Вы тут

Лукашэнка: Мы можам працаваць з вамі і паказваць іншым рэгіёнам, колькі невялікая Беларусь, можа зрабіць для вялікай Расіі


Новы рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся сустрэчай з губернатарам Арлоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Андрэем Клычковым. На пасадзе губернатара ён першы раз наведвае нашу краіну. У 2023 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Арлоўскай вобласцю склаў 244,2 мільёна долараў. Але ёсць куды імкнуцца. Падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка акрэсліў вектары, па якіх супрацоўніцтва можа пашырацца. 


Вітаючы гасцей, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі заўжды рады сустракаць гасцей з Арлоўскай вобласці. «Вы сапраўды тут абсалютна побач. Лагістыку мы знойдзем як забяспечыць, было б у вас жаданне бываць на роднай беларускай зямлі», — сказаў ён. Прэзідэнт нагадаў, што ў пачатку сакавіка беларускі ўрад прызначыў старшыню Брэсцкага аблвыканкама Юрыя Шулейку, чалавека актыўнага і дзейнага, адказным за супрацоўніцтва ў Арлоўскай вобласцю. «Перакананы, як кіраўнікі на месцах вы хутка знойдзеце агульную мову», — сказаў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу на насычаную праграму візіту дэлегацыі Арлоўскай вобласці: сустрэчы з урадам, наведванне буйных беларускіх прадпрыемстваў, абмен вопытам. «У нас для вас няма ніякіх закрытых тэм і прадпрыемстваў. Усё, на што мы здаольныя, мы гатовыя прадаставіць для нашай блізкай і роднай Арлоўшчыны. Мы ведаем вашу высокую развітасць, мы гатовы вучыцца і ствараць сумесныя прадпрыемствы, сумесныя вытворчасці», — заявіў Прэзідэнт. Тым больш вопыт ёсць: падпісаны План мерапрыемстваў на 2024–2026 гады па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж урадам Арлоўскай вобласці і Гомельскім аблвыканкамам. Плануецца падпісанне аналагічнага пагаднення з Брэсцкім аблвыканкама. «Упэўнены, вынікі вашага візіту будуць падмацаваны канкрэтнымі сумеснымі праектамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Вы паказалі сваю стабільнасць

Беларускі лідар адзначыў, што бачыць і разумее, як сёння Арлоўчшыне няпроста. «Спакойна жыць і працаваць у бліжэйшы час вам не дадуць, на гэта няма чаго разлічваць. Таму даводзіцца ў найскладаных умовах вырашаць задачы па абароне мірнага насельніцтва і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры. Калі ў гэтым плане мы можам вам у нечым дапамагчы — звяртайцеся, мы будзем рады дапамагчы вашым людзям і вам. Тым не менш вы, як і іншыя рэгіёны, дакладна і акуратна правялі прэзідэнцкія выбары і паказалі сваю стабільнасць, палітычную і эканамічную незалежнасць», — адзначыў ён. 

Пунткам адліку для далейшага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка прапанаваў узяць тавараабарот за 2023 год. Лічба ўнушальная: чвэрць мільярда долараў. «Думаю, хуткім часам, гады за тры, мы можам выйсці на паўмільярда. Гэта цалкам рэальна. Хоць давядзецца папрацаваць, паднапружыцца». — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што драйверамі росту могуць выступіць традыцыйна моцныя эканамічныя галіны Арлоўшчыны, такія, як сельская гаспадарка, мікраэлектроніка, інвестыцыйная сфера. «Па ўсіх гэтых трох накірунках у нас высокі ўзровень развіцця, таму рух магчымы і будзем рабіць усё, каб атрымаць найбольшы эфект», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы падрабязна акрэсліў, што ў сваю чаргу прапануе беларускі бок. 

«Першае, зыходзячы з Вашых пажаданняў і мэт пры наведванні кампаніі „Амкадор“ будзе прадстаўлена камунальная, будаўнічая дарожна-будаўнічая і лесагаспадарчая тэхніка. На „Гомсельмашы“ ўбачыце беларускія магчымасці па камбайнах розных мадыфікацый», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў Тамбоўскай вобласці сумесна з «Гомсельмашам» на днях запушчана вытворчасць беспілотных камбайнаў «Тытан». Беларускі лідар назваў гэты напрамак перспектыўным і параіў звярнуць на яго ўвагу. Ён таксама прапанаваў падумаць аб стварэнні спецыялізаваных навучальных класаў з беларускай тэхнікай у сельскагаспадарчай гімназіі імя Сталыпіна ў горадзе Арле. «Тэхніка вельмі складаная, вучыцца трэба ўсім, і расіянам, і беларусам у тым ліку», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Другое. Апроч трактарнай, спецыяльнай, грузавой тэхнікі беларуская прамысловасць павялічвае аб’ёмы выпуску пасажырскага транспарту, звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён расказаў, што ў лінейцы ёсць экалагічныя электробусы, тралейбусы, трамваі, у тым ліку тэхніка з нізкай падлогай для пасажыраў з абмежаванай мабільнасцю. Уся беларуская прадукцыя мае высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі. Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі вельмі актыўна ўкараняюць электробусы. Ён параіў пазнаёміцца з адпаведнымі праектамі, якія ў рэалізуюцца ў Шклове і Жодзіна па ўкараненні электробусаў у маршрутах паміж абласнымі і раёнымі гарадамі. «Вельмі перспектыўная справа. Пілотныя праекты ажыццяўляем, хаця прадаём ужо шмат такіх электробусаў. За гэтым будучыня», — расказаў беларускі лідар. Ён прапанаваў арганізаваць у Арле тэст-драйв некалькіх адзінак тралейбусаў з аўтаномным ходам і трамваяў. 

