Вы тут

Якія паслугі ўжо можна атрымаць з дапамогай некалькіх клікаў?


Адміністрацыйныя працэдуры суправаджаюць кожны этап нашага жыцця. Зарэгістраваць аўтамабіль або зняць яго з уліку, звярнуцца па дапамогу па цяжарнасці і родах, атрымаць сямейны капітал, пацвердзіць свае правы на нерухомасць — усё гэта яны. Праца спецыялістаў Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП) дазваляе шэраг адміністрацыйных працэдур атрымаць у некалькі клікаў, то-бок сэканоміць галоўны рэсурс кожнага з нас — час.


 

Сёлета НЦЭП адзначыў сваё 12-годдзе. РУП «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» было створана ў адпаведнасці з Указам № 515 «Аб некаторых пытаннях развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь». Дакументам пастаўлены шэраг задач і вызначаны шэраг функцый, за якія адказвае цэнтр. Гэта, у прыватнасці, развіццё інфраструктуры электроннага ўрада, электронных сэрвісаў і архіваў, электроннага дакументаабароту, аказанне дзяржаўных лічбавых паслуг бізнесу і грамадзянам. Сёння Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг створана сетка з 44 пунктаў аказання паслуг на базе 12 рэгістрацыйных цэнтраў, размешчаных у буйных гарадах, расказалі прадстаўнікі НЦЭП на прэс-канферэнцыі «12 гадоў ствараем лічбавую будучыню».

Што такое электронны ўрад

Сучаснае інфармацыйнае грамадства чакае ад урада простага, камфортнага, хуткага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з грамадзянамі і бізнесам. Такое ўзаемадзеянне забяспечвае электронны ўрад — сістэма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на аўтаматызацыі кіраўніцкіх працэсаў у маштабах краіны.

— У аснове электроннага ўрада ляжыць анлайн-узаемадзеянне, якое паскарае прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў, — тлумачыць дырэктар Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Раман Градусаў. — У нашай краіне для такога ўзаемадзеяння была створана сістэма міжведамаснага дакументаабароту. Абанентамі яе з’яўляюцца больш за 16 800 дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама суб’екты гаспадарання з іншай формай уласнасці, якія ацанілі зручнасць электроннага ўзаемадзеяння, у тым ліку юрыдычна значнага. У сістэме за тыдзень перасылаецца каля 150 тысяч электронных дакументаў.

У мінулым годзе НЦЭП было таксама прапанавана рашэнне па электронным дакументаабароце для невялікіх кампаній, расказаў кіраўнік цэнтра электронных паслуг. Звесткі, што паступаюць у асабісты кабінет грамадзяніна ад дзяржаўных органаў на Адзіным партале дзяржпаслуг, надзелены юрыдычнай сілай. Хутка ў агульным доступе з’явіцца таксама сэрвіс праверкі электронных дакументаў, дзе можна будзе пераканацца ў іх сапраўднасці.

Адзін з ключавых кірункаў работы НЦЭП — развіццё, распрацоўка і аказанне электронных паслуг для грамадзян, бізнесу, дзяржаўных органаў і арганізацый.

— Мы імкнёмся, каб колькасць электронных паслуг павялічвалася, яны былі запатрабаваны і дазвалялі як фізічным асобам, так і суб’ектам гаспадарання вырашаць надзённыя праблемы або жыццёвыя сітуацыі з найменшай затратай сіл і часу, у ідэале — на ўзроўні пары клікаў, — падкрэсліў Раман Градусаў. — Калі ў 2022 годзе было рэалізавана каля 40 электронных сэрвісаў, з іх — дзве адміністрацыйныя працэдуры, то за 2023 год намі сумесна з дзяржорганамі рэалізавана ўжо больш за 270 сэрвісаў, з якіх каля 230 — менавіта адміністрацыйныя працэдуры для грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Цяпер на Адзіным партале электронных паслуг можна атрымаць больш за 560 розных паслуг, большасць з якіх — адміністрацыйныя працэдуры.

«Сэрца» Адзінага партала электронных паслуг — асабісты кабінет грамадзяніна. Яго актывацыя адбываецца пры першым уваходзе з дапамогай электроннага лічбавага подпісу, а функцыянал вельмі шырокі. І цікавасць да выкарыстання асабістых кабінетаў пастаянна расце, падкрэслілі спецыялісты НЦЭП. Так, калі ў 2022 годзе праз партал было аказана крыху больш за 76 млн паслуг, то за мінулы год — ужо каля 128 млн. У сярэднім штомесяц праз Адзіны партал электронных паслуг аказваецца каля 11,5 млн паслуг.

