Вы тут

Кватэры разлятаюцца як гарачыя піражкі


Сёлета на другасным рынку продажу кватэр у Мінску традыцыйнага для пачатку года рэзкага зніжэння пакупніцкай актыўнасці не адбылося. Як вынік — упершыню за 9 гадоў сярэдняя цана прададзеных кватэр перавысіла 1450 умоўных адзінак за квадратны метр.


У лютым папярэдніх падліках купілі звыш 1,5 тысячы кватэр, што на 27 % больш чым за папярэдні месяц. Але куды больш паказальны той факт, што бягучы попыт з'яўляецца максімальным для гэтага месяца, устанавіўшы новы рэкорд. Студзень і люты паказалі самы выніковы пачатак года за ўсю гісторыю назірання.

У той жа час, напрыклад, прапанова кватэр у базе жыллёвага партала Realt у параўнанні з папярэднім месяцам гэтак жа вырасла — на 40 %. Такі значны рост колькасці прапаноў аб продажы кватэр звязаны з тым, што на працягу лютага некаторыя сталічныя агенцтвы актыўна дадавалі значную колькасць аб’яў аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях. Новыя кватэры ў табліцах прапаноў з’явіліся пераважна ў Маскоўскім, Цэнтральным і Кастрычніцкім раёнах. Але калі з разлікаў выключыць кватэры ў новабудоўлях, то выбар на другасным рынку за месяц, наадварот, скараціўся на 6 %.

Асноўны попыт на аднапакаёўкі

Найбольшую перавагу пакупнікі традыцыйна аддавалі аднапакаёвым кватэрам. Іх доля ў агульным ліку здзелак складала 43 %, што крыху менш, чым у мінулым месяцы. У 32 % выпадкаў выбіралі двухпакаёвыя кватэры і ў 21 % — трохпакаёвыя.

Пры гэтым кватэры ў новых гатовых дамах, уведзеных у эксплуатацыю ў 2022–2023 гадах, куплялі радзей — у 9 % выпадкаў, што на тры працэнтныя пункты менш, чым у студзені.

Сярод раёнаў часцей за іншыя выбіралі Кастрычніцкі, Цэнтральны і Маскоўскі, радзей — Савецкі і Ленінскі. Менш, чым у іншыя месяцы, пакупнікі цікавіліся кватэрамі ў сучасных панэльных і каркасных дамах. Часцей выбіралі тыпавыя і старыя панэльныя дамы.

Два месяцы ўпэўненага росту

У студзені цана квадратнага метра ўсіх відаў кватэр павялічылася на 1 %, а ў лютым — яшчэ на 1,5 %. І гэта нядзіўна, бо, паводле законаў эканомікі, разам з ростам попыту расце і сярэдні кошт прададзеных кватэр у Мінску. На пачатак сакавіка сярэдняя цана жыллёвага «квадрата» вырасла да 1451 долара за квадратны метр, устанавіўшы новы рэкорд за 9 гадоў. Істотна падаражэлі аднапакаёвыя кватэры — плюс 1,8 %.

У залежнасці ад колькасці пакояў сітуацыя была наступнай (плюс медыяна абсалютных коштаў): аднапакаёвыя кватэры: 1561 долар за квадратны метр, дзе сярэдні кошт усяго памяшкання — $53 400; двухпакаёвыя кватэры: 1383 долары (плюс 1,2 %) — $62 800.

Трохпакаёвыя кватэры таксама дадалі, але значна менш — прыкладна 0,3 % за месяц — і склалі 1320 долараў ($83 000). Мінімальным быў попыт у лютым толькі на чатырохпакаёвыя кватэры, таму гаспадары такога жылля не адважыліся рухаць свой цэннік, які застыў на ўзроўні 1260 долараў за квадратны метр ($90 750).

Цэны на жыллё растуць менавіта ў сталіцы і ў абласных цэнтрах нашай краіны. Узнікае слушнае пытанне: чаму гэта адбываецца ў не самы багаты для насельніцтва час? Аналітыкі, блізкія да рынку нерухомасці, лічаць, што такім чынам вядзецца самае бяспечнае ўкладанне грошай. Раней былі варыянты па набыцці замежных каштоўных папер і замежнай валюты. На фінансавым рынку каштоўных папер сёння практычна няма ніякіх прапаноў, у тым ліку і айчынных карпаратыўных аблігацый. Не рашаецца цяпер больш багатая частка нашага насельніцтва адкладаць досыць вялікія сумы ў замежнай валюце. А жыллё менавіта ў Мінску — заўсёды ліквідны тавар.

