Вы тут

Чаму мы паддаёмся ўплыву і як наш мозг гатовы падманвацца?


Мозг чалавека не заўсёды кіруецца рацыянальнымі довадамі пры прыняцці рашэнняў. Як іншыя людзі імкнуцца на нас уплываць і чаму мы паддаёмся такому ўздзеянню? Якія ўласцівасці нашага мозгу гэтаму садзейнічаюць? Чаму мозг не церпіць пустаты і як імкнецца яе запоўніць? Пры чым тут рэлігія і навошта нам вера ў замагільны свет? Пра гэта разважае нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Гумен Гарбанніджад.


— Доктар Гумен, у ранейшых артыкулах вы шмат расказвалі пра інфармацыйныя і ментальныя войны і пра тое, наколькі мы ўсе схільныя да іх уздзеяння. Часам з’яўляецца адчуванне, быццам бы наша жыццё — гэта чыясьці гульня, і іншыя людзі імкнуцца ўплываць на наш лёс…

— ...і нават не жыццё канкрэтнага чалавека, а цэлай краіны. Прычым «гаспадары» могуць знаходзіцца ў іншай краіне, але пастаянна ўздзейнічаць на лад жыцця. У гэтай гульні, хочам мы ці не, мы застаёмся ўдзельнікамі. І нават калі хочам выйсці з яе, у нас не атрымліваецца.

У любой гульні ёсць правілы. І для таго каб з гульца не ператварацца ў ахвяру, трэба хоць бы мінімальна ведаць законы гульні. Бо калі мы іх ведаем, то стараемся гуляць лепш. І ў выніку пройгрышу ўсведамляем, што імкнуліся зрабіць усё, што маглі.

Калі мы сталі ўдзельнікам такой гульні і не можам з яе выйсці, то яна ідзе не на нашу карысць. Так здараецца, калі мы або ўвогуле не ведаем яе правіл, або калі ў нас з’яўляецца ілюзія, што правілы ведаем, але гуляем не правільна. 

У цяперашні час самымі нязручнымі гульцамі лічыцца разумная адукаваная нацыя, з ёй гуляць складаней. У сённяшні час тэхналогій і штучнага інтэлекту малаадукаваная нацыя без мінімальных палітычных ці навуковых ведаў становіцца ў такой гульні безабароннай і ўразлівай, яна хутка прайграе і стане лёгкай здабычай.

Мы жывём у стагоддзі, калі спецыяліст за акіянам, які валодае адпаведнымі навыкамі, седзячы за камп’ютарам, можа ўплываць на цэлую нацыю, арганізоўваць перавароты, рэвалюцыі, ствараць секты, прычым нават дыстанцыйна. Мэты гэтых гульцоў не супадаюць з мэтамі насельніцтва той ці іншай краіны. Часам здараецца, што гульня заходзіць настолькі далёка, што цэлая нацыя сваімі рукамі аддае ўладу, не разумеючы што робіць, і потым шкадуе.

— Як так атрымліваецца, што іншыя людзі могуць на нас уплываць?

— Тут важную ролю адыгрываюць асаблівасці біялогіі чалавека, у прыватнасці структуры мозгу і самой сутнасці чалавека. Па вялікім рахунку мозг чалавека, які жыў у пячоры, і мозг сучаснага чалавека, нічым не адрозніваюцца. Калі дзіця старажытнага чалавека перанесці ў наш час і навучаць, яно зможа катацца на веласіпедзе, гуляць у камп’ютары, вучыцца ў школе. Наш мозг не змяніўся, і тыя ўласцівасці, якія ён меў раней і мае цяпер, з пункту гледжання нейрабіялогіі глабальных змен не зазналі. Такім чынам, цягам сотні тысяч гадоў ні біялагічна, ні генетычна мы не змяніліся.

Гены — гэта тая праграма, па якой мы жывём і функцыянуем. Часта даводзіцца чуць, што гісторыя паўтараецца. Чаму гэта адбываецца? Бо генетычна мы не змяніліся. Гэта як у пясочным гадзінніку: колькі разоў яго ні пераварочвай, нягледзячы на тое што кожны раз пясчынкі падаюць па-свойму, у выніку атрымліваецца адна і тая ж фігура.

Нашы гены цягам сотні тысяч гадоў не мяняюцца, таму паўтараюцца войны. Спачатку людзі білі адно аднаго палкамі, пасля мячамі, зброяй, потым ракетамі. Але сутнасць вайны не змянілася. Яна проста вядзецца іншымі інструментамі, якія ўвесь час удасканальваюцца.

— Таму веданне гісторыі — адзін са складнікаў, які перашкаджае ўздзеянню на нас?

— Так, паколькі гісторыя паўтараецца, то яе варта ведаць. Гэта ліхтар, які асвятляе шлях у будучыню, каб мы не паўтаралі памылкі нашых продкаў. Прычым вывучаць яе варта ў трохмерным вымярэнні, а не ў плоскім і глядзець на тую ці іншую падзею з усіх бакоў. Ёсць вядомая фраза «Гісторыю пішуць пераможцы». Гісторык падобны да хатняй гаспадыні, якая ідзе ў магазін і набывае патрэбны набор прадуктаў. Ён адбірае толькі тую інфармацыю, якая яму патрэбна.

