Вы тут

Чым адметны Брэсцкі раён?


Раёны пры вялікіх гарадах заўсёды маюць свае асаблівасці, горад аказвае ўплыў на іх развіццё, пры гэтым раён не мае ўласнага райцэнтра. У нашым выпадку эканоміка раёна дэманструе ўстойлівы рост, што важна, колькасць насельніцтва не памяншаецца. Чым яшчэ адметны Брэсцкі раён — аб гэтым наша сённяшняя гутарка са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Сенчуком.


— Зараз ва ўсіх раёнах пытанне нумар адзін — сяўба. А летась, як вядома, Брэсцкі раён вызначыўся асаблівымі поспехамі ў галіне раслінаводства і быў заслужана ўганараваны на абласных «Дажынках». Утрымаць высокую планку, вядома, няпроста. Падмуркам жа багатага ўраджаю з’яўляецца паспяхова праведзеная сяўба. Чым вызначаецца сёлетняя пасяўная кампанія?

— Так, летась упершыню ў гісторыі раёна ўзяты рубеж па намалоце каласавых і зернебабовых культур у 100 тысяч тон. Мы атрымалі 106,3 тысячы тон пры ўраджайнасці 53,6 цэнтнера з гектара. Сёлета плануем атрымаць звыш 107 тысяч тон збожжа, 11 тысяч тон агародніны, 82 тысячы тон цукровых буракоў, 17 тысяч тон масланасення рапсу і шмат іншай прадукцыі. Паспяхова праведзена сяўба азімых, унесена дастаткова мінеральных угнаенняў, праведзена асенняя хімпраполка.

З пачатку мінулага тыдня ўсе гаспадаркі прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур. Усяго гэтай вясной будзе засеяна 21 046 гектараў, у тым ліку яравых збожжавых і зернебабовых на плошчы 8426 гектараў. Адначасова вядзецца падкормка азімых культур, шматгадовых траў. Работа ідзе ў штатным рэжыме. Віды на ўраджай добрыя.

— У адрозненне ад іншых сельскіх раёнаў колькасць насельніцтва ў Брэсцкім не скарачаецца, а расце. За кошт чаго? Як спраўляюцца камунальныя і іншыя службы з павелічэннем колькасці жыхароў у летні перыяд?

— Узровень колькасці насельніцтва нашага раёна ў апошнія гады захоўвае станоўчую дынаміку. У працэнтных адносінах рост невялікі, але ён ёсць з году ў год. Пры гэтым адчувальным з’яўляецца рост насельніцтва працаздольнага ўзросту і дзяцей. Гэта вынік уплыву фактараў, якія паляпшаюць умовы жыцця. Маецца на ўвазе дастойная аплата працы, фінансавая і матэрыяльная падтрымка на дзяржаўным узроўні. Варта сказаць, што сярод раёнаў Брэсцкай вобласці (акрамя гарадоў) па сярэднім узроўні заработнай платы Брэсцкі знаходзіцца на першай пазіцыі.

Важным паказчыкам стану эканомікі і дабрабыту людзей з’яўляецца павелічэнне колькасці шматдзетных сем’яў. Па стане на пачатак года ў раёне зарэгістравана 1195 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 4102 дзіцяці. З 2020 года колькасць такіх сем’яў узрасла на 172. Асноўным крытэрыем росту дэмаграфічнага паказчыка з’яўляецца актыўнае будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы дзяржавы ў частцы льготнага крэдытавання, датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу інтэнсіўна забудоўваецца прыватны сектар.

Яшчэ адна асаблівасць абумоўлена тым, што на тэрыторыі Брэсцкага раёна размяшчаецца 250 дачных таварыстваў абласнога цэнтра. Летам насельніцтва раёна павялічваецца, можна сказаць, удвая. Дадатковую нагрузку нясуць службы ЖКГ, гандаль, праваахоўныя органы. Але працэс адпрацаваны гадамі, пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца ў рабочым парадку.

