Вы тут

Колькі малочнай прадукцыі экспартуецца за мяжу?


Айчынная малочная галіна з’яўляецца візітнай карткай харчовай прамысловасці краіны. Яна спецыялізуецца на выпуску малака, масла, сыроў, марожанага, малочных кансерваў і іншых прадуктаў. На працягу апошніх гадоў Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых краін — экспарцёраў малочных прадуктаў у свеце. Пра тое, як сёння развіваецца малочная галіна і як забяспечваецца бяспека і якасць прадукцыі, расказваюць спецыялісты.


Эфектыўная вытворчасць і гандаль

Намеснік начальніка ўпраўлення мясной і малочнай прамысловасці Галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Юлія Гузкова лічыць, што малочная галіна з’яўляецца лакаматывам аграпрамысловага комплексу Беларусі. Паводле яе слоў, асартымент прадукцыі малочнай галіны складае больш як дзве тысячы найменняў толькі натуральнамалочнай прадукцыі, да таго ж вырабляецца каля 40 відаў масла, а таксама каля 480 найменняў сыроў. У бягучым годзе забяспечаны рост вытворчасці малочнай прадукцыі. Па масле прырост складае каля 20 %, па сырнай групе — каля 3 %, па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі — больш за 11 %. Таксама ідзе нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці сухіх малочных прадуктаў — гэта сухое абястлушчанае малако, сухое цэльнае малако і сухая сыроватка.

Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Мінсельгасхарча Вадзім Пабедзінскі, наша краіна ў мінулым годзе паставіла малочныя прадукты ў 59 краін свету. Спецыяліст прывёў некалькі лічбаў у пацвярджэнне якасці нашай малочнай прадукцыі. Калі ўзяць усё малако, якое вырабляецца ў краіне, за 100 %, то 60 % у выглядзе малочнай прадукцыі ідзе на экспарт. Калі ўзяць сыры, то паўтара-двух месяцаў работы нашай прамысловасці дастаткова, каб забяспечыць унутраны рынак, увесь астатні час — гэта работа на знешні рынак. Калі ўзяць сметанковае масла, то на экспарт сыходзіць каля 75 % гэтага прадукту.

У цэлым малочная прамысловасць займае найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце прадукцыі АПК — каля 40 %.

Вадзім Пабедзінскі упэўнены, што малочная галіна ў нашай краіне высокаразвітая. Беларускія малакаперапрацоўчыя арганізацыі аснашчаны высокатэхналагічным абсталяваннем, якое дазваляе павысіць прадукцыйнасць працы, палепшыць яго ўмовы, павялічыць аб’ём вытворчасці прадукцыі і паменшыць электраспажыванне.

«Гэта пастаянны працэс, работа на прадпрыемствах ідзе штодня: гэта і павышэнне кваліфікацыі, і тэхнічнае пераўзбраенне, і тэхналогіі, і сваё ноу-хау, распрацоўка новых відаў прадукцыі. Вельмі цесная праца ідзе ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук, у прыватнасці з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці», — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці.

Без нядобрасумленных пасрэднікаў

Як вядома, наша краіна ўваходзіць у топ сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі, таму гэтай сферы аддаецца вялікая ўвага. «З боку Камітэта дзяржкантролю ў мэтах абароны дзяржаўных інтарэсаў прымаюцца меры па недапушчэнні пагроз у сферы перапрацоўкі сельгаспрадукцыі. Гэта і вытворчасць непасрэдна сыравіны, паляпшэнне яе якасці, загрузка вытворчых прадпрыемстваў, выключэнне злачынных схем пры вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі», — сказаў начальнік упраўлення кантролю за работай прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, КДК Алег Князеў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю праводзіць сістэмную работу. Напрыклад, у 2020 годзе Камітэтам сумесна з органамі фінансавых расследаванняў былі выяўлены маштабныя злачынныя схемы, калі нядобрасумленныя пасрэднікі скуплялі ў вялікіх аб’ёмах прадукцыю на перапрацоўчых прадпрыемствах і вывозілі яе за межы краіны. Скуплялася яна па цэнах для ўнутранага рынку — натуральна ніжэй экспартных. У выніку выручка і прыбытак асядалі ў кішэнях нядобрасумленных пасрэднікаў. «Больш за тое, яны стваралі канкурэнцыю непасрэдна вытворцам, дэмпінгавалі цэны», — адзначыў Алег Князеў.

