Вы тут

Разгледзець у дэфектах найлепшыя эфекты запрашаюць гомельскія музейшчыкі


Жывапіс расколін, вытанчанасць зломаў, тайна згубленых дэталяў... Ва ўласным музейным фондзе Гомельскага палацава-паркавага ансамбля мноства ўнікальных прадметаў, якія ці ніколі, ці адзін-два разы дагэтуль «выходзілі ў свет». На выставах, як правіла, у цэнтры ўвагі — рарытэты з добрай захаванасцю: яркія, запамінальныя, з цікавым гістарычным шляхам. Выставачны праект «Прыгажосць, народжаная часам» дае прастору і адкрывае ў свеце сафітаў музейныя рэчы, якія дайшлі да нашага часу не ў самым добрым стане. У расколінах на глазуры, кракелюры, паціне, адбітых элементах — іх кранальная прыгажосць.


Адна з ідэй — наўмысна не рабіць акцэнты на самыя дарагія ці самыя рарытэтныя экспанаты. На выстаўцы сабрана больш за 130 прадметаў. Кожны па-свойму цікавы, а галоўнае кожны можа выклікаць розныя, але шчырыя эмоцыі ў наведвальнікаў. 

Ад зброі да посуду, ад прадметаў рэлігійнага культу да графічных работ... Усе прадстаўленыя прадметы выдатна дэманструюць, як час «бярэ ў абдымкі» дрэва, метал, паперу, шкло. Можна ўбачыць сапраўдную паціну на бронзе, ці заўважыць як праз дзесяцігоддзі мяняецца скура, тканіна.

— У цэнтральнай вітрыне — гадзіннікі часоў князёў Паскевічаў. Яны з аднаго боку — сімвал часу, а з другога, як прадметы у жыцці чалавека, самі падпарадкаваны законам старэння, — перадае адну з ідэй экспазіцыі куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Вольга Шурпач. — Можна ўбачыць тут і жырандоль, якая ў свой час стала адным з першых экспанатаў музея. Трапіла ў фонды ўжо ў зусім плачэўным стане, але вось у гэтай экспазіцыі сапраўды вельмі прыгожа загучала.

Можна пабачыць рарытэтныя газавыя лямпы: з металу і практычна цалкам са шкла. Цікава раскрываецца тэма адбіткаў часу на розных рэчах з фарфору. 

— У Гомельскага палацава-паркавага ансамбля багатая калекцыя фарфоравага посуду. Фарфор, прадстаўлены на выставе, захаваўся з канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Вядома, у калекцыі музея ёсць фарфор добрай захаванасці. Прадстаўленыя ж прадметы больш пацярпелі ад часу. Але яны таксама заслугоўваюць увагі нашых наведвальнікаў. Тым больш што многія з гэтых рэчаў увогуле ніколі не былі паказаны на выстаўках, — зазначае старшы навуковы супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Вольга Гвоздзь.

Знаўца звяртае ўвагу, што на ўсіх музейных прадметах час заўсёды пакідае ўнікальныя меткі. 
— І нават калі ў калекцыю трапляюць зусім аднолькавыя прадметы, то за свой гістарычны шлях, яны набываюць розныя сляды часу, а іх дэфекты ператвараюць у эфекты, — пераконвае Вольга Гвоздзь. — У экспазіцыі мы прадставілі нават зусім невялікія рэшткі посуду. Такія рэчы таксама прымаюцца ў фонды. Яны, як правіла, не знаходзяць сабе месца на вялікіх тэматычных выстаўках, але ў гэтым праекце выдатна дапамаглі перадаць феномен часу у жыцці музейнага аб’екта. Бо нават па такіх рэштках музейных прадметаў можна аднавіць іх гісторыю, а калі нешта не ўдаецца аднавіць, то гэта надае рэчы дадатковую загадкавасць. Цікавасць выстаўкі яшчэ і ў тым, што на ёй прадстаўлены прадметы, якія паступалі ў музей некалькі дзясяткаў гадоў ці нават больш як паўстагоддзе таму. Тады ў спецыялістаў не заўсёды атрымлівалася атрыбутаваць — прасачыць гісторыю, вызначыць дзе і калі былі выраблены прадметы, з якіх матэрыялаў. Таму яшчэ адзін плюс нашага праекта ў тым, што рэчы, якія вельмі рэдка экспанаваліся ці ўвогуле ніколі раней не былі прадстаўлены, мы пачынаем больш старанна вывучаць, — дзеліцца Вольга Гвоздзь. 

Усе экспанаты ў вітрынах дапаўняюць сухацветы. Так, праз кветкі перадаецца хуткаплыннасці жыцця, цвіцення, маладосці. 

— Кветкі застаюцца прыгожымі нават пасля таго, як аддалі ўсе свае сокі, высахлі. Мы хацелі паказаць, што і нашы прадметы, нават калі выканалі сваю ўтылітарную функцыю, усё роўна нясуць эмацыянальную каштоўнасць. Важна, што ўсе гэтыя прадметы калісьці былі вельмі дарогі камусьці, і калі састарэлі, страцілі свой знешні выгляд, сталі нямоднымі, то не былі выкінуты, а перададзены ў музей, — звяртае ўвагу куратар выставы Вольга Шурпач.

Часткай экспазіцыі з’яўляюцца і вершы паэтаў Сярэбранага веку, дзе ў паэтычным слове перададзены настрой і філасофія часу, зменлівасць жыцця, прыгажосці і непаўторнасці старэння. 

Упершыню на выстаўцы можна пабачыць акварэлі і графіку Аляксандра Шаўчэнка. Работы мастака, выкананыя больш паўстагоддзя таму, дапамагаюць прасачыць, як рэагуе на час папера, слаі фарбаў, графіту. На выставе можна ўбачыць і ўнікальную сваёй захавальнасцю вышыўку і шыццё часткі богаслужэбнага ўбору архірэя — паліцы. 

— Так, цяпер існуе велізарная колькасць тэхналогій, якія штучна ствараюць бачнасць старэння прадмета. Выставачны праект «Прыгажосць, народжаная часам» дае магчымасць ацаніць прыгажосць натуральнага старэння, прасачыць, як час адбірае ў прадметаў першародны бляск, сакавітасць фарбаў, цэласнасць і аднастайнасць матэрыялу, але ў той жа момант час надзяляе рэчы ўнікальнымі меткамі, якія вылучаюць іх з мноства аналагічных рэчаў, — зацікаўліваюць супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.