Вы тут

Як правільна даглядаць скуру?


Паўгода таму мне падарылі абсалютна новы для мяне сродак для догляду скуры — міцэлярную ваду. На працягу некалькіх месяцаў я штовечар працірала ёй твар перад сном. Але зусім нядаўна, пасля таго, як паслухала вэбінар біёлага і аўтара курса па стварэнні фітакасметыкі сваімі рукамі Вольгі Букат, перастала гэта рабіць. Чым небяспечная міцэлярная вада, а таксама іншыя памылкі, якія многія з нас па няведанні дапускаюць пры доглядзе скуры, — адказы на гэтыя пытанні шукайце ніжэй. Акрамя таго, Вольга навучыла чытаць этыкеткі на крамнай касметыцы, каб пазбягаць небяспечных рэчываў у яе складзе, і падзялілася некалькімі рэцэптамі фітакасметыкі, якую кожнаму пад сілу зрабіць сваімі рукамі.


Пра шкоду міцэлярнай вады ды гідрафільнага алею

— Вольга, як і чым параіце здымаць макіяж?

— Самы лепшы спосаб — змываць яго малачком для дэмакіяжу. Наносім яго на ватны дыск і праціраем скуру да таго часу, пакуль ён не застанецца чыстым. Можна знайсці і набыць якаснае малачко ў экалагічных касметычных кампаній. Асабіста ж я ўжо шмат гадоў карыстаюся дэмакіяжам, які раблю сама літаральна з чатырох інгрэдыентаў: гідралат (у складзе якога вада і выцяжка з расліны, атрыманая шляхам паравой дыстыляцыі), эмульгатар, лапуховы алей, які карысны для веек, і вітамін Е. І ні на што іншае яго не прамяняю. Малачко зручнае тым, што вельмі мякка змывае касметыку і яго, у адрозненне ад іншых сродкаў, не трэба змываць, бо, застаючыся на скуры, яно працягвае аказваць ахоўнае ўздзеянне. Ведаю, што многія актыўна карыстаюцца міцэлярнай вадой ці гідрафільным алеем, якія апошнім часам увайшлі ў моду. Але, на жаль, не ўсе ведаюць, што гэтыя сродкі для зняцця макіяжу небяспечныя для нашай скуры. У сваім складзе яны ўтрымліваюць дастаткова агрэсіўныя ПАВы (павярхоўна актыўныя рэчывы), якія пры працяглым прымяненні здольныя яе пашкоджваць, рабіць маленькія дзірачкі ў ліпідным бар’еры. Таму, калі ўжо карыстаецеся міцэляркай, абавязкова змывайце яе цёплай вадой, яна ні ў якім разе не павінна застацца на твары. А ад гідрафільнага алею я наогул раю адмовіцца. Ну ці ў крайнім выпадку мінімізаваць яго прымяненне да літаральна аднаго разу ў месяц. Яго можна выкарыстоўваць тады, калі вам трэба змыць вельмі водаўстойлівы макіяж. У гэтым выпадку кароткачасовае — літаральна на паўхвіліны — яго нанясенне на скуру дапушчальна. Нанеслі і адразу ж змываем цёплай вадой.

— Што датычыцца дзёнага крэму, мне было карысна даведацца, што яго трэба наносіць на ўвільготненую гідралатам скуру. Магчыма, ёсць нейкія нюансы, якія датычацца начнога крэму, скрабаў?

— Не ўсе ведаюць, што начны крэм — неабавязковы этап догляду твару. Бо менавіта ноччу, калі мы спім, ідуць галоўныя працэсы аднаўлення скуры. Таму менавіта працяглы салодкі сон дапамагае нам выглядаць лепш, чым любы крэм. Але калі вы ўсё ж вырашыце карыстацца начным крэмам, майце на ўвазе, што ён мусіць быць вельмі якасны, у яго склад павінны ўваходзіць самыя дарагія алеі — насення прымулы, журавін, парэчак, абляпіхі, пшанічных зародкаў... Летам карыстацца начным крэмам не варта, бо скура пацее і алеі, якія ўтрымлівацца ў ім, могуць замінаць гэтаму працэсу.

Што датычыцца скрабаў, то прымяняць іх рэкамендую не часцей, чым 1-2 разы на тыдзень. Прычым скраб мусіць быць мяккі (без жорсткіх гранул, якія здольны пашкоджваць ліпідны бар’ер). Вы не павінны адчуваць яго на скуры, калі робіце масажна-масіравальныя рухі. Уявіце навобмацак рысавы крухмал ці пылок сасны — прыблізна такім лёгкім і пушыстым павінен быць скраб.

