Вы тут

Кітайскі перакладчык Гу Юй аднолькава захоплены рускай і беларускай літаратурамі


З Гу Юем, русістам, перакладчыкам, прафесарам Нанькайскага ўніверсітэта (Цянцзінь, Кітайская Народная Рэспубліка), мы пазнаёміліся параўнальна нядаўна. Рыхтавалі адно з выданняў для паэтычнай серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», якая выходзіць у Мінску пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь на беларускай і кітайскай мовах. Патрэбен быў кансультант па творчасці сярэдневечных паэтаў Паднябеснай. Прафесар Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў доктар філалагічных навук Чжан Хуэйцсінь параіла звярнуцца да Гу Юя, ахарактарызаваўшы яго як аўтарытэтнага перакладчыка рускай паэзіі. Заўважыла пры гэтым, што перакладчык добра ведае рускую і ўсе ўсходнеславянскія літаратуры, а яшчэ — тое, што быў знаёмы з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам, перакладаў яго вершы. Так завязалася наша дружба, нарадзіліся новыя творчыя інціыятывы. Масштабы перакладчыцкіх здзяйсненняў Гу Юя ўражваюць. Пра гэта і хацелася б найперш расказаць у нашым дыялогу з кітайскім перакладчыкам. 


Гу Юй

— Шаноўны спадар Гу Юй, з чаго ўсё ж такі пачалося ваша захапленне рускай літаратурай?

— У падручніку рускай мовы для першага курса, з якім я пазнаёміўся студэнтам, быў тэкст пад назвай «Дружба». Ужо пасля я даведаўся, што гэта быў урывак з аповесці Уладзіміра Караленкі «Сляпы музыкант». На кітайскую мову аповесць пераклаў наш выкладчык — Дзан Чуаньджэнь. Я ўзяў гэтую кнігу ў бібліятэцы, і чытаў тэкст з падручніка, параўноўваючы з перакладам. Дакладны, вобразны і лёгкі для чытання пераклад спадара Дзана выклікаў у мяне захапленне і значна павысіў маю зацікаўленасць да вывучэння рускай мовы. 

На трэцім курсе ў нас з’явіўся прадмет па чытанню рускай літаратуры. Выкладаў яго Цаа Джундэ, выпускнік факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Ён вельмі добра гаварыў па-руску. На занятках ён знаёміў нас з паэтычнай творчасцю Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Фета, Ахматавай, Ясеніна і Ісакоўскага. Гэта і абудзіла ўва мне зацікаўленасць да рускай паэзіі. Памятаю, што першым рускім вершам, які я пераклаў, быў верш Ісакоўскага «Летят перелетные птицы». 

Захапленне рускай літаратурай пачалося з гэтай кнігі

— «Летят перелетные птицы/ В осенней дали голубой, —/ Летят они в жаркие страны,/ А я остаюся с тобою,/ Родная навеки страна! / Родная навеки страна!/ Не нужен мне берег турецкий,/ И Африка мне не нужна...» І ў Беларусі, і ў Расіі гэтая песня вядомая не аднаму пакаленню... 

— І мяне яна ўразіла... Бацька выкладчыка Цаа Джундэ — вядомы перакладчык Цаа Баахуа. А яго жонка — руская. Не дзіўна, што спадар Цаа так любіць рускую літаратуру. Вершы на рускай мове ён заўсёды чытаў з пачуццём і прыўзнятым настроем. 

«Выбраныя вершы Максіма Танка» надрукаваны ў Кітаі ў 1958 г.

— Сярод перакладзеных вамі на кітайскую мову — творы Аляксандра Салжаніцына, Юрыя Кузняцова, Мікалая Рубцова, Аляксандра Кушнера... Руская літаратура — нешта кшталту сусветнага акіяна. Як сфарміраваліся вашы асабістыя перакладчыцкія прыхільнасці ў гэтай бязмежнай прасторы? 

