Вы тут

Як у Акадэміі музыкі рыхтуюць дыпломны спектакль


Чароўная Вавёрка ў школьнай форме — бо толькі з заняткаў — скача праз імправізаваную браму замка з драўляных палак да Цара Салтана ў джынсах, які ўладкаваўся на яшчэ не да канца пазалочаным троне. «Арэшкі» са скамечанай паперы з кошыка Вавёркі лятуць у Цара і яго прыдворных дам, якія накінулі доўгія спадніцы паўзверх джынсаў. Гучыць вядомая мелодыя «Во саду ли, в огороде...», а перад намі на парэнчах ложы пухнацяцца лебядзіныя крылы — іх зрабіла з падручных матэрыялаў сама Царэўна-Лебедзь, якую за кулісамі завуць Алёна... Усё весела, гарэзна, душэўна... Ідзе рэпетыцыя дыпломнага спектакля студэнтаў Акадэміі музыкі — оперы «Казка пра цара Салтана» Рымскага-Корсакава — пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі, вядомай спявачкі Ірыны Крыкуновай.


Вы ніколі не задумваліся, адкуль бяруцца зоркі опернай сцэны, якіх мы бачым у промнях сафітаў і ў выкшталцоных сцэнічных касцюмах? Як яны пачыналі, колькі працы за кожным віртуозным выкананнем, у тым ліку — вось у такіх студэнцкіх рэпетыцыях, калі і касцюмы, і дэкарацыі трэба рабіць самім?

Ёсць магчымасць паназіраць…

Вось тая самая Алёна, Царэўна-Лебедзь, прыладжвае драцяныя вусікі Чмялю. Ну, памятаеце знакамітую музыку «Палёт чмяля», якая суправаджае абгорнутага ў яркую жамяру цара Гвідона? Чмель яркі, пухнаты і зроблены з мачалак…

Тым не меней самадзейнасці тут няма — наадварот. Прафесійныя цудоўныя галасы, прафесійная рэжысура, а ўжо якая творчая аддача: студэнты, дакладней ужо гатовыя артысты оперы, выкладваюцца напоўніцу... І, зразумела, крэатывяць пры падтрымцы свайго рэжысёра, якая і з Вавёркай паскача, і дзіду пакажа, як трымаць, і сама падпяе. Без Ірыны Генадзьеўны, зразумела, не было б такой узнёслай творчай атмасферы і ўсялякіх незвычайных прыдумак. Вось баба Бабарыха, галоўная злыдня сюжэта, назіраючы за тым, як царыца Мілітрыса гойдае на руках нованароджанае дзіця, гэтак жа гойдае... стылізаваную ляльку вуду, потым кладзе яе на зямлю, дастае з валасоў шпільку і... А вось царыцу Мілітрысу з маленькім царэвічам садзяць у бочку, якая пакуль што ўмоўная, толькі контур яе — з драўляных планак. Але маленькі Гвідон — сапраўдны чароўны кучаравенькі хлопчык гадоў сямі, прычым у жыцці ён — сынок бабы Бабарыхі, харызматычнай вясёлай Ксеніі Малахвейчук. Да апошніх курсаў многія студэнты ствараюць сем’і, таму няма праблем, дзе знайсці дзяцей для паказу. Мне расказалі, што ў спектаклі з’явіцца яшчэ адзін Гвідон, дакладней Гвідончык — яшчэ меншы дзіцёнак, таксама сынок кагосьці са студэнтаў: трэба ж паказаць, як у бочцы царэвіч расце!

Як расказвае нам Царэўна-Лебедзь Алёна Якавук, узроставага цэнзу для вакалістаў няма... Оперны голас — гэта рэдкі дар, ён можа раскрыцца ў розны час, чалавек можа не мець музычнай падрыхтоўкі, але яго возьмуць вучыцца. Таму сярод знакамітых спевакоў столькі розных цікавых лёсаў. Дарэчы, прачытала, што Ірына Крыкунова, сённяшняя прыма оперных сцэн, скончыла ў свой час тэхнічны ўніверсітэт…

Пакуль у адной частцы сцэны адбываецца рэпетыцыя, у другой, каля куліс, студэнты працягваюць працаваць над дэкарацыямі. 