Па прапанове Камітэта Саўмінам была прынята пастанова № 379, якая ўстанаўлівае гранічныя мінімальныя цэны на асобныя віды малочнай прадукцыі, якія экспартуюцца за мяжу. «Гэта масла, цвёрдыя сыры, сухая малочная прадукцыя. Дадзеныя цэны абавязковыя для ўсіх экспарцёраў, і прадугледжана таксама адміністрацыйная адказнасць за іх не захаванне», — дадаў спецыяліст.

Таксама ў сувязі з патрабаваннем Камітэта дзяржкантролю наведзены парадак з выдачай ветэрынарных дакументаў, неабходных для экспарту малочнай прадукцыі. Так, Дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча з чэрвеня 2022 года забаронена выдача пасрэднікам (прадпрыемствамі, якія не з’яўляюцца перапрацоўшчыкамі) экспартных ветэрынарных дакументаў на малочную прадукцыю. Акрамя таго, у мэтах недапушчэння вывазу малочнай сыравіны за межы краіны Дэпартаментам спынена ветэрынарная сертыфікацыя пры экспартных адгрузках пастэрызаваных малака і вяршкоў налівам. Як вынік — экспарт малака і вяршкоў, які ажыццяўляецца дзяржаўнымі перапрацоўчымі прадпрыемствамі ў спажывецкай тары, павялічыўся на 11 %.

Па словах прадстаўніка КДК, прынятымі мерамі ўдалося цалкам адхіліць нядобрасумленных пасрэднікаў ад экспарту малочнай прадукцыі, які ў цяперашні час ажыццяўляецца выключна яе вытворцамі па цэнах, што ўстанаўліваюцца Мінсельгасхарчам. Ад малочнага рынку адсечаны камерцыйныя структуры, якія займаліся скупкай і перапродажам сыравіны і гатовай прадукцыі па цэнах для ўнутранага рынку.

«За кошт прынятых мер павышана эфектыўнасць работы дзяржаўных прадпрыемстваў. За 2023 год павялічылася вытворчасць усёй асноўнай наменклатуры малочнай прадукцыі, вырасла загрузка вытворчых прадпрыемстваў у цэлым па краіне», — падкрэсліў начальнік упраўлення.

Камітэт прапанаваў ураду шэраг мер, у тым ліку па змяненні дзеючага заканадаўства, якія, на думку экспертаў, будуць спрыяць павышэнню нагляду (празрыстасці праходжання) прадукцыі і наогул у цэлым павышэнню адказнасці перапрацоўшчыкаў і вытворцаў пры вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. «Напрыклад, адна з прапаноў — гэта забяспечыць рэгістрацыю ўсіх звёнаў ланцуга руху прадукцыі, у тым ліку ад перапрацоўшчыка да канчатковага спажыўца, — паведаміў ён. — Яшчэ адна прапанова — унясенне змяненняў у інфармацыйную сістэму ў галіне ветэрынарыі — гэта значыць размяшчэнне ў ёй не толькі ветэрынарных, але і іншых таварасуправаджальных дакументаў. Мы прапануем ўвесці адказнасць за неўнясенне альбо ўнясенне недакладных даных у гэтую базу. У прыватнасці, пашырыць паўнамоцтвы Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду ў частцы давання права выключэння з рэестра перапрацоўшчыкаў вытворцаў, якія дапусцілі найгрубейшае парушэнне ветэрынарнага заканадаўства. Такія меры намі прапанаваныя, яны разглядаюцца, нешта ўжо на этапе канчатковай рэалізацыі. Работа будзе праводзіцца намі ў гэтым кірунку і далей».

Перааснашчэнне і мадэрнізацыя

Юлія Гузкова падзялілася планамі на бліжэйшую будучыню айчыннай «малочкі». На дадзены момант у галіне праводзяцца тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя прадпрыемстваў. Асноўнай задачай мерапрыемстваў па тэхнічным перааснашчэнні і мадэрнізацыі прадпрыемстваў на найбліжэйшую перспектыву з’яўляецца развіццё прамысловай базы для выпуску запатрабаваных малочных прадуктаў з больш высокім таварным коштам, у тым ліку атрыманых з дапамогай інавацыйных тэхналогій, лічыць спецыяліст. Для дасягнення пастаўленых мэт прадпрыемствамі краіны арганізавана вытворчасць хуткарастваральнага сухога малака, якое з’яўляецца экспартнай пазіцыяй сярод сухіх малочных прадуктаў. Таксама закупляецца тэхналагічнае абсталяванне па фасоўцы сметанковага масла ў дробную парцыённую ўпакоўку ад 10 да 15 грамаў.