Трэцяе — мікраэлектроніка. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што часта абмяркоўвае гэты напрамак супрацоўніцтва са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. «Вы малайцы, што захавалі, як і ў Беларусі, свае прадпрыемствы. Вы ведаеце нашы „Інтэграл“ і „Планар“. З улікам задач па імпартазамяшчэнні кааперацыю прыйдзецца пашыраць. Жадаў бы пачуць вашы меркаванні на гэты конт», — сказаў беларускі лідар.

Чацвёртае. Сельская гаспадарка і харчаванне. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Арлоўская вобласць знаходзіцца ў лідарах па вытворчасці грэчкі, рапсу, цукровых буракоў, а таксама па ўраджайнасці алейных, збожжавых і зернебабовых культур. «Гэта тое, што нам трэба. Трэба супрацоўнічаць са сваімі людзьмі, а не з французамі і немацамі. У Беларусі ёсць элітнае насенне, выведзены высокаўраджайныя сарты сельскагаспадарчых культур. Мы гатовы дзяліцца. — адзначыў Прэзідэнт. — Асобнай згадкі заслугоўвае Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя — унікальны праект па вытворчасці — камбікармоў, амінакіслот і прэміксаў. Таксама мы вырабляем шырокі пералік ветэрынарных прэпаратаў. У нас выпрацаваны высокапрадукцыйныя тэхналогіі ў племянной справе, птушкагадоўлі, малочнатаварнай вытворчасці і многіх іншых галінах. Калі будзем запатрабаваныя ў вас — будзем вельмі рады».

Пятае — будаўніцтва. Прэзідэнт нагадаў, што беларускія спецыялісты некалькі гадоў таму ў горадзе Ліўны пабудавалі школу. «Мне паведамлялі, што спецыялісты гэтым засталіся задаволеныя, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Знакавыя сацыяльна накіраваныя аб’екты і сучасныя — шматпавярховыя збудаваны беларусамі на тэрыторыі бліжэйшых да вас рэгіёнаў Расіі. Таксама людзі задаволеныя. Мы будуем хутка, якасна і па кошце мы запраста можам выйграваць у расійскіх будаўнікоў». Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пабудаваць нейкі знакавы аб’ект у Арлоўскай вобласці, каб было ўсё пад ключ і ўсе разумелі, што гэта беларусы пабудавалі.

«Ведаю, што вамі ў Арлоўскай вобласці сфарміравана 10 пляцовак, якія падлягаюць комплекснаму развіццю тэрыторый. Мяркую, ёсць сэнс прыцягнуць для рэалізацыі гэтых праектаў беларускіх будаўнікоў. Выбраць узорнае месца, вызначыць, паставіць задачы. І мы не паспрабуем, а дакладна пабудуем добрыя, якасныя аб’екты. Можам таксама прапанаваць паслугі ў галіне капітальнага рамонту, праектавання і правядзення інжынерных пошукаў, пастаўкі сучасных будаўнічых матэрыялаў і ліфтаў, садзейнічанне ў газіфікацыі рэгіёнаў і шмат іншага», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў савецкі час Беларусь была своеасаблівым маяком у плане будаўніцтва, сюды прыязджалі ўсе вучыцца. Усе гэтыя базы захаваны. Дзяржаўныя трэсты захаваныя, і яны могуць праектаваць і пад ключ будаваць. І гэта дае свой эфект. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўсе пералічаныя вышэй прапановы — толькі асноўнае. Гэта далёка не поўны пералік напрамкаў для супрацоўніцтва Беларусі і Арлоўскай вобласці. «Вы нешта знойдзеце ў Беларусі карыснае для вас — у любы час мы гатовы ўзгадніць і працаваць па ўсіх напрамках», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Тым больш, што Беларусь і Арлоўская вобласць знаходзяцца недалёка адна ад адной. «Мы можам працаваць з вамі больш эфектыўна, інтэнсіўна і паказваць іншым рэгіёнам, колькі невялікая па памерах Беларусь можа зрабіць для вялікай Расіі. Мы да гэтага гатовы і пры вашай падтрымцы мы абавязкова рэалізуем усе намечаныя планы. Цяжка, складана, але звяртайцеся, наколькі мы можам, настолькі і будзем дапамагаць», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Задача — павялічыць у два разы тавараабарот — рэальная