Напрыклад, калі ўспомніць гісторыю Другой сусветнай вайны, для Беларусі гэта вялікая трагедыя: ёсць Хатынь і іншыя шматлікія спаленыя вёскі, кожны трэці беларус загінуў, і рэха яе дагэтуль адчуваецца. І калі мы пішам пра вайну, мы не ўказваем, колькі фашыстаў загінула, ці былі сярод іх героі. Нам, і гэта зразумела, такое здаецца дзікім, наша мэта — паказаць, як Беларусь стала ахвярай фашызму. Аднак для таго, каб цалкам разабрацца, чаму вайна пачалася, чаму загінула столькі беларусаў, як стала магчымай трагедыя ў Хатыні, трэба вывучаць гістарычныя факты цалкам: з боку Германіі, з боку СССР, з боку іншых краін, а не глядзець толькі на тое, як на нас напалі. Толькі калі мы ствараем трохмерную карціну, можна аб’ектыўна вывучаць сітуацыю і рабіць адпаведныя высновы.

— Якія ўласцівасці нашага мозгу дапамагаюць нас падманваць?

— Мозг не можа трываць пустату, таму нам заўсёды патрэбныя адказы на неадказаныя пытанні. Калі мы не ведаем адказу, мозг пачынае «склейваць» усё запар. Прычым кожны чалавек гэта робіць, сыходзячы з таго аб’ёму інфармацыі, які ў яго ёсць. І яму абавязкова трэба знайсці адказ, без гэтага чалавек не супакоіцца.

Напрыклад, у джунглях Амазоніі дагэтуль жывуць плямёны, якія ганяюцца з кап’ём за драпежнымі жывёламі, праколваюць нос і не маюць уяўлення пра сучасны свет. Яны кантактуюць з суседнім племенем з дапамогай барабанаў, такім чынам абменьваючыся мінімальнай інфармацыяй. Калі ім расказаць пра мабільны тэлефон, з дапамогай якога можна кантактаваць з усім светам, то ў іх уяўленні мабільны тэлефон — гэта вялізны барабан, гук якога чутны аж да Паўночнага полюса. Чалавек заўсёды робіць высновы на аснове той базавай інфармацыі, якая ўжо маецца ў галаўным мозгу, і пачынае далей фантазіраваць.

Калі мы раскажам такому абарыгену пра электроніку, сігналы 5G, натуральна, для яго гэта незразумелыя лічбы і літары. Але паколькі яму трэба ўявіць, што такое мабільны тэлефон, то мозг пачынае фантазіраваць і ўяўляе яго як вялікі барабан з вялікімі палкамі, гук якога ідзе на іншы канец свету. Такая ўласцівасць мозгу, і мы не можам яе мяняць, яна была ў нашых продкаў і ёсць у нас.

— Як людзі запаўнялі гэтыя прабелы ў ведах раней?

— Розныя культуры развіваліся ў залежнасці ад розных кліматычных умоў. Калі была добрая глеба і дастаткова дажджоў, яны станавіліся земляробамі. Было шмат дзічыны — паляўнічымі, а калі яны маглі пракарміць жывёлу — жывёлаводамі. І той лад жыцця і кліматычныя ўмовы, у якіх яны жылі, вызначалі, як яны вырашалі тыя пытанні, адказы на якія не ведалі.

Розныя прыродныя катаклізмы — землятрусы, навадненні, вулканы, неўраджай, а таксама хваробы палохалі і сур’ёзна пагражалі старажытным людзям. І яны павінны былі знайсці адказы на пытанні: чаму адзін чалавек хварэе, а іншы — не? Чаму год неўраджайны? Чаму прайшоў ураган? У іх не было тэлескопаў і касмічных спадарожнікаў. Яны не мелі паняцця, чаму ўзнікае засуха ці моцны лівень, але мозг павінен быў мець адказ. Так для кожнай сітуацыі ў людзей з’явіўся свой бог: бог агню, бог урадлівасці, бог хвароб, бог ветру.

Каб іх задобрыць, прыносілі ахвяры, выконвалі абрады, будавалі храмы і такім чынам імкнуліся адказаць на свае неадказаныя пытанні. Прычым калі гэтыя людзі жылі ў лясной мясцовасці, багі больш падобныя да ідалаў, у іншых месцах былі ў чалавечым абліччы. І людзі ўсяляк імкнуліся дагадзіць ім. Зразумела, што тое не вырашала іх праблем. Гэта былі прымітыўныя і далёкія ад праўды спробы аблегчыць жыццё.

Калі ж нешта не атрымлівалася, значыць, хтосьці ці штосьці ў гэтым вінаваты. Замест таго каб вырашаць праблемы, людзі заўсёды знаходзілі вінаватага. Напрыклад, у культуры Майя калі была засуха, абавязкова патрабавалася чалавечае ахвярапрынашэнне. Калі зноў не было дажджу, зноў кагосьці забівалі — была цэлая культура ахвярапрынашэння. Натуральна, праблемы гэта не вырашала, але давала своеасаблівую псіхалагічную разрадку.

