Вы тут

«Песенька ваша яшчэ не спета...»


Перафразуючы радок з вядомай песні, менавіта так хочацца звярнуцца да заслужанай артысткі БССР Тамары Раеўскай! Памятаем ваш непараўнальны голас і незабыўнае аблічча! Шчыра ўдзячны газеце «Звязда» і «Сямейнай газеце» за публікацыю інтэрв’ю ў пярэдадзень вясновага свята (7.03.2024 г.), за гутарку, што стварае вясну ў душы! А словы спявачкі: «Не ўмею спяваць напаўголасу і жыць напаўсілы» — гэта проста пра нас, народжаных у вялікай краіне, натхнённых Перамогай і палётамі ў космас.


Пашчасціла быць гледачом на тым самым юбілейным канцэрце Тамары Раеўскай у сталіцы, аб якім нагадвае і аўтар інтэрв’ю. Гэта быў 2000 год, праграма адбывалася ў рамках фестывалю «Залаты шлягер». Арганізатары зрабілі сюрпрыз юбілярцы — запрасілі ў Мінск яе любімую спявачку Алену Камбураву. Ціхая радасць Тамары Раеўскай перадалася зале (сапраўды, гэта ж і для нас быў падарунак!). Кожны глядач быццам імкнуўся сцішыць біенне свайго сэрца, каб ніводзін гук не парушыў атмасферу зачаравання музыкай і спевамі.

У той дзень я суправаджала дэлегацыю дабрачынцаў з Ірландыі, якія наведвалі наш чарнобыльскі раён. Калі пасля канцэрта тэлежурналісты цікавіліся водгукамі гледачоў, нашы замежныя сябры, якія не ведалі ні беларускай, ні рускай моў, гаварылі пра свае шчырыя пачуцці: спявачкі нібыта вярнулі іх у дзяцінства!

Хачу падзякаваць і яшчэ аднаму творчаму чалавеку, які таксама прыгадваецца ў вашай публікацыі. Людміла Георгіеўна Палкоўнікава — легенда беларускай музычнай журналістыкі. За год да гэтага канцэрта яна таксама стварыла свята — запіс праграмы «Землякі» ў Лунінецкім раёне. Нашы жыхары — працавітыя, дабразычлівыя, таленавітыя — на ўсю Беларусь прадэманстравалі сваі шчырасць, усмешлівасць і любоў. Зразумела, каманда «Землякоў» дапамагла звычайным лунінчанам стаць такімі артыстычнымі і на сцэне, і на тэлеэкране.

Акрамя захаплення нашымі землякамі, праграма мела і вельмі канкрэтныя вынікі. Старшыня калгаса паабяцаў «прэзідэнцкі домік» даяру — і цудоўны Аляксандр Краўчук атрымаў добраўпарадкаваннае жыллё. Вядучы праграмы пачуў пра мару старой калгасніцы — і Агрыпіна Даўгавечная атрымала тэлевізар. А колькі было творчых падарункаў! Самадзейны кампазітар Яўген Куфайкін, які напісаў «Лунінецкі вальс», пачуў свой твор у выкананні самага прыгожага барытона сталічнай сцэны — заслужанага артыста Беларусі Аляксея Ісаева. На нацыянальным тэлеэкране адбыўся дэбют найлепшай лунінецкай спявачкі Наталлі Мурко, для якой зрабілі і некалькі запісаў у прафесійнай студыі ў Доме радыё. Нават юныя лунінецкія танцоры атрымалі магчымасць суправаджаць выступленні славутасцяў сталічнай эстрады!

Гэта было 25 гадоў таму — «Землякі» здымаліся ў гонар 550-годдзя Лунінца. Цяпер наш горад рыхтуецца да 575-годдзя. Спадзяюся, што чарговы юбілей запомніцца чымсьці такім жа знакавым і значным. Выказваю ўдзячнасць Тамары Раеўскай і Людміле Палкоўнікавай. Цуды здараюцца, калі справу выконваюць прафесіяналы! Такія, як гэтыя цудоўныя жанчыны, — сапраўдны гонар нашай Беларусі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ

г. Лунінец Брэсцкай вобл

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.