Вы тут

Аўтары сакавіцкага «Полымя» разважаюць аб лёсах рэалізму ў гісторыі літаратуры


«Паэзiя i проза», «Навуковыя публiкацыi», «Памяць», «Спадчына», «Гутаркi», «Краязнаўства», «Далягляды», «Рэцэнзіі» — рубрыкі, якія традыцыйна прапаноўвае чытачу сакавіцкі часопіс «Полымя». Неаднойчы разважаюць аўтары і героі нумара і на тэму лёсаў рэалізму ў гісторыі літаратуры — пра яе і пісьменнікі, і выдаўцы выказваюцца падобна...


Віктар Гардзей у нізцы «Востраў таямнічы мой не абмінуць...» дзеліцца з чытачамі сваімі думкамі. Звяртаюць на сябе ўвагу два матывы: першы — прага спазнання свету, яго ўладкавання, другі — жывапіс, які ў розных варыяцыях (прысвячэнняў, згадак пра мастакоў, ды і проста апісанняў прыроды) прысутнічае ў шэрагу твораў.

Уладзімір Гаўрыловіч прапаноўвае чытачу аповесць «Пад покрывам нябёсаў», прысвечаную трагічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны на беларускім Палессі. Часавыя пласты ў творы перамяжоўваюцца: падзеі мінулага ў арганізаваным пад адкрытым небам лагеры смерці, дзе галоўны герой страчвае многіх людзей, у тым ліку самых родных — маленькую сястрычку і маці, змяняюцца апісаннямі жыцця ўжо сталага чалавека, які толькі перад смерцю наважваецца пераказаць блізкім перажыты некалі жах.

Яны з памерлай жонкай хавалі гэтыя ўспаміны нават ад саміх сябе — настолькі балючай была памяць, але настаў час расказаць пра мінулае, каб захаваць у нацыянальнай гісторыі. Кожны год у той жа сакавіцкі час (сімвалічна і аповесць друкуецца ў вясеннім нумары часопіса) у героя баліць нага, прабітая ахоўнікам лагера дзідай. Такі боль цяпер завуць псіхасаматычным, бо ён не мае пад сабой нейкіх іншых прычын. 

Хведар Гурыновіч выступае з нізкай вершаў «У сэрцы нясу», дзе ёсць месца і мастацкай даніне шахцёрам з радзімы Салігоршчыны, і ўспамінам дзяцінства з вобразам ласкавых матчыных рук ды цёплага малака. Арыгінальным, глыбокім зместам адметны верш «Папараць-кветка», у якім тлумачыцца беларуская легенда.

Лірычны герой столькі начэй шукаў міфічную расліну і думаў, што не ўдалося знайсці, але ў саміх пошуках авалодаў усім, што яна, паводле падання, здольна даць чалавеку:

Усё ж прамень відушчасці працяў 

І чуйнасцю маё акрэсліў сэрца, 

Бо нават шум звычайнага лісця 

Напоўнены ўва мне глыбокім сэнсам.

З апавядання Віктара Праўдзіна «У Бабчыне», прысвечанага памяці сябра Міколы Мятліцкага, паўстае родная вёска паэта — ахвяра чарнобыльскай трагедыі і сам паэт, які блукае па роднай хаце, назіраючы згасанне і запусценне, складаючы тужлівыя вершы.

Тамара Бярэзіна прапаноўвае нізку «Зоры ў далонях» з вершамі, напоўненымі светлымі пачуццямі лірычнай гераіні, яе любоўю да радзімы-Беларусі і, канешне, да малой радзімы. Найлепшым увасабленнем гэтай любові, падаецца, выступае безназоўны верш «Чую, як яблыкі падаюць долу...», у якім цёплыя ўспаміны пра дзяцінства пераплятаюцца з думкамі пра багацце і шчодрасць прыроды ды хуткаплыннасць усяго ў свеце. Кранае аўтарскае параўнанне, што не толькі восень збірае ўраджай — у выглядзе яблыкаў, але і час, які ў якасці даніны бярэ нашых родных людзей.

Чую, як яблыкі падаюць долу — 

Восень багата збірае даніну... 

...Мама калісьці давала мне ў школу 

Яблыкі з яблыні, з гэтых галінак. 

Так і ў жыцці — час збірае даніну: 

Тата і мама даўно пад крыжамі... 

Толькі, як сімвал былых успамінаў, 

Дрэва расце і частуе пладамі.

Аляксандр Быкаў выступае з кароткімі апавяданнямі, з якіх далёка не ўсе адпавядаюць гэтаму жанру, таму што ёсць сярод іх і ўспаміны, ёсць і замалёўкі, ёсць і сны-трызненні на ўпадабаныя аўтарам «касмічныя» тэмы — імі ён з задавальненнем дзеліцца з чытачом. Героямі ў гэтых творах выступаюць не толькі людзі, але і хатнія жывёлы, якія, як і чалавек, даследуюць жыццё, вылузваючы з досведу «правілы».