Раю адзін тыдзень у годзе, а лепш больш, даваць скуры адпачынак ад усіх касметычных сродкаў, нават самых лепшых. Пажадана гэта рабіць у бархатны сезон, калі сонца ўжо не такое агрэсіўнае і ёсць меншая верагоднасць зарабіць фотастарэнне.

Пра насенне лёну ды дэзадаранты без алюмінію

— Як даглядаць самую далікатную скуру вакол вачэй, бо менавіта тут з’яўляюцца першыя зморшчынкі?

— Вазьміце звычайныя ватныя дыскі і разрэжце нажніцамі на палавінкі-паўмесяцы. Так выглядаюць экалагічныя патчы пад вочы, якія мы будзем макаць у спецыяльную сумесь, зробленную сваімі рукамі. Падзялюся двума сваімі любімымі рэцэптамі. Вельмі добра зрабіць патчы пад вочы з настою насення лёну. Апошняе заліваем вадой на гадзіну. І потым у слізістую вадзічку, якая атрымалася і выдатна падцягвае скуру, абмакваем нашы паўмесяцы. Кладзём пад вочы і вытрымліваем не больш за 5-7 хвілін, затым змываем рэшткі маскі цёплай вадой. Рабіць гэтую працэдуру рэкамендуецца лежачы. Для другога рэцэпту спатрэбіцца спелае авакада і агурок (экалагічна чысты, са сваёй градкі). З авакада лыжкай саскрабаем мякаць і дадаём свежы агурочны сок (замест агурка можна ўзяць мінеральную ваду). Калі ў вас сухая скура, можна дадаць пару кропель аліўкавага ці льнянога алею. Гатуйце сумесь для патчаў у малюсенькай піяле, не трэба рабіць яе шмат, дастаткова кожнага інгрэдыенту па чайнай лыжцы. Калі хочаце зрабіць патчы пра запас, то можна выкласці 14 паўмесяцаў у плоскі кантэйнер, перасцілаючы харчовай плёнкай, і захоўваць у халадзільніку тыдзень.

Патчы пад вочы, зробленыя вучаніцай курса “Фітакасметыка сваімі рукамі"

— На што варта звяртаць увагу, набываючы сродкі для догляду скуры ў краме? Як чытаць этыкеткі? Якіх інгрэдыентаў не павінна быць у складзе касметыкі?

— Я лічу, што гэта адказнасць кожнай жанчыны — добра разбірацца, што можна і што нельга наносіць на сваю скуру, ведаць, чым небяспечныя некаторыя касметычныя рэчывы. Касметыка, якой мы карыстаемся, у ідэале павінна мець цалкам натуральны састаў, быць літаральна ядомай, каб яе можна было намазаць на бутэрброд. Гэта звязана з тым, што наша скура ў ліку іншых выконвае функцыю ўсмоктвання. І яна здольная праводзіць тыя рэчывы, якія мы на яе наносім, унутр арганізма. А цяпер падумайце, навошта нам патрэбныя агрэсіўныя кансерванты, іоны, якія ёсць у складзе многіх касметычных сродкаў? Правільна, іх лепш пазбягаць! У прыватнасці, лепш цалкам адмовіцца ад дэзадарантаў з алюмініем, бо апошні здольны накоплівацца ў нас у арганізме, а гэта можа быць небяспечна, бо падпахавая ўпадзіна знаходзіцца блізка ад малочнай залозы. Навошта рызыкаваць, падвяргаць сябе небяспецы? Тым больш у продажы ёсць цудоўныя дэзадаранты без алюмінію. Акрамя таго, можна карыстацца салявымі дэзадарантамі на аснове алюмакаліевых квасцоў ці мінералу алуніту. Таксама лепш пазбягаць шкоднае рэчыва дыяксан (яго могуць утрымліваць рэчывы з канчаткам —eth на этыкетцы).

Пудра з костачкі авакада, зробленая вучаніцай курса “Фітакасметыка сваімі рукамі"

Небяспечным кампанентам касметыкі з’яўляюцца ўсе PEG, а таксама спалучэнне літар EDTA (у ідэальнай касметыцы яго быць не павінна, бо ён разбурае ліпідны слой) ды нафтапрадукты (мікракрысталічны воск, парафін, вазелін, Mіneral oіl, Petrolatum). Многія кампаніі выкарыстоўваюць маркетынгавы ход — на этыкетку вялікімі літарамі выносяць актыўныя кампаненты: сок алоэ, алей бабасу ці вінаграднай костачкі, вітамін Е, калаген. Склад нам здаецца ідэальны, і мы, радасныя, што папесцім сваю скуру ідэальнай касметыкай, забіраем гэта дадому. Важна чытаць поўны склад крэму — для гэтага шукайце абрэвіятуру ІNCІ. Побач з ёй вытворца абавязаны прапісваць усе рэчывы, што ўваходзяць у яго склад. Прычым кампаненты запісаны ў паслядоўнасці ад большага да меншага па колькасці. Часта бывае, што тыя рэчывы, дзеля якіх вы набываеце крэм, могуць быць у канцы спіса — складаць нязначны працэнт.