Да цяперашняга часу ў нецывілізаваных краінах існуе крыху змененае ахвярапрынашэнне. Калі нешта не атрымліваецца, абавязкова трэба знайсці, хто вінаваты і пакараць. Гэта традыцыя засталася ад продкаў. Аднак пакаранне нічога не вырашае, бо не дапамагае дабрацца да кораня праблемы, і яна толькі нарастае.

Калі дзіця ўкрала хлеб, яго можна пакараць, але гэта не вырашыць праблему. Варта змагацца з беднасцю, каб у сям’і заўсёды на стале была ежа, тады малыя не будуць красці хлеб. Калі не змагацца з беднасцю, праблема не вырашыцца, колькі б дзяцей мы ні каралі. Генетычна мы не мяняемся, жаданне знайсці вінаватага ў нас дагэтуль узнікае ў пэўных абставінах.

Ёсць у чалавека агульная з жывёльным светам уласцівасць, калі адно племя нападае на іншае, крадзе ў іншага. Самымі ўразлівыя ў гэтым сэнсе са старажытных часоў былі жывёлаводы, бо ў паляўнічых і земляробаў не так шмат чаго можна было скрасці. Сярод жывёлаводаў было больш ахвяр. Яны часта нападалі адзін на аднаго, забівалі і, хочаш ці не хочаш, павінны былі лягчэй змірыцца са смерцю.

У культурах тых плямён, дзе шмат войнаў і салдаты павінны былі не баяцца смерці, больш прадуманы замагільны свет. Калі чалавек памірае за племя, краіну, ідэю, а значыць, з гонарам і годнасцю, яго чакае дастойнае тагасветнае жыццё. У тых месцах, дзе войнаў было менш, гісторыя замагільнага свету не так моцна развіта.

— Мы дагэтуль бачым падобнае на прыкладзе рэлігійных фанатыкаў, у прыватнасці шахідаў, гатовых паміраць за ідэю і заадно знішчаць іншых…

— Псіхалагічна чалавеку нявыгадна паміраць. І жывёлы, і чалавек супраціўляецца, калі штосьці ім пагражае, пачуццё самазахавання ёсць ва ўсіх. Таму мозг пачынае фантазіраваць, што будзе пасля смерці. У кожнага народа прыдумана сваё: некаторыя муміфіцыравалі цела, а паколькі існуе душа, якая павінна вярнуцца, у пахаванне клалі ежу і ваду, асабістыя рэчы. У Кітаі, калі паміраў правіцель, яго хавалі разам з міністрамі і войскам.

З часам вялікая колькасць багоў скарацілася да аднаго, але з’явілася шмат рэлігій. Прычым у людзей было шмат пытанняў: хто я? Адкуль я? Чаму хтосьці хварэе, а хтосьці — не? І тут ізноў патрабаваліся адказы. Кожная рэлігія праз свае ўяўленні тлумачыць сваім вернікам, чаму так адбываецца. Прычым у кожнай рэлігіі гэта тлумачыцца па-свойму. Калі два чалавекі хварэюць на адну і тую ж хваробу, прычым адзін з іх дрэнны, а другі рабіў шмат дабра, і яны абодва паміраюць, рэлігія адказвае, што аднаго Бог карае, а іншага — выпрабоўвае. Але гэта больш філасофія, чым тлумачэнне.

— Калі гэта дапамагае чалавеку вырашыць псіхалагічныя праблемы і жыць з верай у лепшае, то няма нічога дрэннага…

— У той час калі рэлігія перайшла да адзінабожжа і ўтварылася некалькі кірункаў, не абышлося без скандалаў. Кожная рэлігія лічыла сябе найлепшай, лічылася, што кожны чалавек можа трапіць у рай толькі праз сваю рэлігію. Хрысціянін не можа трапіць у рай праз іслам. Натуральна, грошы і ахвяры трэба было прыносіць той рэлігіі, якой чалавек належыць. Аднак, нягледзячы на тое што за кошт розных рэлігій з’явілася шмат войнаў за тэрыторыі, за перавагу адной рэлігіі над іншай, ні адна з іх не магла вырашаць рэальныя праблемы.

Рэлігія і навука — антаганісты. Калі навука пастаянна мяняецца і ўдасканальваецца, рэлігія — гэта догмы, якія не мяняюцца. Кожная рэлігія сцвярджала, што, нягледзячы на тое што твае праблемы ў гэтым свеце мы не вырашалі, будзе замагільны свет, дзе ўсё будзе добра. Здаецца, чалавек выконваў усё, што раіць святар, прынёс нават свае грошы, але яго праблемы не вырашыліся. Праўда, з пункту гледжання рэлігіі гэта не страшна, ты ўсё роўна памрэш, але паколькі ты ўсё зрабіў правільна, трапіш у рай. Усе рэлігіі праз замагільны свет імкнуцца гэта вырашыць.

(Працяг.)

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.