Вы тут

Конкурс «Час танцаваць» сёлета пройдзе трэці раз


Конкурсы для таленавітых людзей незалежна ад узросту — гэта прастора, дзе можна паказаць сябе, завесці карысныя знаёмствы і, нарэшце, параўнаць свой узровень майстэрства з тымі, хто побач. Дае такую магчымасць і Адкрыты рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага майстэрства «Час танцаваць», які сёлета пройдзе трэці раз. Арганізатары і ўдзельнікі праекта расказалі напярэдадні старту мерапрыемства пра яго вынікі на этапе адбору, адметнасці і перспектывы.


Фота «Минск-новости»

Маштабны сацыяльна значны праект, арганізатарам якога з’яўляецца з 2022 года Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр» Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у гэтым годзе чарговы раз збярэ ў канцэртнай зале «Мінск» танцавальныя калектывы з усёй краіны.

— Сёння мы сапраўды можам падвесці прамежкавыя вынікі першага этапу конкурсу — адборачнага тура. Ён праходзіў на працягу месяца. У ІІІ Адкрытым рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць» у нас будзе прадстаўлена 73 нумары на сцэне канцэртнай залы «Мінск». Усяго на сцэну выйдзе парадку 850 удзельнікаў. Іх узрост — ад 7 да 74 гадоў. Разумееце, наколькі разнастайныя калектывы. Прадстаўляць сваю творчасць яны будуць у шасці намінацыях: «Класічная харэаграфія», «Сучасная харэаграфія», «Эстрадная харэаграфія», «Народны танец», «Бальныя танцы» і «Свабодны кірунак», — расказаў дырэктар Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Аляксандр Сідарэнка. — Самыя папулярныя намінацыі сёлета — «Народны танец», «Эстрадная харэаграфія» і «Сучасная харэаграфія». Прычым лідзіруе апошняя, хоць у мінулыя гады ў лідарах былі дзве першыя намінацыі. Вельмі прыемна, што сёлета ў гэтым конкурсе ў нас прадстаўлены дастаткова вопытныя калектывы з розных рэгіёнаў краіны. Сфарміравана і журы. Мы з вялікім задавальненнем адзначаем, што ў нас ёсць пастаянныя партнёры. Кампанія «Беларусбанк» падтрымлівае нас ужо трэці год. Інфармацыйную падтрымку аказваюць вядучыя беларускія СМІ. На сёння ўсе падрыхтоўчыя пытанні вырашаны. Ужо ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў, бо яны атрымалі пацвярджэнне аб удзеле ў конкурсе... Усе арганізатары разумеюць, якая гэта праца — падрыхтаваць калектыў, асабліва калі ён шматлікі, да ўдзелу ў конкурсных праектах. Колькі карпатлівай работы патрэбна. І, улічваючы, што ў нас 73 нумары, мы настроены на насычаны і цяжкі конкурсны дзень. Усе ўмовы, неабходныя для ўдзельнікаў, пастараемся забяспечыць. Ёсць магчымасць замовіць загадзя ежу. Усе будуць забяспечаны грымёркамі. Бяспеку гарантуем у абавязковым парадку, як і медыцынскае абслугоўванне, калі ў гэтым будзе патрэба. Спадзяёмся, што ўсе канкурсанты пакажуць годны вынік. Чакаем убачыць высокі ўзровень харэаграфічнага мастацтва.

Ужо сфарміравана праграма конкурснага дня і рабочыя групы, якія будуць сустракаць удзельнікаў і суправаджаць іх на працягу конкурсу. Адметна і тое, што на YouTube-канале Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь будзе весціся анлайн-трансляцыя выступленняў, што дасць магчымасць назіраць за харэаграфічным спаборніцтвам усім аматарам гэтага віду мастацтва. Так, юная балерына Валерыя Мальцава ўжо трэці раз удзельнічае ў гэтым конкурсе. Як адзначаюць арганізатары, дзяўчынка — прыклад мэтанакіраванага развіцця ў свеце танца. Сёлета яна заяўлена ў дзвюх намінацыях — класічны і сучасны танец. Прысутнічала на сустрэчы і канкурсантка, прадстаўніца Кітайскай Народнай Рэспублікі Вай Сісі, якая ў размове з журналістамі прызналася: «Я жыву ў Беларусі год. І паступова вывучаю беларускі народны танец. Пачала вучыць у пачатку сакавіка. І гэта вельмі цікавае мастацтва для мяне».

— Я рады быць удзельнікам гэтага цудоўнага мерапрыемства ўжо трэці раз. І вельмі прыемна разумець, што задзел, які быў зроблены на першым конкурсе, ператварыўся ў добрую традыцыю. Работа вядзецца на перспектыву, і няма жадання пры такім россыпе конкурсаў, які мы маем у краіне, хайпануць на тэме, узяць хуценька вынік, паставіць птушачку. Сіта такіх конкурсаў дазваляе нам знаходзіць беларускіх самародкаў не толькі ў танцавальным мастацтве, бо не ўсе стануць харэографамі, выканаўцамі, хтосьці можа пойдзе ў іншую сферу. Але фонд нашай беларускай культуры — і прыемна тое разумець — фарміруецца тут. І ёсць вялікі шанц, што мы вырасцім новае пакаленне ўсвядомленых, разважлівых людзей, і ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ў такіх конкурсах, — адзначыў член журы, народны артыст Беларусі, саліст Вялікага тэатра Беларусі Канстанцін Кузняцоў. — Я ведаю, як цяжка арганізаваць конкурс, улічыць безліч пажаданняў, патрабаванняў, стандартаў і г. д. Уменне сабраць вакол сябе каманду, якая будзе з году ў год гэта рабіць, — таксама вялікая справа. Таму поспехаў! Спадзяюся, што лічба «3» — гэта толькі пачатак доўгага творчага шляху.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.