Вы тут

Старшы лейтэнант Аляксей Ляшэнка пра шлях да афіцэрскіх пагонаў і ваенную дынастыю


З самага дзяцінства старшы афіцэр аддзялення баявой падрыхтоўкі (і службы ў рэзерве) 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Аляксей Ляшэнка ведаў: быць ваеннаслужачым яму наканавана лёсам. Усе мужчыны ў сям’і насілі афіцэрскія пагоны, такіх жа прафесійных вышынь марыў дасягнуць і ён. Па прыкладзе бацькі і роднага дзядзькі Аляксей скончыў сувораўскае вучылішча і вырашыў звязаць сваё жыццё з танкавымі войскамі. Загартоўваўся характар будучага абаронцы Айчыны на палігонах, куды бацька-камандзір часта браў сына з сабой.


Дынастыя: Аляксей Ляшэнка разам з бацькам (першы злева), дзядулем Мікалаем і дзядзькам Валянцінам

З сувораўца — у курсанты

Нарадзіўся Аляксей у сям’і ваеннаслужачага і таваразнаўцы ў Мар’інай Горцы. Калі хлопец вырашыў паступаць у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у сям’і ніхто не здзівіўся. Яго бацька ў свой час скончыў Свярдлоўскае сувораўскае ваеннае вучылішча, родны дзядзька — Кіеўскае сувораўскае ваеннае вучылішча. На выбар Аляксея паўплывалі і серыялы пра кадэцтва, сувораўскае братэрства, якія ён любіў глядзець. У тым, што гэтая адукацыя яму абавязкова патрэбна, канчаткова пераканаўся пасля таго, калі разам з бацькамі наведаў навучальную ўстанову падчас дня адкрытых дзвярэй.

Аляксей Ляшэнка прызнаецца, што, паступіўшы ў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, няпроста было прызвычайвацца жыць у новых умовах. Аднак адаптацыю прайшоў незаўважна: малады чалавек добра вучыўся, а таму яго часта адпускалі дахаты на выхадныя.

«Вучоба ў вучылішчы праляцела хутка, не хацелася нават сыходзіць, — кажа ваеннаслужачы. — Дагэтуль падтрымліваю зносіны з сувораўцамі. Рэгулярна бываю ў камандзіроўках па краіне, практычна ў кожным горадзе служыць мой сябар з сувораўскага. Бачымся, сустракаемся. Сувораўскае братэрства — гэта не пустыя словы».

Афіцэр прызнаецца, што ўдзячны настаўнікам і афіцэрам-выхавацелям сувораўскага вучылішча. Яны, па словах Аляксея, заклалі сур’ёзны багаж ведаў. Невыпадкова маладому чалавеку было нескладана вучыцца ў Ваеннай акадэміі, куды ён, дарэчы, паступіў па-за конкурсам. Такое права дадзена выпускнікам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, калі яны скончылі навучальную ўстанову з баламі, не меншымі за «сем».

Аляксей Ляшэнка вучыўся на агульнавайсковым факультэце галоўнай кузні ваенных кадраў краіны. Ён мэтанакіравана ішоў туды, каб, як бацька і дзядзька, стаць танкістам. «Здаецца, з дзяцінства ведаў усё пра гэтую прафесію, таму было вельмі цікава вучыцца, — удакладняе афіцэр. — Асвоіцца ў новым калектыве выхаванцам сувораўскага вучылішча значна прасцей, чым іншым курсантам. Тым больш з майго курса ў Ваенную акадэмію паступіла сем чалавек».

Учарашнія сувораўцы з лёгкасцю спраўляліся і са штодзённымі абавязкамі (папрасаваць форму, падшыць каўнерыкі), і са страявымі прыёмамі. Не патрэбна было ім зноў прызвычайвацца і да дысцыпліны, якая ўласцівая воінскім калектывам. Падчас навучання ў Ваеннай акадэміі курсант Ляшэнка быў прызначаны намеснікам камандзіра ўзвода. Гэты досвед, які быў звязаны з адказнасцю за падрыхтоўку свайго ўзвода, вырашэннем паўсядзённых пытанняў калектыву, яму спатрэбіўся ў далейшай службе.