— Ёсць пэўная доля неспадзяванасці, выпадковасці ў тым, якія творы перакладаюцца. Мне маглі ў газеце ці часопісе патрапіцца на вочы вершы, якія мяне зацікавілі, і я пачынаў іх перакладаць. Так атрымалася з вершамі Юрыя Кузняцова і Мікалая Рубцова, яны пасля былі надрукаваны ў «Сучаснай міжнароднай паэзіі». Пераклад некаторых твораў ініцыіравалі выдавецтвы. Напрыклад, пра паэму Салжаніцына «Дарожка» мне напісаў рэдактар выдавецтва «Новая класіка» Чэнь Фэн. Праца над гэтай паэмай заняла болей двух гадоў пасля падпісання дамовы. Біяграфію Дзмітрыя Ліхачова, напісаную Паповым, прапанаваў перакласці прафесар Лю Вэньфэй. «Марына Цвятаева: жыццё і творчасць» Анны Саакянц (гэта тры тамы! 860 000 іерогліфаў!) папрасіў перакласці рэдактар Шанхайскага выдавецтва «Бэйбэйтэ чубань вэньхуа гунсы» Вэй Дун. Ён ведаў, што я люблю перакладаць паэзію, а ў гэтай біяграфіі шмат паэтычных фрагментаў. На пераклад кнігі пайшло два з паловай гады. Аднойчы я спытаў спадара Гаа Мана пра пераклад гэтай кнігі. Ён тады задаўся пытаннем, колькі людзей прачытае такую тоўстую кнігу пасля таго, як яе перакладуць? Дваццаць? Для мяне сталася нечаканасцю, што пасля публікацыі трохтомніка болей трыццаці чалавек напісалі рэцэнзіі, да ўсяго астатняга мы атрымалі добры водгук ад некаторых паэтаў. Дзякуючы гэтай кнізе я нават пасябраваў з некалькімі паэтамі — Хань Янь, Цзя Кэ і Лін Юэ. 

Пасля біяграфіі Цвятаевай мяне запрасілі перакласці «Успаміны дачкі» Арыядны Эфрон. Адказным рэдактарам быў таксама Вэй Дун. Я сказаў Вэй Дуну, што ўжо пераклаў для іх болей мільёна знакаў тэкста біяграфій і мемуараў. І ці не маглі б яны знайсці магчымасць надрукаваць перакладзены мною зборнік вершаў. Вэй Дун, як сапраўдны сябар, пайшоў мне насустрач і прыдумаў серыю «Паэзія Расіі». У ёй былі выдадзены адразу чатыры паэтычных зборнікі ў маіх перакладах: «Выбраныя вершы А. Пушкіна», «Выбраныя вершы А. Фета», «Выбраныя вершы К. Бальманта», «Выбраныя вершы В. Брусава» (Выдавецтва Гуансійскага педагагічнага ўніверсітэта — «Гуансі шыфань дасюэ чубаньшэ», 2014). Агульную прадмову да гэтай серыі напісаў вядомы расійскі вучоны Уладзімір Веніямінавіч Агеносаў. Дарэчы, на кітайскую мову быў перакладзены падручнік па літаратуры пад яго рэдакцыяй. 

— Але ўсё ж такі аснову ў вашых перакладчыцкіх працах займае класіка... Падзеяй у кітайскім кнігавыданні стала ваша кніга перакладаў «Лірыка кахання Пушкіна», выдадзеная ў Пекіне чвэрць стагоддзя назад. Наколькі складана працаваць з класікай, з тэкстамі Пушкіна, у прыватнасці? Вы ўлічвалі вопыт сваіх кітайскіх папярэднікаў у гэтай справе?

