультанта Галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе перайшоў на работу ў родны Слуцк, дзе працаваў начальнікам фінансавага аддзела, а затым фінансавага ўпраўлення ў раённым выканаўчым камітэце. З 2022 года прызначаны старшынёй Слуцкага раённага выканаўчага камітэта.
— Уладзімір Леанідавіч, вы ўжо амаль два гады працуеце на пасадзе старшыні. Раскажыце, як вы ўспрынялі навіну аб гэтым прызначэнні, якія ў вас былі планы і што з іх удалося ўвасобіць у жыццё?
— Думаю, кожны чалавек павінен ставіць перад сабой мэты. Калі ты працуеш доўгі час на адным месцы, то развіваешся толькі да нейкага вызначанага моманту. Пасля гэта ўсё спыняецца. Таму павінна быць пэўная ратацыя кадраў. Калі новы чалавек прыходзіць на тую ці іншую пасаду, ён на ўсё глядзіць свежым, незамыленым вокам, і гэта адкрывае далягляды і развіццё.
Планаў пры ўступленні на пасаду было шмат. Я ж сам карэнны жыхар Случчыны, ведаю многія праблемы знутры. Вядома, думкі толькі аб тым, каб палепшыць свой горад, раён. Хочацца, каб ён стаў больш інвестыцыйна прывабным і прыгожым, каб людзям было дзе адпачыць. Адным словам, стварыць такую інфраструктуру, якая была б утульнай і ў той жа час прывабнай для турыстаў.
У гэтым кірунку і дзейнічаем. Так, у 2023 годзе мы адкрылі скейт-пляцоўку сумесна з Беларускай федэрацыяй скейтбордынгу. Яна цалкам адпавядае ўсім патрабаванням, тут можна праводзіць юнацкія спаборніцтвы. Таксама мы адкрылі вялікую дзіцячую пляцоўку ў гарадскім парку для ўсіх узростаў і дзве вулічныя пляцоўкі з трэнажорамі. На парадку дня перад летнім сезонам — добраўпарадкаванне гарадскога пляжа. Аднак у перспектыве мы разглядаем яшчэ адно месца, дзе можна было б адкрыць такое ж месца для правядзення вольнага часу.
— Па адукацыі вы эканаміст і ў цэлым усё жыццё ішлі па гэтым кар’ерным шляху. Як ацэньваеце эканамічнае становішча Случчыны на дадзены момант?
— Калі меркаваць па 2023 годзе, то ў нас ідзе нядрэннае развіццё рэгіёна. Так, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата склала 120,0% пры прагнозе 116,1%, інвестыцыі ў асноўны капітал — 152,5% пры прагнозе 122,4%.
Наогул, я заўсёды кажу, што люстэрка эканомікі, індыкатар яе стану — тое, наколькі добра папаўняецца бюджэт. У нас сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна склалі 125,4% пры прагнозе 109,2%. І я лічу, што гэта даволі добры вынік.
— Якім сектарам эканомікі ўдзяляеце найбольшую ўвагу і падтрымку?
— Нельга вылучыць прыярытэтную галіну, таму што эканоміка — гэта ланцужок. Усё пачынаецца з зямлі. Сельская гаспадарка вырошчвае прадукцыю, затым яе перапрацоўваюць на прамыслова-перапрацоўчых прадпрыемствах. Пасля гэтага гатовая прадукцыя паступае для продажу ў нашы магазіны або на экспарт. Гэта і ёсць цыкл вяртання выручкі на прадпрыемства, выплата падаткаў і выплата заработнай платы. Таму трэба аднолькава ўдзяляць ўвагу ўсім галінам, бо, калі хоць у нейкім са звёнаў будуць праблемы, ланцужок разбурыцца.
— У 2023 годзе Слуцк атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі. Што гэта дало гораду, як паўплывала на яго развіццё?
— Гэта дало магчымасць ажыццявіць новыя ідэі па развіцці культурнай прасторы, рэалізаваць гістарычны патэнцыял горада. Усяго было праведзена больш за 200 мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Гэта і ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця акцыі «Культурная сталіца года», і фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», і абласное свята народных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», і шмат чаго іншага. Безумоўна, гэта дало штуршок да развіцця турызму: за мінулы год Слуцк наведала каля 80 000 гасцей.
А яшчэ дзякуючы гэтай акцыі змяніўся наш Дом культуры. Мы абнавілі яго фасад, ганак, глядзельную залу, сцэну і многае іншае. Акрамя таго, было набыта новае сучаснае абсталяванне для таго, каб гэтая пляцоўка магла па праве лічыцца цэнтрам культурнага жыцця Случчыны. Таксама напярэдадні «Культурнай сталіцы» мы адкрылі наш краязнаўчы музей, які да гэтага гадоў пяць быў у стане рамонту. Ну і, вядома, зрабілі бягучыя рамонты клубных устаноў і школ мастацтваў.
— Давайце пагаворым аб прамысловых прадпрыемствах. Якія б вы з іх вылучылі і чаму?
— У нас ёсць тры флагманы, што фарміруюць прамысловую вытворчасць. Гэта «Слуцкі сыраробны камбінат» з шырокай геаграфіяй паставак. Ён займае больш за 80% у долі экспарту і ў долі выручкі рэгіёна. «Слуцкі мясакамбінат», які вырабляе каля 250 найменняў мясной прадукцыі, і «Слуцкі цукрарафінадны камбінат», які займае больш за 30% працэнтаў цукровага рынку Беларусі.