Аб матывацыі служыць і даверы да падначаленых

Пасля заканчэння Ваеннай акадэміі Аляксея размеркавалі на службу ў 355-ы асобны танкавы батальён 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады на пасаду камандзіра танкавага ўзвода. Затым яго прызначылі камандзірам танкавай роты. Цяпер ён — старшы афіцэр аддзялення баявой падрыхтоўкі (і службы ў рэзерве).

У задачы старшага лейтэнанта ўваходзіць кантроль за ходам падрыхтоўкі падраздзяленняў, асваеннем ваеннаслужачымі праграм па баявой падрыхтоўцы. Непасрэдна ўдзельнічае ў навучальным працэсе: дапамагае вайскоўцам тэрміновай службы і кантрактнікам асвойваць агнявое і тактычнае майстэрства, вучыць кіраваць баявымі машынамі, тлумачыць тонкасці інжынернай і спецыяльнай падрыхтоўкі. Усё — як у тэорыі, так і на практыцы.

— Абавязак кожнага маладога чалавека — навучыцца абараняць сваю Радзіму і адстойваць нашу незалежнасць у любых сітуацыях, — перакананы афіцэр. — Свой уклад у захаванасць тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі павінен унесці кожны грамадзянін.

Ён прызнаецца: салдаты на службу прыходзяць розныя. Некаторыя нават не разумеюць, чым ім у арміі давядзецца займацца. Ёсць і матываваныя, падрыхтаваныя маладыя людзі. Такія, як правіла, і застаюцца — заключаюць з воінскім падраздзяленнем кантракт.

«Ад камандзіра многае залежыць, — упэўнены Аляксей Ляшэнка. — Калі ён ініцыятыўны, любіць справу, якой займаецца, то і салдату тэрміновай службы будзе цікава ў арміі». І гэта не проста словы: сем чалавек з роты, якой нядаўна камандаваў старшы лейтэнант, заключылі з брыгадай кантракт. Адзін з іх вучыцца ў Ваеннай акадэміі, другі плануе туды паступаць.

Па словах Аляксея, камандзіру важна быць аўтарытэтным у вачах салдат. «Калі яны бачаць, што камандзір кемлівы, можа дапамагчы ў любой сітуацыі, то гатовы ў любы час дня і ночы ісці за табой, — удакладняе ён. — Дагэтуль з многімі былымі салдатамі падтрымліваем сувязь: сустракаемся, размаўляем па тэлефоне. Вельмі важна наладзіць даверлівыя адносіны паміж камандзірам і салдатам, унікаць ва ўсе іх праблемы: калі маральна-псіхалагічны стан не дазваляе салдату выконваць пастаўленыя задачы, гэта дрэнны салдат».

Афіцэрская сям’я

Шлях афіцэра няпросты. Пераадольваць цяжкасці Аляксею дапамагае сям’я. Ён ганарыцца сваёй сямейнай ваеннай дынастыяй. Бацька, дзядзька і два родныя дзядулі — арыенціры для маладога чалавека, прыклады для пераймання.

Бацька старшага лейтэнанта, Аляксандр Ляшэнка, пасля заканчэння Свярдлоўскага сувораўскага ваеннага вучылішча паступіў у Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча. Службу пачынаў камандзірам танка 30-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады 7-га армейскага корпуса Узброеных Сіл Беларусі. Прайшоў шлях ад камандзіра ўзвода да камандзіра танкавага батальёна. Набіраўся вопыту і ў войсках радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. За плячыма вопытнага камандзіра — навучанне на камандна-штабным факультэце Ваеннай акадэміі, служба ў Галоўным штабе Сухапутных войскаў, Паўночна-заходнім аператыўным камандаванні, камандаванні сіл спецыяльных аперацый. Службу Аляксандр Ляшэнка заканчваў у званні палкоўніка — намеснікам начальніка 1-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Танкавыя будні

Яго бацька і па сумяшчальніцтве — дзядуля Аляксея, Мікалай Бабенка, нарадзіўся і жыў у Днепрапятроўскай вобласці. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 13 гадоў. У акупацыі жылося няпроста: клаліся спаць — і не ведалі, ці прачнуцца. Аднойчы Мікалая разам з маладымі аднасяльчанамі немцы павезлі ў незнаёмым напрамку: хлопцы здагадаліся — збіраюцца адправіць на катаржныя работы ў Германію. Па дарозе Мікалай збег. Практычна суткі з трубкай у роце падлетак вымушаны быў прасядзець у вадаёме (у чароце), каб яго не знайшлі. Праз некалькі дзён Мікалай вярнуўся дахаты і пайшоў у партызаны. Яму было 16 гадоў.

