Вы тут

Наталля Качанава ўручыла дыпломы выпускнікам Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій


Нягледзячы на тое, што гэтыя хлопцы і дзяўчаты маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, яны паспяхова засвоілі вучэбную праграму (некаторыя нават з адзнакай) і атрымалі спецыяльнасць. Падчас навучання ў каледжы маладыя людзі мелі магчымасць займацца спортам, творчасцю, удзельнічаць у шматлікіх адукацыйных і культурных праектах. Усе яны забяспечаны першым працоўным месцам: спецыялістаў чакаюць на вядучым прадпрыемстве мікраэлектроннай галіны краіны — на ААТ «Інтэграл». Гэта яшчэ раз сведчыць аб сацыяльнай скіраванасці дзяржаўнай палітыкі: кожны грамадзянін нашай краіны мае права на адукацыю і працаўладкаванне.


Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, Беларусь — краіна магчымасцяў для ўсіх. «Мы рады таму, што ў нашай краіне тыя людзі, якія маюць пэўныя асаблівасці ў сваім развіцці, атрымліваюць роўныя магчымасці для таго, каб рэалізаваць сябе, — удакладніла спікер. — Гэта навучанне ў школах, дзіцячых дашкольных установах, каледжах, вышэйшых навучальных установах. Мы ў Савеце Рэспублікі, аналізуючы тую сітуацыю, якая складваецца, вядома, займаемся актыўна работай у гэтым кірунку. У нас створаны савет пры Савеце Рэспублікі, дзе мы разглядаем пытанні, якія датычацца вось такіх хлопцаў і дзяўчат. Абмяркоўваем, чым яшчэ можна ім дапамагчы, бо заканадаўчая база, якая дзейнічае ў нашай краіне, дазваляе вырашаць усе гэтыя пытанні».

Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што выпускнікоў спецыяльных навучальных устаноў чакаюць на айчынных прадпрыемствах і ў арганізацыях. «Гэта прыклад для нас, усіх тых людзей, якія сёння жывуць у нашай краіне, калі мы бачым вось гэтых дзяцей — мэтанакіраваных, таленавітых, — дадала яна. — Я выказваю словы шчырай удзячнасці педагогам, якія займаюцца з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі, усім тым, хто рэалізуе гэтыя задачы, якія стаяць у плане інтэграцыі людзей у наша грамадства. Яны такія ж, як і мы. Таму ў іх павінны быць абсалютна роўныя правы — тое, што вызначана законамі ў нашай краіне».

Звяртаючыся да выпускнікоў, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што дзяржава любіць гэтых маладых людзей. «Мы не проста вас любім, мы вамі ганарымся, раўняемся на вас, — дадала яна. — Для многіх маладых людзей вы з’яўляецеся прыкладам. Я ўпэўнена, што надалей вы будзеце працаваць, займацца творчасцю і сваёй працай будзеце пісаць новыя старонкі не толькі ў гісторыі горада, але і ўсёй краіны».

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла высокапрафесійную работу педагагічнага калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій. Шэраг з іх атрымалі Падзякі Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, іншыя ўзнагароды. Асобныя словы ўдзячнасці Наталля Качанава адрасавала бацькам выпускнікоў, а таксама Мінгарвыканкаму і кіраўніцтву каледжа — за тое, што яны выконваюць тыя задачы, якія стаяць перад дзяржавай у сферы адукацыі, а галоўнае, дапамагаюць маладым людзям у далейшай сацыялізацыі.

Духоўным папячыцелем навучальнай установы з’яўляецца Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Пры актыўным узаемадзеянні з праваслаўнай царквой у каледжы ажыццяўляецца навучанне інтэлектуальным прафесіям сярод людзей з парушэннямі зроку, рэалізуецца інавацыйны праект «Фарміраванне цэнтра духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў, якія атрымліваюць прафесійную адукацыю».

Як адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, на старце гэтых пачынанняў прысутнічала нейкая няўпэўненасць, нерашучасць, стаяла пытанне, ці варта ўвогуле брацца за гэтую справу. «Згуртаванасць калектыву, добрая абстаноўка, якая склалася, на працягу многіх мінулых гадоў дапамаглі пераадолець гэтыя цяжкасці, — лічыць уладыка. — Мы бачым цудоўны вынік. Хлопцы і дзяўчаты асвоілі сучасную прафесію. Гэта не толькі прафесія, якая будзе дапамагаць вам увайсці ў самастойнае, дарослае жыццё. Разам з тым вы раскрылі свае таленты і ў іншых сферах. Хто вас можа перамагчы ў баскетболе або валейболе? Мы ўбачылі, што ў выкананне музычных твораў вы ўкладваеце душу. Вашы душы чыстыя, адкрытыя, уважлівыя. Таму вы многае зможаце перадаць і іншым людзям, якія, так як і вы, маюць патрэбу ў падтрымцы, добрым слове, жэсце. Самае галоўнае, вы зможаце быць удзячнымі тым людзям, якія дапамаглі вам дасягнуць такога высокага гучання. Гэта не перашкодзіць вам быць добрымі спецыялістамі і працаваць на карысць нашай Айчыны». 

Як звярнуў увагу старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, у каледжы хлопцы і дзяўчаты атрымалі прафесію. «Няпростую прафесію, паколькі, каб яе атрымаць, трэба было добра вучыцца, — канстатаваў ён. — Яна патрабавала сур’ёзных ведаў, вывучэння тэхнічных прадметаў, умення знаходзіць рашэнні ў няпростых сітуацыях. І гэта вам далося. Мы бачым, што вам можна не баяцца, бо ваша спецыяльнасць запатрабавана».

 

Як расказаў журналістам генеральны дырэктар ААТ «Інтэграл» Андрэй Буйневіч, прадпрыемства супрацоўнічае з Мінскім гарадскім каледжам лічбавых тэхналогій ужо больш за пяць гадоў. «І сёлета ўсе выпускнікі каледжа з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прыйдуць працаваць да нас, — канкрэтызаваў ён. — Яны будуць працаваць вымяральнікамі электрафізічных параметраў. Іншагароднія ўжо жывуць у нашым інтэрнаце і з дня на дзень пачнуць працу на прадпрыемстве. У іх ужо ёсць добры практычны досвед, ёсць і тэарэтычныя веды. Цягам мінулага года яны працавалі ў нас у рамках студэнцкіх атрадаў, таму прыходзяць да нас гатовымі спецыялістамі. На працягу аднаго-двух месяцаў за такімі рабятамі мы замацоўваем куратараў — гэта ў прынцыпе такія ж маладыя людзі, якія прыйшлі некалькімі гадамі раней. Такім чынам, у нас рэалізуецца прынцып «роўны навучае роўнага». 

Па словах гендырэктара, такія кадры — вялікая дапамога для прадпрыемства. Як паказвае практыка, гэтыя спецыялісты не звальняюцца, застаюцца працаваць на «Інтэграле» на многія гады.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?