Вы тут

«Адной нагой туды, другой — назад»: успаміны пра інтэрв'ю з Юрыем Сураўцавым


Адной нагой туды, другой — назад

Люблю не толькі творчасць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Удзячны і за тое, што, дзякуючы яму, паколькі стасункі былі добрыя, бліжэй пазнаёміўся са шмат якімі пісьменнікамі. І не толькі беларускімі. Сярод іх быў і вядомы савецкі крытык і літаратуразнаўца, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР Юрый Сураўцаў. Тады я і не ведаў, што многімі ён успрымаецца афіцыйным крытыкам, ледзь не ідэалагічным рупарам ЦК КПСС. Прысуд ці пахвала Юрыя Іванавіча часам былі вызначальнымі. Як кажуць: ці пан, ці прапаў. Пахвала яго шмат значыла. 

Юрый Сураўцаў

У адваротным выпадку ацэнка ім твораў, зразумела, ужо са знакам мінус, таксама. Аднойчы Рыгор Барадулін ні з таго, ні з сяго запытаўся:

— Не хацелі б, Алесь, у Маскву з’ездзіць? 

Звяртаўся да мяне заўсёды на «вы», хоць неяк і прапанаваў: «Давайце на „ты“ пяройдзем». Я быў не супраць. Але звяртаўся так да старэйшых за мяне літаратараў толькі пасля таго, як перад гэтым некалькі разоў сустракаліся не толькі творы абмяркоўваючы. Пра гэта і сказаў Рыгору Іванавічу, на што ён сумнавата адказаў: «Даўно не ўжываю». Таму і працягвалі «выкацца». І вось прапанова з’ездзіць у Маскву.

Гэта для мяне стала настолькі нечаканым, што на пытанне адказаў пытаннем: 

— А хто мяне там чакае? 

— Сураўцаў, — адказаў Рыгор Барадулін і патлумачыў, хто гэта такі. 

— І навошта ж я яму спатрэбіўся? 

— Зробіце з ім інтэрв’ю для чарговага выпуску альманаха «Братэрства». 

Адразу паставіў і ўмову: чым хутчэй, тым лепш. Такая спешка мяне асабліва не здзівіла: гэтак было раней, так робіцца і цяпер. Раптам высвятляецца, што тэрмінова трэба зрабіць тое, што даўно можна было выканаць спакойна. Не скажу, каб мне хацелася надта ўжо спяшацца. Паколькі інтэрв’ю патрэбна тэрмінова, на працяглую камандзіроўку разлічваць не даводзіцца. Аднак не хацелася і адмаўляць у просьбе. 

— З камандзіроўкай ніякіх праблем, — упэўнена адказаў Рыгор Іванавіч. — Думаю, што Алесь дасць (Алесь Жук тады быў галоўным рэдактарам «ЛіМа». — А. М.), а калі не, то яе выпіша «Мастацкая літаратура».

— А дзе пераначаваць? — запытаўся я, разумеючы, што месца ў сталічнай гасцініцы будзе знайсці няпроста. 

— Вы ж малады, Алесь! — Рыгор Барадулін, як падалося, нават чакаў такога пытання. — Адной нагой туды, другой — назад. 

Сапраўды, у той час тыя, хто ехаў у Маскву ненадоўга, часта так і рабілі. Спраўляліся за дзень, а вечарам садзіліся ў цягнік, што адпраўляўся ў Мінск. Зручна было і тое, што зваротныя білеты звычайна прадаваліся ў самім вагоне пры пад’ездзе да Масквы. 

— Угаварылі, — канчаткова згадзіўся я. 

Пасля гэтага доўга не цягнуў. Праз дзень-другі ўжо быў у Маскве. Перад гэтым папярэдне дамовіўся з Юрыем Сураўцавым аб сустрэчы. Ён прызначыў яе дзесьці на сярэдзіну дня. Часу заставалася шмат, і я вырашыў сустрэцца з Уладзімірам Аляксандравым, вядомым крытыкам савецкай дзіцячай літаратуры, які працаваў у рэдакцыі ўсесаюзнага часопіса «Детская литература».

