Вы тут

«Вялікі тэатр Беларусі. Падарожжа ў часе»: Кніга, якая праз гісторыю тэатра заглыбляе ў гісторыю краіны


Варта пачуць «Заздраўную» Вердзі — і разумееш, што гэта пра мастацтва і гэта пра жыццё. І пра жыццё мастацтва — калі прыгожыя галасы зорак беларускай оперы гучаць на прэзентацыі кнігі «Вялікі тэатр Беларусі. Падарожжа ў часе», якую прадставіў калекцыянер і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў, аўтар праекта «Бацькаўшчына. У пошуках страчанага». Фаліянт, прысвечаны Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Беларусі, стаў 50-м выданнем у рамках праекта, якому сёлета спаўняецца 20 гадоў. Прыгожы юбілей: адметным атрымалася як само выданне, так і яго прэзентацыя ў рамках ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Артысты, што прыйшлі падтрымаць сваім талентам аўтара кнігі і родны тэатр, які спрычыніўся да выдання, разумелі: гэта не толькі пра тое, чым жывуць яны, але і пра тое, што было істотна ў мастацтве Беларусі амаль цягам стагоддзя.


Ад задумы

Летась Вялікі тэатр Беларусі адзначыў свой 90-гадовы юбілей з моманту адкрыцця творчай установы. Падчас леташніх імпрэз, прысвечаных юбілею, у тэатры была арганізавана выстаўка гістарычных фотаздымкаў, якія выклікалі асаблівую цікавасць, бо яны паказалі будынак, у якім трупа існавала ў розныя часы — пачынаючы ад таго моманту, калі навокал амаль нічога не было... Выстаўка гістарычных фотаздымкаў з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава была падарункам тэатру: дала магчымасць пабачыць матэрыялы, якія яшчэ ніколі не паказваліся шырокаму колу гледачоў. Але гэта была цудоўная магчымасць паглыбіцца ў гістарычны свет не толькі самога будынка, але і кантэксту, у якім ён пражываў свае гады. Ужо падчас адкрыцця выстаўкі адзначалася: гэта зусім малая частка фотаздымкаў з мінуўшчыны Вялікага, якія былі б цікавыя як тэатралам, так і аматарам гісторыі наогул. Тады ж прагучалі абяцанні значна больш гісторыі адлюстраваць у кнізе, прысвечанай тэатру. І вось яна…

— Наша супрацоўніцтва з тэатрам пачалося напярэдадні падрыхтоўкі да юбілею, калі мы дамовіліся пра фотавыстаўку з генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Беларусі Кацярынай Дулавай. Падчас размовы я выказаў прапанову, што можна было б яшчэ зрабіць адмысловае выданне, адлюстраваўшы гісторыю тэатра. Яна зацікавілася, — згадвае Уладзімір Ліхадзедаў, праект якога раней быў адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне» і ўжо ў 2023–2024 гадах — прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. — Летась на выстаўцы мы змаглі паказаць няшмат здымкаў, пры тым што архіў фота па тэатры ў мяне даволі багаты. Насамрэч большая частка архіва трапіла цяпер у кнігу. Зноў-такі вырашылі паказаць не ўсё, таму што хацелася зрабіць выданне не падобнае на іншыя, якія ўвайшлі ў праект, каб яно было ўнікальным і прыгожым, як сам тэатр, як чараўніцтва, якое ён умее ствараць. Думаю, гэта ў нас атрымалася.

Да ўвасаблення

Атрымалася ў тым ліку дзякуючы загадчыцы сектара фатаграфічных даследаванняў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Святлане Харужык, якая працавала над тэкставай часткай. Але тэкст тут «працуе» асаблівым чынам. Ён не столькі аўтарскі, не ўяўляе сабой прыватнага меркавання, з якім можна было б пагадзіцца ці не. Тэкст таксама прадстаўляе гісторыю: аўтары пастараліся скласці кнігу з матэрыялаў-першакрыніц: цытат з газет, публікацый у перыядычным друку, віншаванняў…