Святлана Літвінчык у паэтычнай нізцы «Мой дом» дзеліцца сваім успрыманнем жыцця: у плыні часу ўсё знаёма і заканамерна, адпавядае закладзеным у падмурак быцця прычынна-выніковым законам. Твор «Вечныя словы» пункцірна, кароткімі напружанымі радкамі паказвае, што старое заўсёды гучыць як новае, а ў праходжанні пазначаных лірычнай гераіняй этапаў заключана адвечная сутнасць жыцця. У вершы «Маці і дзіця» ў тым, як жанчына трымае немаўля, аўтару бачацца асацыяцыі з Дзевай Марыяй.

Гэтым разам у «Полымі», насуперак традыцыі, выступае зусім малады аўтар Аляксандра Жалязнова з нізкай «Тое, што нам блізка». Тэматыка вершаў — парканы, каханне, жаданне і змены, якія адбываюцца ўвесь час з чалавечай асобай — патрэба ў іх убудавана ў нас. Лірычнай гераіні можна пазайздросціць: яна зусім не баіцца свайго мінулага.

Па меры разгортвання жыцця глядзець назад бывае страшнавата, а вывучаць старыя фотаальбомы ці дзённікі не ў кожнага знойдзецца смеласць. Што ж гаварыць пра героя аповесці «Пад покрывам нябёсаў», які ўсё свядомае дарослае жыццё пазбягае згадваць падзеі ў палескім лагеры смерці, што здарыліся з ім у дзяцінстве падчас вайны.

Зрэшты, чаму б старэйшым не павучыцца адвазе ў маладых аптымістычных паэтаў?

Таццяна Лаўрык у артыкуле «Гісторыка-рэвалюцыйны раман у творчасці Леаніда Дайнекі: дылогія „Людзі і маланкі“, „Запомнім сябе маладымі“» напачатку звяртае ўвагу на цікавую праблему, звязаную з кваліфікаваннем рэвалюцыйных твораў як гістарычных. Публікацыя раскрывае тэму працягу гуманістычнай традыцыі ў вытлумачэнні падзей вайны і рэвалюцыі, што была закладзена яшчэ пісьменнікамі першай паловы XX ст. Змітраком Бядулем, Максімам Гарэцкім, Платонам Галавачом і інш.

Зіновій Прыгодзіч ва ўспамінах «Сяброўства шчырага імгненні. Да 70-годдзя з дня нараджэння Міколы Мятліцкага» расказвае пра сваё плённае ўзаемадзеянне з паэтам падчас падрыхтоўкі для часопіса «Полымя» размоў з вядомымі ў сферы нацыянальнай культуры людзьмі. Згадваецца, як у «Зубраняці» на рэспубліканскім конкурсе паэтычнага майстэрства М. Мятліцкі радаваўся, што маладыя паэты не збіліся на шлях мадэрнізму, што іх творы напісаны па-беларуску і рэалістычна.

Успаміны нагадваюць, як важна было ў савецкія часы прадаўжаць закладзеныя традыцыі, трымаць курс на мастацкі кірунак, які ў сваёй працяглай гісторыі праяўляўся ў самых розных мадыфікацыях — класічнай, сацыялістычнай, магічнай.

Кранаюць асабістыя прызнанні ў тым, як М. Мятліцкі правіў і рыхтаваў да друку вершы З. Прыгодзіча, а таксама крытыкаваў апавяданне. У душы аўтара публікацыі змагаліся крыўда і ўдзячнасць за сказанае, але ў перспектыве, як часта бывае, крытыка пайшла толькі на карысць. Напрыканцы чытач можа пазнаёміцца з аўтографамі, пакінутымі на кнігах, падараваных Міколам Мятліцкім: да стварэння дарчых надпісаў аўтар падыходзіў старанна, і яны маюць арыгінальную вершаваную форму і персаналізаваны змест.

Ірэна Мятліцкая падрыхтавала нізку М. Мятліцкага «У тлуме дзён зямных», у якой чытач знаёміцца са свежымі, напісанымі ў 2021 г., перад самым адыходам, вершамі, у якіх узнімаюцца вечныя тэмы непатрэбнасці вайны, прыгажосці свету, а паколькі паэт застаў пандэмію, то пакінуў асэнсаванне хваробы, якая абрынулася на людзей.

Пятро Жаўняровіч працягвае публікаваць запісы Уладзіміра Караткевіча пад назвай «„Які ж мы багаты народ...“. З запісных кніжак. 1971 г.». Знаходзім тут красамоўныя радкі, якія дазваляюць наблізіцца да разгадкі асобы класіка — творчай індывідуальнасці. Пісьменнік выступае супраць навешвання ярлыкоў: «„Рамантызм!“ І ўсё менш пачынаю я з гадамі паважаць такія выказванні нават дужа годных людзей. Час, калі літаратуру дзялілі, як пірог, на вялікія „ізмы“, мінуў. Я не рамантык і не сентыменталіст, і не які-небудзь яшчэ „іст“. Я проста „ёсць“ я, Караткевіч, з дзвюма нагамі (пакуль), двума вачыма і вушамі, адным носам і адным сэрцам...» Выразны выпадак таго, як асоба супраціўляецца націску: індывідуальны стыль, асабісты змест узвышаюцца над спробамі размеркаваць па катэгорыях.