Ёсць з кім параіцца

Быў Уладзімір Паўлавіч чалавекам чулым, уважлівым, а галоўнае — з павагай і разуменнем ставіўся і да аўтараў з саюзных рэспублік. У чым я пераканаўся, паслаўшы адзін з матэрыялаў у гэтае аўтарытэтнае выданне. Загадзя па тэлефоне ні з кім з супрацоўнікаў не дамаўляўся. Здаецца, толькі ў лісце крыху напісаў пра сябе. Праз некаторы час, адшукаўшы патрэбны мне тэлефон, — зрабіць гэта было не цяжка, паколькі рэгулярна набываў гэтае аўтарытэтнае выданне, — патэлефанаваў. Так і пазнаёміўся з Уладзімірам Аляксандравым.

Дзякуючы яму і пачаў друкавацца ў «ДЛ». Нават па некалькі разоў на год — такім добразычлівым чалавекам ён аказаўся. З’явіліся ў гэтым часопісе мае аглядныя артыкулы пра творчасць Янкі Маўра, пра творы для дзяцей народных песняроў Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, шмат рэцэнзій на кнігі, у тым ліку Эдзі Агняцвет, Валянціна Лукшы, Леаніда Прокшы, Эдуарда Скобелева, Алеся Якімовіча.

Завочнае сяброўства паспрыяла і таму, што даведаліся, як абодва любім кнігі. Яны ж тады, як вядома, былі ў вялікім дэфіцыце. Асабліва тыя, якія можна было набыць толькі здаўшы адпаведную колькасць макулатуры. Мне пашанцавала, што каля маёй халасцяцкай кватэры па праспекце Ракасоўскага знаходзіўся пункт здачы. Набыў нават некалькі асобнікаў двухтомніка ўспамінаў аб Аляксандры Пушкіне. Зразумела, што імі падзяліўся і з Уладзімірам Аляксандравым. 

Упершыню ж сустрэліся на Усесаюзным семінары маладых крытыкаў дзіцячай літаратуры. Дарэчы, дзякуючы Уладзіміру Паўлавічу і трапіў на яго. Даведаўшыся, што атрымаю запрашэнне, не надта паверыў у магчымасць такога. Прызнаўся, што ў асобных кіраўнікоў нашага творчага саюза я не ў асаблівай пашане. 

— Пры чым яны?! — здзівіўся Уладзімір Аляксандраў. — Семінар усесаюзны, і мы вырашаем, каго запрашаць на яго. Яны толькі пацвердзяць згоду. 

— А калі не згодзяцца з маёй кандыдатурай? — я працягваў сумнявацца. 

— Такое немагчыма, — запэўніў ён мяне. — Масква вырашыла, і гэтым сказана ўсё. 

Пабываў я не толькі на гэтым семінары, але і яшчэ на двух, што таксама праходзілі ў Маскве. Быў і на чацвёртым, які праводзіўся ў Ялце. Супрацоўніцтва з «Детской литературой» спынілася, калі аддзел крытыкі ўзначаліў іншы супрацоўнік. Раптам усё, што я ні прапаноўваў, стала непатрэбным. Затое з Уладзімірам Паўлавічам, які стаў памочнікам Сяргея Міхалкова, па-ранейшаму падтрымліваў сувязь. Таму і паведаміў яму, што буду ў Маскве. У час гэтай сустрэчы ён падпісаў мне сваю кнігу пра творчасць Сяргея Уладзіміравіча: «Саше Мартиновичу с уважением и по старой дружбе от автора. В. Александров. 11 января 1984. Москва». Падарыў і зборнік Міхалкова «Басни» — прыгожую, з густам аформленую кніжачку невялікага памеру. Гэтакую паўмініяцюрную. Шкада толькі — не было на працы яе аўтара, у якога з вялікім задавальненнем узяў бы аўтограф. 

