Вы тут

У Мінгарвыканкаме разгледзелі меры, якія прымаюцца для зніжэння ўзроўню вытворчага траўматызму


На пашыраным выязным пасяджэнні камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійнага захворвання пры Мінгарвыканкаме разгледзелі меры, якія прымаюцца для зніжэння ўзроўню вытворчага траўматызму пры выкананні работ на будаўнічых аб'ектах сталіцы. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будаўнічых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў сталіцы, раённых адміністрацый, а таксама галоўныя тэхнічныя інспектары прафсаюзаў.


У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» 2024 год аб'яўлены Годам бяспечнай працы ў будаўніцтве. Таму самая пільная ўвага аддаецца будаўнічай галіне. Гэта падкрэсліла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч:

— У першым квартале бягучага года мы сутыкнуліся з дастаткова сур'ёзнай сітуацыяй: у студзені ў выніку падзення з вышыні загінуў будаўнік, у лютым два работнікі малых прадпрыемстваў без ведамаснай падпарадкаванасці атрымалі смяротныя ўдары электрычным токам. Таму мы пазапланава вырашылі правесці выязное пасяджэнне камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму пры Мінгарвыканкаме. Работа па выяўленні і ўстараненні патэнцыяльных прафесійных рызык дае станоўчы эфект толькі тады, калі прасочваецца асабістая зацікаўленасць кожнага — ад радавога работніка да кіраўніка самага высокага рангу. З улікам значнага ўплыву на паказчыкі траўматызму так званага чалавечага фактару нам неабходна паставіць задачы кіраўнікам і выпрацаваць планы работы, якія дазволілі б не дапусціць на працягу года росту няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Так, па выніках работы за першы квартал 2024 года, па ўсіх паказчыках адзначаецца зніжэнне ўзроўню вытворчага траўматызму. Дынаміка станоўчая, аднак пакуль людзі гінуць і атрымліваюць траўмы, супакойвацца і расслабляцца нельга.

Як паведаміла начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Надзея Казлоўская, за студзень — сакавік 2024 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га агульны ўзровень вытворчага траўматызму ў Мінску знізіўся на 27 % (з 74 да 54 траўміраваных). На 25 % зменшыўся паказчык па загінулых работніках (з 4 да 3) і на 37,8 % скарацілася колькасць цяжкіх траўмаў (з 37 да 23 адпаведна).

— Аднак пры дэталёвым аналізе абставін і прычын траўматызму выкрываюцца сур'ёзныя праблемы і недапрацоўкі як з боку наймальнікаў, так і работнікаў. Неабходна ўдасканальваць каардынацыю дзейнасці за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Патрабуецца распрацоўка спецыяльных прафілактычных мерапрыемстваў, а таксама сістэмны кантроль за ходам іх выканання як у арганізацыях, так і ў адміністрацыях раёнаў, — адзначыла Надзея Казлоўская.

У арганізацыях камунальнай формы ўласнасці сёлета за тры месяцы адбылося дзевяць няшчасных выпадкаў з цяжкім зыходам, у тым ліку адзін групавы з двума пацярпелымі (за аналагічны перыяд 2023-га зафіксавана толькі чатыры няшчасныя выпадкі). З трох смяротных выпадкаў адзін работнік загінуў на будаўнічай пляцоўцы і тры былі цяжка траўміраваны (летась за аналагічны перыяд загінулі два чалавекі і восем цяжка траўміраваны).

Пры гэтым сёлета ў сталіцы знізіўся паказчык па колькасці работнікаў, якія атрымалі траўмы ў выніку ДТЗ — іх было два, прычым яны цяжка траўміраваны, за аналагічны перыяд 2023 года ў ДТЗ пацярпелі чатыры работнікі, з іх адзін загінуў і тры былі цяжка траўміраваны.
Актуальнай застаецца і праблема п'янства на вытворчасці. За першы квартал утрая павялічылася колькасць загінулых работнікаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення (з 1 да 3 чалавек). У сувязі з гэтым разглядаюцца пытанні павышэння эфектыўнасці прафілактыкі п'янства і алкагалізму.

У прыватнасці, прапанаваны прафілактычныя меры па барацьбе з п'янствам на вытворчасці прадугледжваць загадзя пры распрацоўцы палажэнняў аб прэміраванні, правілаў унутранага працоўнага распарадку, службовых абавязкаў, калектыўных дагавораў, а таксама іншых лакальных прававых актаў. Калі работнік будзе дакладна ведаць, што яго з'яўленне на рабоце ў нецвярозым выглядзе адразу ж будзе заўважана службовымі асобамі, то такіх дзеянняў ён не зробіць і выпадкі траўматызму будуць адзінкавыя.

За тры месяцы мабільныя групы па пытаннях аховы працы Мінгарвыканкама і адміністрацый раёнаў правялі 195 абследаванняў, падчас якіх выявілі звыш 2,4 тысячы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Адмысловую ўвагу аддавалі арганізацыям, у якіх адбыліся няшчасныя выпадкі на вытворчасці.

На пасяджэнні таксама былі заслуханы прадстаўнікі наглядных органаў і кіраўнікі прадпрыемстваў, на якіх адбыліся трагедыі і дапушчаны шматлікія парушэнні норм аховы працы.

— Падчас другога квартала неабходна сур'ёзна праверыць тыя памяшканні, якія дзяржаўныя прадпрыемствы здаюць у арэнду суб'ектам гаспадарання, што займаюцца вытворчай дзейнасцю. Праверыць трэба масава, ва ўсіх раёнах горада. Арэндадаўцы павінны ведаць, што адбываецца на здадзеных у арэнду плошчах — недапушчальна, калі там гінуць людзі. Захаванне жыцця і здароўя грамадзян у працэсе працоўнай дзейнасці — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы працы. Кіраўнікам усіх узроўняў сумесна з прафсаюзамі важна забяспечыць сістэматычны кантроль за выкананнем норм і правілаў па ахове працы, а работнікі не павінны грэбаваць элементарнымі патрабаваннямі бяспекі, якім яны навучаны і праінструктаваны, — рэзюмавала Надзея Лазарэвіч.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.