Вы тут

Прэзідэнт узгадніў кадравыя рашэнні і скіраваў прызначэнцаў на сур’ёзную работу


Новыя кіраўнікі з’явіліся ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах — як абласнога, так гарадскога і раённага ўзроўняў. Кадравыя перастаноўкі адбыліся і ў арганізацыях, падначаленых Савету Міністраў. Па традыцыі, узгадняючы людзей на новыя пасады, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй у той ці іншай сферы, даў слушныя парады, якія датычацца не толькі прызначэнцаў, а ў цэлым усёй вертыкалі краіны. 


Першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама прызначаны Дзмітрый Гарадзецкі, які найперш будзе адказваць за аграпрамысловы комплекс. Намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама, які будзе курыраваць пытанні эканомікі ў рэгіёне, — Міхаіл Бацэнка. Аляксандр Ільясевіч узгоднены на пасаду намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама (у зоне адказнасці — сацыяльная сфера), Максім Антанюк — старшыні Баранавіцкага гарвыканкама. Новыя старшыні — у Пінскім і Докшыцкім райвыканкамах. Імі адпаведна сталі Сяргей Сазанчук і Сяргей Абірала. Аляксандр Прадун узгоднены на пасаду кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста, Уладзімір Бялевіч — на пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска. Старшынёй канцэрна «Беллеспаперапрам» прызначаны Аляксандр Пшонны, старшынёй праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» — Сяргей Сталярчук. 

«Для бізнэсу няма сяброў і ворагаў. Ёсць інтарэсы»

Першае пытанне Аляксандр Лукашэнка адрасаваў новаму старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам», які дагэтуль працаваў намеснікам старшыні. Прэзідэнт пацікавіўся, якая сітуацыя на прадпрыемстве і ці ёсць пэўныя праблемы. 

Аляксандр Пшонны паведаміў, што ў цэлым сітуацыя ў галіне стабілізуецца, але ёсць шэраг праблемных прадпрыемстваў, як прыватнай, так і дзяржаўнай форм уласнасці, — з-за таго, што ў асноўным пастаўкі былі арыентаваны на Еўрапейскі саюз. Ён запэўніў, што будуць разбірацца, каб палепшыць сітуацыю на гэтых прадпрыемствах. Шэраг праблем, па словах кіраўніка канцэрна, звязана і з тым, што ў некаторых прадпрыемствах ёсць запазычанасці па крэдытах. Беларускі лідар пацікавіўся, які выхад старшыня канцэрна бачыць у гэтай сітуацыі. Аляксандр Пшонны заўважыў, што ёсць прапанова рэструктурызаваць пазыкі асобных прадпрыемстваў, разгледзець магчымасць паніжэння ставак па крэдытах, перавесці валютныя запазычанасці ў рублёвыя. Прэзідэнт удакладніў, гэта глыток паветра або каардынальна мяняе сітуацыю ў галіне. 

«Пакуль глыток паветра», — паведаміў кіраўнік канцэрна. 

«Вы хочаце сказаць, што вы гэты глыток паветра ўдыхнеце, а потым зноў рухнеце?» — пацікавіўся беларускі лідар. 

«Уздыхнем, затым павінны нешта пабудаваць», — сказаў Аляксандр Пшонны.

«Вы абавязаны, вам жа адказваць за гэта прыйдзецца, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Мы, вядома, цяпер не прымаем гэтае рашэнне, але прапанову вашу разгледзім. Бо так, як працуе „Беллеспаперапрам“ (вы былі намеснікам, не забывайцеся), так працаваць нельга. Паўднёвей пэўнай паралелі лесу няма. Свет мае патрэбу ў гэтай прадукцыі: пачынаючы ад рэйкі падлогі, плінтуса да мэблі. А мы не можам прадаць. Таму вы шукайце перш за ўсё ў сябе выхад са становішча, якое склалася. А потым прыходзьце, калі там нечага не хапае, прапаноўвайце рэструктурызаваць».