— Пасля вайны бацька завяршыў базавую адукацыю і паступіў у медыцынскі ўніверсітэт Днепрапятроўска, — расказвае Аляксандр Ляшэнка. — Па спецыяльнасці быў ваенным хірургам. Працаваў у воінскіх часцях, затым нёс службу ў медыцынскіх установах МУС. Скончыў кар’еру на пасадзе начальніка шпіталя Міністэрства ўнутраных спраў Днепрапятроўскай вобласці, палкоўнік медыцынскай службы, заслужаны ўрач Украінскай ССР.

Мікалай Бабенка быў не толькі высакакласным спецыялістам, які выратаваў сотні жыццяў, але і мужчынам высокіх маральных якасцяў. Пра такіх кажуць — чалавек з вялікай літары. Калі заўчасна пайшлі з жыцця яго родная сястра з мужам, ваенны хірург усынавіў дваіх іх дзяцей і стаў для пляменнікаў не проста хросным бацькам, а вырасціў іх як уласных дзяцей.

«Само сабой так атрымалася, што мы пайшлі па яго шляху: спачатку брат паступіў у Кіеўскае сувораўскае ваеннае вучылішча, потым вучыўся ў Казанскім вышэйшым танкавым камандным вучылішчы, — удакладняе палкоўнік запасу. — Я скончыў Свярдлоўскае сувораўскае ваеннае вучылішча і пайшоў у Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча. Алёша ў нас вучыўся ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы і асвойваў прафесію танкіста ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, экіпаж машыны баявой у нас ужо ёсць».

Калі Аляксандр Ляшэнка праходзіў службу ў Беларусі, якая за гэты час стала для яго другой Радзімай, то яго брат Валянцін служыў у Свярдлоўскай вобласці, Групе савецкіх войскаў у Германіі, пасля чаго надоўга затрымаўся ў Чувашскай Рэспубліцы, дзе праходзіў службу ў ваенных камісарыятах. Меў баявы вопыт Чачэнскай вайны. Узначальваў адзін з ваенкаматаў Татарстана. Пасля звальнення ў запас у званні падпалкоўніка працягвае працаваць там на цывільнай пасадзе.

Афіцэрскія пагоны насіў і яшчэ адзін дзядуля Аляксея Ляшэнкі (па лініі маці) — Віктар Пятровіч Кірычэнка. У свой час ён скончыў Ульянаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі. На розных пасадах служыў у Адэскай, затым — у Беларускай ваеннай акрузе. Скончыў службу ў званні падпалкоўніка. Быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі», іншымі ўзнагародамі СССР.

Маладому чалавеку пашанцавала: і аднаго, і другога дзядулю ён памятае, а таму меў магчымасць звярнуцца да іх па парады. «Яны мне заўсёды казалі: паступаць трэба па сумленні і ніколі не расчароўвацца ў сваім выбары — раз выбраў такі шлях, то трэба прайсці яго дастойна і да канца», — згадвае Аляксей каштоўныя наказы.

Ваенным шляхам пайшла і яго родная сястра. Ганна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, у званні старшага лейтэнанта служыць перакладчыкам у Генеральным штабе Узброеных Сіл. З сілавымі структурамі звязаны і лёс жонкі Аляксея: да дэкрэтнага адпачынку Вольга служыла ў Дэпартаменце аховы Цэнтральнага раёна сталіцы. Маладая сям’я выхоўвае дачку Каталіну.

Аляксей Ляшэнка не сумняваецца: яго афіцэрская дынастыя абавязкова працягнецца, бо служыць для членаў гэтай сям’і — у генах.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».