Вы тут

Беларускі саюз мастакоў распачаў маштабны праект «Колеры Вялікай Перамогі»


Беларускі саюз мастакоў да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў распачаў маштабны праект «Колеры Вялікай Перамогі». Ён дасць магчымасць кожнаму, хто туды завітае, убачыць жывапіс, графіку, скульптуру, замалёўкі з фронту ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама работы вядомых беларускіх мастакоў з фондаў творчай супольнасці і маладых яе аўтараў. Напярэдадні адкрыцця выстаўкі арганізатары і ўдзельнікі расказалі журналістам пра тое, што ўбачаць наведвальнікі Палаца мастацтва, і на якіх яшчэ лакацыях варта чакаць сёлета новыя праекты.


Фота з сацсетак БСМ

— Гэты год у нас вельмі насычаны і адказны. Акрамя раённых і рэспубліканскіх праектаў, намі запланаваны і шэраг абласных мерапрыемстваў. Першы праект — «Колеры Вялікай Перамогі», які мы прэзентуем цяпер, стартуе ў Палацы мастацтва і на працягу ўсяго года будзе там дзейнічаць. Ён прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта будзе зменная экспазіцыя з рознымі тэмамі, — адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Яшчэ ў нашых планах вялікі рэспубліканскі праект, які будзе рэалізаваны не з фондаў нашай калекцыі, а з удзелам сучасных аўтараў. Ён пройдзе ў нас у чэрвені-ліпені бягучага года. І рэгулярны графічны пленэр, які мы праводзім на базе мемарыяльнага комплексу «Хатынь», таксама набірае абароты. Летась адзін з мастакоў нашага саюза Усевалад Швайба, які ўдзельнічаў у ім, узяў дзве ўзнагароды: у галіне патрыятычнага выхавання і Нацыянальную прэмію ў намінацыі «Графіка». Яшчэ ў нас сумесна з саюзам дызайнераў рэалізавана экспазіцыя ў Мемарыяльным комплексе «Азарычы». І там плануецца шырокамаштабная выстаўка з удзелам нашай гомельскай арганізацыі, з дарэннем работ музею. Ёсць у планах правесці некалькі пленэраў у Мемарыяльных комплексах «Ала» і «Чырвоны Бераг». 

У апошнім — плануецца рэнавацыя музейнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны».

Варта адзначыць, што падзеі Вялікай Айчыннай вайны заўсёды былі і застаюцца адной з важнейшых тэм для беларускіх мастакоў розных пакаленняў. І першы праект «Памяці вогненных вёсак» паказвае графічныя работы на тэму вайны народных мастакоў Беларусі Васіля Шаранговіча, Георгія Паплаўскага, Арлена Кашкурэвіча, а таксама работы шэрагу вядомых аўтараў, сярод якіх Павел Любамудраў, Мікалай Селяшчук, Рыгор Віткоўскі і іншыя. У рабоце кожнага з іх аўдыторыя адшукае палітру эмоцый, дзе і боль, і гнеў, і захапленне мужнасцю людзей, і радасць ад Перамогі.

— Падрыхтоўваючы цяперашнюю выстаўку «Колеры Вялікай Перамогі», мы палічылі, колькі мастакоў нашага саюза былі ветэранамі вайны. Выявілася, што 143 чалавекі ўдзельнічалі ў баях. Не ўсе з іх засталіся жывымі, а хто застаўся — гэта вядомыя мастакі. Мы ўсе помнім, што апошні ветэран Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў сышоў ад нас літаральна некалькі гадоў таму. І мы хочам аддаць даніну тым людзям, якія паклалі сябе на алтар Вялікай Перамогі і вялікага мастацтва. Яны вялікай прафесійнай мовай гаварылі на вельмі важную тэму, — зазначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — «Колеры Вялікай Перамогі» будуць паказваць работы знакамітых мастакоў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяцей вайны, прадстаўнікоў больш маладога пакалення на ваенную тэму. У асноўным прадставім работы з фондаў Беларускага саюза мастакоў, яны фарміраваліся якраз у пасляваенны перыяд. Першыя работы на гэтую тэму з’явіліся ў фондах нашага саюза ў 1949 годзе. Мы маем работы 50–60-х гадоў — класічныя, вельмі вядомых мастакоў. І хочацца, каб з запаснікаў саюза яны выйшлі, убачылі свет і знайшлі свайго гледача.

Праект пачалі з графікі яшчэ і з прычыны таго, што адначасова ў Палацы мастацтва будзе адкрывацца вялікі графічны праект, прысвечаны міфалогіі і Бібліі. Арганізатары імкнуліся выбудаваць экспазіцыю так, каб гэтая тэма і работы мастакоў, якія распавядаюць пра трагедыю вайны, пра трагедыю Хатыні, і разам з тым расповед пра тое, што жыццё працягваецца, гучалі ва ўнісон. А далей будуць экспазіцыі жывапісу, скульптуры... Мяняць экспазіцыю плануюць праз кожныя паўтара месяца. Аднак, па меркаванні прадстаўнікоў Саюза мастакоў, самым яркім пунктам праектнай дзейнасці ўсё ж будзе выстаўка, прымеркаваная да 3 ліпеня. Адкрыецца яна ў другой палове чэрвеня і размесціцца ва ўсіх залах Палаца мастацтваў. Там плануюць паказаць работы розных секцый і арганізацый Беларускага саюза мастакоў.