Пры гэтым Прэзідэнт папярэдзіў, што рэструктурызацыя не павінна прывесці да таго, што даўгі ўвогуле не будуць выплачаны. «Такога мы дазволіць нікому не можам, — падкрэсліў ён. — Мадэрнізаваліся калісьці — працуйце. Таму шукайце прычыны перш за ўсё ў сябе і рабіце ўсё, што вы хочаце. Калі ў заканадаўчым плане вам чагосьці не хапае, звяртайцеся — будзеце падтрыманы. Галоўнае, каб на выхадзе быў вынік. Запрасіце кіраўнікоў сваіх прадпрыемстваў і давядзіце ім гэтую задачу».

Па словах першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максіма Рыжанкова, адным з выхадаў у сітуацыі, якая склалася ў канцэрне, можа быць нарошчванне паставак і пошук новых экспартных кірункаў. Прэзідэнт гэта цудоўна разумее. «Трэба прадаць, а для таго, каб прадаць, трэба прадаваць у любым месцы, — лічыць ён. — І нельга сыходзіць з еўрапейскіх рынкаў. Калі нармальна працаваць, можна і ў Еўропу прадаваць, куды заўгодна. Цяпер шалеюць нашы збеглыя або з падачы збеглых Захад пачынае глядзець: як гэта так, што мы павялічылі па некаторых таварных групах у тры-пяць разоў тавараабарот з той жа Польшчай, якая ледзь не ворагам малюецца ў Беларусі. Які яна вораг? Для бізнэсу няма сяброў і ворагаў. Ёсць інтарэсы. Таму яны і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Еўрасаюзе ў цэлым ёсць, але з імі трэба акуратна працаваць. Публічна аб гэтым вам кажу». 

«З банкаўскай сістэмай трэба сур’ёзна папрацаваць»

Старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Сталярчук па просьбе Прэзідэнта расказаў пра спецыфіку банка. Кажучы аб перспектыўных кірунках Банка развіцця, ён адзначыў, што ў першую чаргу гэта фінансаванне і падтрымка рэальнага сектара эканомікі і экспарт (садзейнічанне прадпрыемствам краін далёкай дугі). «Што датычыцца інвестпраектаў, мы не абмяжоўваемся проста фінансаваннем, — дадаў ён. — Мы шукаем гэтыя праекты. Ёсць рэгіянальныя праграмы „Адзін раён — адзін праект“, імпартазамяшчэнне прадукцыі. Адпаведна, нават у гэтую праграму мы ініцыявалі ўключэнне больш як 50 праектаў. Угаворваем, кансультуем, паколькі самае галоўнае — час. Своечасова прынятыя рашэнні Банкам развіцця даюць магчымасць для атрымання выручкі прадпрыемству».

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці не дапусціла дзяржава памылку, стварыўшы гэты банк. «Я не кажу аб тым, што нам не патрэбен гэты банк (у іншым выпадку мы вас бы не прызначалі), але аптымізацыю банкаў трэба правесці, трэба на іх паглядзець, — заўважыў ён. — У нас не хапае дзесьці там людзей, АПК і іншых. А на такую краіну, можа, і не трэба столькі банкаў, каб адцягваліся спецыялісты. Гэта высокакласныя спецыялісты — фінансісты».

Як заўважыў Максім Рыжанкоў, увогуле ідэя Банка развіцця — пошук менавіта такіх праектаў, накіраваных у будучыню, інавацыйных праектаў, якія, можа быць, не зусім зразумелыя для класічных банкаў. 

«Навошта іх шукаць? — удакладніў Прэзідэнт. — Для гэтага у нас ёсць спецыялісты ў міністэрствах, ведамствах, аблвыканкамах, да прыкладу. Там сапраўды рэальныя спецыялісты. Якія ў яго спецыялісты, якія па зямлі не ходзяць? Там па зямлі ходзяць, яны бачаць. Ёсць і крытэрыі, якія банкіры ніколі не ўбачыць. Убачыць толькі канкрэтны кіраўнік прадпрыемства».