— А што наконт сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу? Як ідуць справы з падрыхтоўкай да пасяўной?
— Цяпер усё ідзе планава. Ужо завершаны рамонт і падрыхтоўка тэхнікі да вясенняй пасяўной кампаніі. Забяспечанасць угнаеннямі ў нас нядрэнная: больш за 80% мінеральных угнаенняў — пад яравую сяўбу. Таму думаю, што ўсё правядзём на належным узроўні.
Да таго ж яравой сяўбы ў нас не вельмі шмат. У асноўным усё засеяна азімымі культурамі, якія даюць больш значны вынік. У цэлым, хвалявацца няма падставы. Галоўнае — своечасова ў тэхналагічныя тэрміны падкарміць азімыя культуры. Тэхніка ёсць, людзі ёсць, таму істотных праблем у гэтым кірунку не назіраецца.
— У пачатку гэтага года з’явілася навіна аб тым, што ў горадзе будуецца новая адміністрацыйная вытворчасць слуцкіх паясоў. Як развіваецца гэтае прадпрыемства і наколькі наогул гэта актуальна?
— З прыходам новага кіраўніка прадпрыемства перастала цярпець страты. Пачаўся рост заработнай платы, загрузка вытворчых магутнасцяў. Чалавек бачыць маштабы развіцця. У іх ёсць свая фірмовая крама з шырокай лінейкай прадукцыі, якая карыстаецца попытам. Вядома, тут ёсць копіі слуцкіх паясоў, створаных па ўнікальнай тэхналогіі ткацтва слуцкай мануфактуры. Апроч гэтага, на прылаўку крамы можна знайсці мноства сувенірнай прадукцыі, а таксама падушкі, коўдры, ручнікі, нацыянальныя сцэнічныя гарнітуры і шмат яшчэ ўсякіх цікавінак.
— Давайце пагаворым аб сацыяльнай сферы. Як працуеце ў розных яе кірунках?
— Шмат увагі ўдзяляем установам аховы здароўя. Асабліва тым, якія знаходзяцца ў вёсцы. За мінулы год усе ФАПы, бальніцы, амбулаторыі ў сельскай мясцовасці былі прыведзены ў парадак. Цяпер умовы знаходжання людзей поўнасцю адпавядаюць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням.
— Важна тое, што мы імкнуліся да гэтага комплексна падыходзіць. Зрабіць не адну палату, а цэлае аддзяленне. Ці ўвогуле цэлы ФАП. Так, у самай аддаленай ад Слуцка вёсцы Сорагі мы пабудавалі цалкам новы ФАП замест старога, які там быў яшчэ з 1937 года.
Таксама скончылі распрацоўку мадэрнізацыі нашай рэанімацыі. На жаль, з часоў пабудовы бальніцы яна ніяк не мадэрнізавалася. А патрабаванні сёння ўжо зусім іншыя. Акрамя таго, вырашаецца пытанне ўстаноўкі МРТ і яшчэ аднаго апарата КТ.
Летась зрабілі стаматалагічную паліклініку. У яе даволі цікавая архітэктура. Яна, так бы мовіць, у падвешаным стане, гэта значыць, для таго, каб туды зайсці, трэба падняцца па лесвіцы даўжынёй 2,5 метра, што можа быць цяжка для пэўных катэгорый грамадзян. Таму мы ўстанавілі там пад’ёмнік для інвалідаў.
Калі казаць пра адукацыю, то не абмінаем ні адну ўстанову. Кожны год стараемся і рамонт рабіць, і тэрыторыі добраўпарадкоўваць. Сёлета на тэрыторыі школы № 5 збіраемся поўнасцю рэканструяваць стадыён, дзе будуць бегавыя дарожкі, футбольнае поле і 100-метроўка.
Акрамя таго, будзе будавацца фізкультурна-спартыўны комплекс на тэрыторыі былога кансервавага завода. Арыентацыя — на гандбол, таму што ў нас вельмі добрая школа па гэтым відзе спорту: займаем першыя месцы па краіне. На гэтай тэрыторыі ёсць цікавы будынак, які адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ёсць ідэя знайсці інвестараў і аддаць яго пад рэканструкцыю, каб на верхніх паверхах былі гасцінічныя нумары, а на ніжніх — рэстаран. Думаю, гэта карысталася б попытам.
Што да культурных устаноў, то іх таксама не абдзяляем: і абсталяванне купляем, і музычныя інструменты, і рамонты праводзім.
Аб’ёмныя работы былі праведзены ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не шкадавалі сродкаў на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і пашырэнне паркавальных пляцовак. Таксама ў 2023 годзе ў Слуцку была адкрыта першая пляцоўка для выгулу сабак па вуліцы Барысаўца. Вялікая ўвага — рамонту вулічна-дарожнай сеткі і маставых збудаванняў. Акрамя таго, сёлета было ўстаноўлена шэсць новых пунктаў прыпынку. Тым не менш яшчэ застаюцца праблемнымі пытанні добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, а таксама вуліц горада і сельскіх населеных пунктаў. Так што мы старанна працуем у гэтым кірунку.
Гутарыла Лізавета ГОЛАД
Фота Лізаветы ГОЛАД і Алены ДАЎЖАНОК
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.