Вы тут

Сяргей Новік-Пяюн: Водгукі на першы зборнік


Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пеюна (1906–1984) толькі ў 1984 годзе, калі яму ўжо было пад 80 (!) гадоў, прынялі ў Саюз пісьменнікаў... Якраз у 1984-м выйшаў яго паэтычны зборнік «Заўсёды з песняй».


Сяргей Новік-Пяюн

Да з’яўляення гэтай кнігі мала хто і ведаў, што ў Мінску на вуліцы Купрыянава жыве літаратар, у якога за плячыма няпростае жыццё: яшчэ напрыканцы 1920-х гг. Сяргей Міхайлавіч быў высланы польскімі ўладамі ў горад Свеце над Віслай за тое, што арганізаваў у адной з нясвіжскіх вёсак беларускі народны хор. Быў арыштаваны польскімі ўладамі яшчэ і ў сакавіку 1939 года. 

І ўтрымліваўся ў турме ў Баранавічах. У час Вялікай Айчыннай быў арыштаваны нямецка-фашысцкімі акупантамі, знаходзіўся ў канцлагеры Калдычэва. Цудам застаўся жывы... У снежні 1944 года арыштаваны савецкімі ўладамі. За «здраду Радзіме» асуджаны на 10 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў на Калыме. Вызвалены і рэабілітаваны ў 1958 годзе. Вярнуўся ў Беларусь. 

З 1960 года жыў у Мінску... 

Спробы надрукавацца, як правіла, завяршаліся нічым. Хаця з паэтам сябраваў шмат хто з беларускіх пісьменнікаў, дзеячаў культуры... Сяргей Міхайлавіч вёў шырокую перапіску, часта сустракаўся з заходнебеларускімі літаратарамі, якіх ведаў па 1920–1930-х гадах, па жыцці і працы ў Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы... 

Выпуск зборніка «Заўсёды з песняй», куды ўвайшла толькі невялікая частка з напісанага творцам, стаў падзеяй для паэта-пакутніка і блізкіх яму людзей. 

У розныя куткі Беларусі, у Літву і Польшчу, у Латвію, Расію паляцелі бандэролькі з тоненькай кніжачкай... Канешне ж, аўтару патрэбна была і зваротная сувязь, яго цікавіла, як адрэагуюць і на вершы, і на сам факт выхаду кнігі. Захаваўся пажоўклы лісток з назвай «Водгукі на кнігу Сяргея Новіка-Пеюна „Заўсёды з песняй“». Поруч з імёнамі вядомых пісьменнікаў пазначаны і звычайныя людзі, з якімі аўтар сустракаўся па жыцці... Аляксей Грачук, інжынер-энергетык; Марыя Аляксандраўна і Віктар Іванавіч Бабіч, г. Нясвіж; Маіна Антонаўна Стрыкава, настаўніца 4-й сярэдняй школы г. Слоніма; Таццяна Міхайлаўна Кулак <...> Мінск; Яўгенія Георгіеўна Гаховіч, настаўніца, Навагрудак; Яўгенія Іванаўна Ягоўдзік, Слонім; Сяргей Сцяпанавіч Ігнатовіч, настаўнік 1-й сярэдняй школы, Беразіно; Валерый Канстанцінавіч Палікарпаў, Баранавічы... Унізе пажоўклага лісточка — такія словы: «...Апрача гэтых водгукаў ёсць яшчэ шмат іншых». 

А вось як адгукнуліся на кнігу калегі-літаратары... Добра вядомы літаратуразнаўца, выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч напісаў 27 жніўня 1984 года аўтару зборніка «Заўсёды з песняй»: «Вельміпаважаны Сяргей Міхайлавіч! 

Вялікі дзякуй Вам за кніжку, за цёплыя словы подпісу. Я пра яе ўжо вёў гаворку ў перадачы „Кнігарня“ нашага абласнога тэлебачання (1 жніўня), гаварыў пра аўтара. Чыталіся на перадачы вершы „Зорачкі“ і „Ніва“. „Зорачкі“, праўда, давялося крышку скараціць, бо для тэлеэкрана (у маёй перадачы 30 хв.) верш велікаваты. Між іншым, я ўпершыню пазнаёміўся з такім тэкстам „Зорачак“ (як у зборніку). Ведаў як песню. У тым тэксце захоўваюцца (з невялікімі адхіленнямі) 1-3 строфы з кніжкі, 1-ыя 2 радкі 4-й і два заключныя радкі 5-й складаюць 4-ю страфу, захоўваецца далей 6-я страфа кніжкі. І апошняя страфа складаецца з 1-х 2-ух радкоў 7-й страфы (з кніжкі) і заключнай 8-й страфы. 

Мне цікава ведаць, ці гэта фальклорны варыянт, ці Вы самі пазней 1929 года стварылі такі варыянт і нейкім чынам пусцілі яго ў свет. 

Знаю, што „Зорачкі“ жывуць у памяці людзей і цяпер. Калі б Вы напісалі толькі адну гэтую песню, то і дзеля гэтага варта было б жыць на зямлі. Шкада толькі, што мастацкія калектывы чамусьці яе не бяруць. Магчыма, многія не ведаюць. 

Кніжка Ваша па-сапраўднаму паэтычная. Яна павінна была з’явіцца (і прыемна, што нарэшце выйшла з друку). Яна не падобная на іншыя зборнікі з заходнебеларускіх ніваў, хоць і нечым перагукаецца з імі. Увогуле ж зойме побач з імі сваё самастойнае месца ў літаратуры...» 