Па словах беларускага лідара, трэба вярнуцца да гэтага пытання. «З банкаўскай сістэмай трэба сур’ёзна папрацаваць цяпер, нягледзячы на складаныя часы», — канкрэтызаваў ён. 

«Будзе дысцыпліна і парадак — будуць кампенсаваны некаторыя недапрацоўкі па іншых кірунках»

Звяртаючыся да новапрызначаных кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што працаваць ім давядзецца ў няпростыя часы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдзячны прызначэнцам, што ў гэтыя складаныя часы яны пагадзіліся ўзначаліць адпаведныя ўчасткі. Ён арыентаваў іх ужо сёння настроіцца на вельмі сур’ёзную і цяжкую работу. «У нас ёсць усё для таго, каб сёння працаваць — як ніколі, нягледзячы на цяжкасці, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Не хапае толькі аднаго — дысцыпліны. Але гэта мы ўмеем рабіць. Парадак б’е клас. Будзе дысцыпліна і парадак — будуць кампенсаваны некаторыя недапрацоўкі па іншых кірунках».

Прэзідэнт даў параду кіраўнікам, асабліва кіраўнікам раёнаў, якія заўтра прыйдуць у працоўныя калектывы, — у кожнага члена калектыва павінен быць шанец. «Не трэба прыходзіць з шашкай нагала і секчы там — не тыя часы, — перакананы ён. — Мазгі трэба мець, галаву на плячах, тады за вамі пойдуць людзі. І калі хтосьці дзесьці недапрацоўваў, дайце яму шанец. Праўда, час спрэсаваны. Ніхто чакаць не будзе, пакуль ён разгорнецца. Вы пабеглі, ён адстае, ну што ж, трэба яму патлумачыць, што адставаць нельга — затопчуць, як я кажу. Але дайце шанец».

Па словах Прэзідэнта, прызначэнцы становяцца кіраўнікамі высокага ўзроўню. «Людзі хочуць жыць нармальна і дыхаць спакойна, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны не павінны дрыжаць з раніцы да вечара на працы і пасля працы. Стварыце нармальную атмасферу ў калектыве, дайце магчымасць людзям сябе праявіць. У нас павінна быць сапраўдная дэмакратыя, калі людзі жывуць у задавальненне. А калі будуць у задавальненне працаваць, то і будуць жыць у задавальненне, бо асноўную частку часу мы праводзім на рабоце». 

«Усяго хапае! Але трэба сумленна працаваць»

Прэзідэнт падкрэсліў, што б кіраўнікі не рабілі, павінен быць вынік. «Я часта публічна кажу: рабіце, што хочаце і як вы лічыце патрэбным, — арыентаваў ён. — Натуральна, ёсць законы, правілы, яны ўжо даўно ў нас у крыві, ніхто не парушае гэтыя законы. Але там, дзе патрэбны вынік, трэба прайсці побач, плячо ў плячо, з гэтым законам і прыняць рашэнне. Прыняўшы рашэнне, павінен быць вынік». 

Перасцярог Аляксандр Лукашэнка кіраўнікоў і ад хлусні. «Гэтага ніколі не рабіце ў сваім жыцці, — даў наказ кіраўнік дзяржавы. — Калі нават я не заўважыў у дадзены момант, бываючы ў вас, што вы мяне ці кагосьці падманулі, заўтра гэта адаб’ецца на выніках. Гэта бокам вылезе. Не рабіце гэтага. Лепш праўду скажыце, як яно ёсць, аб’ектыўныя прычыны ўкажыце. Будзем іх вырашаць — тыя ці іншыя задачы. Але хлусні дапускаць нельга, асабліва цяпер. Гэта ў перспектыве — няправільныя рашэнні з боку тых, хто атрымлівае гэтую інфармацыю. Вы мяне падманулі — я прыняў няправільнае рашэнне. Гэта адаб’ецца на ўсёй краіне. Нельга гэтага дапускаць. І не дазваляйце сваім падначаленым адпаведным чынам сябе паводзіць, пакуль Гасподзь нам дае ўсё. Асабліва для людзей, якія хочуць працаваць на зямлі, ды і ў прамысловасці».

