Вы тут

Як выбудаваць адносіны з маці сваёй «палавінкі»?


Мужчына ажэніцца не з дзяўчынай — ён ажэніцца з усёй яе сям’ёй. І выходзіць замуж дзяўчына не за свайго выбранніка, а за ўсю яго сям’ю. Прымаюць вас у новую сям’ю ці, як вам здаецца, не прымаюць, вы ўсё роўна становіцеся яе часткай, з усімі яе ўтоенымі ад старонніх вачэй канфліктамі, сямейнымі таямніцамі і замацаванымі традыцыямі.


У гэтай новай сям’і найбольшы ўплыў на жыццё маладых літаральна з першых хвілін пасля слоў «Аб’яўляю вас мужам і жонкай» пачынае аказваць менавіта мама вашай «палавінкі» — цешча або свякроў, адносіны з якой далёка не заўсёды складваюцца гарманічна. Як не дапусціць канфлікту, які ўскладняе жыццё? А калі ён ужо ёсць — як яго згладзіць?

Без жартаў не хаджу

Аб стасунках цешчы і зяця прыдумана нямала анекдотаў, але ў рэальнасці, калі «зносіны не складваюцца», не смешна ні галоўным удзельнікам канфлікту, ні сям’і ў цэлым. 

І, мабыць, таму што ў найбольшай ступені пакутуюць у гэтай сітуацыі, па меркаваннях псіхолагаў, не зяць і не цешча. Яны якраз нярэдка ў такой барацьбе знаходзяць няхай і дзіўны, але сэнс жыцця, і з захапленнем гуляюць у гэту гульню.

— Бывае, што ў такой сям’і зяць і цешча насамрэч не могуць жыць адно без аднаго, без штодзённых сутыкненняў, скандалаў, пастаянных «баявых дзеянняў», — кажа сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Кацярына Алёхіна. — І калі адзін надоўга з’язджае, другі пачынае сумаваць і чакаць яго вяртання, хоць услых ніколі ў гэтым не прызнаўся б.

Больш за ўсіх пакутуе ў канфлікце «цешча-зяць» жонка, яна ж дачка. То-бок тая, чыю любоў не могуць падзяліць мама і муж.

— Адна з прычын, па якой узнікае класічнае супрацьстаянне паміж зяцем і цешчай — ідэалізацыя дачкі з боку маці, — расказвае Кацярына. — Маці перакананая, што яе дачка заслугоўвае прынца, а зяць на прынца ну ніяк не падобны. Хоць часта бывае, што ідэалізацыі дачкі быццам бы і няма, але ў маці ёсць дакладныя ўяўленні, які спадарожнік жыцця «яе крывіначцы» патрэбен. А складнікі асобы і ладу жыцця зяця не ўпісваюцца ў гэтыя ўяўленні. Прычынай можа быць і незавершаная сепарацыя дачкі ад маці (а часцей за ўсё, наадварот, мамы ад дачкі). У гэтым выпадку ў наяўнасці нежаданне маці прымаць факт, што «дзіцятка» ўжо вырасла, стала самастойным чалавекам, які мае права жыць уласным жыццём. І нарэшце, класічная сітуацыя: дачка сама скардзіцца маме на мужа, а потым дзівіцца, што мама «лезе ў яе сямейнае жыццё» ў жаданні дапамагчы, а яе адносіны з зяцем псуюцца на вачах.

Што ж раяць псіхолагі? Перш за ўсё, кожнаму з удзельнікаў сітуацыі неабходна ўсвядоміць сваю зону адказнасці. 

І пачаць выпраўляць адносіны ў сям’і пад сілу менавіта жонцы/дачцы, сцвярджаюць яны. У першую чаргу ёй неабходна пазначыць межы сваёй сям’і. Іншымі словамі, перастаць скардзіцца маме на мужа, а мужу на маму — гэта прывядзе толькі да пагаршэння канфлікту.

— Асабліва важна быць уважлівай да таго, што вы расказваеце маме пра ваша сямейнае жыццё. Абараняць сваё дзіця — базавая патрэбнасць кожнай маці. І калі ёй падасца, што дачка просіць аб абароне, зяцю давядзецца «хавацца ў бульбу». Лепш пашукайце тое агульнае, што можа аб’яднаць вашу маму і вашага мужа.