— Я заўсёды лічыў сябе вельмі ўдачлівым. Лі Цзіе, дэкан нашага факультэта замежных моў, быў паэтам. Пасля выпуска я застаўся ў сваім універсітэце выкладаць. Дэкан ведаў, што я пішу вершы і люблю іх перакладаць. І аднойчы з Пекіна, дзе быў на нарадзе, ён прывёз мне зборнік баек Івана Крылова ў перакладзе У Яня. Спадар Лі сказаў мне: «Гэтую кнігу пераклалі з англійскай мовы, у арыгінале байкі — у вершах, але пераклалаі іх як прозу. Паспрабуй перакласці гэтыя байкі з рускай мовы як вершы». Пасля двух гадоў карпатлівай працы я пераклаў зборнік баек Івана Крылова «Асёл і салавей», кніга выйшла ў выдавецтве «Хэйлунцзян жэньмінь чубаньшэ» (Хэйлунцзянскае народнае выдавецтва) у 1983 годзе. 

Зборнік вершаў Роберта Раждзественскага «Усё пачынаецца з любві» ў перакладзе Гу Юя

У красавіку 1980 года я ўдзельнічаў у канферэнцыі Уханьскага ўніверсітэта, прысвечанай паэзіі У. У. Маякоўскага. Там я пазнаёміўся з такімі вядомымі перакладчыкамі паэзіі, як Гэ Баацюань, Юй Чжэнь і Фэй Бай. Пасля заканчэння мерапрыемства мне таксама пашчасціла сустрэць Гаа Мана. 

— І Гэ Баацюань, і Гаа Ман — перакладчыкі вершаў Максіма Танка на кітайскую мову. Кніга беларускага паэта выйшла ў Пекіне ў іх перакладах яшчэ ў 1958 годзе... 

— Для мяне сустрэча з гэтымі майстрамі перакладу ў нейкай ступені лёсавызначальная... У хуткім часе пасля вяртання ва ўніверсітэт я атрымаў ліст ад Гаа Мана. Так я стаў адным з перакладчыкаў «Анталогіі сучаснай савецкай паэзіі». Пазней, у Пекіне, я пазнаёміўся з выдаўцамі Сунь Шэн’у і Лу Юнфу з выдавецтва «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» («Народная літаратура»). Яны рэдагавалі «Выбраныя вершы А. Пушкіна» і прапанавалі мне таксама паўдзельнічаць у якасці перакладчыка. Следам за тым, Сунь Шэн’у, Лун Юнфу і Гаа Ман рэдагавалі серыю «Малая паэтычная калекцыя «Бяроза», і запрасілі мяне да ўдзелу ў гэтым творчым праекце. Якраз у гэтай серыі і выйшаў зборнік «Усё пачынаецца з любові». Прадмову да яго напісаў Гаа Ман. Я вельмі ўдзячны маім старэйшым калегам — маім настаўнікам, якія вялі мяне па шляху паэтычнага перакладу. 

— Вы расказалі аб працы над перакладам баек Крылова... Васямнаццатае — першая палова дзевятнаццатага стагоддзя... Ці зразумелая сучасным кітайскім чытачам сатыра Крылова, якая ідзе з даўно мінулых дзён?

— Мой пераклад «Зборніка баек Крылова» быў надрукаваны выдавецтвам «Хэйлунцзян жэньмінь чубаньшэ» (Хэйлунцзянскім народным выдавецтвам) у 1983 годзе. Гэта быў першы зборнік баек Крылова ў маім перакладзе. Пазней я пераклаў на кітайскую мову дзевяцітомны зборнік баек Крылова, які выйшаў у выдавецтве «Яньшань чубаньшэ» у 2003 годзе. У 2019 годзе выдавецтва «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» («Народная літаратура»), абапіраючыся на перакладзены мною «Поўны збор твораў баек Крылова», падрыхтавала дзіцячае выданне для навучэнцаў пачатковай і сярэдняй школы. У 2019 годзе тыраж склаў 20 000 экзэмпляраў, а на сённяшні дзень ужо аддрукавана 52 000 экзэмпляраў. Відаць, што гэтыя перакладныя выданні карыстаюцца папулярнасцю ў чытачоў. Трэба патлумачыць, што ў першапачатковым дзевяцітомным поўным зборы баек Крылова надрукавана 203 байкі. Аднак у выданні, падрыхтаваным «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» («Народная літаратура») — 208 твораў, на 5 болей. Гэтыя тэксты мне прадаставіў Лі Фанджун — сын Лі Цзіе. Ён закончыў Пекінскі ўніверсітэт замежных моў па спецыяльнасці «руская мова», шмат гадоў працаваў у пасольстве Кітая ў Расіі. Лі Фанджун сабраў з рускіх перыядычных выданняў асобныя творы І. Крылова і дадаў імі поўны збор твораў баек Крылова. Я заўсёды буду памятаваць дапамогу, якую мне аказалі бацька і сын — Лі Цзіе і Лі Фанджун. Рукапіс з маімі перакладамі баек Крылова я таксама аддаваў на рэцэнзію Дзан Чуаньчжэню і Чэнь Юньлу, якія ўнеслі каштоўныя парады па дапрацоўцы і крок за крокам дапамагалі майму перакладу стаць лепшым. 

