Вы тут

Ігар Карпенка: «Традыцыйна Савет Рэспублікі аб’ядноўвае найлепшых прадстаўнікоў з усёй краіны»


Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала выбраных членаў Савета Рэспублікі восьмага склікання і ўстанавіла вынікі выбараў у верхнюю палату парламента. Такім чынам, працэс фарміравання Нацыянальнага Сходу завершаны.


— Зыходзячы з інфармацыі членаў Цэнтральнай камісіі і дакументаў па выбарах членаў Савета Рэспублікі, якія паступілі ў ЦВК, можна канстатаваць, што пасяджэнні Саветаў дэпутатаў прайшлі ў правамоцным саставе. Асаблівых меркаванняў членаў падліковых камісій, заяў іншых асоб аб парушэннях патрабаванняў кодэкса ў ходзе галасавання або падліку галасоў няма. У Савет Рэспублікі выбрана 56 членаў. Пры гэтым забяспечана пераемнасць — 15 членаў Савета Рэспублікі працавалі ў папярэдніх скліканнях, — адзначыў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка. 

Пры гэтым ён нагадаў, што да ў адпаведнасці з заканадаўствам Прэзідэнт краіны таксама мае права прызначыць восем сваіх прадстаўнікоў у склад Савета Рэспублікі. 

— На падставе артыкула 107 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь Цэнтральная камісія ўстанаўлівае вынікі выбараў і рэгіструе выбраных членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, — сказаў Ігар Карпенка, заслухаўшы даклады членаў ЦВК па абласцях і Мінску.

У размове з журналістамі ён падкрэсліў, што члены ЦВК прысутнічалі на ўсіх пасяджэннях, і дакументы, якія былі прадстаўлены, і працэдуры, якія праходзілі па выбарах членаў Савета Рэспублікі, адпавядалі беларускаму заканадаўству. 

Ігар Карпенка расказаў пра склад выбраных членаў Савета Рэспублікі. Што датычыцца гендэрнага прадстаўніцтва, то ў выбраным складзе Савета Рэспублікі восьмага склікання 18 жанчын і 38 мужчын (у 2019 годзе было выбрана 14 жанчын і 42 мужчыны). 

— Традыцыйна Савет Рэспублікі аб’ядноўвае найлепшых прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў краіны, людзей, якія не па чутках ведаюць жыццё і ўмеюць вырашаць пастаўленыя задачы, — адзначыў Ігар Карпенка.

Сярод выбраных 31 чалавек мае дзяржаўныя ўзнагароды, восем — вучоную ступень, вучонае званне. Акрамя таго, у Савет Рэспублікі ўвайшло па 5 старшынь мясцовых саветаў дэпутатаў і органаў выканаўчай улады, шэсць кіраўнікоў устаноў аховы здароўя, пяць кіраўнікоў устаноў адукацыі. Таксама членамі верхняй палаты парламента выбрана 13 кіраўнікоў арганізацый прамысловасці, транспарту, па два прадстаўнікі сферы культуры, банкаўскай справы, сродкаў масавай інфармацыі, чатыры прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу, два — ад грамадскіх арганізацый, адзін — ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і двое прафесійных ваенных. Партыйную прыналежнасць маюць 17 членаў Савета Рэспублікі (16 — члены Беларускай партыі «Белая Русь», адзін — член КПБ).

Па сутнасці, зацвярджэнне вынікаў выбараў у Савет Рэспублікі стала фінальным акордам Адзінага дня галасавання, які ўпершыню прайшоў у нашай краіне.

— Такая форма (Адзіны дзень галасавання) мае права быць. Безумоўна, ёсць нюансы, як і ў любой вялікай кампаніі, дзе задзейнічана шмат людзей і спрацоўвае чалавечы фактар. Але трэба сказаць, што гэтыя выбары прайшлі даволі дынамічна. Так, нам трэба яшчэ зрабіць работу над памылкамі, паглядзець, што атрымалася, а што — не. Летам мы плануем правесці вялікі рэспубліканскі семінар з арганізатарамі выбараў, запрасіць людзей з месцаў, якія непасрэдна арганізоўвалі і забяспечвалі работу камісій. Правёўшы Адзіны дзень галасавання 25 лютага, мы фактычна даём старт Адзінаму дню галасавання, які пройдзе ў 2029 годзе, — падвёў вынікі старшыня ЦВК.

Першае пасяджэнне сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання прызначана на 12 красавіка. 

— Раскачвацца няма часу. Зараз ідзе працэс фарміравання Усебеларускага народнага сходу, завяршаюцца выбары ад шэрагу суб’ектаў, якія надзелена такімі паўнамоцтвамі. Рыхтуецца першае пасяджэнне УНС, працуе камітэт. Шчыльны графік, які мы ўстанавілі, прымушае нас працаваць аператыўна і вырашаць пастаўленыя пытанні, — патлумачыў Ігар Карпенка. 

Ён выказаў меркаванне, што працэс выбрання дэлегатаў УНС ідзе дэмакратычна і галосна. 

— Мы бачым шмат публікацый у прэсе — працэс праходзіць галосна. Суб’екты грамадзянскай супольнасці на сваіх з’ездах выбіраюць дэлегатаў УНС, ідуць выбары на сесіях абласных саветаў дэпутатаў. Звярну ўвагу, што 60 дэпутатаў Мінскага гарадскога савета будуць з’яўляцца дэлегатамі УНС па пасадзе, бо ў Мінску няма іншага ўзроўню саветаў дэпутатаў. Такім чынам 290 чалавек будзе выбрана ад абласцей і 400 чалавек будзе абрана ад структур грамадзянскай супольнасці. Акрамя гэтага, дэлегатамі УНС, паводле заканадаўства, з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, урад, вертыкаль выканаўчай улады — старшыні абласных, раённых і гарвыканкамаў, суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Такім чынам склад Усебеларускага народнага сходу аптымальна вызначаны заканадаўствам —1200 чалавек. Мяркую, што ў поўным саставе ён будзе сфарміраваны.

16 красавіка ЦВК правядзе выніковае пасяджэнне, дзе падвядзе вынікі выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Будуць запрошаны кіраўнікі структур грамадзянскай супольнасці, старшыні абласных і Мінскага гарадскога саветаў дэпутатаў. 

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?