Вы тут

Як прыцягнуць увагу да спорту рэальнага з дапамогай віртуальнага?


У спорце можа здарыцца ўсякае. Разгледзім прыклад. Баявыя мастацтвы — гэта класіка сусветнага спорту, найстаражытныя віды. Панкратыён вядзе сваю гісторыю яшчэ са Старажытных Алімпіяд. Але менавіта дзякуючы відам са шматвяковай гісторыяй пачалося развіццё зусім інавацыйнага кірунку ў айчынным спорце — фіджытал. Беларуская федэрацыя панкратыёну і змешаных адзінаборстваў першай паверыла, што можна сумяшчаць рэальны і віртуальны спорт. Паспрабавалі выступаць на міжнародных спаборніцтвах — уцягнуліся. І вырашылі развіваць гэты кірунак у Беларусі. Ідэю падтрымаў Прэзідэнцкі спартыўны клуб. У верасні 2023 года ў Мінску адбыўся першы турнір па фіджытал-панкратыёне «Спорт будучыні», які перарос у доўгатэрміновы праект. А «Гульні будучыні», якія прайшлі ў лютым у Казані, і паспяховае выступленне на іх беларусаў пераканалі ўсіх у тым, што фіджытал-спорту быць. Цяпер у краіне вядзецца актыўная работа па стварэнні федэрацыі фіджытал-спорту і яго развіцці. Якой бачыцца будучыня фіджытал-спорту і ў чым яго перавагі, расказаў Андрэй Макаранка, выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі панкратыёну і змешаных баявых адзінаборстваў, якая стаяла каля вытокаў фіджытал-спорту ў Беларусі. 


— Андрэй Аляксандравіч, як ініцыятыву аб развіцці фіджытал-спорту прыняла беларуская спартыўная грамадскасць?

— Прынялі на ўра. Вялікі дзякуй Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу, гэта структура, якая ўмее глядзець у будучыню. Наша прапанова аб правядзенні турніру па фіджытал-панкратыёне была прынята адразу, без залішняй бюракратыі. Таксама партнёрам выступіла кампанія А1. Мы зразумелі, што турнір па фіджытал-панкратыёне ў верасні прайшоў паспяхова, калі многія трэнеры падыходзілі і казалі: «Гэта найлепшае, што здарылася з нашымі дзецьмі». І калі на першы турнір у верасні мы набіралі ўдзельнікаў, то на другі ў снежні ўжо адбіралі. Спартсмены і іх трэнеры ўбачылі, што гэта цікавы і незвычайны фармат. У нас былі добрыя партнёры, таму мы падарылі ўдзельнікам якасныя тэхналагічныя падарункі, кожны спартсмен атрымаў набор экіпіроўкі. Вядома, спартсменаў гэта зараджала і выклікала пахвалу ў трэнераў і бацькоў. Зразумела, мы будзем і надалей прытрымлівацца такога ўзроўню. Наш галоўны прынцып у правядзенні спаборніцтваў

— працаваць так, каб узровень дамашніх стартаў не саступаў замежным. Трэба паказваць спартсменам, што дома таксама могуць быць цікавыя, незвычайныя, добра арганізаваныя мерапрыемствы. Для гэтага ёсць усё. Фіджытал-спорт як новы кірунак прыцягвае кампаніі, якія могуць быць партнёрамі спаборніцтваў, яны прыцягваюць аўдыторыю, патэнцыяльных удзельнікаў. Цікавасць ёсць, і недарэчна будзе яе не падтрымліваць і не задавальняць. Пакуль праект «Спорт будучыні» знаходзіцца на паўзе, таму што мы чакаем заключэння мемарандума аб супрацоўніцтве з Міжнароднай федэрацыяй фіджытал-спорту. Калі праект «Спорт будучыні» атрымае працяг, то я не выключаю правядзення спаборніцтваў у рэгіёнах. Па досведзе працы з адзінаборствамі магу сказаць, што калі для сталіцы чэмпіянат краіны — радавая падзея, то для раённых гарадоў — сапраўднае свята. Планаў у нас шмат, патэнцыял у кірунку вялікі. Таму сведчанне — адкрыццё «Гульняў будучыні» ў Казані. На якім спартыўным мерапрыемстве сабралася б так шмат кіраўнікоў дзяржаў?

— Якія ў вас засталіся ўражанні ад «Гульняў будучыні»?

— У мяне вялікі досвед наведвання розных спартыўных мерапрыемстваў у розных краінах, «Гульні будучыні» — гэта самае тэхналагічнае мерапрыемства з усіх, што я бачыў. Усё прадстаўленае ў Казані, было вельмі цікава. У кожнай лакацыі, у кожным турніры прасочваўся палёт тэхналагічнай думкі. За фіджытал-спортам сапраўды будучыня.

