Вы тут

Надвор'е: замаразкі і мокры снег


Нездарма ў народзе кажуць, што ў пачатку красавіка нікому верыць нельга. Вось і ў нас, пасля «бравага» пацяплення чакаецца істотнае адступленне цяпла, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Беларусі.


Фота БелТА

А канец сакавіка запомніцца жыхарам нашай краіны анамальным цяплом і тэмпературнымі рэкордамі. З паўднёва-заходнімі патокамі на тэрыторыю Беларусі абрынулася небывалае для першага вясновага месяца цяпло. На фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску пры малавоблачным надвор’і ў нядзелю слупкі тэрмометраў па краіне дасягалі значэнняў плюс 22–27 градусаў, у выніку чаго 31 сакавіка паўсюдна былі пабітыя абсалютныя максімумы тэмпературы паветра, якія перавысілі папярэднія значэнні на 2–5 градусаў. Пачатак красавіка працягнуў сакавіцкія тэндэнцыі, таму ў панядзелак і аўторак у нас яшчэ ёсць шанц атрымаць асалоду ад сонечнага надвор’я. А вось у сераду...

У аўторак ноччу надвор’е ў краіне будуць вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску і цёплая паветраная маса, раніцай і днём адаб’ецца ўплыў актыўных франтальных раздзелаў. Ноччу пераменная воблачнасць, днём — воблачна з праясненнямі. Уначы пераважна без ападкаў. Раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя дажджы. Днём у многіх раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы ад плюс 10 да 15 цяпла, удзень будзе 21–26 градусаў, але на захадзе Беларусі яна складзе 14–20 цяпла. Атмасферны ціск будзе інтэнсіўна падаць.

Старт пахаладання адзначыцца ўжо ў сераду. У гэты дзень умовы надвор’я ў краіне ў асноўным будзе фарміраваць халодная тылавая частка цыклону, цэнтр якога будзе перамяшчацца з Латвіі на Ленінградскую вобласць. Воблачна з праясненнямі. Часам пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу, магчымы мокры снег. Ноччу месцамі па краіне чакаецца моцны дождж. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ноччу апусціцца да 3–9 цяпла, а максімальная днём складзе ад плюс 5 градусаў па поўначы да 15 цяпла па паўднёвым усходзе краіны.

У чацвер надвор’е сапсуецца зусім. У гэтую ноч умовы надвор’я ў асноўным будуць фарміраваць атмасферныя франты, якія змяшчаюцца на тэрыторыю Расіі, а днём наша краіна апынецца ў зоне павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравалася ў вільготнай паветранай масе паўночных шырот. Воблачна з праясненнямі. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, ноччу парывісты. Тэмпература паветра ноччу ад 3 марозу да 4 цяпла, днём — 3–10 са знакам плюс, па паўднёвым захадзе краіны да 12 градусаў.

У пятніцу ноччу па захадзе, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу, па поўначы магчымы мокры снег. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог магчымая галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 па паўночным усходзе да плюс 6 па паўднёвым захадзе, днём ад плюс 6 градусаў у паўночных раёнах да 16 градусаў цяпла ў паўднёва-заходніх. На гэтым сур’ёзныя халады скончацца.

Згодна з папярэднім прагнозам айчынных сіноптыкаў, з паўднёва-заходнімі паветранымі патокамі ў Беларусь пачнуць паступаць цёплыя паветраныя масы, тэмпературны рэжым павысіцца, а чаканыя ў суботу ападкі будуць ісці ўжо ў выглядзе дажджу. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём магчымыя навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 3–10 цяпла, удзень будзе ад плюс 10 па паўночным усходзе да плюс 22 градусаў па паўднёвым захадзе краіны.

А ў нядзелю мы зноў вернемся ў ранняе лета. У гэты дзень будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 1 па поўначы да плюс 9 градусаў па паўднёвым захадзе краіны, днём будзе ад плюс 12 па паўночным усходзе да 25 цяпла па паўднёвым захадзе нашага рэгіёна.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.