Прэзідэнт заўважыў: калі яшчэ была такая спрыяльная зіма і вясна для сельскай гаспадаркі. «Ранніх збожавых палову пасеялі, цудоўная вільгаць, — удакладніў ён. — Калі мароз на дзве гадзіны, ноччу мінус адзін градус, праблем ён не стварае. Пакуль усё добра».

Кажучы аб прамысловасці, кіраўнік дзяржавы не хавае — некаторыя цяжкасці ў сувязі з санкцыямі ёсць. Затое для нашых вытворцаў адкрыўся вялізны расійскі рынак, рынак Кітайскай Народнай Рэспублікі, іншых краін. «Сёння на складах — нічога няма, пры гэтым атрымалі даход у валюце — большы, чым у мінулым годзе. Няма праблем», — канстатаваў ён. 

Калі раней з Расіяй гандляваць прамысловымі таварамі было няпроста, то цяпер па шэрагу пазіцый ёсць каласальны попыт, і расійскі бок сам выступае з ініцыятывай нарасціць пастаўкі пэўных тавараў. «Нам дастаткова аднаго расійскага рынку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Што мы, гіганцкая эканоміка? Не. Мы запатрабаваны па ўсіх кірунках. Але, як я кажу, трэба варушыцца: канкурэнцыя была і будзе. Але якасць нашых тавараў (самі расіяне мне кажуць) несупастаўная. Трэба гэтым карыстацца. Ды і цэны незавоблачныя».

Прэзідэнт ставіць задачу — ствараць сэрвісныя мультымадальныя цэнтры, каб там былі прадстаўлены вядучыя айчынныя прадпрыемствы: і «Гомсельмаш», і МТЗ, і іншыя. «Давайце сканцэнтруем пад адным дахам, вызначым, у якіх рэгіёнах Расіі мы будзем працаваць, і ніякая канкурэнцыя нам не страшная, — падкрэсліў беларускі лідар. — Тым больш, маючы такія адносіны, дыпламатычныя, асабістыя адносіны кіраўнікоў, урадаў і прэзідэнтаў, мы вырашым любую праблему. Таму пры ўсіх цяжкасцях у нас сёння момант для нармальнага развіцця нашай дзяржавы». 

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў нашых нядобразычліўцаў усё сканцэнтравана на тое, каб знайсці шлях нас зваліць. Рабіць высновы на гэты конт кіраўніку дзяржавы дазваляе аналітыка, публікацыі ў СМІ, якія ён рэгулярна праглядае, а таксама даклады знешняй разведкі, спецслужбаў. «Якія б ні былі ў нас з вамі адносіны (я вас там лаяў, здымаў з працы і іншае), вы павінны быць дзяржаўнымі людзьмі, — арыентаваў прысутных Прэзідэнт. — Ні я, ні вы асабіста нічога не значым у параўнанні з тым, што значыць для нас суверэнная і незалежная Беларусь. Мы яе павінны абараніць: сваёй працай, крывёй, потам і сваім жыццём. Вядома, не дай Бог, усе мы хочам жыць. А каб не паміраць, не гінуць, трэба проста працаваць, патрэбна эканоміка. Яшчэ раз падкрэсліваю: для таго, каб была нармальная эканоміка, у нас усё ёсць. Усяго хапае! Але трэба сумленна працаваць». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У тэму

У размове з журналістамі старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Сталярчук адзначыў, Банк развіцця сёння — гэта 40% усіх доўгатэрміновых крэдытаў у краіне, выдадзеных у беларускіх рублях, у першую чаргу падтрымка рэальнага сектара эканомікі, экспарту, малога і сярэдняга бізнесу. 

