Вы тут

Да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі прэзентавалі новае выданне «Міхасёвых прыгод»


Прэзентацыя новага выдання кнігі Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.


Народны пясняр заўжды цікавіўся дзіцячай літаратурай. І гэта невыпадкова, бо сам Якуб Колас быў настаўнікам і бацькам трох сыноў. Менавіта самаму малодшаму з іх ён і прысвяціў кнігу «Міхасёвы прыгоды», якая ўпершыню пабачыла свет у 1935 годзе. Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла новае выданне гэтага твора, але з захаваннем лепшых традыцый. Так, сучасны чытач можа азнаёміцца з арыгінальнымі ілюстрацыямі мастака Анатоля Волкава, якія былі падрыхтаваны ім для першага выдання.

— Для нас усіх гэта не проста чарговая кніга нашага выдавецтва. Гэта ўзнаўленне таго першага выдання, якое была зроблена ў 1930-я гады, — звярнуўся падчас імпрэзы да юных гасцей музея старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. — Мне здаецца, што і «Міхасёвы прыгоды», і многія творы, з якімі вы яшчэ будзеце знаёміцца, асабліва з паэмай «Новая зямля» — гэта тыя вершаваныя запаветы Коласа, якія вялікі пісьменнік хацеў перадаць сваім нашчадкам. І ў значнай ступені ён выкарыстоўваў свой сямейны вопыт. 

Таксама Алесь Мікалаевіч расказаў, што менавіта на станцыі Талька пачаліся асноўныя прыгоды, якія адбыліся падчас летнх канікул з малодшым сынам Якуба Коласа.

— Тут вельмі рэльефна, вельмі паказальна адлюстроўваецца хараство роднай прыроды. Гэта заўсёды прыцягвае і гаворыць пра тое, што чалавек пісаў пра тое, што ён бачыў. Гэта жывое жыццё, і паэт хацеў, каб яно перадалося нам праз доўгія-доўгія дзесяцігоддзі, — дадаў Алесь Карлюкевіч.

Таксама ён адзначыў і мастацкі складнік выдання. Па яго словах, гэта ўнікальны выпадак, калі чорна-белыя ілюстрацыі вышлі выключна красамоўнымі. 

— Праз гэтыя штрыхі і мастацкія фарматы перададзена высокае пачуццё шчырасці, адкрытасці, сярдэчнасці, якім валодаў Якуб Колас і якімі безумоўна валодаў мастак Анатоль Волкаў, — падсумаваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Цікава, што на прэзентацыі з маленькімі чытачамі пагутарылі таксама ўнучка Якуба Коласа, дачка галоўнага героя Марыя Міцкевіч і сын мастака Сяргей Волкаў.

— У дзяцінстве тата часта хварэў. Як пісаў Якуб Колас, «захапіла Міхася хвароб чарада...» Дактары сказалі, што трэба на свежае паветра ў вёску, каб паправіць здароўе. І вось яны паехалі ў маленькае мястэчка Талька на Пухаўшчыне, — пачала свой аповед Марыя Міцкевіч, — Чым мог захапляцца гарадскі хлопчык, які прыехаў у вёску? Гэта лес і яго жывёльны свет, рэчка, збор грыбоў і ягад, рыбалка. Гэта тыя рэчы, якія былі ў дзяцінстве майго таты Міхася. Гэтаму яго вучыў Якуб Колас, і гэта ўсё ёсць у кнізе «Міхасёвы прыгоды».

Па яе словах, дзіцячыя захапленні засталіся з яе татам на ўсё жыццё. 

— Аднойчы з маім сынам ён гуляў па лесе і сказаў: «Хочаш я табе птушак пазаву?», і пачаў штосьці па-птушынаму крычаць. І сапраўды, яны прыляцелі і селі побач, — падзялілася ўспамінам дачка галоўнага героя кнігі. — Увогуле ён казаў, што тут няма нічога выдуманага, што ўся гэта кніжка праўда, і што ўсё гэта было.

Атрымліваецца, што досвед Якуба Коласа ў зносінах са светам прыроды перадаваўся праз пакаленні, і да гэтага часу з’яўляецца важнай сямейнай традыцыяй. Напрыклад, у дзяцінстве Марыя Міцкевіч таксама разам з татам ездзіла ў вёску, спала на сене і праходзіла ўсё тое, што апісана ў «Міхасёвых прыгодах».

Цікавае дзяцінства было і ў сына мастака Анатоля Волкава. Ілюстрацыі да «Міхасёвых прыгод» былі зроблены яшчэ да яго нараджэння, аднак тым не менш Сяргей Волкаў усё жыццё назіраў за працай таты і нават дапамагаў яму ў гэтым.

— Я вельмі любіў стаяць побач, глядзець, як тата малюе. Думаю, што гэта адыграла сваю ролю ў маім выбары прафесіі. Я вельмі шмат пазнаў і запомніў, гледзячы на тое, як тата працуе. Тады я быў малым і не ўсведамляў, што я ўсё гэта ўбіраю ў сябе. Пазней, калі сам стаў мастаком, злавіў сябе на тым, што часта паўтараю тыя прыёмы, якія рабіў тата. Гэта была вельмі вялікая школа, — падзяліўся ён.
Таксама Сяргей Волкаў расказаў пра тое, як пазіраваў бацьку:

— Ён быў цудоўным, мог і без натуры намаляваць усё, што заўгодна, але заўсёды аддаваў перавагу, калі ёсць магчымасць, падмацаваць усё малюнкам з натуры. Ён ілюстраваў вельмі шмат дзіцячых кніг. Вядома, пад рукой заўсёды быў я і мая сястра Іра, якая таксама пасля стала мастачкай. Мы пазіравалі яму. Вядома, для хлапчука 7-10 гадоў гэта быў дастаткова нудны занятак. Асабліва пры маім няўседлівым характары.

Так, са свайго сына Анатоль Волкаў змаляваў ілюстрацыі для «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова. Асабліва хлопчыку цяжка далася сцэна, калі Міколку партызан падкінуў у паветра. Для таго, каб увасобіць героя, які лунае ў паветры, мадэлі прыйшлося ляжаць на стале з паднятымі рукамі і нагамі.

Скончылася мерапрыемства віктарынай з прызамі ад Выдавецкага дома «Звязда» і інтэрактыўным заняткам «Якуб Колас — міністр грыбной гаспадаркі» на сядзібе паэта. Маленькія госці музея былі ў захапленні.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.