Яшчэ адной прычынай цікаўнасці ў Кітаі да баек Крылова з’яўляецца ўключэнне некаторых яго баек у падручнікі для пачатковай і сярэдняй школы, таму і вучні, і бацькі звяртаюць увагу на творы гэтага аўтара. 

Канешне, чытачоў прыцягваюць і мастацкія характарыстыкі твораў: алегарычная рэалістычная іронія Крылова. Спадчына Крылова стаіць на ўзроўні з творчасцю Эзопа і Лафантэня, ён уваходзіць у тройку самых вядомых байкапісцаў свету. 

Зборнік баек «Асёл і салавей» Івана Крылова ў перакладзе Гу Юя

— Вечным, калі так можна выказацца, пісьменнікам для краін сацыялістычнай арыентацыі з’яўляецца Максім Горкі. У Азію яго кнігі ўпершыню прыйшлі болей ста гадоў назад. Пэўна, з часін Лу Сіня, Горкі шмат разоў перакладаўся і ў Кітаі... Не страшна было брацца за пераклады твораў Горкага напрыканцы XX стагоддзя ці на пачатку XXI стагоддзя?

— Прызнаюся, для мяне Максім Горкі — вялікі пісьменнік, якога я вельмі паважаю. Ён выйшаў з дна грамадства, у раннія гады страціў бацьку, перажыў шмат нястач, і толькі дзякуючы ўпартай працы і самадукацыі дамогся поспеху. Гэта не можа не выклікаць захапленне. Яго імкненне да пастаяннай вучобы заўсёды было для мяне крыніцай матывацыі настойліва займацца мастацкім перакладам. 

Сярод калег па літаратурнаму перакладу ў Цяньцзіні ў мяне ёсць некалькі добрых сяброў — Лю Луньчжэнь і Ван Цзяньфу, з якімі я час ад часу кантактую. У сярэдзіне 1990-х гадоў па запрашэнню выдавецтва «Бэйюэ чубань» мы пераклалі трылогію М. Горкага «Дзяцінства», «У людзях» і «Мае ўніверсітэты». Мы былі вельмі шчаслівыя такой магчымасці: я пераклаў «У людзях», Ван Цзяньфу — «Мае ўніверсітэты», а «Дзяцінства» пераклаў Яа Мінью з Пекіна. Лю Луньчжэнь пераклаў «Маці», гэты твор шмат разоў перавыдаваўся. Трылогя атрымала добрыя водгукі чытачоў. 

Гу Юй — адзін са складальнікаў сборніка «Танскія строфы»

— Вы добра былі знаёмыя з такімі русістамі, як Гэ Баацюань, Гаа Ман. Якія ў іх перакладчыцкай практыцы галоўныя ўрокі можна ўзяць сёння?

— Займаючыся мастацкім перакладам, я аднойчы напісаў Гэ Баацюаню і папрасіў парады. Гэ Баацюань адказаў мне і парэкамендаваў болей чытаць і настойліва практыкавацца. Яго акуратныя і выразныя іерогліфы зрабілі на мяне глыбокае ўражанне. 

