Вы тут

Дарогамі Першай сусветнай


2024-ы — 110 гадоў з пачатку Першай сусветнай, Вялікай, як яшчэ яе называлі, вайны. І філакартычныя багацці, старыя паштоўкі, у тым ліку з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, — велізарны збор сведчанняў, якія змянілі ўяўленні чалавецтва пра масштабы ахвяр, пра саму ваенную тэхніку, скіраваную несці ў грамадства смерць, жахі, страты, трагедыі…


Спярша маскоўскія, екацярынбургскія, петраградскія, краснадарскія, рыжскія выдавецтвы, а таксама Дамскія, Скобелеўскія, Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца камітэты тыражавалі паштоўкі з выявай самога манарха і галоўнага героя — імператара Мікалая ІІ. А следам — карыкатуры на Вільгельма ІІ і маляваныя мініяцюры казака Кузьмы Фірсавіча Кручкова, які стаў першым кавалерам Георгія ў вайне, уся праўда пра якую яшчэ была наперадзе. А тады, на пачатку драматычных падзей, партрэты Кручкова друкавалі на каробках папярос, запалак і цукерак. Подзвіг казака быў апісаны ў песні, пра Кузьму знялі фільм... Соф’я Фядорчанка, тады сястра міласэрнасці, яшчэ толькі рабіла першыя запісы для будучай кнігі «Народ на вайне», падслухоўваючы параненых па дарозе з Польшчы, Брэста да самага Гомеля. Мяняўся настрой, зразумелым станавіўся боль — асабісты, сардэчны, а таксама грамадскі, са спробай зразумець, што ж прынясе вайна заўтра, — мяняліся і тэмы паштовых мініяцюр.

А былі яшчэ і невядомыя паштоўкі, тыя фатаграфічныя звароты, якія стануць пазнавальнымі і зразумелымі шмат пазней, праз дзесяцігоддзі. На іх цяжка было знайсці пераможны выраз твару. Нават калі «карцінкі» гэтыя знаёмяць нас з ваякамі смелымі, усмешлівымі... Велізарны масіў такіх філакартычных памятак, шмат якія і сёння падаюцца сапраўднымі адкрыццямі гістарычнай праўды, у калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава прадстаўлены тэмай Першай сусветнай вайны. Частка паштовак — гэта ілюстрацыі вайны, створаныя салдатамі і афіцэрамі на другім баку фронту. У свой час Уладзімір Аляксеевіч і альбом нават асобны выдаў — з рэпрадукцыямі паштовак, якія былі адбіткам убачанага нямецкімі вайскоўцамі. Баюся памыліцца і не спрабую адгадваць, якімі вачыма ўбачылі вайну яны, учарашнія сяляне, рабочыя, настаўнікі, настаўнікі, гандляры, рамеснікі, вучоныя і, відаць, пісьменнікі, мастацтвазнаўцы, і, вядома ж, прафесіянальныя вайскоўцы, уцягнутыя сваімі правадырамі ў бездань, у вір трагедыі... Але вось усвядомлена сцвярджаю, што свету і гісторыі яны пакінулі сведчанні, якія ні на кроплю не адрозніваюцца ад памятак, зробленых па другі бок акопаў.

...Кобрын. Яшчэ толькі сышоў з гэтых мясцін палявы санітарны атрад, у якім нёс службу Канстанцін Паўстоўскі, будучы класік рускай савецкай літаратуры. А немцы паспяваюць занатаваць Рыначную плошчу, руіны па Брэсцкай вуліцы, мост праз Мухавец. І два здымкі распавядаюць пра санітарны батальён і шпіталь, які размясціўся ў Кобрыне.

Гродно. Общий вид. 1916 год

Многія здымкі носяць альбомны характар, сам факт іх з’яўлення ў гісторыі звязаны з традыцыйнай весялосцю ад атрыманых трафеяў, жаданнем паказаць сябе ўдалымі і разбітнымі ваякамі. Зусім як па Швейку: «Мы — солдаты-молодцы, // Любят нас красавицы...» Як у Гродне ў 1915 годзе... Добрае аддзяленне нямецкіх салдат узбілася на платформу трафейнай рускай «бамбардзіры». Палова з іх забралася на самы верх ствала гарматы. Шчаслівыя, відаць, таму, што пакуль што не трапілі пад асколачны снарад такой сур’ёзнай зброі.

