Вы тут

Фотавыстаўка «Горад майго натхнення» працуе ў галерэі «VILNIUS»


Мы кожны дзень ходзім па гарадскіх вулачках міма знаёмай кавярні, каля любімага парку і не заўважаем, як навокал прыгожа. Людзі прывыклі да тых пейзажаў, што іх атачаюць. Аднак Мікалай Ліннік прапаноўвае ўбачыць родны горад з іншага ракурсу, зноў захапіцца яго краявідамі і палюбіць яшчэ мацней. Фотавыстаўка «Горад майго натхнення», якая працуе ў галерэі «VILNIUS», дэманструе культурнае і архітэктурнае багацце нашай сталіцы.


 

Мікалай Ліннік нарадзіўся 3 сакавіка 1954 года ў вёсцы Порычы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Як адзначыў аўтар на адкрыцці выстаўкі, толькі нядаўна ён з дапамогай сяброў зразумеў, што нарадзіўся ў той дзень, калі Мінск упершыню згадваецца ў летапісе (3 сакавіка 1067 года). Напэўна, гэта і адыграла вызначальную ролю ў яго жыцці. Мікалай Ліннік па спецыяльнасці радыёінжынер, але амаль усё жыццё займаецца фатаграфіяй і журналістыкай. Яго інфармацыйныя і гістарычныя матэрыялы і фота публікаваліся ў розных рэспубліканскіх газетах і часопісах Беларусі, Расіі і Украіны. Апавяданні Мікалая Лінніка надрукаваны ў зборніках «Чистая правда и фантазия», «Поклонимся великим тем годам» і альманахах літаб’яднання «ЛітЭра».

Фотаздымкі аўтара выкарыстаны для ілюстравання паэтычных зборнікаў, альманахаў, інфармацыйных буклетаў розных устаноў. Мікалай Ліннік удзельнічаў у шматлікіх калектыўных фотавыстаўках. Персанальныя выстаўкі фатографа адбыліся ў Нацыянальным культурным цэнтры Украіны ў Маскве, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь... 

Мікалай Ліннік — пераможца фотаконкурсу «Мой Первомайский — 2014», шматразовы дыпламант рэпубліканскіх фотаконкурсаў «На связи с миром», лаўрэат ХІІ, ХІІІ Мінскіх гарадскіх фестываляў нацыянальных культур «Яднанне», удзельнік Х і дыпламант ХІ Рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур у Гродне. 

Выстаўка паказвае наведвальнікам прыгажосць нашай сталіцы. Перад вачыма гледача паўстае начны Мінск, які гарыць рознакаляровымі агенчыкамі, цікавыя гістарычныя мясціны горада, дзе паўсядзённая мітусня і клопаты адыходзяць на другі план, мінскія паркі з чароўнай прыродай. Здаецца, мы бачым гэтыя пейзажы кожны дзень, але праз аб’ектыў фатографа можам адчуць незаўважнае хараство роднага горада, якое прапускаем з-за недахопу часу. Адлюстраваць прыгожае ў паўсядзённым — складаная задача для любога мастака, але Мікалай Ліннік спраўляецца. Экспазіцыю можна выкарыстоўваць турыстам для лепшага знаёмства са сталіцай нашай краіны. Фотаздымкі Мікалая Лінніка нагадваюць карту славутых месцаў Мінска, якія абавязкова трэба наведаць. Аўтар не прапусціў ні адной важнай дэталі, якая адлюстроўвае атмасферу горада, знаёміць з нашай культурнай і гістарычнай спадчынай.

Акрамя важных гарадскіх і турыстычных месцаў, такіх як Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Траецкае прадмесце, Архікафедральны касцёл Панны Марыі і інш., прадстаўлены фатаграфіі мінскай прыроды ў розныя поры года. З гэтай серыяй Мікалай Ліннік удзельнічаў у гарадскім конкурсе фотаздымкаў на экалагічную тэматыку, дзе перамог у намінацыі «Мой зелёный город». Конкурс стаў адным з матываў стварэння выстаўкі. 

Псіхолагі часта рэкамендуюць трэніраваць навык «зазямлення», калі людзі пасля цяжкага працоўнага тыдня, напоўненага бясконцымі задачамі, дэдлайнамі і стрэсам, пакідаюць усе гаджэты дома і ідуць пагуляць па парку, дзе можна назіраць за птушкамі і слухаць шум дрэў. Але часам такім планам перашкаджае надвор’е ці нешта іншае. 

Фотавыстаўка «Горад майго натхнення» не зможа замяніць прагулку на свежым паветры, але падорыць хвіліны спакою і гармоніі, бо здымкі роднай прыроды таксама тэрапеўтычна ўплываюць на наш псіхічны стан, а ў свеце, насычаным рознымі падзеямі і здарэннямі, гэта асабліва важна. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.