Андрэй Клычкоў звярнуў увагу, што Беларусь і Арлоўская вобласць непарыўна звязаны цеснай сувяззю і ў іх аснове гістарычная памяць нашых народаў. Ён расказаў, што ў мінулым годзе адзначалася 80-годдзе вызвалення Арлоўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Беларусі сёлета адзначаецца гэтая дата. «Беларускія мсціўцы вызвалялі ў тым ліку і Арлоўскую вобласць. Мы гэтую гісторыю памятаем, паважаем і шануем», — падкрэсліў ён. Губернатар расказаў, што ў Арлоўскай вобласці ёсць свая Хатынь — вёска Калпачкі, якая была знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. «Гэтыя ўрокі гісторыі мы павінны памятаць. І пакуль хтосьці перапісвае гісторыю, мы павінны ісці па іншым шляху. Тую работу, якую вы праводзіце з рэгіёнамі Расіі праз культурныя, гуманітарныя сувязі, — гэта наш шлях. І, як сказаў Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, нашы краіны — найбліжэйшыя саюзнікі і стратэгічныя партнёры, супрацоўніцтва паміж якімі развіваецца на прынцыпах узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў. Менавіта ў такім ключы мы і збіраемся рухацца далей», — заявіў Андрэй Клычкоў.

Губернатар Арлоўскай вобласці падкрэсліў, што сёння важным момантам з’яўляецца стварэнне сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцей, патэнцыял у якіх ёсць. «Абсалютна падтрымліваю задачу, якую вы пазначылі — у два разы павялічыць тавараабарот. Гэту задачу мы гатовы перад сабой паставіць і рухацца ў гэтым напрамку. Гэта дазволіць нам больш актыўна, нягледзячы на любыя санкцыі, развівацца», — запэўніў ён. Андрэй Клычкоў расказаў, што ў рамках візіту дэлегацыі прадставіць беларускім калегам і патэнцыял Арлоўскай вобласці: «Мы завяршылі мінулы год з ростам па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках, нягледзячы на абмежаванні і тую сітуацыю, што нам даводзіцца абараняць рэгіён. Пры гэтым мы бачым актыўную фазу развіцця. У нас вельмі стабільна працуе прамысловасць, ёсць добрая прыбаўка ў сельскай гаспадарцы (па выніках мінулага года 113 працэнтаў рост да мінулага года). І тут я падтрымаю, у нас вялікі патэнцыял. Прэзідэнтам дадзена даручэнне падрыхтаваць падставы для стварэння ў Арлоўскай вобласці нацыянальнага насенняводчага цэнтра. Вы абсалютна маеце рацыю, нам не трэба арыентавацца на заходнія краіны, трэба сваё насенне і сваю незалежнасць ствараць. Думаю, што тут супрацоўніцтва можа даць добры эфэкт».

У тэму 

Ад сельскай гаспадаркі да мікраэлектронікі

Падводзячы вынікі сустрэчы ў размове з журналістамі, Андрэй Клычкоў падкрэсліў, што чацвёртая частка ўсяго знешняга тавараабароту Арлоўскай вобласці прыпадае на Рэспубліку Беларусь. «Мы разумеем, што на фоне санкцыйнага націску сёння асноўная задача для нашага рэгіёна — зрабіць так, каб з вашай рэспублікай ішла больш глыбокая інтэграцыя». — сказаў ён. Губернатар расказаў, што Арлоўская вобласць — адзін з лідараў па сельскай гаспадарцы і рэгіён бачыць вялікі патэнцыял у развіцці беларускай сельгастэхнікі. «У нас гістарычна назапашаны досвед узаемаадносін з Мінскім аўтамабільным заводам і з Мінскім трактарным заводам у выкарыстанні тэхнікі, у інтэграцыі нашых прадпрыемстваў. Таму сёння абмеркаваўшы пытанне, мы будзем прапрацоўваць пытанне аб стварэнні мультыбрэндавага сервісна-дылерскага цэнтра на тэрыторыі Арлоўскай вобласці. Гэта дасць добры эфект, таму што ўжо за першы квартал бягучага года было набыта амаль пяць дзясяткаў адзінак тэхнікі», — распавёў Андрэй Клычкоў. Ён таксама адзначыў вялікія перспектывы ў супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі. Пытанне харчовай бяспекі губернатар назваў ключавым. «У нас добрыя сумесныя напрацоўкі з навуковымі цэнтрамі рэспублікі па селекцыі насення цукровых буракоў, соі, рапсу, зерневых культур. Нагадаю, што Арлоўская вобласць, нягледзячы на невялікую тэрыторыю, у мінулым годзе сабрала амаль пяць мільёнаў тон збожжа. І тут вельмі вялікі патэнцыял», — сказаў ён.

Таксама, паводле слоў Андрэя Клычкова, традыцыйна на Арлоўшчыне былі запатрабаваны беларускія будаўнікі. У адным з гарадоў яны збудавалі школу. І гэты досвед можа быць карысны пры будаўніцтве іншых сацыяльных аб’ектаў. Арлоўшчына таксама з’яўляецца адным з цэнтраў мікраэлектронікі на тэрыторыі Цэнтральнай федэральнай акругі. І тут, паводле слоў губернатара, таксама вялікі задзел для супрацоўніцтва.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.