— Мы хацелі, каб чытач паглыбіўся ў атмасферу таго часу, напрыклад 30-х гадоў, калі адкрываўся тэатр, — пра гэта тады можна было даведацца, прынамсі, з газет (і мы даём такую магчымасць!), — тлумачыць Уладзімір Ліхадзедаў. — Святлана Харужык шмат папрацавала ў бібліятэках і архівах: у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вялікім Ноўгарадзе, Пскове... Не толькі ў Мінску, а нават у далёкіх ад Беларусі гарадах мы знаходзілі шмат цікавага матэрыялу, што датычыцца нашага Вялікага тэатра. Гэты матэрыял мы апрацоўвалі, тэкст складалі сумесна — недзе спрачаліся, шукалі паразуменне. Часам аднаму аўтару трэба пачуць іншае меркаванне, каб паглядзець на штосьці збоку і зрабіць выснову, як лепш. Я лічу, што ў многім дзякуючы Святлане гэтая кніга выйшла сапраўды прыгожай. Тэатр таксама быў далучаны да працэсу, але шмат у чым даверыўся нашаму досведу і аўтарытэту. Але паколькі трэба было ўлічваць тэатральную спецыфіку, то ў пытаннях рэдагавання мы цалкам спадзяваліся на прафесіяналізм супрацоўнікаў Вялікага, за што я хацеў бы падзякаваць Таццяне Аляксандравай. Да таго ж, акрамя гістарычных фота з маёй калекцыі, мы скарысталі здымкі розных гадоў, якія даў тэатр, — адбіралі самыя прыгожыя. А таксама рабілі панарамныя сучасныя здымкі, каб больш шырока ахапіць прастору. Праца была складаная, але лічу, што гэта адна з маіх найлепшых кніг. І Кацярына Мікалаеўна Дулава яе ацаніла вельмі высока. Таму прэзентацыя атрымалася незабыўнай — з удзелам зорак тэатра.

«Вялікі тэатр Беларусі. Падарожжа ў часе» — гэта не проста адбіткі мінуўшчыны, а адлюстраваная ў руху рэальнасць, бо нішто не захоўвае моманты гісторыі больш відавочна, чым фотаздымкі, па якіх бачныя пражытыя гады і змены, якія адбываліся цягам часу.

Ад знешняга

Чытач можа ўявіць гэтыя змены ў першую чаргу ў ландшафце: усе мы ведаем, што ўяўляе сабой Вялікі тэатр і парк каля яго сёння, але можам зразумець, з чаго ўсё пачыналася, калі ў Мінску на рынкавай плошчы на Троіцкай гары быў закладзены будынак. Работы пачаліся летам 1933 года, калі стала зразумела: Дзяржаўная студыя оперы і балета здольная прадстаўляць паўнавартасныя спектаклі, і ёй патрэбны ўласны дом (першапачаткова трупа карысталася сцэнай Беларускага драматычнага тэатра, які мы ведаем як Купалаўскі). Той будынак, што бачым мы, быў спраектаваны Іосіфам Лангбардам у стылі канструктывізму. Свае смелыя задумы архітэктар здолеў рэалізаваць менавіта ў Беларусі, вярнуўшыся сюды з Ленінграда. Яго праца над аб’ектамі ў Мінску была адзначана на міжнародным узроўні — у 1937-м годзе Лангбард атрымаў Гран-пры Сусветнай выстаўкі ў Парыжы. Але тэатр на той час быў яшчэ ў працэсе будаўніцтва.

Будавалі трывала: адкрыццё опернага тэатра ў Мінску адбылося 10 сакавіка 1939 года — на новай сцэне прадставілі прэм’еру нацыянальнай оперы «Міхась Падгорны» кампазітара Яўгена Цікоцкага. Такім чынам сёлета тэатр оперы і балета Беларусі адзначае яшчэ адзін своеасаблівы юбілей — 85 гадоў споўнілася ўласна будынку.

