Вы тут

На факультэце міжнародных адносін БДУ адкрываюцца новыя спецыяльнасці


Айчынны экспарт памяняў напрамак. Міжнародныя бізнес-аперацыі павярнуліся на Усход, наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента. Адпаведна расце і неабходнасць дзяржавы ў кваліфікаваных кадрах у галіне кіравання ланцужкамі паставак, забеспячэння эфектыўнасці і бяспекі перавозак і ў выніку падтрымання канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі на сусветным рынку. Значыць, трэба рыхтаваць адпаведных спецыялістаў — вырашыла кіраўніцтва факультэта міжнародных адносін БДУ і адкрыла навучанне па спецыяльнасцях «Міжнародная лагістыка» і «Міжнародная канфлікталогія». Пра гэта нам расказала дэкан факультэта Алена Дастанка.


Дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ Алена Дастанка

— Алена Анатольеўна, наколькі складана адкрываць навучанне па новых спецыяльнасцях? Адкуль прыйшло рашэнне?

— З жыцця, бягучай сітуацыі, з патрэб эканомікі нашай краіны. Адкрыць новую спецыяльнасць для навучання — не такая простая справа, як можа падацца. Гэта доўгія абмеркаванні і неабходнасць у новых спецыялістах. Перад тым, як падаць заяўку ў Міністэрства адукацыі, мы збіралі меркаванні ад арганізацый, якія могуць стаць заказчыкамі кадраў. На спецыяльнасць «Міжнародная лагістыка» быў проста бум, мы атрымалі вельмі шмат заявак. Вялікую зацікаўленасць выклікала і спецыяльнасць «Міжнародная канфлікталогія». Напрыклад, ад нашага ваеннага ведамства.

— Сёння спецыялістаў па лагістыцы рыхтуюць некалькі ВНУ Беларусі. Што такое асаблівае ёсць у вас, чаго няма ў іншых універсітэтах?

— ФМА — адзіны ў нашай краіне, хто будзе рыхтаваць запатрабаваных сёння спецыялістаў міжнароднага ўзроўню.

— І якія патрабаванні да выпускнікоў факультэта ў сувязі з гэтым прад’яўляюцца?

— Перш за ўсё гэта кампетэнцыі ва ўзаемазвязаных сферах міжнародных адносін, права, лагістыкі, сусветнай эканомікі, менеджменту, усходазнаўства і асваенне практыкі вядзення перагавораў і дзелавой перапіскі на замежных мовах. Заказчыкі кадраў ужо прадставілі нам пералік найбольш актуальных з іх сёння. Гэта кітайская, турэцкая, арабская, фарсі і нават хіндзі. Пры гэтым мы не адмовімся і ад еўрапейскіх моў.

Калі працягнуць аб перавагах нашага факультэта, то адной з бясспрэчных з’яўляюцца суадносіны выкладання па спецыяльнасці і замежных мовах. Дысцыпліны па спецыяльнасці ў нас займаюць 55 працэнтаў навучальнага працэсу. Астатнія 45 — дысцыпліны па замежных мовах. Спалучэнне падрыхтоўкі па спецыяльнасці і па дзвюх замежных мовах — свайго роду канкурэнтная перавага факультэта міжнародных адносін.

— Колькі моў у цэлым выкладаецца на ФМА?

Шаснаццаць. Але гэта не значыць, што студэнт можа прыйсці і абраць адну з гэтай колькасці. У сёлетнюю ўступную кампанію на розныя спецыяльнасці мы будзем прапаноўваць каля дзесяці моў, прычым на ўсіх спецыяльнасцях без выключэння ў якасці першай мовы будзе кітайская.

— Канфліктолаг — спецыяльнасць для нас, ды і для вас, новая. Але, мяркуючы па тым, як развіваюцца падзеі ў свеце, для сучасных умоў актуальная. Абітурыентам будзе цікава ведаць, якія перспектывы для іх яна можа адкрыць.

— Гэта ўнікальная спецыяльнасць. І будзе запатрабавана асабліва сёння, у рэаліях глабальных сутыкненняў і выклікаў. Канфліктолаг будзе атрымліваць веды значна шырэй, чым проста спецыяліст па міжнародных адносінах. Ён закліканы займацца міжнароднымі канфліктамі. І гэта зусім іншая сфера, чым вырашэнне сямейных, калектыўных ці нават рэгіянальных канфліктаў.

Спецыяліст-канфліктолаг павінен разбірацца ў дыпламатыі, псіхалогіі, ведаць геаграфію краін і іх этнас, асаблівасці культуры. У гэтай прафесіі не бывае дробязяў, важна ўсё. Уявіце: прыязджаеце вы на буйную міжнародную канферэнцыю, дзе больш за сотню прадстаўнікоў розных краін. Трэба разумець, як з імі ўзаемадзейнічаць, бо кожная краіна, кожная нацыянальнасць маюць свае асаблівасці. Калі разам збіраецца столькі розных людзей, могуць узнікнуць рознагалоссі, спрэчкі. Аднабаковых канфліктаў не бывае, заўсёды ёсць два бакі, адзін з якіх — рухавік канфлікту. І ў гэтым трэба разбірацца. Як падысці, якую весці размову і гэтак далей. Узяць такі момант, як цырымонія прывітання. У большасці дзяржаў жанчына карыстаецца правам падачы рукі першай. У арабскім свеце гэта забаронена пратаколам.