Як я ўжо казаў, мне пашчасціла быць знаёмым з Гаа Манам. Кожны раз, калі я бываў у Пекіне, абавязкова з ім сустракаўся. Гао Ман адрозніваўся жыццярадасным характарам, шырокай душою ў адносінах з людзьмі. Ён быў перакладчыкам, рэдактарам, пісьменнікам, мастаком і паэтам. Стасункі з ім прынеслі мне многа карысці. Гаа Ман падарыў мне болей трыццаці кніг. Па яго запрашэнню я таксама ўдзельнічаў у зборніках, якія ён рэдагаваў: «Анталогія сучаснай савецкай паэзіі», «Анталогія лірычных вершаў савецкіх паэтэс», «Поўны збор лірычных вершаў А. Пушкіна» і «Малая анталогія савецкай паэзіі». Гаа Ман быў знаёмы з рускім савецкім паэтам Робертам Раждзественскім і пераклаў некалькі дзесяткаў яго вершаў. Я таксама пераклаў болей ста вершаў гэтага паэта і прапанаваў Гаа Ману выдаць кнігу «Выбраныя вершы Роберта Раждзественскага», складзеную з яго і маіх перакладаў. Гаа Ман сказаў, што лепей выдаць зборнік, куды ўвойдуць толькі мае пераклады. Якраз у той год я паехаў на стажыроўку ў Ленінградскі ўніверсітэт. Гаа Ман напісаў прадмову да гэтага зборніка вершаў. Таму ўсялякі раз, калі я чытаю кнігу «Усё пачынаецца з любові — Выбраныя вершы Р. Раждзественскага», думкі адносяць мяне да Гаа Мана. 

Гаа Ман

Расійскі кітаязнаўца Барыс Рыфцін, спецыяльна запрошаны прафесар Нанькайскага ўніверсітэта, на пачатку новага стагоддзя часта прыязджаў у Нанькайскі ўніверсітэт з лекцыямі, і мы неаднойчы сустракаліся. Ён неяк сказаў, што ёсць вялікая навуковая праца, якую варта перакласці, — «Руская літаратура на мяжы стагоддзяў. 1890-я — пачатак 1900-х гг.», укладзеная калектывам Інстытута сусвенай літаратуры імя А. М. Горкага. І Барыс Львовіч прапанаваў мне паўдзельнічаць у перакладзе гэтай манаграфіі. Я адказаў, што пераклаў паэтычныя зборнікі Бальманта і Брусава і магу перакласці раздзелы, звязаныя з гэтымі двума паэтамі. Рыфцін дапамог выдавецтву «Дуньхуан вэньі чубаньшэ» (Дуньхунскае выдавецтва літаратуры і мастацтва«) вырашыць пытанні, звязаныя з аўтарскімі правамі. Пазней Лю Ланьшэн, дырэктар гэтага выдавецтва, спецыяльна прыехаў у Цяньцзінь, каб папрасіць мяне ўзначаліць пераклад гэтай кнігі. Я палічыў, што мне аднаму не справіцца і патэлефанаваў Гаа Ману з разлікам, што ён узначаліць гэтую працу, а я стану яго памочнікам. Гаа Ман сказаў, што паколькі я ўжо выйшаў на пенсію, прыйшоў час зрабіць нешта вялікае, значнае. Мне нічога не заставалася, як папрасіць яго быць нашым кансультантам і намаляваць ілюстрацыі да гэтай кнігі, на што Гаа Ман адразу ж адказаў згодай. Спадар Гаа не толькі дапамог нам знайсці адказы на складаныя пытанні, але і намаляваў 38 партрэтаў пісьменнікаў і паэтаў, што дадало кнізе новых фарбаў. 