— Беларускі баец Аляксандр Кавалёў на «Гульнях будучыні» заняў другое месца, для першага разу нядрэнны вынік. Як праходзіла яго падрыхтоўка?

Аляксандр — адзін з найлепшых байцоў змешанага стылю ў сваёй вагавой катэгорыі. Як і многія іншыя спартсмены, у вольны час ён гуляе ў камп’ютарныя гульні. Таму ён у тэме. Але адна справа проста для душы гуляць у камп’ютарныя гульні, і зусім іншае — рабіць гэта прафесійна. Наш партнёр — сетка кіберспартыўных арэн і клубаў у Мінску CyberX — узяў на сябе падрыхтоўку па дыджытал-частцы. Паколькі часу было не вельмі шмат, Аляксандр кожны дзень праводзіў па дзве трэніроўкі: адну ў зале, другую — за камп’ютарам. Вядома, прыязджаць з трэніроўкі на трэніроўку зусім няпроста. Раней ён прыходзіў і садзіўся за камп’ютар, каб расслабіцца. А падчас падрыхтоўкі да «Гульняў будучыні» за камп’ютарам была паўнавартасная трэніроўка: завучыць, прааналізаваць, падумаць. У рабоце на рэзультат ключавое слова «работа». Але Саша справіўся, прайшоў гэты этап, можа быць, не вельмі яскрава, але ў адпаведнасці са стратэгіяй.

— Можна пачуць меркаванне, што ўражанне ад фіджытал-спорту застаецца дваякае, маўляў, дзяцей трэба адцягваць ад камп’ютараў і гаджэтаў, а фіджытал, наадварот, гэта заахвочвае. Што вы думаеце з гэтай нагоды?

— Я думаю, на гэта пытанне варта паглядзець некалькі шырэй. Перад спартыўнай галіной стаіць канкрэтная задача — аздараўленне нацыі. Мы ніколі не сыдзем ад гаджэтаў, камп’ютарных тэхналогій, гэта немагчыма. Дык, можа, варта дзейнічаць так, каб дзіця, гуляючы ў камп’ютарныя гульні, было захоплена яшчэ баскетболам, хакеем, адзінаборствамі і іншымі відамі спорту? Не ўсім наканавана стаць чэмпіёнам свету па футболе ці алімпійскім чэмпіёнам па барацьбе. Але ў кожнага ёсць магчымасць быць фізічна развітым чалавекам. Фіджытал-спорт — выдатны інструмент папулярызацыі класічных відаў і прыцягнення да іх увагі моладзі. Напрыклад, захапіўся хлопчык гульнёй у футбол на камп’ютары, захацеў паспрабаваць сябе ў рэальным футболе — бацькі запісалі яго ў секцыю, і ў будучыні ён чэмпіён свету. Можа, такое быць? абсалютна. Сёння дзяцей, якія гуляюць у камп’ютарныя гульні, у разы больш, чым тых, хто займаецца ў спартыўных секцыях. Дык чаму б праз спорт віртуальны не прыцягваць увагу дзяцей да спорту рэальнага?

— Вы разглядаеце фіджытал-спорт як масавую з’яву ці як прафесійны спорт?

— Прафесійная дзейнасць накладае на чалавека сур’ёзныя абавязкі. У прафесійных спартсменаў галоўнае з іх — вытрымліваць строгі рэжым, прытрымлівацца дысцыпліны. Я сам як былы спартсмен ведаю, наколькі гэта няпроста. Быць спартсменам — гэта вялікая праца. Велізарная павага людзям, якія становяцца алімпійскімі чэмпіёнамі некалькі разоў. Гэта жалезная сіла волі. Талент — гэта добра, але неабходна дысцыпліна. Вечна яе падтрымліваць немагчыма. Чалавеку, які плануе сур’ёзна займацца фіджытал-спортам, давядзецца вельмі шмат трэніравацца. Прывяду прыклад. ММА — гэта сімбіёз відаў адзінаборстваў. Спартсмен павінен валодаць навыкамі барацьбы ў стойцы і партэры, быць вынослівым, валодаць байцоўскім інтэлектам. Важна ўсё, дробязяў не бывае. І ў фіджытал-спорце лічбавая і рэальная частка абсалютна раўназначныя. Нельга адмаўляць лічбавую частку і спадзявацца выйграць толькі за кошт фізічнай. Можа, проста не хлпіць часу дабраць недастатковые ачкі на пляцоўцы. Таму самым старанным чынам трэба трэніраваць абедзве часткі. А гэта вялізная праца. Ці ўсе будуць да яе гатовы? Не ўпэўнены. Таму ў развіцці фіджытал-спорту мы на першае месца ставім масавасць. Але гэта не значыць, што мы адмаўляемся развіваць прафесійны фіджытал-спорт.