Калі сям’я імкнецца да нармалізацыі адносін і хоча захаваць шанц наладзіць іх, зяцю і цешчы важна ўзяць за правіла падтрымліваць станоўчы тон камунікацыі, падкрэслівае псіхолаг. Імкнуцца не закранаць у размове аспекты, якія выклікаюць эмацыянальныя ўспышкі. Паспрабаваць размаўляць толькі на пазітыўныя тэмы, прыемныя абодвум. А для гэтага выбіраць месца і форму камунікацыі, камфортную для ўсіх членаў сям’і.

І, вядома, варта паглядзець на сітуацыю збоку, вызначыць рэальныя матывы канфлікту (а не тыя, якія агучваюцца) і паспрабаваць ліквідаваць іх. Гэта агульныя рэкамендацыі псіхолагаў. Заўважым, што яны ідэнтычныя і для сітуацыі «нявестка-свякроў». Гучыць быццам бы зразумела, але на практыцы ўсё аказваецца вой як складана!

Дзяўчынкі, не сварыцеся!

Адносіны свекрыві і нявесткі радзей становяцца асновай для анекдотаў, але яны бываюць не менш драматычныя, чым адносіны цешчы і зяця. Хоць часцей прымаюць аблічча не «ўзброенага канфлікту», а «халоднай вайны». У некаторых сем’ях непрыязнасць узнікае з першага погляду, у іншых напружанасць нарастае паступова. Тут прычына — бітва дзвюх жанчын за ўплыў на мужчыну, любімага і адзінага для абедзвюх. Высвятленне, хто ж ён у першую чаргу — муж ці сын, і прыводзіць да напружанасці.

І тут галоўная парада — не ўмешваць сына ў канфлікт са свякроўю, падкрэслівае суразмоўніца. Ні ў якім разе нельга прымушаць мужа выступаць суддзёй, ставіць яго перад выбарам: «або я, або яна». Як паказвае практыка псіхолагаў, гэта — асноўная памылка, якую дапускаюць нявесткі.

— Як і ў сітуацыі «зяць-цешча», галоўная роля ў нармалізацыі абстаноўкі і тут належыць менавіта жанчыне, — кажа псіхолаг. — Таму што мужчына ў большасці выпадкаў не ў стане ўладзіць канфлікт паміж дзвюма дарагімі яму жанчынамі.

Перш чым бегчы скардзіцца мужу на яго маму, спыніцеся і нагадайце сабе правіла, праверанае стагоддзямі: мужчыну пра яго маці можна казаць... добра або нічога. Нават калі яго з ёй адносіны далёка не ідэальныя, негатыву наконт яго маці ён не пацерпіць. Нават ад вас.

І другое правіла, якое важна запомніць. Свякроў нявестцы — не саперніца. Ваша месца яна заняць ніколі не зможа. Так што найлепшы спосаб наладзіць адносіны са свякроўю — добразычлівая размова сам-насам як з дарослым чалавекам, рацыянальна і спакойна, без абвінавачанняў і патрабаванняў. У канчатковым выніку ў вас адна мэта: шчасце і дабрабыт вашай сям’і, важная частка якой — вы і вашы дзеці.

Парады для цешчы

Ваша дачка вырасла, і цяпер вы вымушаны прыняць у сваю сям’ю і ў сваё сэрца яе выбранніка. Што ж, з гэтым давядзецца змірыцца. І, можа быць, знайсці ў гэтым не нагоду для незадаволенасці, а наадварот, крыніцу радасці.

  • Паспрабуйце быць цярплівай і разумнай

Не толькі вам складана выбудоўваць новыя адносіны — складана і вашаму зяцю. Яму таксама патрэбны час, каб прывыкнуць да вас. Паважайце яго асабістую прастору. Праяўляйце цікавасць да яго спраў, але не дакучлівую і без крытыкі. Не трэба неадкладна даваць адзнакі і навешваць цэтлікі: «не мае рацыю», «паступіў неразумна», «няўдачнік»... Хочаце раскрытыкаваць тое ці іншае рашэнне зяця — можа быць, лепш прамаўчаць? А вось пахвала ніколі не будзе лішняй.

  • Пазбягайце рэзкай крытыкі дзеянняў або рашэнняў зяця

У рэшце рэшт, ён мужчына, кіраўнік уласнай сям’і — не варта замахвацца на гэтую яго ролю. Бо тут, як на градках: што паліваеш і падкормліваеш (гэта значыць, хваліш і заахвочваеш), тое расце і развіваецца, а што топчаш (то-бок асуджаеш і адмаўляеш), тое засыхае. Ці хочаце вы, каб муж вашай дачкі перастаў браць на сябе адказнасць і зняверыўся ў сабе? Лепш накіроўваць яго праз заахвочванне і добрыя, паважлівыя парады. І самае галоўнае, гавораць псіхолагі, — ніколі не крытыкуйце зяця ў прысутнасці дачкі.

