Вы тут

Мінабароны зацвердзіла кантрольныя лічбы прыёму ў ваенныя навучальныя ўстановы


 У Міністэрстве абароны зацверджаны кантрольныя лічбы прыёму ў ваенныя навучальныя ўстановы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе абароннага ведамства.


Стаць афіцэрам і атрымаць ваенную спецыяльнасць можна ў васьмі ўстановах адукацыі, размешчаных у Мінску, Гомелі і Гродне. Шырокі выбар спецыяльнасцей тэхнічнага і гуманітарнага профілю дае магчымасць абітурыенту вызначыцца з будучай прафесіяй і тым напрамкам, у якім ён плануе развівацца. Навучанне курсантаў ажыццяўляе высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, у кожнай ВНУ ёсць сучасная вучэбна-матэрыяльная база. У час навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (рэчавым, харчовым і грашовым), валодаюць правам пражывання ў казармах і інтэрнатах.

Так, у Ваенную акадэмію ў гэтым годзе плануюць залічыць 687 абітурыентаў. Самы вялікі набор — на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання (123 чалавекі), крыху менш, 119 і 105 абітурыентаў, возьмуць на агульнавайсковы факультэт і факультэт ваеннай разведкі адпаведна. На факультэт ракетных войскаў і артылерыі, ракетна-артылерыйскага ўзбраення залічаць 93 абітурыенты, на авіяцыйны факультэт — 88, на факультэт проціпаветранай абароны — 82 чалавекі. Самы маленькі набор у Ваеннай акадэміі — на факультэт унутраных войскаў, дзе на першы год навучання возьмуць 77 абітурыентаў.

На ваенныя факультэты ў іншых установах адукацыі плануецца залічыць 563 абітурыенты. БДМУ адкрые набор на спецыяльнасць «лячэбная справа (па прафілізацыі): ваенна-медыцынская справа» для 55 абітурыентаў.

На ваенным факультэце БДУ можна атрымаць вышэйшую адукацыю па такіх спецыяльнасцях, як «міжнародныя адносіны (па прафілізацыі)», «правазнаўства (па прафілізацыі): юрысконсульцкая работа ў ваеннай сферы», «радыяцыйная, хімічная і біялагічная абарона», «геаінфармацыйныя сістэмы (па прафілізацыі)». У гэтым годзе на залічэнне на ваенны факультэт БДУ зможа прэтэндаваць 71 абітурыент.

Набор на ваенна-тэхнічны факультэт для 132 абітурыентаў будзе адкрыты ў БНТУ на спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне (па прафілізацыі): фінансавае забеспячэнне і эканоміка баявой і гаспадарчай дзейнасці войскаў», «эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў (па прафілізацыях)», «будаўніцтва будынкаў і збудаванняў (па прафілізацыі) — прамысловае і ваеннае будаўніцтва».

БДУІР на ваенны факультэт плануе залічыць 126 абітурыентаў, якія змогуць прайсці навучанне па спецыяльнасцях «інфармацыйная бяспека (па прафілізацыі): забеспячэнне бяспекі інфармацыйных тэхналогій», «камп’ютарная інжынерыя (па прафілізацыі): вылічальныя сістэмы і сеткі спецыяльнага прызначэння», «сістэмы і сеткі інфакамунікацый» (па прафілізацыях)«, «радыёсістэмы і радыётэхналогіі (па прафілізацыі): спецыяльныя сістэмы радыёлакацыі і радыёнавігацыі».

Ваенна-транспартны факультэт у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту адкрые набор на спецыяльнасць «кіраванне сістэмамі транспартнага і аўтатэхнічнага забеспячэння (па прафілізацыях)» для 63 чалавек, а ваенны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы плануе набраць 52 абітурыенты для навучання па дзвюх спецыяльнасцях: «фізічная культура (па прафілізацыі): фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых» і «тылавое забеспячэнне войскаў (па прафілізацыях)».

Набор для 57 чалавек адкрые ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі па спецыяльнасцях «беспілотныя авіяцыйныя комплексы (па прафілізацыях)» і «эксплуатацыя аэрадромаў і сродкаў наземнага забеспячэння палётаў».

На навучанне па спецыяльнасці «правазнаўства» для Узброеных Сіл у Акадэміі МУС змогуць прэтэндаваць пяць чалавек, «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый» ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС — два чалавекі.

Усяго для падрыхтоўкі кадраў для Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі ў айчынныя ВНУ будзе набрана 1250 абітурыентаў. Беларускія курсанты таксама могуць прэтэндаваць на навучанне ў ваенных адукацыйных арганізацыях Міністэрства абароны Расіі.

Выпускнікі, якія атрымалі ваенную адукацыю, размяркоўваюцца ў злучэнні і воінскія часці, падраздзяленні і ваенныя арганізацыі Узброеных Сіл. Пасля выпуску афіцэру гарантавана стабільнае грашовае забеспячэнне, прадастаўляецца інтэрнат або выплачваецца кампенсацыя за арэнду жылля. Таксама ваеннаслужачы ў адпаведнасці з заканадаўствам мае права атрымання льгот і прэферэнцый.

Прэв'ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.