— Для развіцця любога кірунку патрэбны спецыялісты. Ці ёсць у краіне кампетэнтныя людзі, якія могуць развіваць фіджытал-спорт на прафесійнай аснове?

— У нашай краіне жывуць вельмі адукаваныя людзі. З той інфраструктурай, што ўжо створана, з тым патэнцыялам, які ў нас ёсць, я перакананы, што пластычны розум нашых трэнераў з розных відаў дазволіць ім хутка асвоіць усе тонкасці фіджытал-спорту і трэніраваць спартсменаў. Цяпер мы чакаем толькі аднаго — прызнання гэтага кірунку як віду спорту і ўключэння яго ў дзяржаўны рэестр. Не можа спорт развівацца выключна на энтузіязме, патрэбны падтрымка і адабрэнне дзяржавы, па першым часе асабліва. Прызнанне адкрые многія дзверы. І гэта будзе дадатковай матывацыяй для спартсменаў, яны будуць разумець, што працуюць недарма, а на карысць краіне.

— Сёння з прыстаўкай «фіджытал» можа дзейнічаць любы від спорту?

— Практычна любы, пад які створаны камп’ютарны сімулятар. Улічваючы тэндэнцыі развіцця тэхналогій, хутка кожны від спорту зможа адкрыць кірунак фіджытал. І роля беларускай федэрацыі фіджытал-спорту — у каардынацыі гэтых працэсаў.

— У такім выпадку як федэрацыя фіджытал-спорту бачыць сваю работу па развіцці гэтага віду: у цесным супрацоўніцтве з федэрацыямі па відах спорту ці асобна?

— Федэрацыя фіджытал-спорту бачыцца мне аператарам, які будзе развіваць усе віды фіджытал-спорту, заключыўшы мемарандумы з федэрацыямі па відах спорту, якім гэта будзе цікава. Першая, з кім будзе заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, зразумела, гэта Беларуская федэрацыя панкратыёну і змешаных баявых адзінаборстваў. Мы будзем адказваць за стандарты фіджытал-спорту, нашы партнёры — за стандарты сваіх рэальных відаў. Я думаю, што федэрацыі па відах спорту будуць зацікаўлены ў гэтай рабоце, бо фіджытал прыносіць ім шмат карысці. Напрыклад, ёсць хлопец, які гуляе ў баскетбол. Ён праходзіць праз ДЮСШ, вучылішча алімпійскага рэзерву, дзяржава ўкладае ў яго грошы, федэрацыя возіць яго на спаборніцтвы. Але яму ўвесь час чагосьці бракуе, ці то таленту, ці то ўдачы, а можа быць, пераследуюць траўмы. І паступова ў чалавека знікае цікавасць і з’яўляюцца думкі кінуць баскетбол. Але ж грошы ў яго ўкладзены, і немалыя. І што, ім прападаць? Фіджытал — гэта новы фармат, новыя магчымасці. І, цалкам верагодна, тут гэты спартсмен зможа сябе паказаць па максімуме, у будучыні зможа прынесці краіне медаль, апраўдаць давер і ўкладзеныя ў яго сродкі. Асабіста мяне фіджытал-спорт зацікавіў як дадатковая магчымасць развіцця спартсменаў, калі нас адхілілі ад міжнародных стартаў. Рабяты пачалі застойвацца, стала знікаць матывацыя, што недапушчальна. Фіджытал-спорт стаў для іх глытком свежага паветра. Яны ўбачылі, што тут няма ніякіх абмежаванняў, з’явілася жаданне праверыць свае сілы ў новым кірунку, з’явілася яшчэ адна магчымасць перамагаць і атрымаць прызнанне, якое важнае абсалютна кожнаму спартсмену.

У нас няма мэты забіраць спартсменаў з рэальных відаў у фіджытал-спорт. У нас ёсць мэта разам з калегамі перамагаць для краіны на спартыўных пляцоўках (рэальных і віртуальных), аздараўліваць нацыю. Перацягваць на сябе коўдру ніхто не будзе. Я, у прынцыпе, лічу, што федэрацыі па відах спорту не павінны канкурыраваць паміж сабой. Глабальна задача ва ўсіх адна — развіццё спартыўнай галіны.

Спорт — гэта інструмент міру, і на чале тут заўсёды былі камунікацыя паміж людзьмі і ўзаемная павага. Асабліва гэта важна для тых, хто працуе ў інтарэсах адной агульнай дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.