Час захаваў і здымак рускага снарада, які не разарваўся. Адправіўшы да варожых пазіцый каля берагоў Нарачы смертаносны груз, рускія бамбардзіры спадзяваліся, што «падарунак» дасягне мэты. Але вось не разарваўся і захаваў, мяркуючы па яго дыяметры, многія і многія жыцці. Наўрад ці насмешлівыя нямецкія салдаты, якія асядлалі рускую гармату ў Гродна, маглі ведаць, што ў Першую сусветную Расія ўвайшла з запасам артылерыйскіх боезапасаў усяго толькі на некалькі лічаных месяцаў. Майстры ладзіць прагнозы планавалі, што вайна запатрабуе ніяк не больш чым пяць з паловай мільёнаў артылерыйскіх снарадаў. Прыблізна гэтулькі і было ў Расійскай імперыі. А толькі штомесячная (!) запатрабаванасць у снарадах ужо ў 1915 годзе складала тры мільёны... Ваенная прамысловасць не стаяла на месцы.

Вядома ж, не толькі ў Расійскай імперыі. Хоць і скардзіўся сваёй каханай у лірычным лісце адмірал Калчак: «Падводная лодка і аэрапланы псуюць усю паэзію вайны. Страляць даводзіцца ў нешта нябачнае, такая ж нябачная падводная лодка пры першай жа памылцы ўзарве карабель, сама зачастую не ведаючы і не разгледзеўшы рэзультатаў; лятае нейкая гадзіна, у якую амаль немагчыма патрапіць. Нічога для душы няма...» Немцы ж сур’ёзна «апаэтызавалі» артылерыю, стварыўшы на канцэрне Крупа легендарную «Вялікую Берту», якая магла адпраўляць снарад у 900 кілаграмаў (!) на адлегласць да 14 кіламетраў. Асколкі ад «Берты» складалі да 15 тысяч кавалкаў металу. Не выратоўвала ад бранябойных снарадаў нават двухмятровай таўшчыні сцяна са сталі і бетону. Таму крэпасці ў

Першую сусветную згубілі сваё заўсёднае абарончае прызначэнне. Праўда, калі ўважліва аглядаць тэатр ваенных дзеянняў Першай сусветнай на тэрыторыі Беларусі, сваю ролю адыграла яшчэ і кавалерыя. Чытаем у справаздачы, напісанай амаль праз чвэрць стагоддзя пасля вайны: «...Поспех германцаў у Віленска-Маладзечанскай аперацыі трэба цалкам аднесці да заслуг 6-га коннага корпуса генерала Гарнье. На працягу ўсёй аперацыі гэты корпус, які ўварваўся ў тыл, а затым і ў аператыўную глыбіню рускага Заходняга фронта, вёў за сабою ўдарную групіроўку 10-й Германскай арміі...»

Здымкі, якія засталіся ў ваенным крыніцазнаўстве дзякуючы нямецкім салдатам і афіцэрам, расказваюць пра Беларусь не толькі ваенную, напоўненую ўсім драматызмам разбурэнняў і знішчэнняў. Чужаземных нявольнікаў вялікай мілітарысцкай палітыкі прыцягвалі невядомыя дагэтуль гістарычныя, архітэктурныя ландшафты. Фатографам былі цікавыя людзі, чый побыт нечым адрозніваўся ад знаёмага ім нямецкага, прускага жыцця. І глядзіш: усміхаюцца на паштоўках, аддрукаваных у нямецкіх друкарнях, нашы з вамі прашчуры. Часам, відаць, і горка ўсміхаецца пакаленне, якое выпрабавала на сабе чарговую драматычную трагедыю... Усміхаюцца перад аб’ектывам нямецкага салдата людзі, якія яшчэ і не ведалі, не ўяўлялі напоўніцу, што наперадзе іх чакаюць новыя выпрабаванні, новыя палітычныя і сацыяльныя, грамадскія разломы. А яны і крыві прынясуць не менш, чым Першая суветная...

Уладзімір Ліхадзедаў, чые збіральніцкія памкненні ўражваюць, выдаў нямала філакартычных альбомаў, асновай для якіх сталі старыя паштоўкі, што калекцыянер вышукваў літаральна па ўсім свеце. І Першая сусветная — багаты «персанаж» на старонках гэтых выданняў...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.