Па заканчэнні гэтага года ў планах павялічыць вытворчыя магутнасці па вырабе сыроў з блакітнай цвіллю. У бліжэйшай перспектыве плануецца рэалізаваць праект па вытворчасці сыроў з белай павярхоўнай цвіллю. Галоўная наша задача на 2026–2027 гады — вытворчасць канцэнтрату малочнага бялку, а таксама пашырэнне магутнасцяў па вытворчасці сыроватачна-бялковага канцэнтрату.

Начальнік аддзела якасці ААТ «Мінскі малочны завод № 1» Наталля Калядзіч адзначыла, што да канца гэтага альбо ў 2025-м годзе плануецца завяршыць праект па стварэнні фактычна новага прадпрыемства на базе дзейнага завода ў Вілейцы. Гэта будзе асобны цэх па вытворчасці сыроў з белай цвіллю. Наталля Калядзіч удакладніла, што адкрыццё новага цэха дазволіць заводу выпускаць у месяц да 90 тон сыру з белай цвіллю. Вытворцы спадзяюцца, што ў год яны змогуць рабіць да адной тысячы тон гэтага далікатэснага прадукту.

Сталічнае прадпрыемства стане першым у Беларусі, якое наладзіць вытворчасць высокамаржынальнага тавару. Тэхналогія вытворчасці сыру з белай цвіллю была распрацавана спецыялістамі Інстытута мяса-малочнай прамысловасці яшчэ ў 2015 годзе, аднак спробы рэалізаваць гэты праект перш былі няўдалымі. Эксперт дадала, што мадэрнізацыя ідзе і ў іншых цэхах завода. У прыватнасці, у 2024-м будзе тэхнічна абноўлена вытворчасць ёгурта і дзіцячага харчавання.

Акрамя таго, «Мінскі малаказавод № 1» збіраецца павялічыць выпуск сыроў і з блакітнай цвіллю — да 84 тон у месяц. Начальнік аддзела якасці завода расказала пра планы пашырыць лінейку безлактознай малочнай прадукцыі, якую ацанілі беларускія спажыўцы.

Што датычыцца аб’ёмаў перапрацоўкі, то, як заявіла Наталля Калядзіч, у суткі ўсе падраздзяленні першага малаказавода перапрацоўваюць 1,5 тысячы тон свежага малака. «Прычым 65 % ад гэтага аб’ёму прыпадае на гатунак "Экстра". Гэта досыць высокі паказчык», — падкрэсліла прадстаўніца прадпрыемства.

Акрамя вытворчасці малочнай прадукцыі для ўнутранага рынку, гэты завод пашырае і геаграфію экспарту. Напрыклад, у Расію цяпер прадаецца 45 % тавараў, якія адгружаюцца за мяжу. Астатняя частка ідзе на рынкі Сірыі, Амана, Азербайджана, Турцыі, Ірака, Афганістана. У асноўным у далёкія і гарачыя краіны пастаўлялася сухое і стэрылізаванае малако з працяглымі тэрмінамі прыдатнасці.

Ужо сёлета былі выпушчаныя новыя віды прадукцыі — масла з часнаком і кропам. У першым квартале запусцілі ў вытворчасць безлактозныя тварог і смятану.

Малочных цукерак прададзена ўжо каля 2 тон

Менш за год таму ў інфармацыйным полі загаварылі пра новыя цукеркі з сухога малака. Літаральна любяць іх, як аказалася, у Кітаі. Прыйшліся гэтыя ласункі даспадобы і нашым людзям. Як усё пачыналася? Не так даўно айчынныя вытворцы вырашылі асвоіць выпуск ласункаў з сухога малака, каб павялічыць пастаўкі ў Кітай. Стваралі такія цуда-ласункі не проста кулінары, а беларускія навукоўцы. А пасля выпуск экстранна асвоілі фабрыкі. Кажуць, смачную прадукцыю ўжо на ую моц прадаюць у беларускіх школах. Але знайсці дэсерт у звычайных гарадскіх крамах аказалася няпроста. Бываюць яны ў спецыялізаваных малочных крамах. Але ў Мінску іх разбіраюць як гарачыя піражкі. І гэта пры тым, што за кілаграм ласункаў просяць прыстойна — плюс-мінус 30 рублёў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.