— Прынцыпова важна паказаць і сённяшніх творцаў, як яны мысляць, як адчуваюць тэму вайны. І я разумею, наколькі гэта важная і складаная задача. Таму што ветэрану ці чалавеку, які перажыў нават маленькім жахі вайны, было прасцей выказацца. Маладому мастаку значна складаней. Аднак трансфармацыя мастацкай мовы, асэнсаванне вайны маладымі, мабыць, будуць цікавыя гледачу. Акрамя гэтага, я хачу падкрэсліць, што галоўнай тэмай нашай экспазіцыі, якая адкрыецца напярэдадні 3 ліпеня, будзе тэма Маці. Мы пагаворым пра трагедыю жанчын, маці, якія адправілі на вайну сваіх дзяцей, бо заўсёды ў беларускім мастацтве галоўны — чалавек. Гэта і стане нашым укладам у творчае асэнсаванне тэмы 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — адзначыла Наталля Шаранговіч.

У сваю чаргу, старшыня секцыі «Традыцыя» БСМ Уладзімір Уродніч не толькі расказаў пра найбліжэйшыя праекты, але і падзяліўся сваімі думкамі адносна працэсаў, якімі цяпер характарызуецца беларускае выяўленчае мастацтва:

— На нядаўнім з’ездзе саюза мастакоў мы гаварылі пра тое, што галоўнай тэмай бліжэйшых перыядаў нашага жыцця застанецца ваенна-патрыятычная. І магчыма, многім давядзецца яе культываваць. А гэта даволі доўгі працэс, паколькі ў свеце ідзе жудаснае супрацьстаянне ў барацьбе за праўду, да якога маюць дачыненне і наша краіна, і расіяне. Таму і ў мастацтве як у нас, так і ў нашых суседзяў гучыць пытанне, якая тэма цяпер найбольш важная. Акрамя ваенна-патрыятычнай цяжка прыдумаць нейкую іншую. Але ёсць пытанне: ці знаходзім мы новыя падыходы да творчага развіцця таго, чым займаемся? Калі мы гаворым пра мастацтва, то гаварыць павінны і пра навацыю. А навацыя — гэта неардынарнае мысленне, да гэтага трэба быць гатовым. І грамадства павінна быць гатовым да таго, каб успрымаць некаторыя навацыі творцаў, — дзеліцца Уладзімір Уродніч. — Сёння мы павінны працягнуць ваенна-патрыятычную тэму нашых папярэднікаў. Аднак, 

падкрэсліваю, трэба знаходзіць свой почырк. Што датычыцца праектаў секцыі «Традыцыя», то ў красавіку напярэдадні Дня Перамогі мы рыхтуем у Жодзіне выстаўку «Шчымлівая мелодыя памяці».

Прыемнай навіной падзяліўся і старшыня студыі ваенных мастакоў Мікалай Апіёк, паведаміўшы, што сёлета яны атрымалі прапанову выставіцца ў красавіку ў Нацыянальным мастацкім музеі. Студыя адзначыла летась сваё 20-годдзе з дня існавання. Гэтую дату святкавалі шэрагам выставак напярэдадні юбілею: у магілёўскім музеі імя Масленікава было прадстаўлена 48 работ, у тым ліку і абласных мастакоў, і выстаўка ў Брэсцкай крэпасці з 45 работамі. Таксама ладзіліся і працягваюць праводзіцца выстаўкі мастакоў студыі на іх малой радзіме.

Актыўна праяўляюць сябе ў праектах Беларускага саюза мастакоў і маладыя яго прадстаўнікі. Мастачка Марыя КРУЧКОВА, якая ўваходзіць у маладзёжную секцыю творчай супольнасці, адзначыла, што культура і мастацтва лепш за ўсё спраўляюцца з патрыятычным выхаваннем падрастаючых пакаленняў, але ў гэтым працэсе вельмі важна выбіраць правільныя метады.

— На мой погляд, мастацтва і павінна выступаць у якасці крыніцы выхавання патрыятызму. Спрадвеку яно спраўлялася з такой задачай. Аднак важна ўлічваць, да чаго найбольшы інтарэс праяўляе цяпер моладзь, на тым і варта акцэнтаваць увагу. Напрыклад, з уласнага вопыту магу сказаць, што зрокава вобразы скульптуры, жывапісу лепш успрымаюцца і больш дакладна фіксуюцца маладымі людзьмі. Я таксама за тое, каб на пастаяннай аснове праводзіліся мерапрыемствы на патрыятычныя тэмы: наведванне музеяў, тэатраў, лекцый, правядзенне экскурсій і выязных пленэраў, — кажа мастачка. — У саюзе мастакоў шмат моладзі прыцягваецца ў праекты. Гэта дапамагае адкрываць для сябе і краіну, і сваю культуру.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Жывая памяць

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.