Без аздаблення — танней

Сярэдняя цана прапановы за люты паказала адмоўную дынаміку. У параўнанні з папярэднім месяцам яна знізілася на 2,1 % — да 1329 долараў за квадратны метр. Адбылося гэта ў першую чаргу за кошт размяшчэння вялікай колькасці аднатыпных аб’яў аб продажы кватэр у асобных новабудоўлях з больш нізкім коштам, чым у сярэднім па другасным рынку.

Па апісаных вышэй прычынах за люты мы назіраем зніжэнне сярэдніх цэн прапановы па ўсіх тыпах кватэр, а найбольшая — у аднапакаёвых (мінус 3,6 %). Даныя разлічаны з улікам кватэр у новабудоўлях, многія з якіх не маюць міжпакаёвых сцен і па змоўчванні трапляюць у катэгорыю аднапакаёвых кватэр, штучна прыніжаючы сярэдні кошт квадратнага метра дадзенай катэгорыі пры вялікіх плошчах. Але такія новабудоўлі без аздаблення і шмат чаго яшчэ можна лічыць другасным жыллём з вялікай нацяжкай.

Калі зрабіць разлікі, то, згодна з імі, без уліку новабудоўляў сярэдні кошт прапановы квадратнага метра ў лютым 2024 года складаў 1492 долары (плюс 1,1 % за месяц). За люты 2024 года ў большасці мікрараёнаў горада назіраўся рост сярэдніх цэн, значней за ўсё цэны прапановы на жыллё павялічыліся ў мікрараёнах Усход, Сцяпянка і Брылевічы.

Цэнавы рэкорд і кошт у суседзяў

Самая дарагая кватэра, набытая ў лютым, абышлася пакупніку ў 352 тысячы долараў (або 1625 долараў за квадратны метр) агульнай плошчай 216 квадратных метраў. Гэта пяціпакаёвая кватэра вялікага метражу. Знаходзіцца яна ў элітным жылым доме клубнага тыпу ў пяці хвілінах хадзьбы ад плошчы Перамогі і парку Горкага на вуліцы Захарава.

Сярод найбліжэйшых буйных гарадоў суседніх краін у параўнанні з папярэднім месяцам кошты ў доларавым эквіваленце выраслі толькі ў Варшаве — плюс 0,9 %, устанавіўшы новы цэнавы рэкорд (4 312 долараў за квадратны метр). У Маскве і Санкт-Пецярбургу цэны, наадварот, паказалі зніжэнне на 2,2 % і 2,8 % адпаведна (2971 і 2197 долараў).

Нашы лічбы (1451 долар) з’яўляюцца абсалютным рэкордным паказчыкам, які больш характэрны для вясны і пачатку лета, але не для самага пачатку года, калі людзі яшчэ знаходзяцца ў рэжыме чакання і глядзяць на тое, што будзе з курсам валют і з сітуацыяй на рынку. Апроч асноўнай прыводзяцца яшчэ тры прычыны. Гэта працяглая міграцыя пакупнікоў з першаснага рынку на другасны рынак па прычыне звужэння прапаноў новабудоўляў. Акрамя таго, гэта маленькая стаўка крэдытавання і стабільны абменны курс валют.

Добрыя навіны для чаргавікоў

А цяпер навіна для тых, хто збіраецца будавацца, выкарыстоўваючы льготныя крэдыты. Сёлета ў Беларусі дзяржаўныя забудоўшчыкі змогуць узводзіць дамы, выкарыстоўваючы льготныя крэдыты, і ў далейшым прапаноўваць «квадраты» тым, хто мае ў гэтым патрэбу. На практыцы гэта значыць, што льготны крэдыт першапачаткова будзе атрымліваць не чаргавік, а дзяржаўны забудоўшчык пад 2 % гадавых у межах каштарыснага кошту будаўніцтва жылога дома. За гэтыя сродкі кватэра будуецца, а потым будзе перадавацца чаргавіку па дагаворах куплі-продажу. Па словах спецыялістаў, механізм такога жыллёвага будаўніцтва дазваляе забяспечыць стабільнае фінансаванне аб’екта і бесперапыннае яго будаўніцтва ў строга нарматыўныя тэрміны.

«Чаргавікі змогуць купіць гатовыя кватэры з аздабленнем, а не ўступаць у будаўніцтва на розных яго этапах, — тлумачаць у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. — Такім чынам, тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, вызваляць ад удзелу ў інвестыцыйным працэсе будаўніцтва.

Будучым навасельцам прапануюць кватэры ў канкрэтных жылых дамах, дзе кошт «квадрата» ўжо сфарміраваны. Яны змогуць з дзяржпадтрымкай выкупіць пабудаваныя кватэры, выкарыстоўваючы крэдыт у рамках указа Прэзідэнта краіны № 13 альбо № 240.
Праект гэтай навіны мае на ўвазе, што калі кватэры ў доме не будуць прададзеныя на працягу чатырох месяцаў пасля заканчэння будаўніцтва, іх выкупіць выканкам за бюджэтныя сродкі, а затым перавядзе ў арэнднае або сацыяльнае жыллё, альбо сталічныя метры будуць рэалізаваны праз аўкцыён.