Зразумела, што пагаварылі і аб мэце майго прыезду. Уладзімір Паўлавіч не толькі параіў, як лепш паводзіць сябе, але і перасцярог:

— Не ўздумай толькі дарыць Сураўцаву што-небудзь са спіртнога…

— Чаму? 

— Не любіць... 

Я не ўдакладняў: не п’е ці не любіць, калі падносяць. Абрадаваўся і таму, што пачуў. А то мог бы трапіць у няёмкае становішча, бо ўжо думаў, які напой купіць яму. Чаго добрага — абурыўся б, а як тады быць з інтэрв’ю... 

Добра і без тэлефона

Аднак Юрый Іванавіч паставіўся прыхільна. Не сумняваюся, што прычынай быў Рыгор Іванавіч, які нас і звёў. Бо даўгавата распытваў у мяне пра яго, хваліў як паэта. Калі ж я нарэшце з цяжкасцю дастаў са сваёй сумкі пераносны магнітафон «Весна», з недаўменнем паглядзеў на мяне. Я адразу здагадаўся, у чым прычына. Патлумачыў: 

— У нас мала ў каго ёсць дыктафон. 

Мінск да такой раскошы яшчэ толькі «дарастаў». Але і з «Весной» гутарка атрымалася цікавай. Юрый Іванавіч застаўся задаволены, што засведчыў лістом пасля таго, як вяртаў карэктуру інтэрв’ю для вычыткі, пасланую з Мінска. Па завяршэнні ж сустрэчы падарыў мне сваю кнігу «Необходимость диалектики», выпушчаную выдавецтвам «Художественная литература» ў 1982 годзе. Падпісаў яе так: «Алесю Мартиновичу — с уважением и наилучшими пожеланиями. Успехов во всех видах творчества и на всех рубежах жизни» і распісаўся. 

Змест яе відаць з падзагалоўка: «К методологии изучения интернационального единства советской литературы». Для сваіх заўваг і абагульненняў ён выкарыстаў пераканальныя прыклады са шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Не абыдзена ўвагай і беларуская: Алесь Адамовіч, Пятрусь Броўка, Дзмітрый Бугаёў, Васіль Быкаў, Віктар Каваленка, Віктар Казько, Аркадзь Куляшоў, Алег Лойка, Іван Мележ. Пімен Панчанка, Іван Шамякін…

Гэтая кніга, калі бачу яе ў сваёй бібліятэцы, заўсёды нагадвае мне прыемныя ўражанні ад сустрэчы з Юрыем Іванавічам. Не так і доўга працягвалася яна — ставала ў яго і іншых спраў, але і гэтага было дастаткова, каб упэўніцца, наколькі ён добразычлівы чалавек. У манеры гаворкі, паводзінах не прысутнічала нават малюсенькай спробы хоць нечым падкрэсліць сваю неардынарнасць. Маўляў, не забывай, хто я, а хто ты. Ментарскі тон ў размове адсутнічаў. Уразіла і тое, як цудоўна валодае матэрыялам. А яшчэ, што ў развагах адсутнічала шматслоўе, чым, на жаль, нярэдка грашаць у вуснай гаворцы нават тыя, хто цудоўна піша. Прамаўляў выверана, дакладна, без паўтораў, якія непазбежны тады, калі хтосьці, у каго бярэш інтэрв’ю, гаворыць нібыта і складна. 

У тым, што ён — майстар слова, яшчэ больш упэўніўся пасля вяртання ў Мінск, здымаючы сказанае з магнітафоннай стужкі. Асаблівых цяжкасцей пры падрыхтоўцы гутаркі да друку не ўзнікла. Не давялося, як гэта нярэдка бывае ў падобных выпадках, штосьці ўдакладняць па тэлефоне. Рыгор Барадулін, пазнаёміўшыся з матэрыялам, таксама быў задаволены. Адзінае, што заставалася, — завізіраваць у Юрыя Іванавіча. 

