Вы тут

Звыш 90% беларусаў ацэньваюць стан свайго здароўя як добры


Адметна, што, паводле апытанняў, пераважная большасць беларусаў — звыш 90% — ацэньвае стан свайго здароўя як добры і здавальняльны. Павялічваецца колькасць тых, хто зрабіў заняткі фізкультурай і спортам часткай свайго жыцця. А вось забяспечанасць медыкамі ў нашай краіне вышэй, чым у такіх краінах Заходняй Еўропы, як Іспанія, Італія, Нідэрланды, Аўстрыя і інш. Нацыянальны статыстычны камітэт напярэдадні Сусветнага дня здароўя падзяліўся цікавымі лічбамі.


Фота з адкрытых крыніц

У Беларусі функцыянуюць 1394 амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі, 558 бальніц, 70 818 бальнічных ложкаў кароткатэрміновага знаходжання. Працуюць 112 493 сярэднія медыцынскія работнікі і 41 256 практыкуючых урачоў.

Забяспечанасць медыкамі ў Беларусі складае 45,1 урача і 122,9 сярэдняга медыцынскага работніка на 10 тысяч чалавек. Забяспечанасць урачамі ў нашай краіне вышэй, чым у такіх краінах, як Іспанія (44,9), Літва (44,7), Балгарыя (43), Італія (42,5), а сярэднімі медыцынскімі работнікамі — у параўнанні з Нідэрландамі (113,3), Аўстрыяй (107,6), Славеніяй (106,1), Чэхіяй (90,6).

У 2023 годзе колькасць наведванняў урачоў на амбулаторным прыёме і ўрачамі на доме склала 108,4 мільёна. У разліку на аднаго пацыента гэта 11,8 наведвання за год. Па даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак на пачатак 2024 года сваё здароўе 93,1% беларусаў ацэньваюць як добрае і здавальняльнае. Прытым мужчыны ў гэтым плане крыху больш аптымістычныя (93,4% мужчын супраць 92,9% жанчын).

Беларусы актыўней пачалі займацца спортам. У параўнанні з 2010 годам колькасць тых, хто практыкуе тую ці іншую фізічную нагрузку, вырасла з 22,9% да 28,8%. І тут тон задаюць жанчыны: іх актыўная частка вырасла з 22,5% у 2010-м да 31,5% у 2024-м. Колькасць мужчын, якія выбіраюць спорт, вырасла нязначна — з 23,5% да 24,6% за 14 гадоў.

Самай актыўнай узроставай катэгорыяй з’яўляецца моладзь ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў: тут заняткі фізкультурай і спортам абавязковыя ў 53,4%. Далей беларусы становяцца ўсё менш актыўнымі: ва ўзросце ад 30 да 44 гадоў спортам займаюцца 26,2%, ва ўзросце 45–59 гадоў — 23,1%. Пасля 60 актыўнасць крыху павялічваецца. Фізічная актыўнасць прысутнічае ў якасці абавязковых заняткаў у 27,7% пажылых людзей.

Трэба сказаць, што спартыўных пляцовак, дзе кожны можа знайсці занятак па душы, у нашай краіне нямала. На канец мінулага года ў краіне функцыянавала больш чым 23 тысячы фізкультурна-спартыўных збудаванняў, у тым ліку 56 спартыўных манежаў, 178 стадыёнаў, 4523 спартыўныя залы, 366 плавальных басейнаў, 349 хакейных каробак, 537 стралковых тыраў, 405 адкрытых тэнісных кортаў. У Беларусі працуе 436 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзе займаюцца 151 965 выхаванцаў. А таксама 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву, дзе навучаюцца 3 283 спартсмены.

Створаны ў краіне і ўсе магчымасці для аздараўлення. Летась у 462 санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях і іншых спецыялізаваных сродках размяшчэння адпачылі і аздаравіліся 1026 чалавек (на 9,8% больш, чым у 2022-м). З іх 81,6% беларусаў і 18,4% замежнікаў. У тым ліку ў 75 санаторыях адпачылі і аздаравіліся 542,6 тысячы чалавек (на 5,8% больш, чым у 2022-м), з іх 71% беларусаў і 29% замежнікаў.

Усяго ж летась медыцынскія паслугі ў нашай краіне атрымалі замежнікі са 147 краін свету. У топ-5 краін, адкуль у Беларусь едуць па медыцынскую дапамогу, — Расія, Казахстан, Латвія, Боснія і Герцагавіна і Кітай.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дыягназ для беларусаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.