Што запатрабавана?

За амаль тры месяцы бягучага года на Адзіным партале электронных паслуг былі рэалізаваны 34 новыя электронныя сэрвісы, расказала начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Святлана Караневіч. Тры электронныя сэрвісы — для грамадзян, астатнія — для суб’ектаў гаспадарання.

— Такім чынам, яшчэ 34 дзелавыя або жыццёвыя сітуацыі цяпер могуць быць вырашаны без таго, каб ісці ва ўпаўнаважаны орган з пакетам дакументаў, — падкрэсліла спікер. — У прыватнасці, для суб’ектаў гаспадарання з’явілася магчымасць анлайн атрымліваць фітасанітарныя сертыфікаты ў дачыненні да прадукцыі, якая вывозіцца за межы Беларусі. Цяпер можна таксама анлайн атрымаць сертыфікат адпаведнасці збожжа, мукі, круп, якія накіроўваюцца на экспарт або ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі, і гэтак далей. Што датычыцца фізічных асоб, новыя электронныя паслугі для іх — гэта анлайн-атрыманне даведак аб аднясенні да беспрацоўных, аб памеры налічаных сацыяльных дапамог і аб памеры пенсіі.

Значная колькасць адміністрацыйных працэдур была пераведзена ў «лічбу» летась, паведаміла Святлана Мікалаеўна. Сярод іх — больш за 120 адміністрацыйных працэдур у сферы зямельна-маёмасных адносін. Цяпер, не звяртаючыся «фізічна» ва ўпаўнаважаныя рэгістравальныя органы, можна рэгістраваць дагаворы куплі-продажу нерухомасці або свае правы на нерухомасць.

— Многія дзяржаўныя структуры сёння адмаўляюцца ад папяровых даведак, выпісак, сведчанняў, — распавяла Святлана Караневіч. — Напрыклад, Міністэрства эканомікі заканадаўча ўстанавіла, што ўсе ліцэнзіі знаходзяцца ў Адзіным рэестры ліцэнзій у электронным выглядзе. Па гэтым шляху рухаюцца і іншыя дзяржорганы.

Менавіта алічбоўванне адміністрацыйных працэдур, як для суб’ектаў гаспадарання, так і для грамадзян, сёння — прыярытэтны кірунак работы НЦЭП. Усяго такіх працэдур у краіне каля 1000, і ў бліжэйшыя гады ўсе яны будуць алічбаваны. Летась, расказала Святлана Караневіч, у электронны від было пераведзена больш як 200 працэдур, сёлета запланавана алічбаваць яшчэ 140.

Што датычыцца папулярнасці электронных паслуг у беларусаў, то асабліва запатрабаваныя тыя, якія былі ўведзены ў мінулым годзе, звярнула ўвагу начальнік аддзела электроннай камерцыі.

— Напрыклад, паслуга праходжання электроннай дыспансерызацыі. Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла правіла: кожны штогод павінен прайсці дыспансерызацыю аднаго дня. Чалавек прыходзіць да тэрапеўта і атрымлівае лісток з рэкамендацыямі, каго са спецыялістаў неабходна прайсці ў адпаведнасці са станам здароўя. А каб урач мог ацаніць стан вашага здароўя, вы павінны запоўніць анкету з больш як 30 пытаннямі. Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя распрацавана магчымасць на Адзіным партале электронных паслуг прайсці такое анкетаванне анлайн. Анкеты паступаюць вашаму тэрапеўту ў асабісты кабінет. Электронных дыспансерызацый у мінулым годзе было пройдзена амаль 4 мільёны.

Яшчэ адна паслуга, якая карыстаецца попытам, — праверка наяўнасці або адсутнасці правоў на кіраванне транспартным сродкам, расказала спецыяліст. Паслуга асабліва актуальная для каршэрынгавых кампаній, а таксама кампаній-перавозчыкаў.

А ў цэлым паслугі на Адзіным партале штомесяц з’яўляюцца ў розных сферах: сацыяльная абарона, праца, падаткі, транспарт... Але мноства ўсё яшчэ застаюцца даступнымі толькі ў афлайне. Для аўтаматызацыі працы службаў «Адно акно» створаны аднайменны праграмны комплекс, адзначыла спікер. У ім рэалізуецца каля 300 адміністрацыйных працэдур, якіх пакуль няма на Адзіным партале.