  • Паважайце меркаванне зяця

Перш чым абвяшчаць «правільнае рашэнне» з вышыні пражытых гадоў, выслухайце меркаванне зяця. Паспрабуйце зразумець, чаму яно менавіта такое можа быць, вы чагосьці не ведаеце ці не ўлічылі. 

Павага спрыяе ўсталяванню даверу паміж людзьмі.

  • Будзьце гатовыя да кампрамісаў

Гэта — галоўнае правіла ў любых зносінах. Дамоўцеся з самой сабой аб гэтай гатоўнасці. Паверце, зяць гэта заўважыць і ацэніць. На аснове гатоўнасці да ўзаемных кампрамісаў паступова выбудуюцца і асабістыя межы абедзвюх сем’яў, якія ўсе будуць паважаць, і правілы паводзін, камфортныя для ўсіх удзельнікаў зносін.

Парады для свекрыві

Яшчэ ўчора ваш сын быў толькі вашым, і раптам іншая жанчына «атрымала на яго правы». Не кожная маці гатова «адпусціць» дарослага сына. Але зрабіць гэта давядзецца, і лепш — без драм і непатрэбных пакут.

  • Успомніце часы, калі вы самі былі нявесткай

Як вы калісьці выбудоўвалі адносіны з уласнай свякроўю, мамай вашага мужа? Якія памылкі дапускалі вы, якія — яна? Чаго вам не хапала ў гэтых адносінах — цяпла, прыняцця, дэманстрацыі павагі да вас? Падарыце ўсё гэта вашай нявестцы.

  • Не ідзіце на повадзе ў «канфлікту пакаленняў»

Маладосці ўласцівыя максімалізм, няздольнасць да кампрамісаў, залішняя самаўпэўненасць. Сталы ўзрост нярэдка ідзе поплеч з коснасцю поглядаў, празмернай верай у свой жыццёвы вопыт, крытычнасцю да маладых. Ніхто не ідэальны — дык ці варта псаваць сабе з-за гэтага нервы? Ці не прасцей прыняць нявестку з усімі яе недахопамі? Паспрабуйце зразумець, чаму «ваш хлопчык» з усіх дзяўчын абраў менавіта яе. Калі вы настроіцеся на тое, каб бачыць у выбранніцы сына добрае, а не дрэннае, нявестка гэта заўважыць. І пачуццё падзякі з часам ператворыцца ў любоў і сяброўства.

  • Прыміце нявестку ў сям’ю

Надышоў час навучыцца вырашаць сямейныя пытанні не толькі з сынам і мужам, але і з нявесткай. Не варта абмяркоўваць нешта за яе спінай або прызначаць «сямейную нараду», калі яе няма дома. Новы член сям’і мае права голасу.

  • Будзьце разумнай бабуляй

Парады аб выхаванні ўнукаў давайце, толькі калі ў вас пытаюцца. Вядома, вы хочаце зберагчы любімых дзяцей ад памылак. Але лепш даць ім набіць гузы, чым навязваць свае рашэнні, замінаючы адчуваць сябе гаспадарамі ў сваёй сям’і. Якой бы мудрай ні была бабуля, бацькоў ёй усё роўна не замяніць. І калі бацькоўскія погляды і погляды бабулі на тое, што дзецям можна, а што нельга, уступаюць у супярэчнасць, наступствам такога выхавання стануць трывожнасць і комплексы. Дарэчы, гэтая парада справядлівая, калі размова ідзе і пра цешчу.

Перш за ўсё — мама

І цешча, і свякроў — перш за ўсё мама. Сямейныя псіхолагі перакананыя: выбудоўваць адносіны ў абодвух выпадках прасцей, грунтуючыся менавіта на мацярынскім інстынкце цешчы або свекрыві. Свекрыві важна даць зразумець, як вы шануеце вашу сям’ю і любіце вашага мужа, як удзячныя ёй за такога добрага сына. Калі яна ўсведамляе, што ў вас агульная мэта, то з ворага і саперніцы ператворыцца ў сябра і саюзніцу. У канфлікце «цешча-зяць» важна даць маме ўсведамленне таго, што якім бы ні здаваўся ёй ваш выбраннік, менавіта ён вам і патрэбны і робіць вас шчаслівай. Што гэты мужчына — ваш дарослы, усвядомлены выбар (а не памылка маладосці), і ў выніку мір у вашай сям’і — агульная мэта і ваша з мамай, і вашага мужа.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.