Будуць прадаваць не толькі пустыя ўчасткі

Дзяржава будзе гандляваць цяпер і катэджамі. Днямі на рынку індывідуальнага будаўніцтва адбыўся прыкметны зрух — лясгасы пачалі прапаноўваць гатовыя дамы. Не хочаш дапякаць сябе з будоўляй — бяры драўляны катэдж (балазе праектаў шмат, ёсць з чаго выбраць), стаўляй яго на сваім участку і жыві.

Яшчэ раней свае паслугі рэкламавалі ДБК, гатовыя збіраць адно-двухпавярховыя панэльныя дамы для каго заўгодна. Але неўзабаве, магчыма, поле выбару яшчэ пашырыцца. Аб неабходнасці вярнуць дзяржаўны заказ на будаўніцтва індывідуальных дамоў сказаў прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка.

«Фізічным асобам неабходна даць магчымасць куплі гатовага індывідуальнага жылля замест самастойнага будаўніцтва, якое часта расцягваецца на доўгія гады, жыллё не ўводзіцца ў эксплуатацыю па розных прычынах», — лічыць прэм’ер-міністр.
На яго погляд, неабходна аднавіць такое паняцце, як дзяржаўны заказ у будаўніцтве жылля, меры для чаго ўжо прымаюцца. Рэгулятарам гэтых пытанняў выступае Мінбудархітэктуры. Сумесна з зацікаўленымі праведзена пэўная работа па выпрацоўцы падыходаў да пытання вырашэння назапашаных праблем у будаўніцтве і распрацаваны праекты адпаведных нарматыўна-прававых актаў (цэлы пакет). На думку міністэрства, іх рэалізацыя дасць магчымасць выканаць праграму жыллёвага будаўніцтва і сёлета, і ў пяцігодцы ў цэлым.

А вось так рабіць не трэба...

Мы неаднойчы пісалі пра тое, як ашуканцы падманваюць наіўных гасцей сталіцы, якія гатовыя пераводзіць невядомым грошы ў якасці броні за здымныя «квадраты». Гэтая схема разводу даўно на слыху, але ўсё роўна знойдуцца тыя, хто вырашыць праверыць яе ў справе. Падрабязнасцямі чарговай гісторыі пра лжэарэндадаўцаў падзяліліся ў Першамайскім РУУС сталіцы.

На гэты раз ахвярамі махляроў сталі трое жыхароў Мінска, якія вырашылі зняць сталічныя апартаменты. Аб’явы аб здачы кватэр знайшлі на адкрытых анлайн-пляцоўках. Калі падыходзячы варыянт быў знойдзены, не міргнуўшы вокам, перавялі ашуканцам грошы за бронь.

«У месенджары яны звязаліся з патэнцыяльнымі арэндадаўцамі, якія папрасілі ўнесці перадаплату, — расказвае падрабязнасці старшы інспектар Першамайскага РУУС Мінска Кацярына Дабравольская. — Пасля пераводу грошай "уладальнікі" кватэр перасталі выходзіць на сувязь, а таксама выдалілі аб’явы і перапіску».

Пацярпелыя пазбавіліся ў агульнай складанасці не толькі больш чым 1000 рублёў, але і абяцанага даху над галавой. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.

У тэму

У Баранавічах выявілі «шэрых рыэлтараў»

У гэтым горадзе некалькі гадоў праварочвалі махінацыі «шэрыя рыэлтары», паведамілі ў Следчым камітэце. Двое знаёмых (аднаму з іх 47 гадоў, другому — 31) яшчэ ў 2022 годзе пачалі шукаць людзей, якія мелі даўгі па «камуналцы» і прыватызацыйных выплатах. Затым уціраліся ў давер і прапаноўвалі сваю дапамогу ў пагашэнні запазычанасці і далейшым продажы кватэры. Пасля яны абяцалі чалавеку купіць больш таннае жыллё і вярнуць астатнюю суму.

Аформіўшы даверанасці на сваё імя, мужчыны прадавалі нерухомасць звычайным пакупнікам, а былых гаспадароў перасялялі ў дамы з горшымі ўмовамі. Натуральна, ніякіх грошай ім не выплачвалі.

І ўсё ж злачынную схему ўдалося раскрыць. На сёння следчыя ўстанавілі двух пацярпелых, чыімі кватэрамі завалодалі «бізнесмены». Шкода склала больш за 90 000 рублёў.

У дачыненні да беларусаў распачата крымінальная справа паводле часткі 4 артыкула 209 КК РБ («Махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры»). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.