— Як вядома, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення грунтуецца найперш на любові да малой радзімы. У Брэсцкім раёне ёсць населеныя пункты, з якіх можна пісаць цэлыя раздзелы па гісторыі краіны. На слыху, напрыклад, Дамачава, дзе асабліва крывавы след пакінула вайна. Астрамечава вядомае багатай гісторыяй, населены пункт нярэдка называюць культурнай сталіцай раёна. Тамашоўка прыцягвае ўвагу музеем касманаўтыкі…

— Гэты спіс можна пашыраць і працягваць. І пачаў бы я з унікальнага музея баявой і працоўнай славы, які размешчаны ў сярэдняй школе пасёлка Мухавец. Музей слаўны не толькі каштоўнымі матэрыяламі, але і яго захавальнікамі. Стваральніца экспазіцыі Таццяна Басацкая, нястомная руплівіца гісторыі, разам з калегамі і школьнікамі праводзіла вялікую пошукавую работу. Дзякуючы яе намаганням у 70-я гады з’явіліся памятныя знакі ва ўрочышчы Плянта, у вёсках Камяніца Жыравецкая, Падлессе Радваніцкае, Падлессе Камянецкае, помнік у Мухаўцы і іншыя. У 90-я гады эстафету падхапіла Юлія Барысюк, музей паспяхова працягвае пошукавую, выхаваўчую работу.

Памяць пра трагедыю Дамачаўскага дзіцячага дома, пра 53 расстраляных яго выхаванцаў разам з юнай выхавальніцай падтрымлівае Дамачаўская сярэдняя школа. Кожны год там праводзяцца мітынгі, іншыя памятныя мерапрыемствы. Крыху больш за год таму школа і Белтэлерадыёкампанія прадставілі сумесны праект — дакументальны фільм «Расстралянае дзяцінства». Памяць пра вайну, захаванне гістарычнай праўды — важнейшы кірунак у справе патрыятычнага выхавання моладзі.

Яшчэ адзін вялікі пласт работы — захаванне гістарычнай спадчыны. Сапраўды, нездарма Астрамечава называюць культурнай сталіцай раёна. Тут на кожным кроку сустрэнеш дыханне гісторыі: язычніцкі каменны ідал, курганы ІІ—ІІІ стагоддзяў, радавое гняздо Казіміра Лышчынскага, Пакроўская царква, узведзеная ў 1742 годзе. Восенню 1905 года асветнікам і кнігавыдаўцом Фларэнціем Паўлянковым была адкрытая адна з першых на Беларусі народных бібліятэк. Налета будзем адзначаць 120-годдзе Астрамечаўскай бібліятэкі. Астрамечаўскі дом культуры вядомы сваімі творчымі калектывамі, адзінаццаць з іх маюць званне «народнага». У вёсцы працуе Дом рамёстваў. А ў 2013 годзе пачаў выдавацца альманах «Астрамечаўскі рукапіс» у памяць пра аднайменны рукапісны зборнік нот старадаўняй беларускай музыкі ХVІ—ХVІІ стагоддзяў. Альманах выходзіць пры поўнай фінансавай падтрымцы Брэсцкага райвыканкама ў выглядзе каляровага ілюстраванага выдання на беларускай і рускай мовах і сёння па праве лічыцца культурным брэндам раёна.

Ну а Тамашоўка з адзіным у нашай краіне музеем касманаўтыкі перажывае цяпер асаблівы ўсплёск інтарэсу. Музей размешчаны ў школе, якую скончыў першы касманаўт, ураджэнец Беларусі, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук. Для наведвальнікаў музей расчыніў свае дзверы ў 1978 годзе, дваццаць гадоў таму адбылася яго рэканструкцыя. Экспазіцыю наведала ўжо каля мільёна чалавек з Беларусі і іншых краін свету. Музей мае трывалыя сувязі з цэнтрам «Байканур», музеем Цыялкоўскага, «Зорным гарадком». Нярэдкі госць у школе наш слынны зямляк Пётр Ільіч Клімук, які паспрыяў таму, каб экспазіцыя мела ўнікальныя экспанаты. Названы музей даўно стаў цэнтрам патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання школьнікаў. А цяпер, калі на арбіце знаходзіцца першая касманаўтка нашай незалежнай краіны, музей набывае яшчэ большую актуальнасць і значнасць, ён становіцца месцам летапісу касмічнай гісторыі нашай краіны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.