Нягледзячы на тое што першапачатковы праект Лангбарда падчас працы быў зменены, вынік усё адно атрымаўся грандыёзны: наш Вялікі і цяпер — самы вялікі тэатр краіны з пункту гледжання сцэны і глядзельнай залы. Будынак выстаяў падчас вайны, праўда, быў разрабаваны (тут размясцілі стайню) і атрымаў пашкоджанні, як і іншыя аб’екты архітэктара ў Мінску. Уяўленне пра тэатр на пачатку яго існавання даюць унікальныя здымкі, нават паваеннага часу.

Пасля вызвалення горада Іосіф Лангбард быў сярод тых рупліўцаў, якія прыклалі намаганні да аднаўлення архітэктурнага вобраза сталіцы Беларусі, але найбольшы аб’ём работ вытрымаў менавіта будынак Вялікага тэатра, які перажыў рэканструкцыю. Ярусы ў глядзельнай зале з’явіліся менавіта тады. Гледачы запоўнілі тэатр ізноў у 1947 годзе. Ужо пасля вайны дзякуючы Лангбарду вакол тэатра з’явілася маляўнічае асяроддзе: ён распрацаваў план парку, у якім з задавальненнем гуляюць мінчане і госці горада.

Пазнейшыя рэканструкцыі таксама зрабілі свой унёсак у аблічча тэатра. Напрыклад, дах у выглядзе шлема быў над будынкам не заўсёды, а з’явіўся ў 60-я гады. Рэканструкцыя і рэстаўрацыя ў пачатку 2000-х абапіраліся на гістарычныя дакументы ды фота і дадалі аздаблення, а таксама пашырылі магчымасці сцэны згодна з сучаснымі патрабаваннямі. Таму што тэатр — гэта найперш спектаклі, якія ў ім ідуць.

Да нязгаснага

Якія творы, у тым ліку беларускія, ставіліся, якія айчынныя кампазітары адмыслова для тэатра стваралі — шмат для каго гэтыя факты могуць стаць сапраўдным адкрыццём. Так можа стаць і адкрыццём інфармацыя, калі і чаму тэатр оперы і балета Беларусі стаў называцца «Вялікім» — няўжо справа толькі ў грандыёзнай архітэктуры? Бо тэатр — гэта ўсё ж творчасць, а яна таксама можа быць вялікай. Гэта пацвердзілі ў 1940 годзе падчас Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, дзе наш Вялікі тэатр (ужо тады яго так называлі) выступіў з нацыянальнымі творамі. Паказалі тры нацыянальныя оперы — «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, «Кветка шчасця» Аляксея Туранкова, «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова і балет «Салавей» Міхаіла Крошнера. «Свята культуры ўсяго беларускага народа» адбылося на высокай ноце…

Насамрэч лёсавызначальных этапаў у тэатра было некалькі. Кніга пра Вялікі тэатр Беларусі ўтрымлівае шмат унікальнай інфармацыі і фотаздымкаў, дакументаў, якія раней не друкаваліся. Мы можам паглыбіцца ў розныя эпохі, зразумець, якім бачылі тэатр і тэатральнае мастацтва нашы бацькі і дзяды. Бо тэатр ствараюць выдатныя артысты балета і оперы. Асобы. Легенды. Гледачы больш сталага веку могуць памятаць многіх з іх на сцэне. А каму не пашчасціла заспець іх талент, то можна пазнаёміцца праз кнігу і дзякуючы здымкам, што захоўваюць памяць пра тых, хто зачароўваў праз мастацтва.

Гісторыя тэатра — гэта і гісторыя ў вобразах, спектаклях, створаных тымі, хто працаваў на імідж тэатра. У ёй былі і ёсць свае героі і творы, што склалі гонар і сталі візітоўкамі Вялікага. Але што значыць «былі», калі тэатр жыве? Мяняюцца пакаленні і часы, але ва ўсе эпохі і ў кожнай краіне тэатр ствараюць людзі, якія яму служаць. І гэтая — сучасная — лінія працягваецца і дапаўняе гісторыю тэатра, праз якую можна прасачыць гісторыю краіны.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Таццяны БЕРВІНОЙ (Вялікі тэатр Беларусі)

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.