30 жніўня 1984 года на падарунак адгукаецца Адам Мальдзіс: «...Прашу прабачэння, што так позна дзякую за прысланую Вамі кніжку: быў якраз у водпуску (ездзіў у ГДР, а потым быў на сваёй Астравеччыне). Кніжку ж я купіў яшчэ да таго, як Вы прыслалі экзэмпляр з аўтографам. На вечары аматараў кнігі ў Баранавічах паказваў яе і рэкамендаваў з увагі на калдычэўскую тэматыку. 

Знаходзячыся ў Англіі, чытаў у адным пасляваенным часопісе, што Вашы песні вельмі любілі спяваць былыя вязні-бежанцы, якія тады знаходзіліся ў лагерах для „перамешчаных асоб“ на тэрыторыі Заходняй Нямеччыны. Адна немка, пачуўшы іх, расчулілася і заплакала, стала распытваць пра аўтара. Ёй адказалі, што аўтара ўжо няма ў жывых... Можа, якраз таму лёс і вырашыў наадварот... Калі спатрэбіцца дакладная бібліяграфічная спасылка — пашукаю ў запісах, але яны на рабоце, а я яшчэ лічуся ў водпуску. 

Яшчэ раз дзякуй за добрую кніжку!..»

Сяргей Новік-Пяюн з беларускімі пісьменнікамі ў Смольні

Можна толькі здагадвацца, наколькі важнымі былі гэтыя водгукі для літаратара, які пачаў пісаць болей за паўвека да выхаду кнігі «Заўсёды з песняй». «Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць, // Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць. // Трэці год як на выгнанні ў чужыне // Трэба мучыцца душой і сэрцам мне. // Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат, // Не працягне рук зычліва родны брат, // Не падзеліш нават думак з нікім тут, // Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут. // Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць, // Быццам з неба на мяне яны глядзяць... // Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне // Ў маёй роднай — ды далёкай — старане? <...> Ўночы будзем мы на зоркі паглядаць // Што, як сёння, будуць ў небе зіхатаць... — // Занясіце ж вы, пакуль ня бліснуў сьвет, // Зоркі мілыя, бацькам маім прывет!» Верш, які стаў песняй, напісаны 29 сакавіка 1929 года…

«Цікавым дакументам эпохі» назваў кнігу ў лісце да Сяргея Міхайлавіча вядомы даследчык беларускай літаратуры Генадзь Васільевіч Кісялёў. І яшчэ дадаў: «...Увага да мяне такога чалавека, як Вы, вельмі мяне кранула. Рады выхаду Вашай кніжкі. Жадаю Вам добрага здароўя, новых песень...» Сяргею Міхайлавічу на той час было ўжо 78 гадоў... Наперадзе яшчэ будуць новыя кнігі, кнігі з творамі, якія былі напісаны даўно... У 1986 годзе ў «Юнацтве» пабачыць свет прыгожа аформленая кніга «Зорачкі ясныя», а ў 1993-м — зборнік вершаў, песень і паэм «Песні з-за кратаў». Пакіне паэт гэты свет 26 жніўня 1994 года. Пахаваны Сяргей Міхайлавіч на могілках у родных Лявонавічах, на Нясвіжчыне, дзе і нарадзіўся…

З ліста паэтэсы Ніны Мацяш: «Дарагі Сяргей Міхайлавіч, шчыра ўдзячна Вам за прыемны нечаканы дарунак і віншую Вас з выхадам добрай кніжкі! 

Асабліва ўзварушваюць вершы з астрожнага цыклу. Хораша ідуць да душы і дзіцячы творы. Ад сэрца зычу Вам добрага здароўя і новых паэтычных здабыткаў...» З Масквы напісаў Якаў Хелемскі: «Уважаемый Сергей Михайлович! Благодарю Вас за присланную книгу. Рад был открыть для себя еще одного белорусского песняра. 

За Вашими стихами, столь близкими к народной традиции, возникает своеобычная судьба, большая и трудная жизнь. 

Поздравляю Вас с этим сборником, отразившим долгий и достойный путь, пройденный Вами. 

Желаю здоровья и творческих радостей...» 

Невядомыя дагэтуль творы зачапілі сардэчныя струны ў многіх карэспандэнтаў Сяргея Новіка-Пеюна. Настаўніца з Навагрудка напісала паэту: «...Нізка кланяюся Вам за гэтыя вершы. Яны — душа народа...» 

У 2024 годзе спаўняецца 40 гадоў з часу выдання кнігі «Заўсёды з песняй». Сёлета, у сакавіку, — 95 гадоў, як нарадзіўся верш, як пайшла ў жыццё песня «Зорачкі»... Дык чаму гэтыя даты не адзначыць, чаму не ўспомніць паэта і зробленае ім?.. 

Не магу не працытаваць яшчэ адзін верш з кнігі «Заўсёды з песняй»: 

Калі гляджу на неба сінь — 

Прыпамінаю твае вочы.

Калі гляджу на твае вочы — 

Прыпамінаю неба сінь. 

Угледжу ледзь караляў шнур — 

Прыпамінаю твае вусны. 

Калі ўбачу твае вусны — 

Прыпомню ўміг караляў шнур. 

Зірну на ластаўкі крыло — 

Прыпамінаю твае бровы. 

Калі зірну на твае бровы — 

Прыпомню ластаўкі крыло. 

Пачую спевы салаўя — 

Прыпамінаю твае словы. 

Пачую ледзь я твае словы —

Успомню спевы салаўя. 

Другой такой не знойдзеш, не!

Лепш за цябе няма на свеце!

Бо толькі ты адна на свеце

Каханне, шчасце дорыш мне. 

Кнігі Сяргея Новіка-Пеюна, выдадзеныя ў 1984, 1986 і 1993 гадах, цяпер не знойдзеш нават у букіністычнай краме. Можа быць, варта згадаць паэта і сучасным выданнем хаця б невялікай кнігі яго найлепшых твораў?!.

Раман СЭРВАЧ

Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.