Я ніколі не забуду, як пасля выхаду ў свет чатырохтомнай «Гісторыі рускай літаратуры Сярэбранага веку» Гаа Ман нанова напісаў 38 партрэтаў пісьменнікаў і паэтаў і даслаў іх мне на захоўванне, сказаўшы, што ў будучыні, пры выданні паэтычных зборнікаў, гэтыя партрэты можна выкарыстоўваць у якасці ілюстрацый! Я быў крануты да глыбіні душы, гэта нават цяжка апісаць словамі. У наш час карціны, напісаныя ў жанры гахуа, у залежнасці ад памеру, могуць ацэньвацца ад некалькіх тысяч да некалькіх дзесяткаў тысяч юаняў. А Гаа Ман зусім дармова перадаў мне 38 партрэтаў. Гэты выпадак зрабіў на мяне глыбокае ўражанне, і я вельмі ўдзячны настаўніку Гаа. Яго прамалінейнасць, бескарыслівасць і самахвярны характар назаўсёды застануцца для мяне ўзорнымі і вартымі захаплення. 

— Вы, як і Гаа Ман, адкрылі для кітайскага чытача і народнага паэта Беларусі Максіма Танка... Ці дапамагае вам у працы над перакладамі твораў беларускіх аўтараў ваш каласальны вопыт русіста? 

— Як я ўжо казаў, з лістапада 1988 года па снежань 1989-га я на працягу года вучыўся ў Ленінградскім універсітэце. У ліпені 1989 года я прыязджаў у Мінск для сустрэчы з Максімам Танкам. Да паездкі ў Савецкі Саюз я ўжо перакладаў вершы гэтага паэта і друкаваў іх у перыёдыцы. Калі я сустрэўся з Танкам, яму было 77 гадоў, а мне 49... Танк успомніў сваю камандзіроўку ў Кітай 1957 года, з дэлегацыяй савецкіх пісьменнікаў. Самым запамінальным момантам для яго стала паездка па толькі пабудаваным Уханьским мосце праз раку Янцзы. Ён прыйшоў да статуі паэта Цсюй Юаня на Усходнім возеры ў горадзе Ухань, аддаў даніну павагі мастаку Цсі Байшы ў Пекіне і прысвяціў яму свае вершы. Тады Максім Танк пазнаёміўся з Гаа Манам, з якім ліставаўся і падтрымліваў дружбу на працягу многіх гадоў. 

Гаа Ман і Гу Юй

Мне вельмі падабаюцца вершы Максіма Танка. Сям’я, дружба, каханне і настальгія па родных мясцінах — гэта тэмы, на якіх паэт факусіруецца ў сваіх творах. Яго вершы ўзятыя з жыцця, паэт звяртаецца да тэмаў прыроды, асяроддзя існавання чалавека. На мой погляд, Максім Танк — гэта выдатны нацыянальны паэт Беларусі, і для мяне вялікі гонар і ўдача пазнаёміць кітайскіх чытачоў з перакладамі яго вершаў. 

— Вы стажыраваліся ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце... Такая сустрэча з Расіяй дапамагла вам яшчэ мацней спасцігнуць рускую літаратуру?

— Я восем гадоў вывучаў рускую мову, а пасля застаўся выкладаць ва ўніверсітэце. І гадавая стажыроўка ў Ленінградскім універсітэце мела для мяне важнае значэнне. Маім навуковым кіраўніком у Ленінградскім універсітэце быў прафесар Герман Васільевіч Філіпаў. Ён займаўся вывучэннем рускай паэзіі, а таксама з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР. Герман Васільевіч падтрымліваў маё імкненне болей кантактаваць з паэтамі і кітаязнаўцамі. І прадаставіў мне кантактную інфармацыю па многіх паэтах і перакладчыках. Гэта дазволіла мне наведаць Маскву і пазнаёміцца з Рымай Казаковай, Навэлай Матвеевай, Расулам Гамзатавым, Робертам Раждзественскім, Юрыем Кузняцовым і іншымі паэтамі, я перакладаў іх вершы для «Анталогіі сучаснай савецкай паэзіі». 