— Праграмны комплекс дазваляе цалкам аўтаматызаваць працу аператара сістэмы «Адно акно», а таксама атрымаць дадатковыя даныя ў дачыненні да вашай сітуацыі. Напрыклад, вы звярнуліся па адміністрацыйную працэдуру ў Мінску, але частку дакументаў трэба атрымаць у іншым населеным пункце краіны. Цяпер ехаць нікуды не спатрэбіцца: электронны запыт можна зрабіць праз праграмны комплекс «Адно акно» і атрымаць інфармацыю з тых рэсурсаў, якія інтэграваныя з комплексам. На сёння ўжо ўсе службы «Адно акно» падключаны да сэрвісу, а да 1 ліпеня падключацца іншыя дзяржорганы і арганізацыі, якія ўпаўнаважаны на прыём і разгляд заяў грамадзян або суб’ектаў гаспадарання.

У мабільным фармаце

Відавочна, што доступ да Адзінага партала электронных паслуг і большасці яго сэрвісаў патрабуе адназначнай і строгай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў, адзначыў намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Ягор Воранаў. На гэта накіравана Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб, якая дазваляе з дапамогай электроннага лічбавага подпісу аўтарызавацца на партале. Носьбітам лічбавага подпісу можа быць і звычайная «флэшка», але выкарыстанне ІD-карт дае магчымасць аўтаматызаваць працэдуру ідэнтыфікацыі асобы.

— ІD-карта — не толькі дакумент, які сведчыць асобу, але і носьбіт двух дадаткаў: ідэнтыфікацыйнага і электроннага лічбавага подпісу, — расказаў спецыяліст. — З яе дапамогай карыстальнік атрымлівае доступ да свайго асабістага кабінета і магчымасць замовіць любую паслугу, якую прапануе партал. Дамен і імя партала ў сетцы Інтэрнэт — Е-паслуга.by, і мы чакаем, што карыстальнікі праявяць да яго цікавасць, — дадаў Ягор Воранаў. — У канцы 2023 года была праведзена маштабная работа па рэбрэндынгу і мадэрнізацыі нашага партала, абноўлены карыстальніцкі інтэрфейс. Рэбрэндынг закрануў і мабільны дадатак Е-паслуга, які быў распрацаваны, каб спрасціць карыстальнікам працэдуру аўтарызацыі.

Адным з патрабаванняў да працы з ІD-картай з’яўляецца наяўнасць дадатковай прылады — «счытвальніка», што не заўсёды зручна. Мабільны дадатак дазваляе абысціся без «рыдэра» — патрэбен толькі смартфон з функцыяй NFC, які будзе працаваць замест счытвальніка. Калі прыкласці ІD-карту да тыльнага боку смартфона, адбудзецца строгая і адназначная аўтарызацыя карыстальніка ў «Е-паслузе», адзначыў спікер.

Сёння дадатак «Е-паслуга» ёсць у Google Play і можа быць устаноўлены на Androіd. Спецыялісты пашыраюць пункты запампоўкі дадатку. За два месяцы спампоўка мабільнага дадатку «Е-паслуга» дасягнула больш за 3000, распавёў прадстаўнік НЦЭП. Ён адзначыў рост цікавасці грамадзян Беларусі як да мабільнага дадатку, так і да Адзінага партала дзяржаўных паслуг, і да тых электронных сэрвісаў, якія прапануе рэсурс.

У планах на будучыню Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг — зрабіць упор на прапанову сэрвісаў і паслуг не па заяўным, а па выяўленчым прынцыпе. Напрыклад, нараджэнне дзіцяці патрабуе ад бацькоў выканання шэрагу дзеянняў: рэгістрацыя ў ЗАГСе, пастаноўка на ўлік у дзіцячую паліклініку, неабходнасць заняць чаргу ў дзіцячы садок... Гэтыя паслугі ў анлайн-фармаце маладым бацькам будуць прапаноўвацца аўтаматычна. Напрыклад, ім будзе прапанавана некалькі варыянтаў дзіцячых садкоў, з якіх яны змогуць выбраць аптымальны для іх. Гэтак жа варыянты чалавек будзе атрымліваць пры пераездзе, рэгістрацыі юрыдычнай асобы і гэтак далей. Яшчэ адзін кірунак працы — «воблачны» лічбавы подпіс, які стане даступным інструментам ідэнтыфікацыі суразмоўніка пры электронных зносінах.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Наша лічбавая будучыня

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.