Ён расказаў, што ў апошнія гады створаны дзве даччыныя кампаніі — Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці і Агенцтва сэрвісізацыі і рэінжынірынгу. Гэта два новыя напрамкі для банка. «Адзін напрамак — гэта аўтаматызацыя і лічбавізацыя дзяржаўных працэдур, лічбавізацыя аховы здароўя, гэта ў тым ліку маніторынг цэн, — патлумачыў Сяргей Сталярчук. — Іншы напрамак (Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці) — садзейнічанне прасоўванню беларускіх тавараў на далёкія рынкі. І, што асабліва актуальна, на рынкі далёкай дугі».

Пры гэтым старшыня праўлення заўважыў, што ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» не канкуруе з камерцыйнымі банкамі. «Мы іх дапаўняем тым, што бачым перспектывы ў развіцці тых ці іншых галін, якія ствараюць дадатковы эфект у будучыні, праз пяць, дзесяць гадоў, — удакладніў ён. — Менавіта ў гэтым заключаецца наша місія. Камерцыйныя банкі займаюцца класічным крэдытаваннем: яны падтрымліваюць прадпрыемствы і галіны сваёй паўсядзённай дзейнасцю. Што тычыцца доўгатэрміновых, капіталаёмістых праектаў, якія, магчыма, схільныя цяпер да больш рызык, то гэта роля Банка развіцця. Мы павінны падставіць плячо тым дзелавым ініцыятывам, якія зыходзяць ад бізнесу, ад рэгіёнаў, ад рэальнага сектара эканомікі. Гэта значыць трэба рабіць сёння і не адкладаць гэта на заўтра».

Кажучы аб фінансавым суправаджэнні беларускіх паставак у краіны далёкай дугі, Сяргей Сталярчук, прывёў прыклад супрацоўніцтва з Нікарагуа. На наступным тыдні ён наведае гэтую краіну, куды нядаўна ўпершыню адбыліся пастаўкі МАЗаў. Плануецца падпісанне чарговых кантрактаў на суму больш як 40 мільёнаў долараў.

Па словах старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пшоннага, сітуацыя на прадпрыемствах канцэрна паляпшаецца. «Знаходзім новыя рынкі збыту, — канкрэтызаваў ён. — Паступова паляпшаецца сітуацыя і на прыватных, і на дзяржаўных прадпрыемствах у сферы дрэваапрацоўкі. Адзіная праблема або абмежавальны фактар, які істотна адбіваецца на шпаркасці і паспяховасці рэалізацыі ўсіх нашых праектаў, — тое, што ў Расійскай Федэрацыі сапраўды такія ж санкцыйныя абмежаванні, і Расія сама з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам той прадукцыі, якую вырабляем і мы. Таму, калі абмежавалі поўнасцю вываз нашай прадукцыі, якую пастаўляем у еўрапейскія краіны, ва Украіну, прыйшлося пераарыентавацца ў асноўным у Расію і праз яе ў нашы дружалюбныя краіны— Сярэдняй Азіі, Кітай».

Кіраўнік канцэрна адзначыў, што ў Расію пастаўляецца больш за 60% усёй выпускаемай прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці. «Атрымліваецца, што нягледзячы на мінусы, якія ў нас былі першапачаткова, мы ўсё ж паступова адаптуемся да гэтай сітуацыі, — дадаў Аляксандр Пшонны. — На сённяшні дзень найбольш праблемныя прадпрыемствы тыя, у каго партфель прадуктаў больш схільны да санкцыйнага абмежавання (гэта фанера і пліты МДФ)».
Сярод перспектыўных партнёраў канцэрна — Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Кітайская Народная Рэспубліка.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?