Вы тут

Якой прадукцыі будзе прысвойвацца Дзяржаўны знак якасці?


Указ «Аб Дзяржаўным знаку якасці» быў падпісаны 18 студзеня 2024 года. З мэтай развіцця гэтага дакумента 29 сакавіка 2024 года падпісана пастанова ўрада аб парадку прысваення знака якасці. Пра тое, якая прадукцыя зможа яго атрымаць і што для гэтага павінен зрабіць вытворца, распавялі прадстаўнікі Дзяржстандарта.


Пяць крытэрыяў

— Знак якасці прысвойваецца харчовым таварам, прамысловым таварам для насельніцтва, прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, вырабленай юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з крытэрыямі, указанымі пры апісанні знака якасці. Гэта бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць і эстэтычнасць, — падкрэсліла першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова.

Візуальная форма — пяцівугольнік, дзе кожны з бакоў сімвалізуе адзін з гэтых крытэрыяў, дадала яна.

Знак якасці не прысвойваецца тытунёвым вырабам, нетытунёвым нікаціназмяшчальным вырабам, вадкасцям для электронных сістэм курэння, расказала спікер. Не могуць атрымаць знак якасці ўзбраенне і ваенная тэхніка, а таксама харчовыя прадукты, створаныя з выкарыстаннем генна-мадыфікаваных мікраарганізмаў. Акрамя таго, знак не прысвойваецца прадукцыі, да якасці якой прад’яўляліся прэтэнзіі кантрольна-нагляднымі органамі на працягу года, які папярэднічае падачы заяўкі на атрыманне Дзяржаўнага знака якасці, падкрэсліла Алена Маргунова.

Як падаць дакументы?

Перш за ўсё, вытворца павінен самастойна вызначыць, якая яго прадукцыя можа прэтэндаваць на прысваенне знака якасці, адзначыла прадстаўнік Дзяржстандарта.

— Звяртаю ўвагу, што гэта не асартыментны шэраг, а толькі адзін від прадукцыі, якая выпускаецца на дадзеным прадпрыемстве. І гэта прадукцыя павінна вырабляцца серыйна, — сказала Алена Маргунова.

За кошт уласных сродкаў вытворца праводзіць параўнальны аналіз паказчыкаў якасці абранай ім прадукцыі па ўсіх пяці «гранях» знака з найлепшымі айчыннымі і замежнымі аналагамі.

— Па ступені навізны, тэхналагічных аспектах, па тых момантах, дзе тэхналогія была ўдасканалена і гэтак далей, — патлумачыла першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. — На гэтыя паказчыкі вытворца атрымлівае пратаколы выпрабаванняў, абавязкова — у акрэдытаванай лабараторыі.

Наступны крок — запаўненне заяўкі (яе ўзор ёсць у пастанове Савета Міністраў). Запоўненая заяўка з пералікам доказных матэрыялаў (пратаколаў іспытаў) падаецца ў выканаўчы камітэт па месцы знаходжання прадпрыемства.

— Рэгістрацыйны орган выканкама калегіяльна — падкрэсліваю — ажыццяўляе праверку паўнаты прадстаўленых вытворцам дакументаў, і калі ўсё выканана ў адпаведнасці з патрабаваннямі, накіроўвае дакументы ў сакратарыят Дзяржстандарта, які забяспечвае арганізацыйна-тэхнічнае суправаджэнне гэтых дакументаў у Рэспубліканскую атэстацыйную камісію, — працягнула спікер. — Альбо сакратарыят, ацаніўшы прадстаўленыя дакументы, можа адмовіць у далейшым іх прасоўванні.

Гэта можа адбыцца, напрыклад, калі доказных звестак не хапае або яны прадстаўлены не ў поўным аб’ёме.

Хто і як прысуджае?

— Рэспубліканская камісія ствараецца на базе Савета Міністраў, у яе ўваходзяць віцэ-прэм’еры, прэм’ер-міністр і прадстаўнікі адпаведных дзяржаўных органаў, у чыім веданні знаходзіцца дзейнасць дадзенага прадпрыемства, — паведаміла Алена Маргунова. — Камісія праводзіць поўную ацэнку прадукцыі па ўсіх паказчыках, неабходных для прысваення знака якасці.

Адначасова звесткі аб прадукцыі, якая прэтэндуе на атрыманне знака, размяшчаюцца ў сетцы Інтэрнэт для яе анлайн-ацэнкі спажыўцамі, і сакратарыят Дзяржстандарта інфармуе грамадскасць аб магчымасці анлайн-галасавання па заяўленых відах прадукцыі на вызначэнне такога яе паказчыка, як эстэтычнасць. Крытэрый «эстэтычнасць» для харчовых прадуктаў — гэта іх арганалептычныя паказчыкі, для іншых відаў прадукцыі — візуалізаваныя: упакоўка, знешні выгляд, ацэнка формы і дызайну, расказала Алена Маргунова. Гэты крытэрый ацэньваецца толькі праз анлайн-галасаванне. Кожны, хто жадае, можа выказаць сваё меркаванне і паўдзельнічаць у прасоўванні прадукцыі, што прэтэндуе на атрыманне знака якасці.