Кажуць, што і па начах працуюць. А што ж, такі спектакль — раз у жыцці, не проста прэм’ера, а дзяржэкзамен! А для гледача магчымасць паглядзець на будучыню беларускай музыкі, бо сярод сённяшніх выпускнікоў акадэміі абавязкова ёсць новыя зоркі, і меламан калісьці з гонарам скажа: «А я яго бачыў яшчэ ў студэнцкім спектаклі!» Мы, вядома, называем іх усіх студэнтамі, але, напрыклад, Ксенія Малахвейчук — гэта яшчэ і актрыса, якая здымалася ў кіно і іграла ў мюзіклах, недарма за ёй на сцэне хочацца сачыць. Васіль Ліпскі, выканаўца партыі Гвідона, удзельнічае ў канцэртах Белдзяржфілармоніі, Антон Карчэўскі — саліст Нацыянальнага акадэмічнага аркестра імя М. Фінберга, Алёну Якавук ведаюць па камерным хоры «Concertіno», у кожнага шмат перамог у вакальных конкурсах.

— Куды, Цар, ідзеш? Пачакай, пакуль трон вынесуць! — між тым каментуе рэжысёр уваход «дэлегацыі» Цара Салтана ў горад Ледзянец.

— Спачатку — аб’ект улады, потым — суб’ект улады!

Пад дружны смех Цар Салтан у джынсах, спяшаючыся, адыходзіць за абазначаныя драўлянымі рэйкамі вароты, за ім накіроўваюцца стражнікі з дзідамі... А на галёрцы другі Цар Салтан — у спектаклі два саставы — уважліва сочыць за «двайніком» і падпявае…

Тры гадзіны дня. Карыстаючыся паўзай, гутарым з Ірынай Крыкуновай. Аказваецца, у спектаклі ўдзельнічае не толькі пяты курс, у ім занятыя студэнты ўсіх курсаў, акрамя першага.

— Але гэта менавіта дзяржэкзамен для пятага курса. Кожны год у нас такі выпускны спектакль. У гэтым годзе іх два, «Казка пра цара Салтана», якую стаўлю я, і «Іаланта», якую ставіць дацэнт нашай кафедры Ганна Маторная, галоўны рэжысёр Вялікага тэатра.

— А чаму менавіта гэтыя оперы?

— Кожны год збіраемся ўсім факультэтам і ў залежнасці ад кантынгенту студэнтаў, наяўнасці галасоў выбіраем спектаклі. У нас сёлета вялікі курс, васямнаццаць чалавек. Таму зразумела, што спектаклі павінны быць з большай колькасцю персанажаў. У «Казцы пра цара Салтана» задзейнічана вельмі шмат выканаўцаў, напрыклад ёсць магчымасць падключыць адразу тры сапрана. Два саставы — гэта ўжо шэсць спявачак. А ёсць яшчэ і тры карабельшчыкі, шэсць дзякаў... Оперная студыя Акадэміі музыкі заснаваная яшчэ ў 1939 годзе, каб рыхтаваць артыстаў оперы. Чацвёрты і пяты курсы працуюць тут з аркестрам. Чацвёртаму курсу дастаткова праспяваць на рэпетыцыі, каб атрымаць атэстацыю за год. А пятаму трэба ўдзельнічаць у спектаклі для гледача.

— Калі і дзе можна будзе пабачыць гатовую оперу, на рэпетыцыі якой мы прысутнічалі?

— Перш за ўсё на гэтай сцэне ў галоўным корпусе Акадэміі (вул. Інтэрнацыянальная, 30). Наш «Салтан» нараджаецца 29 сакавіка ў 15.00. Другі спектакль — 1 красавіка. З прыходам на нашу кафедру галоўнага рэжысёра сімфанічнага аркестра Аляксандра Міхайлавіча Анісімава мы атрымалі ўнікальную магчымасць супрацоўнічаць з гэтым выдатным майстрам і выступаць на сцэне вялікай залы філармоніі. Там былі паказаны нашы студэнцкія работы: «Вар’яцкі дзянёк», паводле оперы Моцарта «Вяселле Фігара», сцэны з оперы Пракоф’ева «Вайна і мір». А наш «Салтан» будзе прадстаўлены філарманічнай публіцы 30 мая. Спектаклі «Салтана» і ў Акадэміі, і ў філармоніі прысвечаныя двум юбілеям: Рымскага-Корсакава — 180 гадоў і Пушкіна — 225.

