Зборнік тэкстаў песенных твораў (вершы і ноты напісанай да іх музыкі) падрыхтаваны і пабачыў свет дзякуючы руплівасці Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Назва ў выдання — «Радзімы песенныя сцежкі». Разам аб’яднаны творы на беларускай і рускай мовах. З5 песень адрасавана ўвазе і чытачоў, і выканаўцаў, усіх, каму цікавымі пададуцца творчыя адкрыцці і знаходкі паэтаў і кампазітараў.
З уступнага слова старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леаніда Крываноса: «Значная частка сучасных літаратараў Міншчыны, асабліва паэты, у сваёй творчасці так ці інакш звяртаюцца да песеннага жанра. І ў кожнага з іх да яго „пратаптана“ свая сцежка... <...> Сёння песні літаратараў Міншчыны складаюць пэўную частку музычнай, эстраднай спадчыны не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны. Асобныя песні жывуць сваім асабістым жыццё і па-за яе межамі. У чым іх запатрабаванасць і жыццяздольнасць? Адказ просты: гэта пранізлівая грамадзянская лірыка. Яна сугучная з часам, адпавядае думкам грамадства, спрыяе выхаванню ў моладзі грамадзянскай адказнасці, натхняе людзей на высакародныя ўчынкі...»
У зборніку «Радзімы песенныя сцежкі» прадстаўлены песні, словы да якіх напісалі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Тамара Кашчэва, Барыс Макарэвіч, Настасся Швядко, Леанід Крыванос, Кастусь Цыбульскі, Уладзімір Цанунін, Наталля Жызнеўская, Тамара Аўсяннікава, Таццяна Цвірко, Аляксандр Быкаў, Святлана Быкава, Людміла Круглік, Зінаіда Гасціловіч, Рэгіна Рэўтовіч, Ірына Карнаухава, Віктар Кажура, Марына Лайкова, Лёля Багдановіч, Зіновій Прыгодзіч. А музыку — Яўген Ксяневіч, Тамара Кашчэва, Анатоль Мягкі, Ірына Карнаухава, Алег Елісеенкаў, Мікалай Міхайлоўскі, Дзмітрый Краскоўскі, Валерый Іваноў, Сяргей Верамееў, Уладзімр Цанунін, Наталля Жызнеўская, Сяргей Галубкоў, Вераніка Крамарэнка, Валянціна Беланоўская, Марына Лайкова, Яўген Хаменка, Святлана Быкава, Дзмітрый Пятровіч, Аляксандр Сушыцкі. Як бачыце, у многіх выпадках самі паэты і пішуць музыку да сваіх твораў.
Вопыт выдання песеннага зборніка, укладальнікам якога з’яўляецца Рагнед Малахоўскі, даволі цікавы прыклад, які маглі б узяць на ўзбраенне іншыя рэгіянальныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Сяргей ШЫЧКО
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.