Інтэрв’ю «Знайсці сваю сцяжыну і быць запатрабаваным» з дырэктарам выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліянай Анцух правяла Алена Стэльмах. Нагодай становіцца юбілей прадпрыемства, узрост якога налічвае 30 гадоў. 

Важнасць візуальнага афармлення кнігі, масавае і элітарнае, пашырэнне жанраў і павелічэнне цікавасці да беларускамоўнай літаратуры — у гэтым інтэрв’ю чытач сустрэнецца з яшчэ адным поглядам на лёс рэалізму: «На дадзеным этапе рэалізм у прыярытэце сучаснага кірунку літаратурнага працэсу». 

Хоць паболей мадэрнісцкіх, постмадэрніцкіх тэкстаў, падаецца, часопісу «Полымя» не пашкодзіла б. У 2022 г. Нобелеўская прэмія па фізіцы была ўручана фактычна за абвяржэнне асноў рэалізму — доказ існавання як сімуляцыі. А культура і мастацтва не адасоблены ад навукі…

Алесь Карлюкевіч у публікацыі «Люстэрка ў мастацкую мінуўшчыну. Пісьменнікі Гродзеншчыны — у зборніку „Бацькаўшчына“» разважае на тэму патрыятызму. Усё пачынаецца з самага малога: любоў да Радзімы — рэч экзістэнцыяльная, таму ў многім будуецца на ведах пра свой рэгіён, сваю краіну з яе багатай матэрыяльнай і духоўнай культурай. У выданні, якое рэцэнзуецца, ёсць месца і дакументалістыцы, і мастацкім творам, што робіць яго разнастайным і цікавым для шырокага кола.

Падсумоўваючы, аўтар робіць выснову пра неабходнасць выдання літаратурна-краязнаўчага альманаха, а таксама прапануе ідэі для стварэння навукова-папулярных кніг, напрыклад, пра «адрасы» класікаў айчыннай літаратуры, што, дарэчы, будзе апорай работнікам сферы турыстычнага бізнесу Беларусі. 

Вераніка Карлюкевіч у артыкуле «Іван Шамякін вачыма кітайскага літаратуразнаўца Ін Цяньшы» аўтарытэтна заяўляе: важ­ным сведчаннем таго, ці прынялі замежнага аўтара ў літаратурную прастору іншай краіны, з’яўляецца наяўнасць / адсутнасць цікавасці да яго асобы і творчасці з боку прафесійных літаратурных крытыкаў і даследчыкаў. Ін Цяньшы якраз не толькі «дае грамадска-палітычны кантэкст адлюстраваных у творы падзей, але і, галоўнае, — для лепшага разумення замежнага пісьменніка тонка ўплятае знаёмыя кітайскаму чытачу кітайскія культуралагічныя канцэпты». Далей у перакладзе В. Карлюкевіч з кітайскай мовы прыводзіцца сам артыкул Ін Цяньшы «Вобраз маладых людзей у творчасці Шамякіна».

Таццяна Сідарава выступае з грунтоўнай рэцэнзіяй «„Дзіўныя сусветы“ Наталлі Канстанцінавай» на кнігу «Змена пароляў», выдадзеную на рускай мове ў мінулым годзе. Даследчыца пераконвае, што творы спадабаюцца моладзі хаця б таму, што аўтар ведае яе свет, псіхалогію, ужывае ўласцівы ёй слэнг. Але, бадай, галоўнае ў тым, што ў выданні ўздымаецца тэма агульначалавечых аксіялагічных ісцін. На думку рэцэнзента, прывабна для чытача тое, што кнігу складаюць апавяданні і аповесці, таму што чытанне рамана — выпрабаванне, на якое ў сучаснага чалавека не хапае ні часу, ні засяроджанасці.

Міхась Сліва выступае з кароценькай, але надзвычай пераканаўчай рэцэнзіяй «Непаўторны свет дзяцінства» на кнігу «Дзе ўзяць красоўкі для Слана?» Міколы Чарняўскага. Азнаёміўшыся з публікацыяй, многія бацькі пабягуць у кнігарню, упэўненыя, што гэтым разам здолеюць зацікавіць сваіх малых якасным тэкстам.

Такім было сакавіцкае «Полымя». 

Такія рэкамендацыі яно дало. Такія прагнозы рэалізму прапанавала. А што думае сам чытач на тэму перспектыў развіцця гэтага сталага, безумоўна, запатрабаванага ў сучасным свеце, і ў Беларусі, мастацкага метаду?

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?