— Нават цяпер заўважаецца шмат цікавых дэталяў. Напрыклад, хто прыдумаў эпізод з лялькай вуду?

— Задума мая, а прынесла саму ляльку, гэткую пачварынку, Ксюша, выканаўца партыі Бабарыхі. Ксенія Малахвейчук, вядома, адна з лідараў спектакля. Лідары ў кожным спектаклі ёсць. У нас гэта таксама Васіль Ліпскі, які спявае партыю Гвідона; Антон Карчэўскі, Алёна Якавук, Іван Кручко, Арцём Грышкевіч. Гэта ўсё, як кажуць у оперы, людзі-«первачы». Праўда, Алёне яшчэ лепш спявалася б, каб яна спала па начах, а не займалася вырабам дэкарацый і касцюмаў…

— Дык, можа, варта далучаць да афармлення такіх спектакляў студэнтаў з іншых творчых навучальных устаноў?

— Думка правільная. Ведаеце, я далучала... Але часам студэнтам цікава зрабіць усё сваімі рукамі. Мне падабаецца, што ў іх ёсць такая сумесная праца, — яны за гэты час проста становяцца адной сям’ёй. Здараецца, прыходзіць курс — усе адасобленыя, у вочы адзін аднаму не глядзяць. А тут — усё робяць разам, прыдумваюць. Яны натхнёныя, ганарацца зробленым і гатовыя працаваць да знямогі. Калі мы летась ставілі оперу Пучыні «Багема», таксама ўсё рабілі самі: збівалі скрыні, ашкурвалі дрэва, то ў нас быў сучасны крафтавы стыль.

 

— Дазваляеце вучням самім нешта прыдумваць?

— Так. Яны натхняюцца, пачынаюць жыць на сцэне. У чым прафесіяналізм рэжысёра? Каб спектакль жыў без яго прысутнасці.

— А калі дзеліце ролі, бываюць крыўды?

— Бывае ўсялякае, але мая задача — паказаць усіх студэнтаў з самага выйгрышнага боку. Яны павінны атрымаць на дзяржэкзаменах добрыя адзнакі. Запрашаем усіх, хто жадае, на нашы выступленні ў Акадэмію музыкі, куды ўваход вольны. На такія прагляды да нас прыходзіць усё больш і больш гледачоў.

— Значыць, у хуткім часе мы ўбачым вашых выпускнікоў на вялікіх сцэнах?

— У нас з Аляксандрам Міхайлавічам даўно выспела ідэя стварэння маладзёжнага музычнага тэатра. Гэта дало б магчымасць працаваць нашым выпускнікам, бо Вялікі тэатр, зразумела, не гумавы, усіх таленавітых спевакоў акадэміі ўзяць не можа. Маладзёжны оперны тэатр — вельмі цікавы праект. Трупа можа кожныя два гады абнаўляцца і будзе ўвесь час існаваць за кошт прытоку з кансерваторыі. Цяпер спевакі размяркоўваюцца ў каледжы выкладчыкамі, у гарады, дзе няма ні оперных сцэн, ні аркестраў. А яны павінны спяваць на прафесійнай сцэне! Перш чым выкладаць, яны мусяць рэалізавацца як спевакі, іначай гэта будуць людзі, незадаволеныя жыццём. Так што маладзёжны музычны тэатр, хоць бы камерны, патрэбны, у яго была б свая публіка.

Ірына Генадзьеўна вярнулася працягваць рэпетыцыю. Дзесьці чакалі свайго часу, каб развінуцца, крылы Царэўны-Лебедзя. Распяваліся два Салтаны і два Гвідоны. Вавёрка паскладала арэшкі ў кошык, каб ізноў адправіць іх у палёт... А мы будзем чакаць з’яўлення новага цікавага спектакля і ззяння новых беларускіх зорак.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Кацярыны УРБАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.