У Ленінградзе я пазнаёміўся з кітаязнаўцамі Л. Меншыкавым, прафесарам Я. Серабраковым, Я. Тарчынавым і іншымі паэтамі, з А. Кушнерам, В. Шэфнерам, галоўным рэдактарам часопіса «Звезда». 

Тады ж у супрацоўніцтве з рускімі сябрамі я пачаў перакладаць на рускую мову сучасную кітайскую паэзію. З сабою ў Ленінград я прывёз кнігу «Выбраныя творы «туманнай паэзіі». Былі перакладзены вершы Бэй Даа, Ман Кэ, Чэ Цсяньдзы і іншых аўтараў, а таксама паэтаў старэйшага пакалення — Ню Ханя, Дзэн Джо, Лу Лі, Шаа Яньсяна... У 1989 годзе, калі Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў наведаў Кітай, болей 30 вершаў у маім перакладзе былі надрукаваны ў газетах «Смена», «Ленинградский рабочий», часопісе «Звезда». 

У 1989 годзе, у час паездкі ў Маскву, я гасцяваў у вядомага пісьменніка пісьменніка Сяргея Міхалкова. Мне давялося перакладаць яго дзіцячыя вершы і байкі. Міхалкоў падарыў мне тры кнігі з дарчымі надпісамі, у тым ліку сваю аўтабіяграфію і зборнік баек. І якраз тады ён сказаў, што ў снежні ў Маскве пройдзе Сусветная канферэнцыя ПЭН-клуба дзіцячых пісьменнікаў, і там будзе прадстаўнік Кітая, галоўны рэдактар часопіса «Дзіцячая літаратура» Ван Ідзі. І паколькі я вучуся ў Ленінградзе, мяне таксама запрашаюць прыняць удзел. Такім чынам, у мяне з’явілася яшчэ адна магчымасць пашырыць свае кантакты, сувязі. Мяне размясцілі ў гатэлі «Украіна», я не толькі пазнаёміўся з некаторымі дзіцячымі пісьменнікамі, але і пабываў у Суздалі, іншых гарадах Залатога кола. Гэтыя сустрэчы засталіся ў памяці на ўсё жыццё. 

— Ці можна гаварыць пра тое, што мастацкі пераклад у Кітаі ў дачыненні рускай літаратуры, перажывае свой Рэнесанс? 

— У Кітаі было два пікі зацікаўленняў да перакладу твораў рускай літаратуры. Першы прыйшоўся на пачатак 1950-х гг., калі была перакладзена і прадстаўлена вялікая колькасць савецкіх твораў. Рэпрэентатыўным перакладным зборнікам таго часу можна лічыць чатырохтомнік «Анталогія савецкай паэзіі» пад рэдакцыяй Го Мажо і Фэй Дэліня. Другі кульмінацыйны момант — перыяд з 1980-х да пачатку 1990- х гадоў, калі было выдадзена нямала ш маттомных збораў твораў рускіх класічных пісьменнікаў і паэтаў. Напрыклад, сямітомны збор твораў А. Пушкіна і пяцітомны збор твораў М. Ю. Лермантава, дзе таксама прадстаўлены і мае пераклады. А яшчэ з’явіліся шматтомныя зборы твораў М. Гогаля, І. Тургенева, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага і іншых вядомых пісьменнікаў, якія выходзілі не толькі ў выдавецтвах «Жэньмінь вэньсю чубаньшэ» («Народная літаратура») (Пекін), «Шанхай івянь чубаньшэ» («Перакладная літаратура») (Шанхай), «Наньцзін ілінь чубаньшэ» (Нанкін), але і ў выдавецтвах «Хэбэй цзяаюй чубаньшэ», «Гуансі ліцзян чубаньшэ» і «Хуачэн чубаньшэ» (Гуанчжоу). У той час тыражы вядомых твораў, якія выходзілі ў перакладзе на кітайскую мову, былі досыць высокімі. Зараз, азіраючыся назад, я адначасова і ўсхваляваны, і шкадую, што тыя гады сыйшлі назаўсёды. 