Ёсць сайты, на якіх можна праверыць вашу касметыку, даведацца бал бяспекі канкрэтнага сродку. Прычым, што зручна, правяраць можна як асобныя кампаненты, у якіх вы сумняваецеся, так і цэлы склад крэму. Навічкам раю пачаць з сайта ecogolіk.ru.

Пра пудру з костачкі авакада ды альтэрнатыву дарагому хларафілу

— Вы сказалі, што ўсе касметычныя сродкі без выключэння рэальна зрабіць сваімі рукамі, нават дэкаратыўную касметыку. Можаце прывесці прыклад?

— З костачкі авакада, напрыклад, можна зрабіць пудру, якая пры судакрананні з кіслародам набывае адценне цялесна-бэжавага колеру і вельмі добра маціруе скуру. Для гэтага яе трэба тонка нарэзаць і дробна змалоць у кавамолцы. Сакрэт такой пудры ў вельмі дробным прасейванні. Калі ў вас няма прыдатнага сіта, можна прасеяць пудру праз капронавыя калготкі 40 дэн.

— Большасць дзіцячых прысыпак, якія сёння прадаюцца ў масмаркеце, маюць не вельмі добры склад. Падкажыце, як зрабіць прысыпку для дзяцей сваімі рукамі?

— Так, на жаль, у аснове крамных прысыпак ідзе тальк плюс розныя дадаткі, якія лепш не выкарыстоўваць для дзіцячай скуры. Таму раю пайсці ў гіпермаркет і набыць кукурузны альбо рысавы крухмал (ці рысавую муку) і дадаць туды перамолатыя травы. Для дзіцячай скуры вельмі добра падыходзіць кветкі ясноткі белай (глухая крапіва), яна шмат дзе расце як пустазелле цвіце ў маі — пачатку чэрвеня. Мы збіраем беленькія кветачкі, высушваем і здрабняем на кавамолцы. Прасейваем праз дробнае сіта і дадаём да кукурузнага крухмалу ў суадносінах 4:1 (чатыры часткі крухмалу і адна частка расліны). У нас атрымліваецца водарная сыпучая сумесь, якой смела можна карыстацца. Яшчэ адна з найлепшых траў для дзіцячай прысыпкі — лікаподзій (споры), яго можна знайсці ў зялёных аптэках.

— З прыходам цеплыні пачынаецца сезон дзікаросаў. Ці можна іх прымяняць для догляду скуры, якім чынам?

— Сілкаваць скуру трэба не толькі вонкава, але і ўнутрана. Магу параіць вам ранняй вясной звярнуць увагу на снітку, якая расце літаральна пад нагамі. Мне вельмі падабаецца кітайская прымаўка — «Лекі ў тысячу юаней растуць каля самага плятня». Гэта якраз у тэму хларафілу, які каштуе не вельмі танна. А мы можам выйсці з дому, зусім бясплатна нарваць сніткі і сваімі рукамі зрабіць модны і карысны напой. Для гэтага бяром пучок сніткі, шклянку вады, здрабняем пры дапамозе блэндара. Сумесь трэба адфільтраваць — працадзіць праз два слаі марлі. У выніку ў вас павінна атрымацца вельмі прыгожая, ярка ізумруднага колеру, вадкасць. Гэта і ёсць хларафіл, альтэрнатыва пакупных хларафілаў. А калі дадаць у яго свежавыціснуты сок лімона (апельсіна ці грэйпфрута), то такі напой будзе не проста карысным, але і вельмі смачным. Такі сок можна даваць дзецям. Таксама сок сніткі можна замарозіць у кубікі лёду і зімой праціраць імі раніцай твар. Толькі майце на ўвазе, што калі ў вас ёсць схільнасць да парушэння цэласнасці сасудаў на скуры, то лёд супрацьпаказаны.

Такі зялёны хларафіл са сніткі і садавіны спадабаецца нават дзецям

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота прадстаўлены Вольгай БУКАТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.