Паколькі інтэрнэт яшчэ адсутнічаў, адзін асобнік, надрукаваны на пішучай машынцы (у выдавецтве на той час не было і камп’ютара), паслалі поштай. Абодва хваляваліся, бо да здачы інтэрв’ю ў набор заставалася мала часу. Я, несумненна, у большай ступені. Калі Сураўцаву штосьці не спадабаецца альбо ўзнікне жаданне асобныя месцы пашырыць, некаторыя меркаванні ўдакладніць, давядзецца ці чакаць вяртання матэрыялу з праўкамі, ці карыстацца тэлефонам. 

Як бы там ні было, але гэта лішняя работа, да ўсяго спешная. Хваляванні аказаліся марнымі. Як паставіўся Юрый Іванавіч да інтэрв’ю, відаць з адказу, напісанага ад рукі на яго фірменным бланку, дзе пазначаны ініцыялы і названа пасада: «Дорогие друзья! Спасибо за труд, проделанный (хорошо и четко) А. Мартиновичем. Правка — Вы это увидите, — незначительная. 

Но прошу ее учесть обязательно. 

Если у Вас принято авторское чтение набора (вылучана ў адказе. — А. М.), то вышлите, пожалуйста. Если нет, — просто позвоните. Приветствую „Братэрства“. Ю. Суровцев. 24. 2. 84»

Не ведаю, ці пасылалі набор — нават, калі ў «Мастацкай літаратуры» так не было прынята, Рыгор Барадулін з-за павагі да Юрыя Іванавіча мог папрасіць зрабіць гэта. Гутарка пад назвай «На ўзровень узятых вышынь» была змешчана ў выпуску «Братэрства», што выйшаў у 1984 годзе. 


Значна пазней, праз шмат гадоў, я са здзіўленнем даведаўся, што Сураўцаў пра мяне не забыўся. У Доме літаратара праходзіла нейкае мерапрыемства з удзелам маскоўскіх літаратараў. Каб ведаў, што прыедзе і Юрый Міхайлавіч, абавязкова пайшоў бы. Справаздачу з яго пісаў для «ЛіМа» нехта іншы, хоць, перайшоўшы на працу ў часопіс «Беларуская думка», я яшчэ гадоў пяць у штотыднёвіку працаваў на паўстаўкі. Аднак творчае жыццё ў Саюзе пісьменнікаў асвятляў значна менш, чым дагэтуль. 

Юрый Сураўцаў, не ведаючы гэтага, на тым мерапрыемстве запытаўся: 

«А почему нет Алеся Мартиновича?» Паездку ў Маскву азмрочыла толькі тое, што, калі па вяртанні ў Мінск выцягваў магнітафон з партфеля, убачыў, што накрыўка, пад якой знаходзіцца касета, у дарозе неяк адкрылася і зламалася. Колькі майстэрань абышоў з магнітафонам — безвынікова. Пашанцавала толькі ў майстэрні, што знаходзілася па вуліцы Славінскага. Але я не ўзяў з сабой магнітафон. А, як высветлілася, прадаваць якія-небудзь дэталі забаранялася. У рэшце рэшт усё ж угаварыў майстра. Выпісалі квітанцыю аб тым, што мой магнітафон рамантавалі ў майстэрні. 

А мне аддалі накрыўку, каб дома ўставіў яе сам. 

Так і стаіць ён ужо даўно непатрэбны. Пра паездку ў Маскву нагадвае, пра сустрэчы з Юрыем Сураўцавым. Збіраюся выкінуць яго, але ніяк не адважваюся. Усе ж ён — таксама памяць. Аб сустрэчы з Юрыем Іванавічам. Ды і аб Рыгоры Барадуліне таксама. Выкарыстоўваў яго, размаўляючы, праўда, па тэлефоне, і з Канстанцінам Ваншэнкіным, Якавым Хелемскім, удакладняючы матэрыялы, што змяшчаліся ў «Братэрстве». А Уладзімір Паўлавіч пазнаёміў мяне з аўтарам кніг пра Леніна Марыяй Прыляжаевай, Львом Разгонам, ураджэнцам горада Горкі на Магілёўшчыне. Шкада, што ніколі не вёў дзённікі. Можна было б больш згадаць і пра гэтых выдатных пісьменнікаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?