Вы тут

Як будзе рэалізоўвацца Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы?


У Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады культура разглядаецца як адзін з галоўных фактараў самабытнасці беларускага народа, пераемнасці пакаленняў, як аснова для станаўлення і развіцця асобы ў грамадстве. Актуальнасць распрацоўкі дадзенай канцэпцыі абумоўлена неабходнасцю захавання адзінства беларускага народа і забеспячэння далейшай кансалідацыі нашага грамадства, а таксама ўмацавання незалежнай беларускай дзяржавы і фарміравання нацыянальнага чалавечага капіталу. Пра тое, у якіх мерапрыемствах і праектах на тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі знойдзе адлюстраванне гэты дакумент, расказалі спецыялісты Міністэрства культуры і шэрагу рэспубліканскіх культурных устаноў сталіцы.


Фота: БелТА

Адметна таксама тое, што, згодна з дакументам, дзяржава забяспечвае прыярытэтнае развіццё беларускай нацыянальнай культуры, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый, выкарыстанне і распаўсюджванне, папулярызацыю нацыянальных культурных каштоўнасцяў. А беларуская мова прызнаецца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту.

— Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства была створана і распрацавана ў развіццё тых даручэнняў, якія даў кіраўнік дзяржавы ў ходзе Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2023 годзе. Пасля гэтага была сфарміравана рабочая група пры ўдзеле прадстаўнікоў Міністэрства культуры, аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых людзей, якія распрацавалі праект канцэпцыі. І ў снежні мінулага года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2023 года № 961 дадзеная канцэпцыя была зацверджана, — паведаміла начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Іна Адамовіч. — Міністэрствам культуры быў распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных кірункаў Канцэпцыі культурнага развіцця на 2024–2026 гады. Калі коратка распавядаць пра гэтую канцэпцыю, то яна накіравана на развіццё нацыянальнай культурнай прасторы, на захаванне гістарычнай памяці беларускага народа, яго нацыянальна-культурнай самабытнасці, рэалізацыю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу нашай нацыі, на актыўнае далучэнне грамадзян да культурнага жыцця краіны з захаваннем культурнай разнастайнасці і адкрытасці да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў. Далучэнне нашага насельніцтва да найлепшых узораў сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне і носяць высокамастацкі і высокамаральны характар.

Каляндар падзей плюс прэм’еры

Прасоўванне і развіццё нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва з’яўляецца адным з кірункаў Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы. Ён уключае ў сябе такія пазіцыі як, напрыклад, падрыхтоўку календара культурных мерапрыемстваў, якія прапаноўваюцца для наведвання беларускім і замежным турыстам. Каляндар распрацаваны Міністэрствам культуры, і азнаёміцца з ім можа любы чалавек на сайце ведамства. Там змешчана інфармацыя пра канцэпцыю кожнага мерапрыемства, указаны яго кірунак, арганізатары і час правядзення. Яшчэ ў план па прасоўванні нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва ўваходзіць і падрыхтоўка календара мерапрыемстваў выхаднога дня. Іх правядзенне запланавана з мая па верасень з удзелам беларускіх выканаўцаў, чые выступленні пройдуць у парках, скверах, зялёных зонах. Прыкладам такога фармату працы летась быў праект «Аляксандраўскі сад», які праводзілі ў скверы Купалаўскага тэатра.

Яшчэ спецыяліст Міністэрства культуры адзначыла, што адпаведна з дакументам вядзецца падрыхтоўка да святкавання календара значных падзей у духоўным жыцці беларускага народа пры садзейнічанні Беларускай праваслаўнай царквы. Не абмінулі ўвагай і тэму забеспячэння ўдзельнай вагі кінасеансаў з паказамі фільмаў беларускай вытворчасці ў рэпертуары кінапракатных арганізацый. Іх колькасць павінна складаць не менш чым 10% ад агульнай колькасці кінасеансаў у год. Прадугледжана і арганізацыя конкурсных праграм, фільмаў, створаных дзецьмі і моладдзю ў рамках кінафестываляў.

Папоўняцца прэм’ерамі па творах беларускіх аўтараў і рэпертуары тэатральна-відовішчных арганізацый. Напрыклад, нядаўна НАДТ імя Янкі Купалы прадставіў спектакль «Пісаравы імяніны» па п’есе Уладзіслава Галубка. А вось у НАДТ імя Максіма Горкага працуюць над падрыхтоўкай сучаснай трагедыі па дакументальных творах Галіны Злабенка пра людзей, якія перажылі акупацыю, нястачы, страты, але не страцілі галоўнае — чалавечнасць.

— Па-першае, гэты матэрыял эмацыянальна моцны, а па-другое, ён накіраваны не столькі на стварэнне нейкага відовішча, колькі на вывучэнне чалавека, яго лёсу, яго месца ў гэтым свеце ў перыяд надзвычай цяжкіх выпрабаванняў... Тэатр — мастацтва, якое служыць захаванню гуманістычных ідэалаў, накіраванае на стварэнне і духоўнае развіццё грамадства. І тэма прасоўвання і развіцця нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва дае глебу для разважанняў. Наш тэатр з’яўляецца адным з лідараў сярод беларускіх тэатраў па прасоўванні беларускай нацыянальнай культуры за мяжой. На працягу васьмі гадоў мы з’яўляемся пастаяннымі ўдзельнікамі спецыяльнага праекта «Вялікія гастролі» Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі. Амаль штогод з 2016-га тэатр выязджае на гастролі па гарадах Расіі адразу з некалькімі пастаноўкамі. Таксама амаль кожны тэатральны сезон мы прадстаўляем нашу краіну на розных міжнародных тэатральных форумах: Фестываль рускіх замежных тэатраў у Набярэжных Чаўнах, Міжнародны фестываль Дастаеўскага ў Вялікім Ноўгарадзе і іншых, — расказаў мастацкі кіраўнік НАДТ імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык. — Прыязджаеш у Маскву ці ў Санкт-Пецярбург на фестываль, і людзі кажуць «Мы помнім вашага „Макбета“ з Луцэнкам, Янкоўскім і Клімавай у галоўных ролях». Спектакль зняты з пракату недзе ў пачатку 90-х гадоў. А памяць пра яго і дагэтуль жыве ў Расіі. Гэта і ёсць прыклад прасоўвання нацыянальнай культуры, мастацтва.