— Што б вы параілі маладым перакладчыкам Расіі, Беларусі ў іх жаданнях адкрываць кітайскую літаратуру?

— Я займаюся мастацкім перакладам вось ужо болей паўвека, набыў пэўны вопыт і вылучыў пэўныя ўрокі. На мой погляд, пераклад мастацкай літаратуры — вельмі практыка-арыентаваная праца, якая патрабуе цярпення, сур’ёзнага падыходу і настойлівасці, і толькі шляхам назбірвання вопыту і дзякуючы ўласнай упартасці можна ўзвысіць якасць і ўзровень перакладу. Мастацкі пераклад — гэта той выпадак, калі колькасць пераходзіць у якасць. Адчуванні ад перакладу ў сто тысяч іерогліфаў адрозніваюцца ад ўражанняў, калі ты пераклаў усяго дзесяць тысяч іерогліфаў. А калі ў скарбонцы перакладаў звыш мільёна знакаў, вы быццам у іншае вымярэнне патрапляеце. 

У Кітаі сярод перакладчыкаў рускай літаратуры нямала вядомых імёнаў, для нас прыкладамі для пераймання былі Цаа Цзінхуа з Пекінскага ўніверсітэта, Гэ Баацюань з Акадэміі грамадскіх навук і Юй Джэнь з Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта ў Шанхаі. Перакладчыкі болей маладога пакалення — Лань Ін’нянь, Цаа Ін, Гаа Ман, Ча Лянджэн, Фэй Бай, Гу Юньпу і Фэн Чунь, таксама ўнеслі выдатны ўклад у развіццё перакладу рускай літаратуры. Іх наступнікам, маладым перакладчыкам, варта звярнуць увагу на пераклады гэтых мэтраў, уважліва з імі азнаёміцца і следаваць іх прыкладу. 

Акрамя гэтага, я хацеў бы данесці да маладых перакладчыкаў, што, павышаючы ўзровень рускай мовы, нельга забывацца пра пастаяннаме паляпшэнне сваіх навыкаў у кітайскай мове. 

Пры перакладзе літаратурнага твора трэба шматкратна і вельмі ўважліва перачытваць тэкст, а перакладаць зыходзячы з разумення, ніколі пры гэтым не варта спяшаца. 

Пры перакладзе паэзіі, калі арыгінальны твор адносіцца да метрычнага вершаскладання, лепей усяго перакладаць у метрычны верш, а не ў свабодны, вольны, паколькі гэта можа ўвесці чытачоў у зман, яны падумаюць, што арыгінальны твор уяўляе сабою свабодны верш. 

Пры перакладзе традыцыйнай кітайскай паэзіі на рускую мову, магчымым шляхам з’яўляецца супрацоўніцтва паміж кітайскімі і рускімі вучонымі, такім чынам магчыма прадэманстраваць ўзаемадапаўняючыя перавагі і атрымаць выдатны рэзультат. У мяне быў вопыт сумеснай працы з рускім перакладчыкам Сяргеем Торапцавым над выданнем сямі кітайска-рускіх анталогій для чытання паэзіі Кітая: «Вершы Лі Бо», «Паэзія дынастыі Тан», «Сунскія «цы», «Паэзія юаньцсюй», «Сучасная кітайская паэзія» (першая і другая часткі) і «Жаночая паэзія» (Выдавецтва Цяньцзіньскага ўніверсітэта, 2020 год). 

І апошняе, на што хацеў бы звярнуць увагу: не варта забываць урокі папярэднікаў. Спадар Лі Цзіе сказаў мне аднойчы, што пры перакладзе вершаў патрэбна ўлічваць два моманты: па-першае, пераклад павінен быць вартым аўтара арыгінальнага твора, а па-другое, ён павінен быць варты павагі чытачоў. Ад сябе я хацеў бы дадаць яшчэ два пункты: па-трэцяе, быць вартым выдавецтва, а па-чацвёртае, — вартым уласнага сумлення. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ

Пекін — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.