Вы тут

У Ашмянах праходзіць турнір па гандболе на прызы Андрэя Барбашынскага


У Ашмянах праходзіць традыцыйны турнір па гандболе на прызы алімпійскага чэмпіёна Андрэя Барбашынскага. Сёлета турнір праводзіцца ў дзясяты раз. За гэты час ён паспеў стаць любімай традыцыяй і гандбалістаў, і горада. І гэта невыпадкова. Менавіта ў Ашмянах пачаў свой шлях да перамог Андрэй Барбашынскі, і цяпер ён дае магчымасць маладым гандабалістам назапасіць вопыт, праверыць сябе і зрабіць першы крок да перамог. Дарэчы, сярод каманд-удзельніц і падапечныя Віктара Рамулевіча, аксакала ашмянскага гандбола, які калісьці раскрыў спартыўны талент Андрэя Барбашынскага. 


Пачынаўся турнір з чатырох каманд, сёлета іх восем. «Шчыра скажу: не думаў, што гэты турнір так палюбяць. Я не чакаў, што мы дойдзем да 10-гадовага юбілею. Але гэтыя 10 гадоў праляцелі вельмі хутка. І кожны год турнір быў непаўторным і хвалюючым», — распавёў Андрэй Барбашынскі. 

Падарункам на юбілей сталі таварыскія сустрэчы, якія правільна было б назваць матчам зорак. На пляцоўку вярнуліся зоркі гандбола Андрэй Барбашынскі, Сяргей і Дзяніс Рутэнкі, Іван Броўка, Сяргей Шыловіч і іншыя знакамітыя гандбалісты. Змянілі прафесію журналісты тэлеканала Беларусь 5. Людзі, якія прывыклі расказваць пра нашых гандбалістаў, праверылі, што значыць на сам рэч быць гандбалістам. Таксама удзел у таварыскіх матчах прыняла і аматарская каманда з Ашмян. Судзілі матчы алімпійскі чэмпіён Міхаіл Маеўскі і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры Сяргей Рэпкін. Дзе яшчэ такое ўбачыш?!

«Мы гэта зрабілі дзеля таго, каб дзеці ўбачылі сваіх куміраў ужывыю, убачылі іх гульню. Гэта найлепшая папулярызацыя не толькі гандбола, але і спорта ў цэлым. Такія сустрэчы паказваюць дзецям прыклад адданасці сваёй справе. І ў мяне збылася мара — я выйшаў на пляцоўку разам са сваім сынам», — прызнаўся Андрэй Барбашынскі. Па слядах чэмпіёна пайшоў яго страэйшы сын Мацвей Барбашынскі, які зараз з’яўляецца адным з самых перспектыўных беларускіх гандбалістаў.

Турнір на прызы Андрэя Барбашынскага сабраў і будучых зорак гандбола, і тых, хто ўжо даўно зрабіў сабе імя. Сярод іх — алімпійскі чэмпіён 1988 года, адзін з найлепшых гандбалістаў ХХ стагоддзя Аляксандр Каршакевіч. «Ёсць цікавыя хлопцы, і ў „Машэкі“, і ў СКА-Мінск. Але ім яшчэ трэба вельмі шмат працаваць. Трэніроўкі, трэніроўкі і яшчэ раз трэніроўкі. Будзе цяжка, але трэба трываць. Калі хочаш нечага дасягнуць, трэба не шкадаваць сябе», — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гульняў чэмпіён. 

Такія турніры — гэта не проста спаборніцтвы для маладых спартсменаў, гэта экзамен для трэнераў, і выдатная магчымасць для кіраўніцтва паназіраць за рэзервам.

«Любы турнір важны для хлопцаў. Паглядзіце на іх імкненне гуляць. Самі зносіны паміж спартсменамі, паміж трэнерамі — гэта тое, што захаваецца з імі на ўсё жыццё. І гэта паўплывае на ўвесь наш гандбол і гандбол тых краін, чые каманды да нас прыязджаюць. Андрэй малайчына, што ў свой час праявіў ініцыятыву, я падтрымаў, мясцовыя ўлады адгукнуліся, дапамаглі –  усе задаволены. Гэта знешні бок. А ёсць іншы, які ніхто не бачыць, калі трэнеры паміж сабой абмяркоўваюць пытанні, дзеляцца праблемамі. Гэта ж абмен вопытам. Я любаваўся сёння камандай «Машэка», камандай СКА-Мінск. Гродна гуляе нядрэнна. Ашмяны — традыцыйна адзін з цэнтраў гандбола, і сёння хлопцы гэта даказалі», — падкрэсліў Уладзімір Канаплёў, старшыня Беларускай федэрацыі гандбола. 

Галоўны герой гэтага турніра Андрэй Барбашынскі сказаў, што нават праз 10 гадоў хвалюецца кожны спаборніцкі дзень. «Калі ў заключны дзень прагучыць фінальны свісток, для ўсіх гэта будзе сігналам аб заканчэнні спаборніцтваў. А для мяне — сігналам задумацца, што мы будзем рабіць у наступным годзе і як мы будзем удасканальваць свой турнір. Гэта не так проста, як здаецца. Але я шчыра веру, што дзякуючы гэтаму турніру дзеці на Ашмяншчыне будуць больш цікавіцца гандболам, чым камп’ютарнымі гульнямі. Гэта вельмі важна, бо гандбол у гэтым краі заўсёды быў споротам нумар адзін. Тут вельмі глыбокія традыцыі. І мы не можам іх страціць», — адзначыў Андрэй Станіслававіч. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.