Мы будзем вучыць студэнтаў рэгуляваць канфлікты з дапамогай медыятыўных тэхналогій, падтрымліваць светапарадак з дапамогай перагавораў і пасрэдніцтва, навучаць навыкам дыпламатыі.

Студэнты факультэта на занятках

Канфлікты здараюцца не толькі паміж людзьмі і краінамі. Існуюць супрацьстаянне людзей і прыроды, тэхнагенныя катастрофы, эпідэміі. Гэта таксама з’яўляецца сферай дзейнасці спецыялістаў па міжнароднай канфлікталогіі. Таму, апроч сваіх прафесійных якасцяў, людзі гэтай прафесіі павінны быць маральна і фізічна ўстойлівымі. Улічваючы гэта, у навучальныя планы мы змясцілі такія дысцыпліны, як ваенная справа і асновы медыцынскіх ведаў. Акрамя таго, на факультэце даволі моцны блок псіхалагічных дысцыплін, з якімі нам дапамагаюць калегі — выкладчыкі профільных факультэтаў і кафедраў.

— Які конкурс чакаецца па новых спецыяльнасцях?

— На нашым факультэце традыцыйна высокія конкурсы. У 2023 годзе, напрыклад, на «Міжнароднае права» на бюджэт у нас быў прахадны бал 398. На «Сусветную эканоміку» — 382, «Міжнародны турызм» — 382, «Мытная справа» — 373, «Усходазнаўства» — 390, «Міжнародныя адносіны» — 393.

Паступленне на факультэт вядзецца толькі па сертыфікатах, балы якіх падсумоўваюцца з балам атэстата. На эканамічныя спецыяльнасці гэта «Сусветная эканоміка», «Менеджмент у сферы міжнароднага турызму», «Міжнародная лагістыка» і «Мытная справа», абітурыенты будуць здаваць матэматыку, замежную мову і рускую (беларускую) мову. А на такія спецыяльнасці, як «Міжнароднае права», «Міжнародныя адносіны», «Міжнародная канфлікталогія» і «Усходазнаўства» — грамадазнаўства, замежная і руская (беларуская) мовы.

— Узровень сур’ёзны. Але ў выніку вы і атрымліваеце падрыхтаваных першакурснікаў, з якімі ў далейшым будзе лёгка працаваць.

— Не забывайце яшчэ і першапачаткова матываваных мэтавых абітурыентаў. Што да лёгка/цяжка... З дзецьмі, якія прыйшлі вучыцца з такімі высокімі баламі, — не тое, што цяжка, — з імі трэба ўмець працаваць. Патрэбны асаблівыя падыходы, вялікая дысцыплінаванасць выкладчыкаў, каб не дапускаць няведання нейкіх рэчаў. У нас, як і ўсюды, ёсць розныя сітуацыі. Непарушным застаецца адно: зместу адукацыі выкладчыцкі склад аддае шмат часу і ўвагі.

Мы перагледзелі навучальныя праграмы па ўсіх спецыяльнасцях, дысцыплінах, асабліва па актуальных. У выніку сур’ёзна памяняўся іх змест па міжнародных адносінах, міжнародным праве.

— Метадычныя дапаможнікі, падручнікі паспяваеце мяняць?

— У гэтым годзе мы выдалі падручнік па міжнародным праве. Гэта вялікае дасягненне, бо працэс складаны і доўгі. Але ў нас ёсць добры электронны рэсурс — адукацыйны партал БДУ, якім паспяхова карыстаюцца выкладчыкі і студэнты.

— Некалькі слоў аб прафесарска-выкладчыцкім складзе факультэта.

— Гэта яшчэ адна наша асаблівасць. Сярод выкладчыкаў ёсць тыя, хто займаў дыпламатычныя пасады ў нашай краіне ў розны час. Па магчымасці запрашаем практыкаў з Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага агенцтва па турызме, міжнародных лагістычных арганізацый. Для выкладання дысцыпліны «Практыка міжнароднага бізнесу» запрашаюцца спецыялісты, якія асвятляюць розныя аспекты міжнароднага бізнесу. Частымі гасцямі ў нас бываюць і рэзідэнты «Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Такія лекцыі, з выкладчыкамі-практыкамі, нашы студэнты слухаюць з асаблівай увагай, я нават сказала б з задавальненнем.

З другога курса для студэнтаў ФМА арганізоўваюцца навучальныя, моўныя і вытворчыя практыкі па-за БДУ. Істотны ўклад у фарміраванне кампетэнцый студэнтаў уносяць рэгулярныя сустрэчы з дзяржаўнымі і палітычнымі дзеячамі Рэспублікі Беларусь, краін-партнёраў, дзеячамі навукі, культуры і мастацтва. Рэалізоўваюцца дыялогавыя пляцоўкі «Беларусь — свету», «Размова з міністрам», кейс-чэмпіянат БДУ па міжнароднай праблематыцы.

— Дзе будуць працаваць, менавіта будуць, а не могуць, выпускнікі па новых спецыяльнасцях?

— Асноўнымі заказчыкамі выступілі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны, Дзяржаўны мытны камітэт, РУП «Белмытсэрвіс», «Джэнці спедышн» і іншыя арганізацыі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота з архіва факультэта

Загаловак у газеце: Лагісты і канфліктолагі. Міжнародныя

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.