Астатнія чатыры «грані» якасці ацэньваюць адказныя органы.

— Што датычыцца бяспекі прадукцыі, ацэнку праводзіць непасрэдна Дзяржстандарт на падставе тых патрабаванняў, якія прапісаны ў нарматыўна-прававой дакументацыі на гэты від прадукцыі. Гэта можа быць харчовая бяспека, электрабяспека, радыяцыйная бяспека і гэтак далей. Мінпрыроды ацэньвае такі крытэрый, як экалагічнасць. Тут разглядаецца менавіта экалагічны складнік дадзенай вытворчасці. Інавацыйнасць, трэці крытэрый, ацэньвае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях: на падставе распрацаванай метадалогіі выяўляе ступень паляпшэння гэтай прадукцыі, укараненне інавацый, удасканаленне момантаў тэхналогій (альбо гэта новая тэхналогія, або яна ўдасканалена і на які працэнт), прымяненне новых тэхналагічных рашэнняў. Паказчык «тэхналагічнасць» ацэньваюць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання або іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў, у чыім веданні знаходзіцца дзейнасць гэтага вытворцы (той дзяржорган, які выступае рэгулятарам па гэтым напрамку). Тут разглядаецца працаёмкасць, матэрыялаёмістасць, энергаёмістасць, прагрэсіўнасць тэхналогіі — усё, што датычыцца тэхналагічных аспектаў у залежнасці ад віду прадукцыі, — растлумачыла Алена Маргунова.

Калі прадукцыя, якая прэтэндуе на прысваенне Дзяржаўнага знака якасці, не будзе адпавядаць хаця б аднаму з крытэрыяў, Дзяржстандарт мае права накіраваць вытворцу апавяшчэнне аб адмове ў прысваенні гэтай прадукцыі знака якасці, звярнула ўвагу яна.

Рашэнне Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі — апошні этап. Камісія будзе ўзначальвацца прэм’ер-міністрам або намеснікамі прэм’ер-міністра. Яна, як ужо гаварылася, уключае кіраўнікоў дзяржаўных органаў, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца дадзеная вытворчасць. У яе таксама могуць уключацца кіраўнікі іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання або службовыя асобы апарату Савета Міністраў, кампетэнтныя менавіта ў родзе дзейнасці гэтага вытворцы. Вывучыўшы ўсе матэрыялы, атэстацыйная камісія прымае рашэнне большасцю галасоў — або аб прысваенні знака якасці, або аб прыняцці адмоўнага заключэння. Вынік афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй (у адсутнасці старшыні — намеснікам старшыні) камісіі. На падставе гэтага пратакола рыхтуецца пастанова Савета Міністраў, і — калі заключэнне камісіі станоўчае — прысуджаецца знак якасці.

Што гэта дае вытворцу?

Знак якасці прысуджаецца на два гады.

— Гэта дастатковы тэрмін з улікам крытэрыю «інавацыйнасць» і бурнага развіцця эканомікі, — падкрэсліла Алена Маргунова.

Знак якасці вытворца два гады мае права наносіць на маркіроўку і пакаванне менавіта той прадукцыі, якой ён быў прысуджаны, выкарыстоўваць знак ва ўсіх суправаджальных дакументах. Знак якасці павінен быць добра бачны, ён можа быць чырвонага або чорнага колеру, расказала прадстаўнік Дзяржстандарта.

Акрамя таго, у пастанове ўрада прапісаны шэраг стымуляцыйных ільгот і прэферэнцый, якія атрымлівае вытворца, чыя прадукцыя ўдастоена знака якасці.

— У першую чаргу гэтыя прэферэнцыі носяць іміджавы характар, — адзначыла начальнік упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Вольга Бабко. — Яны накіраваны на тое, каб дапамагчы нашым вытворцам прасоўваць сваю прадукцыю і заяўляць аб сабе, дазволяць вылучыць яе на паліцах крам.

Так, дзяржаўныя органы павінны будуць размяшчаць інфармацыю аб прадукцыі, удастоенай знака якасці, на сваіх сайтах, а ў магазінах і павільёнах будуць выдзелены спецыяльныя месцы для гэтай прадукцыі. Таксама адзначаная прадукцыя будзе ў прыярытэце, напрыклад, падчас выставачных мерапрыемстваў за мяжой.

Упершыню ўручэнне дыпломаў аб прысваенні Дзяржаўнага знака якасці адбудзецца ўжо сёлета — чакаецца, што яно будзе прымеркавана да Сусветнага дня якасці.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.