Культура ў «лічбе» і інтэрактыве

Добрая навіна для прыхільнікаў беларускай культуры і ў тым, што варта чакаць у найбліжэйшай перспектыве з’яўлення электроннага інфармацыйнага рэсурсу «Культура. бел», на якім плануюць размяшчэнне класічных узораў беларускага мастацтва. І на сёлета планы ў творцаў таксама вялікія.

— Калі мы гаворым аб прасоўванні і развіцці нацыянальнай мастацкай культуры, то гэта датычыцца не толькі працэсаў унутры краіны. Вялікі тэатр цяпер вярнуўся да практыкі фарміравання малых формаў паказаў спектакляў і па магчымасці іх прыстасавання да тых альбо іншых сцэн — для таго, каб максімальна прыцягнуць гледача з усёй краіны і паказаць нашы спектаклі, няхай у адаптаваных варыянтах, ва ўсіх нашых абласных цэнтрах. Мы ўнеслі пэўную карэкціроўку ва ўласную канцэпцыю развіцця Вялікага тэатра ў цэлым шэрагу пазіцый, якія закранулі і пашырэнне нацыянальнай тэматыкі, і працу з моладдзю, і пытанні адносна свят традыцыйных і звыклых, і зразумелых нам. У сценах нашай культурнай установы праводзяцца і Дзень сям’і, і Дзень маці і Дзень бацькі. І падчас гэтых мерапрыемстваў мы паказваем не толькі наш тэатр, але і распавядаем на прыкладзе цудоўнай літаратуры, мастацтва пра тое, як гэта каштоўна і важна для ўсіх нас, — падзялілася генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Кацярына Дулава. — Яшчэ адна важная думка датычыцца, безумоўна, прыцягнення нацыянальных кадраў. Сёння мы знаходзімся ў фармаце існавання санкцый, і гэта накладвае пэўныя патрабаванні на магчымасць залучэння і артыстаў, і рэжысёраў, і дырыжораў, і пастаноўшчыкаў з іншых краін. Але санкцыі — гэта час магчымасцяў, якія мы цяпер актыўна пачынаем выкарыстоўваць, прыглядаемся да той моладзі, што ідзе за намі і бачыць, што адбываецца ў свеце. Моладзь мае імкненне працаваць для сваёй краіны, але ў яе пакуль што няма вопыту і, можа, у поўнай меры разумення, як варта рухацца, і наша задача падказаць. Гэты працэс няпросты. Але без яго ў нашых структур не будзе будучыні. Таму неабходна працаваць у дадзеным кірунку.

Што датычыцца вялікіх прэм’ер, то ў тэатры рыхтуюцца прадставіць гледачу ў чэрвені вялікі патрыятычны праект пад назвай «Патэтычны дзённік памяці» на музыку беларускіх кампазітараў амаль за апошнія 50 гадоў, напісаных для Вялікага тэатра оперных і балетных сачыненняў.

Нам засталася спадчына…

У сваю чаргу, мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр імя М. Я. Фінберга» Максім Расоха сказаў пра тое, што вельмі важна ў развіцці і стварэнні новага абапірацца на культурную спадчыну:

— Без нашых традыцый, каранёў мы не можам ісці далей і развіваць нашу нацыянальную культуру. І ў гэтым плане, у прыватнасці, наш калектыў абапіраецца на нацыянальнае мастацтва. Мы робім акцэнт на тое, каб захаваць і знайсці нават тое, што ўжо забыта, на жаль, нават у эстраднай музыцы. Ствараем сучасныя аранжыроўкі, апрацоўкі. І шукаем увесь час. Напрыклад, нядаўна мы прэзентавалі праграму «Мелодыі народаў свету ў творчасці беларускіх кампазітараў», дзе мы гаварылі пра шматнацыянальнасць нашай краіны. І забытая музыка, калісьці вядомая, атрымала такім чынам новае жыццё.

Падтрымаў калегу і мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Гільдзюк, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што вельмі радасна мець магчымасць працаваць дзеля захавання і падтрымкі традыцыі беларускага музычнага мастацтва:

— Вядома, калі б не развівалася класічная музыка, і школа кампазітарская, і школа выканання нашай краіны, то мы наўрад ці здолелі б стварыць столькі калектываў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, захаваць іх і зрабіць культурным здабыткам нашай культурнай прасторы. І мы чакаем яшчэ большага развіцця і зацікаўлены ў прытоку, у тым ліку і маладых таленавітых людзей. Філармонія кожны сезон прадстаўляе шмат прэм’ер беларускай музыкі. Прыклады апошніх гадоў — Алег Хадоска, Галіна Гарэлава, Вячаслаў Кузняцоў і іншыя кампазітары. Напярэдадні адкрыцця нашай 39-й «Мінскай вясны», прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы ганарымся, што ў нас мірнае неба і што мы можам тварыць. І мы ўсе разам працуем з калегамі на стварэнне.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Дзяржаўны падыход

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.